Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
— Дык аддай мне хоць гэтыя тры манеты, якія на зямлі валяюцца.
— Што ты! Што ты! — замахаў рукамі карлік.— Ніяк нельга. Хіба вось што... Mary памяняцца. Ты мне свае тры дукаты дасі, а я табе аддам гэтыя.
Так і зрабілі.
Пакуль багацей з зямлі манеты падымаў, знік і другі карлік.
Вярнуўся багацей да сваёй брычкі. Коні супакоіліся, можна было і далей ехаць. А багацей загадвае да раніцы чакаць. Хоча мясціну выведаць і дарогу запомніць.
Нарэшце развіднела. Багацей агледзеўся вакол, каб кожны каменьчык, кожнае дрэўца ў памяці зберагчы. Толькі тады яны ў зваротны шлях рушылі.
Хутка выбраліся на шырокую дарогу і апоўдні ў Прагу прыехалі.
Ідзе час: дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам... Багацей усё спакою не мае: дужа хочацца яму выведаць, каму скарб дастанецца. Вось і надумаўся. Узяў адну з трох запаветных манет і раннім ранкам выкінуў з акна на маставую. Сеў ля акенца, чакае.
Дзіўная рэч! Шумная вуліца пад акном, ездзяць і ходзяць людзі, і хоць бы хто-небудзь залаты пад нагамі ўбачыў.
Цэлы дзень прайшоў, хутка вечар пачаўся. Багацей ужо сабраўся ісці на вуліцу, свой дукат падняць, але тут адкуль ні вазьміся прыбег абадраны хлапчук, схапіў манету і ўцёк. Багацей і вохнуць не паспеў.
— Ну, першы раз нельга браць пад увагу! — сказаў ён сабе.— Шкада дуката, ды інакш нічога не даведаешся.
На наступную раніцу другую манету кінуў.
I зноў увесь дзень дукат на вуліцы праляжаў, а надвячоркам прыбег той жа хлапчук — ды адразу да манеты. Засунуў яе сабе ў кішэню і даў дзёру.
— Няўжо я за такога абадранца дачку аддам? — бядуе багацей.— Выпрабую лёс за трэцім разам.
Цяпер багацей не ля акна сеў, а пад варотамі, стаіўшыся, вартаваў.
Толькі хлапчук паказаўся, багацей яму напярэймы кінуўся. Хлапчук за манету, а багацей яго за руку.
— Стой! — кажа.— Адкуль ты даведаўся пра манету?
Хлапчук адказвае:
— Ад карліка. Трэцюю ноч у сне да мяне карлік прыходзіць, загадвае манету падняць. Я думаў, яны нічыйныя, але, калі яны вашы, я вам два дукаты адразу аддам, а трэці пасля, калі зараблю. Я на яго маме лякарства купіў.
«Значыць, і праўда, ён наступнік!» — падумаў багацей і сказаў:
— Ну, ідзём у дом.
Загадаў слугам ежы падаць. Хлапчук за абедзве шчакі аплятае, а багацей у яго распытвае: хто ён і адкуль?
I вось што хлапчук расказаў.
Жылі яны раней хоць і не багата, а ў дастатку. Быў
у бацькі рэдкі дар ды тры запаветныя палачкі-развілкі — арэхавая, бярозавая і дубовая. Умеў ён угадваць, дзе пад зямлёй вада бруіцца, дзе руда хаваецца. Тым на жыццё і зарабляў. Возьме палачку-развілку і ходзіць. Пахіліцца галінка да зямлі, тут і трэба калодзеж капаць. I на руду галінкі паказвалі. Толькі рана бацька хварэць пачаў, зрок страціў. Ужо амаль сляпы, заблудзіўся неяк у лесе, ледзь назад выбраўся. 3 таго часу занядужаў і болей не падняўся. А перад смерцю ўсё пра нейкі скарб казаў. Мабыць, без памяці быў...
Слухае багацей і дух у яго замірае: ён гэта, пэўна, жаніх даччын! I далей слухае.
Памёр бацька, калі хлапчуку было сем гадоў. 3 таго часу згалелі яны зусім. Маці па людзях бялізну мыла, пакуль не захварэла. Тады хлапчук пайшоў вучнем да каваля. Так чаляднікам і працуе.
«Ну,— вырашыў багацей,— маёй дачцэ каваль не патрэбны».
Пайшоў багацей да беднай удавы. Так з ёю дамовіўся: ён ёй дапамагаць будзе, а хлапчука да сябе возьме, купецкай справе навучыць.
Балюча маці з сынам расставацца, але падумала яна і згадзілася. А ў мацярынскім сэрцы больш турботы аб сынавым шчасці, чым аб сваім.
Кемлівым паказаў сябе хлапчук. Усялякае разумнае слова на ляту лавіў. I ў гандлі, і ў навуцы ўсіх абышоў. Хутка стаў багацею першым памочнікам.
Вось ужо гадоў пяць прайшло. Расквітнела дачка багацея, быццам кветка ў садзе. Семнаццаць гадоў ёй споўнілася. I хлапчуку вось-вось дваццаць гадоў будзе.
«Час,— думае багацей,— вяселле спраўляць!»
Навошта справу адкладваць? Як вырашыў, так і зрабіў. Згулялі вяселле.
На наступны ж дзень загадаў багацей запрагаць коней і павёз маладога зяця ў лес, на тую самую палянку.
Прыехалі пад вечар. Фурману загадалі далей ад’ехацца, селі ля каранёў дуба, чакаюць. Стары багацей ведае, чаго чакае, а малады зяць ведаць не ведае, дзівуецца старэчай прыхамаці.
Цёмная палянка, ціха вакол, ні гуку, ні шолаху. Месяц з-за хмары выглянуў, потым зноў схаваўся. Вось ужо і світанне блізка. Птушкі ў кустах завалтузіліся, раса на траву выпала. Перамерзлі абодва, прамоклі.
«Няўжо ж падманулі праклятыя карлікі?!»
Глядзіць багацей, ужо і сонца падымаецца. Чакаць больш няма чаго! Сеў разам з зяцем у брычку, і паехалі яны назад у Прагу.
3 тае начы быццам падмянілі багацея. На ўсіх злуецца, усё яму не так. А больш за ўсё зяцю перападае. Зусім яму жыцця не стала. 3 ранку да вечара адны папрокі чуе. I да таго дайшло, што прычапіўся багацей да нейкай дробязі і выгнаў зяця з дому. Ды яшчэ крыкнуў услед:
— Каб і нагі тваёй на маім парозе не было, жабрак і вырадак!
Тут дачка бацьку сказала:
— Ты майго мужа выгнаў, і я за ім пайду, як нітка за іголкай. Добры ці дрэнны, бедны ці багаты, але ён мой муж каханы. Абяцала я дзяліць з ім гора і радасць і сваё слова стрымаю.
Як ні прасіў багацей, пайшла дачка з дому, не кінула мужа. Застаўся багацей са сваім багаццем сам-насам.
Маладыя пасяліліся ў старэнькай хатцы на ўскраіне горада. У збуцвелым хляве паставіў муж горан ды кавадла, пачаў тым рамяством на хлеб зарабляць, якому раней навучыўся. Жылі ў галечы, ды ў радасці, у клопатах, ды ў згодзе. I бабульку, маці мужа, да сябе ўзялі.
Вось стаіць неяк каваль на парозе сваёй кузні, чакае, паглядае, ці не прывядзе хто каня падкаваць.
Раптам пад’язджае воз, на возе куфар каваны, на куфры сядзіць дзядок. Сам маленькі, а барада доўгая.
Злез дзядок, зняў куфар з воза і, ні слова не кажучы, у кузню занёс.
Каваль глядзіць, што далей будзе. А дзядок кажа:
— Вось, майстар, пакажы сваё ўмельства. Адчыні гэты куфар. Ключ ад яго згублены, а замок з сакрэтам. Адчыніш — не пашкадуеш! Я пакуль у горад паеду. У мяне там клопаты.
— Сам жа ты адкуль? — пытаецца каваль.
— 3 селішча Круглая Паляна, з вуліцы Яловай.
12. Хрустальны калодзеж 337
— He ведаю я такога селішча,— сказаў каваль.
— А табе дачасна і ведаць не трэба,— адказвае дзядок.
Сеў на воз і паехаў.
Хацеў каваль куфар павярнуць перадам на святло, каб разгледзець замок лепей, але дзе там — яго і з месца не скрануць.
— Як жа гэта дзядок такі цяжар, быццам пуховую падушку, падымаў?! — здзівіўся каваль.
Толькі ўзяўся за вечка, яно само адчынілася. А ў куфры ж, у куфры... поўна залатых манет, і такі ад іх бляск, што ў кузні светла стала. Каваль нават спужаўся. Зачыніў хутчэй вечка і пачаў чакаць, пакуль дзядок вернецца.
Прачакаў да вечара — няма дзядка! Тыдзень прачакаў, месяц — ні слыху ні дыху.
«Трэба самому дзядка шукаць! — думае каваль.— Ён, пэўна, і не ведаў, якое ў куфры багацце ляжыць».
Выпрасіў у суседа каня з возам і паехаў шукаць Яловую вуліцу ў селішчы Круглая Паляна. У каго ні спытае, ніхто пра такую вуліцу не ведае, пра такое селішча не чуў.
Усе вёскі ў наваколлі дарэмна аб’ездзіў, ні аднаго хутара не мінуў — не знайшоў вуліцы Яловай і селішча Круглая Паляна не знайшоў.
Рабіць няма чаго.
Павярнуў назад.
Едзе лесам. Ужо і ноч надыходзіць, даехаў да развілкі дарог, трэба на Прагу ўправа паварочваць. А конь улева бярэцца, лейцаў не слухае. Каваль яго ўгаворвае, а ён як павярнуў, дык і цягне воз па левай дарозе.
Ужо і дарога скончылася, яліны калматымі лапамі за колы хапаюцца.
Раптам спыніўся конь, паміж дрэў два агеньчыкі заблішчалі. Злез каваль з воза, два крокі ступіў і выйшаў на круглую паляну.
Пасярод паляны ляжыць вялікі камень, а ля каменя стаяць два дзядкі і ліхтарыкамі-светлячкамі яму махаюць, шлях да сябе паказваюць.
Прыгледзеўся каваль да аднаго карліка — гэта той
дзядок, што да яго з куфрам прыязджаў, толькі быццам бы меншы ростам. Глянуў на другога, падумаў: не, гэты дзядок куфар прывозіў. Падобныя яны, быццам дзве ігліцы на адной елцы, быццам браты-блізняты.
Заўсміхаліся карлікі, разам сказалі:
— Калі ласка на нашу Яловую вуліцу, у селішча Круглая Паляна. Ведаем, чаго ты ездзіў, каго шукаў. Нічога не пытайся, садзіся ля каменя і нас паслухай.
Сеў каваль. Адзін карлік пачаў расказваць:
— Даўным-даўно, так даўно, што ў людской памяці і знаку не засталося, цараваў у тутэйшых мясцінах кароль. Усё сваё жыццё абдзіраў ён падданых ды збіраў багацце. I на старасць сабраў незлічоныя скарбы. Багацце ёсць, а пакінуць няма каму. Сясцёр і братоў лёс не даў, і дзетак ён не завёў. «Дык няхай жа мае скарбы нікому не дастануцца!» — вырашыў кароль. Скінуў усе каштоўныя камяні, золата і срэбра ў куфры і загадаў надзейным слугам закапаць іх у розных месцах. А каб ніхто не даведаўся, дзе скарбы схаваны, адсек слугам галовы. Так аддзякаваў ён за тое, што царскую службу сумленна неслі. Ад людзей утаіў, ды ад нас, карлікаў, не схаваў. Бо нам падуладныя ўсе руды, усе металы, што пад зямлёй ляжаць.
Замоўк карлік. Другі загаварыў:
— I так наш карлікавы народ паміж сабой дамовіўся: няхай ляжаць скарбы да пары да часу. Знойдзе добры чалавек — аддадзім. Дрэнны знойдзе — не ўзяць яму скарбаў. Затлумім галаву, у вочы туману напусцім, вакол запаветнага месца абвядзём, з чым прыйшоў, з тым і назад пойдзе. Твой бацька добры быў чалавек...
— I па рамяству быў ён нашым братам,— перапыніў першы карлік.— Столькі нашых тайнаў ведаў, што мы ад яго не хаваліся. I вось аднойчы бяда ў нас здарылася. Прапала крыніца, з якой мы ваду бралі. Ці то перасохла, ці то заваліла яе. Зусім кепска нам давялося — бо няма ў нас улады над вадой. Hi над стаячай, ні над цякучай, ні над тою, што з неба падае. Тут і дапамог нам твой бацька. Узяў арэхавую палачку-развілку, пахадзіў вакол перасохлай крыніцы, адшукаў нам ваду і на зямлю вывеў. А за гэта адкрылі яму Круглую Паляну, дзе ты сядзіш,
і куфар з золатам аддалі. Сляпы ды хворы быў на той час твой бацька, не давялося яму скарбам пакарыстацца. Сам ведаеш, ледзь ён дамоў даплёўся і хутка памёр. I пакляліся мы аддаць скарбы яго сыну, калі падрасце. Даўно б ты бацькаву спадчыну атрымаў, каб не багацей, твой цесць. Ён бы тое золата на зло павярнуў. А ты валодай ім сабе на карысць, людзям на радасць.