Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
— А будзеш людзей палохаць? Будзеш з лесу праганяць?
— He буду! — раве мядзведзь.— Толькі адпусці!
Загнаў Маці клін у шчыліну, выцягнуў мядзведзь лапы і хутчэй у бярлогу пабраўся.
— Глядзі,— кажа Маці,— не забудзь сваё абяцанне! A то прыеду — напомню табе!
Насек Маці поўныя сані хваёвых дроў і паехаў з лесу.
Едзе, сам на кантэле іграе ды песні спявае.
Вось ён які, Маці-весялун!
3 таго часу мядзведзь на людзей перастаў нападаць. Як пачуе голас ды стук сякеры, думае: «Ужо ці не Маці прыехаў?» і ляжыць у сваёй бярлозе ціха ды спакойна.
ФРАНЦУЗСКІЯ КАЗКІ
НЕПАСЕДЛІВЫ ПЕЎНІК
Даўным-даўно наводшыбе адной беднай вёсачкі стаяла ферма, такая ж бедная, як і сама вёсачка. I жыў на гэтай ферме худы, але надзіва ганарлівы пеўнік. Худы ён быў таму, што не ўсялякі дзень удавалася яму валляк набіваць, ну а ганарысты — гэта ўжо ад характару. Рэдка, вельмі рэдка шанцавала яму заскочыць у гаспадароў сад і паласавацца там вусенямі, чарвякамі, смаўжамі альбо проста зялёнай траўкай. Заўважала яго ў садзе гаспадыня і праганяла прэч. I вяртаўся тады пеўнік зноў у двор, пакрыўджаны, ды не пакорлівы.
Аднак і ў двары ў яго была радасць — вялікая куча гною, у якой знаходзіў ён для сябе спажыву.
Неяк кешкаўся пеўнік у кучы і раптам знайшоў пад сапрэлым лісцем туга набіты кашалёк. Ён адразу скумекаў, што кашалёк гэты — цэлае багацце, і, забыўшы пра ўсё на свеце, нават пра голад, тут жа кінуўся пералічваць залатыя экю. Было ў кашальку роўна сто манет. He помнячы сябе ад радасці, ён ганарліва выпучыў грудзіну, загарлапаніў на ўсю вёску і пабег з усіх ног абвясціць вясковых пеўняў і кур аб шчасці, што напаткала яго.
А ў тую самую хвіліну праязджаў па дарозе кароль са
світай. Пачуў ён звонка-залівістыя спевы пеўніка і спытаў, што там здарылася. Расказалі яму слугі пра ўдачлівага пеўніка і пра сто залатых экю. Задумаўся кароль: як бы іх вывудзіць? Бо быў ён у даўгах як у шаўках. Падумаў, паклікаў да сябе пеўніка ды і кажа:
— Паслухай, мілы, пазыч мне свае сто экю. Вярну табе іх роўна праз тры месяцы.
— 3 радасцю, ваша вялікасць! — раскланяўся пеўнік.— Толькі працэнты заплаціце.
— Ну якая можа быць размова! Атрымаеш у прызначаны тэрмін і грошы і працэнты. Даю табе сваё каралеўскае слова,— запэўніў пеўніка кароль і, забраўшы сто залатых экю, паехаў далей, у свой каралеўскі замак.
Ну, а пеўнік вярнуўся ў двор да сваёй кучы гною.
Прайшло тры месяцы. Грабецца пеўнік па-ранейшаму ў панылай кучы, напаўняе ўсю ваколіцу звонкім «кука-рэ-ку» і ўсё чакае не дачакаецца караля-даўжніка. А ад караля, як знарок, ні слыху ні дыху. «Мабыць, не да мяне яму цяпер,— думае пеўнік.— Клопатаў у яго хапае. Пачакаю крыху, мне пакуль не прыспічыла».
Але калі мінула чатыры месяцы, а кароль усё не падаваў аб сабе вестак, затурбаваўся пеўнік. Узяў ліст паперы, вырваў самае лепшае пяро з хваста, завастрыў яго і напісаў каралю ліст:
— Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!
Сто экю вярні без здзеку!
Прабеглі дні, прамільгнулі тыдні, а адказу ад караля ўсё няма і няма. Напісаў пеўнік яшчэ адзін ліст... і яшчэ, ды толькі дарэмна ён стараўся: маўчыць кароль, маўчаць і яго прыдворныя.
I вось аднойчы раніцай узляцеў наш непаседлівы пеўнік на плот і важна заявіў, каб усе чулі:
— Пайду я да караля па свае кроўныя грошыкі. Павінен кароль вярнуць іх мне, ды яшчэ і з працэнтамі. На тое даў ён мне сваё каралеўскае слова.
Пачысціў пеўнік пёркі, прапаласкаў у нізіне дзюбу, саскроб гразь са шпораў, мяшок за спіну закінуў і рушкў напрасткі да каралеўскага замка.
Сустрэў яго на дарозе воўк і пытаецца:
— Куды гэта ты, кум, ідзеш на самым досвітку?
— Вядома куды!
Караля хачу спаткаць — Сто экю свае забраць.
— Можа, ты і мяне прыхопіш? Дарога ж у цябе доўгая, а я буду табе добрым сябрам.
— Што ж, я не супраць. Удвух весялей. Садзіся да мяне ў мяшок!
Залез воўк у мяшок, і рушыў пеўнік далей. Раптам трапляецца яму насустрач ліса.
— Добры дзень, пеўнік! Куды гэта ты на світанку выправіўся?
— Добры дзень, кумка-ліса!
Караля хачу спаткаць — Сто экю свае забраць.
— Ой, як цікава! — пачала падлізвацца ліса.— Шчаслівы ты, пеўнік, самога караля ўбачыш! А вось мне бачыць яго не давялося... Узяў бы і мяне з сабой, дружа. Хоць палюбуюся на яго каралеўскую вялікасць.
— Калі хочаш, залазь у мяшок. Толькі ўлічы: у мяшку ўжо воўк сядзіць. Як бы вы не пабіліся выпадкова.
— Ды што ты, дружа! Мы ж з ваўком старыя сябрыпрыяцелі. Дзяліць нам няма чаго.
Пайшоў пеўнік далей. Ідзе сабе, песні спявае ды пакрэктвае: як-ніяк воўк і ліса — ноша нялёгкая! Раптам чуе:
— Каррр... Каррр... Куды гэта ты шлях трымаеш, пеўнік?
Зірнуў пеўнік угару і ўбачыў на галіне вяза старога крумкача. Ну як яму не адказаць, калі сабрат ён па птушынаму царству? I кажа пеўнік:
— Караля хачу спаткаць — Сто экю свае забраць.
— Каррр... Карр...раля,— пракаркаў крумкач.—
Вазьмі і мяне з сабою. Можа, я табе спатрэблюся там.
— Калі не баішся ваўка і лісы, залазь да мяне ў мяшок.
— Баяцца мне іх няма чаго, разам жа ў лесе жывём, адну і тую ж ежу дзяўбём.
Нырнуў крумкач у мяшок, і пачуўся адтуль вясёлы смех. Аднаму пеўніку было не да смеху. Ішоў ён з цяжкім мяшком на спіне і ўсё думаў-гадаў: аддасць яму кароль грошыкі альбо не аддасць?
Падышоў пеўнік да каралеўскага замка і бачыць: расчынены вароты насцеж, а каля варот стаіць варта. Выпучыў пеўнік грудзінў, задзёр угару галаву і прайшоў важна міма стражнікаў. Ну, а тым і няўцям распытаць у яго, чаму ды навошта ідзе ён да караля. Вельмі ўжо ганарліва ён прайшоў — і не падступішся!
Так пеўнік і дайшоў да самых каралеўскіх пакояў. Дайшоў ды як загарланіць:
— Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!
Сто экю вярні без здзеку!
Пачуў кароль пеўнікаў крык, раззлаваўся і аддаў хутчэй загад:
— Гэй, слугі, схапіце пеўня і кіньце яго ў куратнік! Няхай ён ад’есца на каралеўскіх харчах, а потым засмажце яго і да майго стала падайце!
Вось вам і каралеўскае сумленнае слова! Hi грошай, ні працэнтаў, ды і само жыццё беднага пеўніка на валаску павісла.
He паспеў пеўнік азірнуцца, як накінуліся на яго каралеўскія слугі, схапілі і разам з мяшком у куратнік кінулі. Аднак не збаяўся пеўнік, падхапіўся на ногі, атрапаўся, выпусціў баявы кліч і пачаў новых знаёмцаў разглядваць. Ды што там разглядваць: былі ў куратніку адны важныя каралеўскія пеўні ды куры, няма з кім і паразмаўляць шчыра. Паглядзелі яны з агідай на худога пеўніка, параіліся між сабой аб чымсьці — не спадабаўся, мусіць, ім наш пеўнік! — і давай яго дзяўбці куды пападзе. Свет белы бедаку сцямнеў! Трываў ён, трываў, а калі прыйшоў канец яго цярпенню, гучна паклікаў:
— Вылезь, лісачка-кума, Болей сіл трываць няма!
Выскачыла з мяшка ліса, зубы ў яе клацаюць, вочы
галодным бляскам свецяцца! Убачьыі пеўні і куры страшную лісу і ў момант разбегліся хто куды.
Раніцай адчынілі слугі куратнік і ахнулі: у куратніку — нікога, акрамя худога пеўніка. Пабеглі яны ў палац, расказалі каралю пра навіну дзіўную, а той у адказ:
— Ах, нягоднік певень! Кіньце яго тут жа ў маю аўчарню!
Паспяшаліся слугі каралеўскі загад споўніць: схапілі пеўніка і шпурнулі ў аўчарню. Убачылі авечкі пеўніка, раззлаваліся, капыткамі застукалі, зусім заштурхалі бедака. Вырашыў пеўнік, што прыйшоў яго смяротны час, і з адчаю крыкнуў:
— Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!
Шэры воўк ратуй ад здзеку!
Выскачыў з мяшка воўк, страпянуўся і ўзяўся за справу: у момант усіх авечак распалохаў. Ад страху выбілі яны лбамі вароты і разбегліся хто куды.
Раным-рана кароль сам пабег у аўчарню. Бачыць: вароты насцеж расчынены, у аўчарні — ніводнай авечкі! Ад злосці плюнуў кароль на зямлю, а пеўнік зноў яму крычыць:
— Гэй, кароль, не хмур вачэй — Сто экю аддай хутчэй!
Зусім раззлаваўся кароль і загадаў:
— Гэй, слугі, вырвіце ўсе да адзінага пёрцы ў пеўня!
Тут ужо не да жартаў пеўніку стала. Узляцеў ён на самую высокую перакладзіну і закрычаў:
— Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!
Выратуй, крумкач, ад здзеку!
He прымусіў крумкач сябе доўга чакаць. Вылецеў з мяшка, узмахнуў крыламі і апусціўся на каралеўскую макаўку — таго і глядзі, дзеўбане караля проста ў цемя. Спалохаўся кароль і давай прасіць:
— He чапай мяне, махляр!
— Ах, гэта я махляр? Кар...ррр! — раззлаваўся крумкач.— Аддавай пеўню сто залатых экю! — і цюк караля ў макаўку!
— Ой, ой, ой! — закрычаў кароль.— Аддам, усё аддам! — I загадаў свайму казначэю тут жа адлічыць пеўніку сто залатых экю.
Атрымаў пеўнік сто экю і ад радасці нават аб працэнтах забыў.
Праспяваў пеўнік сваё «ку-ка-рэ-ку», заціснуў у дзюбе кашалёк з манетамі і пайшоў з замка са сваімі сябрамі.
Калі ж апынуліся яны на двары, крумкач раптам і кажа:
— Кар... ррр! Паслухай, дружа, не зашкодзіла б табе нас узнагародзіць. А таму дай мне за верную маю службу дзесяць экю.
Аднак не пачуў яго чамусьці пеўнік. Ішоў сабе наперад, а да крумкача нават і не павярнуўся. Паглядзеў крумкач на пеўніка яшчэ раз, усміхнуўся сам сабе і прэч паляцеў.
«ПАПАЎСЯ, ЦВЫРКУН!»
У даўнія часы не даводзілася дзецям, як цяпер, кожны дзень хадзіць у школу, зрэшты, тады ж і школ не было. А замест школы вучыў дзяцей вясковы стараста,
які ўмеў з грахом напалам трошкі чытаць, трошкі пісаць і трошкі лічыць. Вось і збіраў стараста ў сваім доме ўсіх, хто хацеў вучыцца. Вучыліся дзеці толькі зімой, таму што ранняй вясной браўся стараста разам з сялянамі за пасяўныя работы — тут ужо не да вучобы. Дарэчы, і дзецям занятак быў: апраналі яны горшае адзенне і пасвілі на лузе статак альбо сухое галлё ў лесе збіралі. А іншы раз сыходзіліся ўсе разам на якой-небудзь паляне, распальвалі вогнішча і весяліліся да самай раніцы.
Вось якраз у тыя часы жыў-быў у вёсцы маленькі пастух. Звалі яго Венсан, а па мянушцы — Цвыркун.
Аднаго разу падышоў ён да свайго бацькі і кажа: — Ведаеш, бацюхна, каб зарабіць сабе на жыццё, стану я празорцам.
— Празорцам? Ты? — засмяяўся бацька.— Выйдзе з цябе празорца, толькі ліпавы.
— А вось пабачыш! — сказаў Венсан і пабег на луг да дзяцей, каб расказаць аб сваім намеры.
— Наладзім яму іспыты! — вырашылі дзеці.— Павінен ты тры рэчы ўгадаць,— сказалі яны Венсану.— Калі ўгадаеш, будзем лічыць цябе празорцам, а не — атрымаеш на арэхі!
Сабраліся дзеці ўсе разам, узялі алавяную талерку, паклалі штосьці ў яе, прыкрылі вялікім лопухам і перад Венсанам паставілі.