Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
«Мабыць, гэта сам гаспадар і ёсць!» — падумаў Замі, сеў у ложку, пачаў праз дзірачку ў фіранцы глядзець. Бачыць: стаіць перад ім страшная пачвара — ці то звер, ці то чалавек. Ногі конскія з капытамі, галава таксама конская, з пашчы полымя так і дыхае, так і дыхае! Усё цела поўсцю зарасло, шэрсць дуба стаіць. Замест рук у пачвары — лапы з вострымі кіпцюрамі. Падышла пачвара да стала, міскі, сподкі пералічыла, яшчэ болын натапырылася, ды як закрычыць:
— Стол накрыты, каша кіпіць.
Няма за сталом таго, хто ў ложку ляжыць!
I падалося раптам Замі, быццам гром загрымеў. А гэта пачвара да ложка ступіла, квяцістую фіранку сарвала, пасцель развярнула. Круціўся пастух, быццам уюн на патэльні, усё ад пачвары выкруціцца хацеў. Але так Замі і не выкруціўся. Схапіла пачвара яго за руку, і здалося пастуху, быццам руку яго агнём апякло.
— Ану, падымайся, садзіся за стол, еш кашу! — зараўла пачвара і пацягнула Замі да стала.
Той сам сабе думае: «Ну трымайся! Цяпер альбо ніколі!» I гучна ды цвёрда кажа:
— Нічога я не варыў, нічога і есці не буду. Ты кашу заварыў, ты і расхлёбвай.
Села пачвара да стала, кашу ў міску наліла і пачала хлябтаць. Пасля патэпала невядома куды, вярнулася назад са свечкай, з кіркай, з рыдлёўкай, кінула ўсё пад ногі пастуху і бурчыць:
— Ану, паднімі свечку ды кірку з рыдлёўкай, нясі ў склеп!
Нічога я са склепа не прыносіў і нічога туды не панясу,— кажа Замі.
Сам жа выгляду не паказвае, што баіцца.
Узяла пачвара свечку, кірку з рыдлёўкай і прахрыпела:
— Пайшлі са мной!
— Добра,— сказаў Замі,— толькі ты наперад ідзі.
Пачала пачвара ўніз па лесвіцы спускацца. У склепе начарціла нейкі знак на земляной падлозе, натапырылася, схапіла камень велічынёй з кулак і расцерла яго на парашок ды як зараве:
— Ану, выкапай яму на гэтым месцы!
— Нічога я тут не згубіў і яму капаць не збіраюся! — смела сказаў Замі і з месца не зрушыўся.
Давялося пачвары самой за работу ўзяцца. Дзяўбла яна зямлю кіркай, дзяўбла, капала рыдлёўкай, капала, раптам бачыць пастух — вялікі кацёл з ямы паказаўся.
— Выцягні яго наверх! — закрычала пачвара так, што сцены ўздрыгнулі.
— Я яго ў яму не апускаў і выцягваць не буду! — цвёрда адказвае Замі.
Тузанула пачвара цяжкі кацёл, выцягнула яго з ямы.
— Ану, нясі яго наверх! — закрычала пачвара.
— Я яго ў пограб не прыносіў і наверх не панясу! — храбра адказвае Замі.
Закінула пачвара кацёл на плечы, па лесвіцы ў святліцу пацягнула ды і бразнула на падлогу.
— Ану, падымі вечка! — крычыць.
— Я кацёл вечкам не накрываў і адкрываць не буду! — смела адказвае Замі.
Давялося пачвары самой вечка падымаць. А кацёл жа ўкоптур сярэбранымі манетамі набіты! Зарагатала тут пачвара ды і высыпала ўсё з катла на стол. Потым падзяліла сярэбраныя талеры на тры роўныя долі і кажа Замі:
— Выбірай сабе любую долю! Угадаеш — тваё шчасце! I мяне ад закляцця пазбавіш! He ўгадаеш — сатру цябе на парашок, і давядзецца мне да скону веку такім вось страшыдлам блукаць... Адна доля тут — твая, другая _ беднякоў, якія ўсё дабро сваё на гэтым выгане пакінулі, а трэцяя — удоваў ды сірот тых пастухоў, якіх я тут панішчыла. Выбірай цяпер любую.
He паспела пачвара апамятацца, як схапіў Замі срэбра абедзвюма рукамі і ўсе тры долі ў адну кучу згроб.
— Адна доля напэўна мая, а беднякам, удовам і сіротам я сам іх долю адцам,— прамовіў ён.
Пачуўся тут такі грукат, што сцены захісталіся, а дах над хаткай угару падняўся. Ледзь толькі грукат заціх, бачыць Замі — стаіць перад ім малады, прыгожы пастух. Усміхаецца ён ласкава і кажа:
— Ты мяне ад закляцця пазбавіў. Цяпер і горны выган, і альпійскі луг — твае!
Павярнуўся і прэч пайшоў.
Замі ў той жа дзень спусціўся з гор у даліну. Прынёс ён з сабою дайніцу, поўную сярэбраных манет, і раздаў іх беднякам, удовам ды сіротам. Павярнулася да яго шчасце тварам, і зажыў ён прыпяваючы. 3 таго часу перасталі прывіды на выгане вадзіцца, і ўсе ў наваколь-
ных далінах аж уздыхнулі. I пайшлі ў Алытах такія прымаўкі:
Хто не баіцца — заўсёды ў выйгрышы застанецца! Смеламу ўвесь свет належыць!
ХРУСТАЛЬНЫ КАЛОДЗЕЖ
Жыла-была ў гарах у старадаўнім замку маладая дзяўчына. Прыгажуня была, толькі ўжо вельмі ганарлівая. Колькі да яе жаніхоў ні сваталася, усім адмаўляла. Ды яшчэ і з насмешкай.
У адзін цудоўны летні дзень з’явіўся ў замак юнак. Спадабаўся ён дзяўчыне, аднак не дазволіў ёй гонар у тым прызнацца. Чаго ён толькі ні рабіў — і каштоўнымі падарункамі яе асыпаў, і казкі расказваў, і песні спяваў — яна кожны раз яму ў сваёй руцэ адмаўляла. Як ні маліў ён яе, як ні прасіў, не хацела яна стаць яго нявестай, усялякі раз адно толькі слова паўтарала:
— He!
Аднойчы вечарам пайшлі яны да крыніцы — крыніца з-пад скалы струменіла. I сказала дзяўчына:
Ведаю, што ты можаш мне да дня вяселля трон княжацкі падарыць. Толькі гэтага мала. Хачу, каб замест скалы каля крыніцы ты пабудаваў мне калодзеж з каштоўных камянёў. Тады я стану тваёй нявестай. Але камяні павінны быць чыстыя, празрыстыя, як вада крынічная.
На тым і рассталіся.
А матухна таго юнака ўсёмагутнай чарадзейкай была. Расказаў ён 'ёй, што дзяўчына ад яго патрабуе. Махнула яна чароўнай палачкай, і ў тую ж ноч калодзеж з каштоўных камянёў ля скалы з’явіўся. Пераліваецца калодзеж усімі колерамі вясёлкі. I назвалі яго ў народзе Хрустальны.
На другую раніцу кажа дзяўчына юнаку:
Нічога не скажаш, добры калодзеж ты па хаценню майму пабудаваў. Толькі ёсць у мяне яшчэ адно жаданне. Калодзеж без саду мне не патрэбны, так што
давядзецца табе замест лесу ды калючага цёрну ў гарах сад пасадзіць. Тады пайду за цябе замуж.
Расказаў юнак сваёй матухне, што дзяўчына ад яго патрабуе. Махнула чарадзейка палачкай — і ўсё навокал расквітнела! .
Як вечар апусціўся, прыйшла дзяўчына да крыніцы. Села ля Хрустальнага калодзежа, агледзелася: вакол фіялкі ды ружы пунсовыя распусціліся, дрымучы лес квітучым садам стаў. Пакрылася зямля кветкамі, у кустах птушкі заспявалі. Вось дзе прыгажосць!
У дзяўчыны сэрца ад радасці так і страпянулася. Падышоў да яе юнак, і захацелася ёй нявестай яго назвацца, але тут раптам убачыла свой замак, і падаўся ён да таго старым, да таго някідкім побач з дзівосным садам і каштоўным калодзежам. Вось яна і кажа:
— Цудоўны гэты сад. Толькі ёсць у мяне яшчэ адно жаданне: хачу я замест старога замка новы, ды не просты, а ўвесь з рубінаў і жэмчугу. Тады пайду за цябе замуж. u
Расказаў юнак сваёй матухне, чаго дзяўчына ад яго патрабуе. Разгневалася чарадзейка, палачкай сваёй махнула, і ў адзін момант цудоўны сад як скрозь зямлю праваліўся. I калодзеж зноў лясной крыніцай стаў.
Кожны вечар да лясной крыніцы цудоўная дзяўчына прыходзіла, у смутку суджанага свайго чакала. Але ён так і не вярнуўся. Зразумела яна: капрыз да дабра не прыводзіць!
ШАТЛАНДСКІЯ КАЗКІ
ВЕЛІКАНЫ 3 ЛОХ-ШЫЛА
Паміж сінімі гарамі, недалёка ад Лох-Шыла, згубілася вузкая даліна. Роўныя і зялёныя палі ў гэтай даліне і гладкія схілы навакольных гор, між тым як па суседству ўсе даліны ўсыпаны мноствам камянёў.
Багата гадоў таму назад і гэтая вузкая даліна была неўрадлівай, усе сцяжынкі былі загрувашчаны вялікімі валунамі, усюды тырчалі абломкі скал і вострыя камяні. Людзі ў даліне жылі надгаладзь — не было дзе ім жыта сеяць, не было дзе пасвіць худую жывёлу. А ў маленькай хатцы ля падножжа гары жыў стары казачнік. Але ён не толькі ўмеў казкі складваць, а наогул славіўся сваёй мудрасцю. Аднойчы жыхары даліны прыйшлі да яго прасіць парады.
«Навучы, мудрэц, што нам рабіць,— сказалі яны,Няма людзей бяднейшых за нас, бо жывём мы ў цеснай даліне, заваленай камянямі, што ўпалі з гор. Жыта ў нас рэдка даспявае, а жывёлу крадуць зладзеі, якім проста схавацца за вялікімі валунамі. Няўжо не знайсці нам такой мясціны, дзе схілы не такія камяністыя і зямлю лёгка апрацоўваць?»
Стары мудрэц пачуў гэтыя скаргі, адкаціў некалькі камянеў, і пад імі паказалася зямля.
«Нідзе вы не знойдзеце зямлі больш урадлівай, чым у нашай даліне»,— адказаў ён.
«Можа, яно і так,— адказвалі жыхары даліны,— ды не пад сілу нам ачысціць яе ад гэтых велізарных камянёў».
А трэба сказаць, што ў тыя часы на зямлі яшчэ вадзіліся веліканы. I па суседству з далінай, высока ў гарах, жылі два сярдзітыя веліканы, якія пастаянна спрачаліся, хто з іх дужэйшы. У той жа дзень стары мудрэц падняўся ў горы і сказаў кожнаму з іх:
«Хопіць вам сварыцца ды спрачацца. Канечне, я ўсяго толькі бедны стары, але, наколькі я разумею, спрэчку вашу вырашыць не цяжка. Спусціцеся ў даліну і пакажыце людзям сваю моцу. А я задам вам задачу, каб вы памераліся сілай, і тады ўбачым, хто з вас дужэйшы».
Раніцай зашумела, загуло ў гарах — гэта веліканы спускаліся ў даліну. Стары мудрэц і ўсе жыхары выйшлі ім насустрач.
«Ну, паглядзім,— сказаў стары,— хто з вас можа закінуць камень на вяршыню гары».
Веліканы засмяяліся, паднялі па валуну з такой лёгкасцю, быццам гэта былі дробныя каменьчыкі, і закінулі іх на самую макаўку гары.
«Спрытна! — пахваліў стары.— Ніколі не бачыў, каб камяні закідвалі так далёка. А цяпер вазьміце ж большыя камяні».
Веліканы паднялі валуны велічынёй у сем чалавечых галоў і без цяжкасці закінулі іх за гару. Людзі пачулі аддалены грукат кінутых камянёў і задрыжалі ад страху.
«Не зразумееш, хто з вас дужэйшы,— сказаў стары мудрэц.— Давядзецца задаць вам новую задачу. Бачыце вы гэтыя камяні велічынёй з дом? Паглядзім, колькі кожны з вас зможа кінуць такіх камянёў спярша левай, а потым правай рукой».
Веліканы зараз жа ўзяліся за справу. Падымаючы велізарныя валуны левай рукой, яны закідвалі іх за высокія горы. Так яны рухаліся па даліне, адрывалі валуны ад зямлі, і такі падняўся гул і грукат, быццам бура разгулялася.
Стаміўшыся кідаць камяні левай рукой, веліканы
пачалі шпурляць іх правай і шпурлялі да самага вечара. Хутка ў даліне не засталося ні аднаго каменя. А веліканы так змардаваліся, што ледзь стаялі на нагах. «Клянуся сямю яркімі зоркамі,— сказаў стары,— ніяк не зразумееш, хто з вас дужэйшы,— мы ўжо з ліку збіліся. Ідзіце ж у горы і знайдзіце камень, які ўпаў далей за іншыя, а потым вяртайцеся, і мы паглядзім, хто з вас зноў закіне яго гэтак жа далёка. Вось тады і даведаемся, хто дужэйшы».