Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
84.66 МБ
А конік яму на гэта:
— Я ж табе казаў: падымеш — кепска будзе; а калі б ты яе не падняў, было б яшчэ горш. He плач, Янка, аддай яму залатую падкову.
Янка занёс падкову і падумаў было, што цяпер яго пакінуць у спакоі. Але кароль раптам вазьмі і спытай у яго:
— Адкуль у цябе гэтая падкова?
— Я яе на дарозе падняў там і там.
Глядзіць кароль, паглядае то на слугу, то на падкову і нарэшце кажа:
— Добра, дзе ты яе падняў, да таго мне справы няма. Але я табе вось што скажу: калі не прывядзеш мне каня, які гэтую падкову згубіў, быць табе без галавы. А прывядзеш, багата грошай атрымаеш.
Вярнуўся Янка на стайню, расплакаўся і ўсё коніку расказаў.
— Ну-ну, не журыся, чаму быць — таго не мінуць,— кажа на гэта конік,— толькі насып мне аўса паболей, а заўтра рушым у дарогу.
Яшчэ толькі світаць пачало, а яны ўжо былі ў дарозе. Ляцелі яны праз горы, праз долы, і калі прыляцелі да дома бабы-ягі, ужо была ноч. Конік спыніўся і кажа:
— Вось мы і на месцы, Янка, і якраз своечасова прыйшлі. Наша бабуля зараз спіць, а конь у яе на стайні стаіць. Ты да яе ціхенька зайдзі і выцягні ключы ў яе з-пад падушкі; меч, які з ёю побач ляжыць, закінь куды-
небудзь у куток, стайню адамкні і вядзі гэтага каня сюды. Толькі будзь асцярожны і хутчэй вяртайся!
Усё Янка зрабіў як трэба: выцягнуў ключы з-пад падушкі, меч у куток закінуў, стайню адчыніў. I нават вочы рукой прыкрыў — да таго асляпіў яго залаты конь. Адвязаў ён яго і прывёў да свайго коніка.
— Садзіся,— кажа конік,— і каня трымай мацней!
Янка сеў на свайго коніка, а калі яны паўз вокны ляцелі, ён крыкнуў:
— Баба, баба, старая баба, якая дачок сваіх загубіла, забіраем мы ад цябе залатога каня.
Падскочыла баба-яга, схапілася за меч, а яго няма на месцы. Пакуль яна па кутках шукала, яны цераз тры гары пераляцелі. Толькі калі яны ўжо ля мора былі, убачыла іх баба-яга і закрычала:
— Янка, Янка, ці прыйдзеш яшчэ да мяне?
— Прыйду, прыйду, а ты ж ключы лепей пільнуй!
Ля мора вядзьмарчына ўлада скончылася, давялося ёй вяртацца з пустымі рукамі, а Янка прывёў залатога каня дадому.
Вельмі зарадаваўся кароль каню і паставіў яго ў асобную дыхтоўную стайню. Сваім конюхам ён нахваліцца не мог, але аб узнагародзе і думаць забыў. Хацеў было Янка пайсці да караля, напомніць, але конік яму сказаў:
— He ідзі, патрывай трошкі.
Свечак Янка і цяпер не браў, а коні ў яго ўсё адно былі самыя дагледжаныя.
Кароль гэтаму вельмі здзіўляўся і сварыўся на астатніх слуг.
— Якія ж вы,— кажа,— работнікі? Няма ў Янкі больш залатой падковы, і ўсё адно вашы коні горшыя, дарма вы толькі свечкі марнуеце.
— Слаўны, найсветлы кароль! Ды навошта ж яму свечкі, калі ў яго залатое пяро ёсць!
Загадаў кароль паклікаць Янку.
	 Чуў я,— кажа,— што ў цябе залатое пяро ёсць. Нясі яго сюды, ды хутчэй, а не — дык загадаю цябе пакараць без усялякага суду!
Пайшоў Янка на стайню, абняў коніка за шыю і заліўся горкімі слязамі.
Толькі і сказаў яму конік:
— Калі б ты гэтае пяро тады не падняў, яшчэ горш было б. He плач, Янка, аддай яго каралю.
Занёс Янка залатое пяро. Глядзіць кароль, паглядае то на слугу, то на пяро.
— Вось што,— кажа ён нарэшце,— залатога каня ты мне прывёў, а цяпер дастань мне качку, якая гэтае пяро згубіла. Калі дастанеш, атрымаеш паўкаралеўства, а не дастанеш — загадаю цябе пакараць смерцю.
Вярнуўся Янка на стайню, зноў плача, а конік яму:
— Ну-ну, не журыся, чаму быць — таго не мінуць! Насып мне аўса паболей, а заўтра рушым у дарогу.
Яшчэ толькі днець пачало, а яны ўжо былі ў дарозе. Ляцелі яны праз горы, праз долы, і калі прыляцелі да дома бабы-ягі, ужо была ноч.
— Вось мы і на месцы,— кажа конік,— і прыйшлі якраз своечасова. Наша бабуля зноў спіць, а качка ў яе Ў другім пакоі, сядзіць у залатой клетцы на дванаццаці яйках і кожны дзень нясе па аднаму яйку. Заходзь, але глядзі не разбудзі бабулю, таму што ключы ў яе на гэты раз за поясам! Выцягні іх ціхенька, меч, які з ёю побач ляжыць, паламі і кавалкі па двары раскідай; потым адчыні ціхенька другі пакой і прынясі качку разам з залатой клеткай! Толькі глядзі, будзь асцярожны і хутчэй вяртайся.
Янка ўсё зрабіў як трэба. Ціхенька выцягнуў ключы з-за пояса, меч паламаў і абломкі па двары раскідаў, адчыніў пакой, падхапіў клетку з качкай і вярнуўся да свайго коніка.
— Садзіся,— кажа конік,— ды трымай клетку Map­Heft!
Янка сеў на коніка, а калі яны пад акном ляцелі, крыкнуў:
— Баба, баба, старая баба, якая дачок сваіх загубіла, украў я тваю залатую качачку!
Падскочыла баба-яга, схапілася за меч, а яго няма на месцы. Пакуль яна абломкі па двары збірала, пакуль да каваля бегала, каб ён іх скляпаў, Янка з конікам цераз пяць гор пераляцелі. Толькі калі яны ўжо ля мора былі, убачыла іх баба-яга.
— Янка, Янка, ці прыйдзеш яшчэ да мяне?
— Прыйду, прыйду, а ты ж ключы лепш пільнуй!
Ля мора вядзьмарчына ўлада скончылася, давялося ёй вяртацца з пустымі рукамі, а Янка вярнуўся дадому з залатой качкай.
Кароль вельмі зарадаваўся качцы з залатымі яйкамі і павесіў яе клетку над сваёй пасцеллю. Янку ён пахвальваў і па плячы паляпваў, але аб тым, што абяцаў яму паўкаралеўства, і думаць забыў.
Хацеў было Янка напомніць каралю, але конік яго адгаварыў:
— He хадзі, патрывай крыху.
Па-ранейшаму Янка даглядаў дванаццаць коней, a конік яго быў трынаццаты і стаяў у кутку.
Свечак ён і цяпер не браў, і ўсё ж яго коні заўсёды былі самыя дагледжаныя. Кароль толькі дзіву даваўся, а іншыя конюхі затаілі на Янку злосць, таму што кароль на іх сварыўся.
— Якія ж вы,— кажа,— работнікі? Бо няма ў яго ні залатой падковы, ні залатога пяра, і ўсё адно вашы коні горшыя, і свечак на вас ніяк не набярэшся!
— Слаўны, найсветлы кароль, ды навошта яму свечкі, калі ў яго ёсць залаты волас!
Кароль тут жа загадаў паклікаць Янку.
— Што ў цябе там за залаты волас? — кажа.— Нясі яго сюды зараз жа, а не дык загадаю цябе чацвертаваць!
Пайшоў Янка на стайню, абняў коніка за шыю і горка заплакаў.
Пытаецца ў яго конік:
— Янка, чаго ты ўсё плачаш, што з табою?
— Ах, конік мой, як жа мне не плакаць, бо кароль загадаў мне аддаць залаты волас, а не — дык ён загадае мяне чацвертаваць!
I зноў конік яму сказаў:
— Калі б ты гэты волас тады не падняў, яшчэ горш было б. He плач, Янка, аддай яму залаты волас!
Занёс Янка залаты волас. Глядзіць кароль, паглядае то на слугу, то на гэты волас і нарэшце кажа:
— Вось што. Залатога каня ты мне дастаў, ёсць у мяне і залатая качка, а зараз ты павінен прывесці да
мяне тую, якая гэты волас згубіла. Зробіш гэта — аддам табе ўсё каралеўства, а калі не зробіш, загадаю цябе пакараць смерцю.
Вярнуўся Янка на стайню і ўсё коніку расказаў, а той яму кажа:
— Ну-ну, не журыся, чаму быць — таго не мінуць! Насып мне аўса паболей, а заўтра рушым у дарогу.
Яшчэ толькі днець пачало, а яны ўжо былі ў дарозе. Ляцелі яны праз горы, праз долы, і калі прыляцелі да дома бабы-ягі, цемра была такая густая, хоць нажом яе рэж.
— Вось мы і на месцы, Янка,— кажа конік,— і прыйшлі якраз своечасова. Наша бабуля ўжо спіць, а залатая дзяўчына ў яе ў трэцім пакоі за шклом. Зойдзеш ціхенька, але цяпер узяць ключы не так і лёгка: вядзьмарка трымае іх у зубах, а калі яна прачнецца — бяда будзе. Калі зможаш, ціхенька выцягні ключы ў яе з зубоў, меч паламі на кавалкі і ў акенца выкінь. Потым адамкні трэці пакой. Баяцца табе няма чаго, таму што дзяўчына ахвотна пойдзе з табой. Але не ўздумай яе пацалаваць, а не дык нам кепска будзе.
Янка ўсё зрабіў як трэба: ключы ціхенька выцягнуў у вядзьмаркі з зубоў, меч паламаў і ў акенца выкінуў, а потым адамкнуў трэці пакой. Залатая дзяўчына ззяла быццам чырвонае сонейка, а калі ён зайшоў, яна ветліва яму ўсміхнулася. Падбег ён да яе і ледзь было яе не пацалаваў, але потым апамятаўся: успомніў словы свайго коніка, узяў яе за правую руку і прывёў да коніка.
— Малайчына Янка,— кажа конік,— а цяпер сядайце абое!
Селі яны на коніка, а калі пад акном праляталі, Янка крыкнуў:
— Баба, баба, старая баба, украў я ў цябе залатую дзяўчыну!
Падскочыла баба-яга, схапілася за меч, а яго няма на месцы. Пакуль яна на вуліцы кавалкі збірала, пакуль да каваля бегала, яны цераз сем гор пераляцелі. Калі яны ўжо ля мора былі, убачыла іх баба-яга.
— Янка, Янка, ці прыйдзеш яшчэ да мяне? — крычыць яна ім услед.

А ён ёй у адказ:
— He, не прыйду болей, жыві сабе спакойна!
Пачула баба-яга, што ён болей да яе не прыйдзе, і разлілася ад злосці лужынай дзёгцю.
А конік з Янкам і залатой дзяўчынай шчасліва вярнуліся дадому.
Кароль ад радасці ног пад сабой не чуў і адразу задумаў згуляць вяселле. А дзяўчына — не: маўляў, толькі за таго яна пойдзе, хто яе вызваліў. Кароль да яе па-ўсякаму — і па-добраму, і па-кепскаму, але яна і бачыць яго не хоча.
Раззлаваўся кароль і задумаў чорную справу: вырашыў ён Янку пакараць смерцю. Ён думаў, што калі Янкі не стане, то дзяўчына хутчэй за яго пойдзе. I ён загадаў перадаць Янку, што вось у такі дзень суджана яму памерці, але ён, маўляў, вольны выбраць сабе такую смерць, якую сам пажадае.
Пачуў Янка гэтую ліхую вестку і ад страху ледзь з ног не паваліўся. Гараваў ён і плакаў, бядак, быццам малое дзіця, і ўсё прымаўляў:
— Вось і дачакаўся я ўзнагароды, вось і дачакаўся!
Тут конік адазваўся з кутка:
— Янка, чаго ты зноў плачаш, што з табой?
— Ах, конік мой, ты яшчэ пытаеш! Кароль загадаў перадаць мне, што ў такі вось дзень суджана мне памерці, толькі смерць сваю я вольны сам выбраць.
— Уга, тут ужо не жарты,— кажа конік,— але не плач, мы і з гэтай бядой справімся. Скажы, каб закіпяцілі малако ў вялікім катле і цябе ў ім зварылі. I папрасі, каб перад смерцю табе дазволілі са мной развітацца.
На другі дзень кароль паклікаў да сябе Янку.
— Ну,— кажа,— што ты надумаў?
Адказвае яму Янка:
— Калі я павінен памерці, зварыце мяне ў катле малака.
I вось ужо кіпіць малако ў катле, і побач стаіць сумны Янка.
— Ах,— кажа,— аб адным толькі прашу: прывядзіце сюды майго коніка, каб я з ім развітаўся.
Кароль сказаў: «Добра», і коніка прывялі.
Малако закіпела, і Янка павінен быў скокнуць у кацёл. Але тут конік удыхнуў у сябе ўсю гарачыню з малака. Скочыў Янка ў малако і стаў увесь залаты.
Убачыў гэта кароль, закрычаў: