Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
— Што хочаш за яго?
— Адзін дынар,— адказаў падарожнік.
Драган аддаў яму свой дынар, узяў чорнага сабаку і вярнуўся да дзядка.
— Глядзі, дзядуля, што я купіў! — крыкнуў ён.
— Добрая пакупка,— сказаў дзядок.— Прывяжы сабаку да дрэва і садзіся ля агню.
Драган прывязаў сабаку да дрэва, потым прысеў побач з дзядком, і яны да самай ночы размаўлялі аб тым аб сім. А раніцай дзядок разбудзіў Драгана і сказаў:
— Пайдзі, сынок, зірні, што сталася з тваёй пакупкай.
Драган пайшоў да дрэва, а сабакі як і не было. Вярнуўся ён да дзядка і развёў рукамі.
— Прапала, дзядуля, мая пакупка. Няма там нічога.
— Як так нічога? — раззлаваўся дзядок.— Дрэнна шукаў. Пайдзі і пакапайся яшчэ на тым месцы. Можа, што-небудзь і знойдзецца.
Драган разгроб рукамі зямлю пад дрэвам і — трэба ж! — знайшоў гаршчок са свіным тлушчам.
— Глядзі, дзядуля, што я знайшоў! — здзівіўся Драган.
— Вось і добра,— зарадаваўся дзядок.— Вазьмі гэты тлушч, пайдзі тою нізінай. Выйдзеш да шырокай, як мора, ракі. На беразе ўбачыш каралеўскага стырнавога. Пакліч яго, няхай ён перавязе цябе на сваёй лодцы на другі бераг. Ён табе адкажа, што не можа гэтага зрабіць, бо сляпы. Тады ты вазьмі з гаршка трошкі свінога тлушчу і памаж яму вочы. Ён і стане відушчым. Перавязе ён цябе ў краіну, дзе ўсе — і кароль, і падданыя — сляпыя. He шкадуй тлушчу. Усіх лячы. Так ты і здабудзеш столькі грошай, колькі табе трэба, каб атрымаць каралеўскую дачку за жонку.
Уважліва выслухаў Драган дзядка і накіраваўся да ракі. Там ён убачыў сляпога стырнавога. Усё ён зрабіў, як наказаў дзядок, і стырнавы, пачаўшы бачыць, пераправіў яго на другі бераг. Дачуўся сляпы кароль пра чарадзейныя лекі і пачаў прасіць Драгана вылечыць яго.
Я стаміўся,— сказаў Драган.— Вось пасплю і вылечу.
Лёг ён спаць, і прыснілася яму залатая лодка, што ходзіць пасуху, як па моры, бяжыць па небе, як па зямлі. Назаўтра Драган памазаў каралю вочы свіным тлушчам, і кароль зрабіўся відушчым.
— Вылечы маіх воінаў,— сказаў кароль,— і прасі чаго хочаш.
— Я вылечу не толькі воінаў, але ўвесь твой народ,— адказаў Драган.— Але абяцай падарыць мне за гэта залатую лодку, што ходзіць пасуху, як па моры, бяжыць па небе, як па зямлі.
— Добра,— згадзіўся кароль.— Але спачатку давядзецца табе вылечыць маіх залатароў, каб яны выкавалі табе лодку з чыстага золата.
Драган вылечыў залатароў, а потым узяўся лячыць усіх і кожнага. I ў гэты момант, як ён вылечыў апошняга сляпога, скончыўся ў гаршку свіны тлушч.
— Усё ў парадку? — спытаў кароль.
— Усё,— адказаў Драган.
— Тады садзіся ў залатую лодку і будзь шчаслівы, — сказаў кароль.
Паплыў Драган на залатой лодцы. Дзе па вадзе слізгае, калі трэба — па зямлі бяжыць, а іншы раз і па небе ляціць. I трапіў ён у адзін горад. А там мітусня, крыкі, беганіна. Спытаў ён, што тут адбываецца? А яму і растлумачыл і:
— Злавілі аднаго купца. Набраў ён тавараў цэлую гару, а плаціць яму няма чым. Вось і вырашылі яго павесіць.
ГІайшоў і Драган на месца пакарання. Бачыць, а гэта, аказваецца, той самы каралевіч, што разам з ім адправіўся гандляваць. Але, відаць, прагандляваўся.
— Адпусціце яго,— сказаў Драган.— Я за яго разлічуся! „
Застаўся Драган замест каралевіча. А той спаконна адправіўся дахаты. Як толькі Драган расплаціўся з усімі яго даўгамі, то сеў на залатую лодку і паплыў.
Тым часам каралевіч дабраўся дадому. Ён усім пачаў расказаваць, што Драгана павесілі за даўгі. Каралю нічога не заставалася, як аддаць сваю дачку за каралевіча. Хутка зрабілі вяселле. Пачастункі стаялі на сталах. Гасцей з’ехалася безліч. ..
I тут з’явіўся Драган на сваёй залатой лодцы. Ен паставіў яе на полі перад каралеўскім палацам. Лодка так зіхацела, што ўсё навокал шарэла ад яе бляску.
— Глядзіце! — закрычалі ўсе.— На полі каля палаца апусцілася сонца!
Ніхто з гасцей не рашаўся наблізіцца да таго месца, дзе стаяла зіхатлівая лодка. Тады кароль паслаў стражніка. Той на каленях прыпоўз да Драгана і прашаптаў:
— Калі ты не бог, то прыйдзі да караля ў госці.
— 3 якога выпадку кароль гасцей кліча? — спытаў Драган.
— Ён аддае сваю дачку за сына суседняга караля.
— Няхай сам кароль прыйдзе клікаць мяне,— сказаў Драган.
Стражнік вярнуўся і перадаў каралю словы Драгана. Пайшоў да Драгана сам кароль. Калі ён наблізіўся да залатой лодкі, ззянне яе так асляпіла яго, што ён таксама хацеў упасці на калені. Але Драган яго стрымаў:
— He станавіся перада мной на калені. Бо ты мой бацька.
Аднак кароль так збянтэжыўся, што і зразумець нічога не мог.
Тады Драган сказаў:
— Вяртайся, кароль, я хутка прыйду.
Калі Драган прыйшоў у палац, там пачынаўся баль. Яго пасадзілі за стол, але Драган нічога не стаў есці. Ён паклаў на стол руку так, каб быў відзён яго пярсцёнак. Толькі зайшла ў залу каралеўская дачка, як ёй кінуўся ў вочы прамяністы пярсцёнак. Яна адразу яго пазнала і кінулася да Драгана.
— Гэта ж наш Драган! — крычала яна,— Глядзіце, мой пярсцёнак у яго на пальцы.
Калі ўсе гэта пачулі, то акружылі Драгана, і ён ім расказаў аб усім. А каралевіч павінаваціўся. Кароль тут жа хацеў яго павесіць за хлусню і каварства, але Драган сказаў:
— Я яго адзін раз выратаваў ад вісельні не для таго, каб яго ўсё-такі павесілі. А вось за сталом з ім сядзець не жадаю.
I каралевіча з ганьбай выгналі з палаца. Нават за сталом пабыць не дазволілі. А ўсе госці яшчэ доўга весяліліся.
Вось так Драган з адным толькі дынарам у кішэні здабыў сваё шчасце.
СЛАВАЦКІЯ КАЗКІ
ВАЛАДАР КАМЯНЁЎ I РУД
He ў вёсцы і не ў горадзе, а ў вялікім паселішчы ў даліне сярод гор жыла ўдава. 3 таго часу як памёр муж, галеча ды гора ля яе парога стаялі, але яна іх у дом не пускала. Галечу працай адганяла, а адзіная дачка гора аблягчала.
Расла-падрастала дачка і з кожным годам прыгажэла. I вырасла такой прыгажуняй, што вачэй не адвесці. Станам стройная, каса да пояса, бровы дугой, вочы, быццам неба, сінія. Усім добрая дзяўчына, ды толькі ганарлівая вельмі. 3 сяброўкамі не дружыць, на сялянскіх хлопцаў глядзець не хоча. Увесь дзень, з раніцы да вечара, аб уборах думае, у люстэрка глядзіцца. А ўдава працуе, ва ўсім ёй дагаджае.
Вось аднойчы падала ёй маці на вечар кубак сырадою ды скібку свежага духмянага хлеба. Дачка кубак адсунула, хлеб адкінула.
— Абрыд мне хлеб,— сказала,— век бы яго не бачыць. У горадзе адны абаранкі і булачкі ядуць. Нешчаслівая я! Усяго ж у мяне тры сукенкі. Hi пярсцёначка, ні ўбору, каб валасы ўпрыгожыць...
I ўзялася плакаць. Гледзячы на яе, і ўдава заплакала.
— Што рабіць, дачушка, не багатыя мы! Ды не ў багацці і шчасце. Мы з тваім бацькам, маім дарагім
мужам, бедна жылі, затое ў каханні і згодзе. Таму і хлеб нам быў саладзей салодкага.
Вось леглі яны спаць. А ўдаве не спіцца. Прыпаднялася яна на локці, бачыць пры месячным святле, як дачка ў сне ўсміхаецца. Спакайней стала ў яе на сэрцы, яна таксама заснула.
Раніцай пытаецца:
— Што табе снілася, дачушка? Чаму ты ноччу ўсміхалася?
— Снілася мне,— адказвае дачка,— што прыехаў мяне сватаць жаніх у меднай карэце, падарыў пярсцёнак з камянямі, што гарэлі, як зорачкі на небе. Надзела я пярсцёнак і пайшла па вуліцы. Усе толькі на мяне і глядзелі, маім пярсцёначкам любаваліся.
— Да чаго б такі сон? — здзівілася маці і пайшла клапатаць па гаспадарцы.
А дачка села ля акна з люстэркам у руцэ.
Вось у поўдзень пад’ехаў да двара сялянскі воз. Коні сытыя, воз новы, і хлопец сядзіць на ім маладзец малайцом — румяны, плячысты. Прыехаў ён сватаць прыгажуню, дачку ўдавы.
Удава зарадавалася, вельмі ёй жаніх спадабаўся. Відаць, добры, працавіты хлопец. Але дачка на яго і не паглядзела, так сказала:
Калі б нават ты прыехаў у меднай карэце, калі б нават падарыў пярсцёнак з каменьчыкамі, што гараць, як зорачкі на небе, і тады не пайшла б за цябе.
Засмуціўся сялянскі сын, аперазаў сваіх коней і паехаў.
Маці зажурылася, дакарае дачку:
Чаму ж ты такому добраму хлопцу адмовіла?! Ён не бедных бацькоў сын, ведаю я іх сям’ю. У іх дом дыхтоўны, зямля ўрадлівая, хлеба заўсёды ўдосталь.
— Ах, матуля, ці для таго расквітнела мая краса, каб ад цяжкай сялянскай працы завянуць?
Нічога не адказала маці, галавой пахітала.
Дзень прайшоў. Дачка рана спаць легла. Маці яшчэ доўга за шытвом сядзела — новую сукенку сваёй любіміцы шыла. А калі нарэшце спаць клалася, убачыла, як дзіўна ўсміхаецца дачка ў сне.
«Пэўна, зноў маёй галубцы штосьці радаснае ўбачылася!» — падумала.
I праўда! Ледзь дачка раніцай вочы расплюшчыла, узялася апавядаць:
— Мне сёння, мама, сон сніўся лепшы за ўчарашні. Быццам прыехаў мяне сватаць жаніх у сярэбранай карэце і падарыў сярэбраны прыбор на галаву, што зіхацеў, быццам месячнае святло. Надзела я той прыбор, і ўсе на вуліцы на мяне глядзелі, усе зайздросцілі.
— Гэта, дачушка, я аканіцу няшчыльна зачыніла, месяц на цябе ярка свяціў.
Ідзе дзень сваім парадкам. Ледзь сонца за поўдзень апусцілася, пад’ехала да дому брычка. Дзяўчына падбегла да акна, паглядзела і адвярнулася.
А ў дзверы зайшлі сваты з горада, з імі малады купецкі сын. Маці затурбавалася, узрадавалася, частаваць гасцей наважылася.
Толькі сваты хацелі ўсё, што трэба, сказаць, жаніха пашанаваць, нявесту расхваліць, дзяўчына павярнулася да купецкага сына, сама загаварыла:
— Калі б нават ты прыехаў у сярэбранай карэце, калі б нават падарыў мне сярэбраны прыбор на галаву, што блішчыць, як месячнае святло, я і тады не стала б тваёй жонкай.
Пакрыўдзіўся купецкі сын, і сваты пакрыўдзіліся. Селі ў брычку і паехалі.
Ужо як удава сваю дачку любіла, песціла, а тут не вытрымала, палаяла:
— Занадта ты ганарлівая, дачка, занадта пераборлівая. А ён жа, купецкі сын, і прыгожы, і багаты. У горад бы цябе завёз, апрануў прыгожа... Чаго табе яшчэ трэба?
— Трэба мне сама не ведаю чаго,— адказвае дачка.— Пачакаю яшчэ, дачакаюся свайго часу.
— Я цябе не прыспешваю,— кажа маці.— Хачу толькі, каб ты сваё шчасце не прамінула. Ды яшчэ хачу, каб ты з людзьмі ветлівей была.
На трэцюю ноч прачнулася ўдава ад таго, што дачка ў сне засмяялася. Звонка так, быццам званочак празвінеў.
Раніцай дачка апавядае:
— Паслухай, мама, які мне сон прысніўся. Прыехаў па мяне жаніх у залатой карэце, падарыў залатую сукенку, што ззяла, як сонечны прамень. Я тую сукенку апранула, па вуліцы пайшла, а яна ўсім вочы слепіць, хто ні гляне — зажмурыцца і адвернецца.