Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
ХІТРЫКІ ЦЫГАНА
Жыў цыган. Быў ён вельмі бедны. А сям’я вялікая — жонка, гурма дзяцей. Як такую процьму пракарміць?
Сядзіць цыган каля шатра і вялікую думу думае: «Што рабіць мне, бедаку?» I раптам бачыць цыган, як да яго пан кіруецца. «Як бы мне пана ашукаць?» — падумаў цыган. А на цяпельцы ў цыгана каша варылася. Кіпіць вада, булькае. Схапіў цыган міску з гарачай кашай і ў пясок паставіў. Сядзіць ён над міскай і балбоча словы незразумелыя. Падыходзіць пан бліжэй. Што за цуд? Стаіць міска на пяску, агню няма, а каша кіпіць, аж пара ідзе. .
— Ты што робіш, цыган? — пытаецца пан.
— Як што раблю? — адказвае цыган.— Хіба не бачыш? Кашу вару!
— Як гэта так? Якую кашу? Агню ж няма! Хіба можна без агню кашу варыць?
— Вось так і вару. Міска ж мая не простая — чарадзейная. Скажу я сваё запаветнае цыганскае слова, і каша сама варыцца.
— Слухай, цыган, прадай мне гэтую чарадзейную міску, я табе добра заплачу. Колькі ты за яе хочаш?
— Дорага табе гэта, пане, абыдзецца. Ды і мне не вельмі хочацца з чарадзейнай міскай расставацца.
— Ды што ты, цыган, калі ты ведаеш чарадзейнае слова, то ты такіх жа місак колькі захочаш зробіш. Гэта я не ведаю. Прадай мне сваю міску.
— Прадаць прадам, ды толькі адна міска не варыць. Бачыш, кіёчак у мяне ў руках? Я ім кашу мяшаю. Без гэтага кіёчка нічога ў цябе не зварыцца. Так што купляй і кіёчак у прыдачу.
— Добра,— сказаў пан,— гавары сваю цану.
— Плаці дзвесце рублёў і ідзі з богам.
Адлічыў пан грошы, узяў міску, кіёчак і пабег хутчэй. А цыган таксама доўга не марудзіў. Сабраў ён свой скарб, пасадзіў жонку, дзяцей на воз і паехаў далей ад таго месца, дзе толькі што пана падмануў. «Трэба адсюль хутчэй уцякаць,— падумаў цыган,— a то як даведаецца пан пра мой падман ды наладзіць пагоню — не мінуць мне бяды».
А конік y цыгана старэнькі, слаба воз цягне. Ледзьледзь дабраўся цыган да бліжэйшай вёскі. Накупляў ён там усяго ўсялякага, каня купіў добрага, шацёр памяняў, дзяцей прыадзеў ды накарміў дасыта. Зноў стаіць сабе на полі, стаіць і думае ды мяркуе: «А ўсё ж знойдзе мяне пан, бачыць бог, знойдзе!» Толькі падумаў цыган, глядзіць, а пан тут як тут. А ў цыгана ў руках пуга. Шапнуў ён на вуха сваёй жонцы два словы і давай яе пугай лупцаваць. Быццам бы і па ёй б’е, а сам усё побач ды побач. А жонка крычма крычыць, па зямлі, як змяя, звіваецца, поўзае. Як убачыў пан цыгана, закрычаў:
— Ах ты такі-сякі, як адважыўся ты мяне падмануць?!
Апусціў цыган пугу, падышоў бліжэй:
— А што здарылася? У чым мой падман, пане?
— Паставіў я місачку на пясок, пачаў ваду кіёчкам памешваць, а яна як была халодная, так і засталася.
— А ты слова цыганскае сказаў?
— Якое слова?
— Вось бачыш, пра слова ты ў мяне не спытаў, а цяпер на мяне ж і крычыш.
— Скажы мне, цыган, якое яно, цыганскае слова?
— Пачакай, пане, дай мне сваю справу закончыць, а потым ужо і размову весці будзем,— сказаў цыган і зноў узяўся за пугу, і зноў пачаў сваю жонку лупцаваць.
— Што ты робіш, цыган, ты ж яе так да смерці заб’еш!
— Бачыш, пане, дасталася мне непаслухмяная жонка, варта б правучыць яе трошкі. Вось зараз наб’ю яе, а потым як сперажу пугай упоперак, дык яна і падымецца жывенькая і здаровенькая. I будзе слухацца мяне, як сабачка цыганскі.
Сказаў так цыган, потым сперазаў пугай упоперак. Жонка яго тут жа з зямлі падхапілася як нічога і не было, цыгана абняла і пытаецца:
Муж мой любімы, скажы мне, што рабіць? Усё я для цябе зраблю, што ні папросіш.
— Пайдзі цяпельца распалі, абед згатуй, дзяцей накармі, спаць пакладзі, потым ля агню сядзь і песні мне спявай да світання.
— Усё зраблю, муж мой дарагі, як ты мне загадаеш,— сказала цыганка і пайшла ў лес па сухое галлё.
А пан думае: «Вось бы мне такую пугу — жонку сваю правучыць, a то зусім яна ў мяне ад рук адбілася».
— Слухай, цыган, прадай мне гэтую пугу.
— Прадаць прадам, ды толькі дорага табе гэта абыдзецца, пане.
— Нічога, я табе любую цану дам. Называй.
— Давай трыста рублёў і ідзі з богам!
Адлічыў пан грошы, узяў пугу і толькі хацеў ісці, як тут жа павярнуўся.
— Э, не, цыган, цяпер ты мяне не падманеш. Ану кажы сваё чароўнае слова. . „ „ „
Сказаў цыган пану два словы на вуха, і той пайшоў сваёй дарогай. А цыган запрог коней і зноў на новае месца пераехаў ад пана як найдалей. Купіў цыган сабе яшчэ пару коней, зусім багаты стаў.
А пан, пакуль ехаў дадому, усё цыганскае слова паўтараў. Паўтараў, паўтараў і забыў. «Не бяды,-^ думае пан,— пуга і без цыганскага слова жонку правучыць». Прыехаў пан дадому і адразу да жонкі, схапіў пугу і давай яе лупцаваць. Яна, бедная, крычма крычыць, а пан не сунімаецца.
— He бойся, гаспадыня,— крычыць пан, — вось зараз я ўпоперак цябе пугай сперажу, і падымешся ты жывая, цэлая і мужу пакорлівая.
Як аперазаў пан жонку сваю пугай упоперак жывата, яна адразу і сканала. Пан за галаву схапіўся. Пабег ён цыгана-падманшчыка шукаць. Два гады шукаў знайшоў. „
Убачыў цыган пана і думае: «Канец мне прыйшоу! Што рабіць?» ..
А стаяла зіма. Мароз люты. Забег цыган у шацёр, распрануўся дагала, узяў у рукі сваю сарочку, выскачыў вонкі і давай па снезе басанож бегаць ды сарочкай абмахвацца.
Ой,— крычыць цыган,— гарачыня якая!
— Папаўся, цыган,— крычыць пан,— ну, цяпер канцы табе прыйшлі, больш ты нікога падманваць не будзеш.
— Пачакай, пане, карай пагражаць, дай мне хоць бы перад смерцю папарыцца. Ой, горача мне, ой, горача!
А сам усё па снезе бегае ды сарочкай абмахваецца.
Што за цуд? Мароз лютуе, пану і ў футры сваім лісіным холадна, а цыган у чым маці нарадзіла бегае ды яшчэ сарочкай абмахваецца.
— А чаго гэта, цыган, табе так горача? — пытаецца пан.
— Бачыш, у мяне сарочка чарадзейная? 3 ёю мне ніякі мароз не страшны. Мне і зараз горача, а як сарочку надзену, дык спёку зусім цярпець нельга.
— Слухай, цыган, прадай мне сваю сарочку.
А сам думае: «Чым дарагія футры купляць ды адзенне цёплае, куплю ж я ў цыгана гэтую сарочку. У ёй цёпла і лёгка».
Прадаць я табе яе прадам, ды толькі дорага яна табе абыдзецца.
— Прасі любую цану.
— Давай тысячу рублёў і ідзі з богам.
Адлічыў пан грошы, схапіў сарочку і дадому. Прыязджае да сябе ў маёнтак, народ склікае і давай хваліцца:
— Глядзіце, людзі, якую я чарадзейную сарочку купіў. Мне ў ёй любы мароз не страшны.
Зняў пан дарагое футра, вопратку ўсю зняў і давай у чым маці нарадзіла па двары бегаць ды сарочкай абмахвацца.
Здзіўляецца народ:
Здурнеў ты пане, ці што? Каляды на носе, а ты галяком бегаеш.
Сорамна пану прызнацца, што цыган зноў яго ашукаў, вось ён і не паказвае выгляду.
— Ой, горача мне, ой, горача! — крычыць пан,— Ой, не магу, горача!
Крычаў, крычаў, крычаў, крычаў, так і замёрз.
А цыган на тыя грошы, што ў пана выдурыў, усё жыццё са сваёй сям’ёй жыў прыпяваючы.
ЧАРНАГОРСКАЯ КАЗКА
ЯК ДЗЯЎЧЫНА ЦАРА ПЕРАХІТРЫЛА
Жыў-быў бядняк. Нікога родных у яго не было, акрамя дачкі. Жылі яны тым, што добрыя людзі дадуць. Дачка ўмела казаць разумныя прамовы і бацьку вучыла, як трэба размаўляць. Аднойчы прыйшоў бядняк да цара міласціну прасіць. Цар спытаў, адкуль ён і хто навучыў яго размаўляць так разумна. Бядняк адказаў, што дачка навучыла.
— А яна ў каго навучылася? — спытаў цар.
— Яе мудрай зрабіла наша беднасць.
Тады цар даў тры дзесяткі яек і сказаў:
— Занясі іх дачцэ і скажы, каб яна вывела мне з іх куранят. Выведзе — я яе ўзнагароджу, а не — буду цябе катаваць.
Бядняк, плачучы, вярнуўся дадому і сказаў аб усім дачцэ. Тая здагадалася, што яйкі вараныя, адправіла бацьку спаць, сказаўшы яму, што пра ўсё паклапоціцца сама. Бацька паслухаўся, лёг спаць, а дачка ўзяла кацёл, напоўніла яго вадой, укінула туды бабы і зварыла іх.
На другую раніцу паклікала яна бацьку і загадала яму ўзяць плуг, запрэгчы валоў і араць каля дарогі, па якой паедзе цар.
— Як убачыш цара,— сказала яна бацьку,— сей бабы і крычы: «Гэй, валы, варушыцеся! Ды паможа бог
урадзіцца вараным бабам!» Цар спытаецца: «Як жа могуць урадзіцца вараныя бабы?» — «Гэтак жа, як з вараных яек могуць вывесціся кураняты»,— адкажаш ты.
Выслухаў дачку бядняк, пайшоў араць каля дарогі, а згледзеўшы цара, пачаў крычаць:
— Гэй, валы, варушыцеся! Ды паможа бог урадзіцца вараным бабам! .
Цар спыніўся.
— Бядняк, як жа могуць урадзіцца вараныя бабы? — спытаў цар.
— Гэтак жа, найслаўны цар, як з вараных яек могуць вывесціся кураняты,— адказаў той.
Цар адразу зразумеў, што так яго дачка навучыла адказваць. Ён загадаў слугам схапіць бедняка і прывесці да сябе. Даў яму цар касмыль ільну і сказаў:
— Вазьмі і зрабі з гэтага канат, ветразі і ўсе астатнія снасці, якія патрэбны для карабля, а не зробіш — прапала твая галоўка!
Бядняк са страхам узяў касмыль ільну, заплакаў і пайшоў дадому расказаць аб усім дачцэ. Тая адправіла яго спаць, сказаўшы, што пра ўсё сама паклапоціцца. Раніцай яна ўзяла кавалачак дрэва, разбудзіла бацьку і кажа:
Вазьмі гэты кавалачак дрэва і занясі цару: няхай ён мне з яго зробіць прасніцу, верацяно, кросны і ўсё іншае, тады і я зраблю, што ён хоча.
Бядняк сказаў цару, як дачка навучыла. Пачуўшы адказ, цар здзівіўся і пачаў думаць, што ж цяпер рабіць. Потым ён узяў кубачак і даў яго бедняку:
— Вазьмі кубачак і занясі сваёй дачцэ: няхай ім яна вычарпае мора, каб на яго месцы стала сухое поле.
Бядняк заплакау, занёс кубачак дадому і расказаў аб усім дачцэ. Тая загадала яму пачакаць да раніцы і абяцала пра ўсё сама паклапаціцца. Раніцай яна паклікала бацьку і дала яму касмыль кудзелі:
— Занясі цару, няхай ён гэтай кудзеляй загаціць усе азёры, рэкі і ручаі, тады я яму вычарпаю мора.
Бядняк пайшоў і перадаў усё цару. Цар, бачачы, што дзяўчына разумнейшая за яго, загадаў прывесці яе і, калі разам з бацькам яна з’явілася перад ім, сказаў:
— Угадай, дзяўчына, што чуваць далей за ўсё?
— Найслаўны цар, далей за ўсё чуваць гром і хлусня,— адказала дзяўчына.
Тады цар узяўся за бараду, павярнуўся да сваіх прыбліжаных і спытаў:
— Угадайце, колькі каштуе мая барада?
Адны адказалі так, другія гэтак, а дзяўчына сказала:
— Царова барада каштуе трох летніх дажджоў.
— Дзяўчына бліжэй за ўсіх да праўды,— сказаў цар і спытаў у яе, ці не хоча яна выйсці за яго замуж, таму што ён вырашыў узяць яе за жонку.