Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
84.66 МБ
— Кажы, што ў талерцы?
Пачухаў хлапчук за вухам, падумаў-падумаў, нічога не прыдумаў і сказаў з прыкрасцю:
— Эх, недарэмна бацька казаў мне, што буду я празорцам, ды толькі ліпавым!
Скінулі дзеці лопух з талеркі, а ў ёй лісце ліпы ляжыць.
— Малайчына! — пахвалілі яго.— Разгадаў першую загадку. Цяпер другая.
Напісалі яны штосьці на шматку паперы, згарнулі яго ў чатыры столкі і пытаюцца ў Венсана:
— Што напісалі мы на гэтай паперцы?
Зноў быў Венсан у тупіку і, пашкадаваўшы ўжо, што пахваліўся раней часу, прамармытаў быццам сам сабе:
— Эх, Венсан, Венсан!
Разгарнулі дзеці паперку і паказалі напісанае на ёй слова «венсан», што абазначала ў тыя далёкія часы'лічбу «дзве тысячы»1.
— Зноў ты ўгадаў! — пахвалілі яго сябры.— Цяпер апошняя, трэцяя загадка. Ну, пачакай нас трошкі.
Пайшлі кудысьці і хутка вярнуліся, трымаючы ў руках закрытую каробку.
— Угадай, што ў ёй?
Ламаў, ламаў сабе галаву Венсан, думаў, думаў і, вырашыўшы, нарэшце, што без наганяю яму не абысціся, усклікнуў:
— Ну, папаўся, Цвыркун!
Адчынілі каробку, а ў ёй самы сапраўдны цвыркун сядзіць. Вось тады і прызналі Венсана-Цвыркуна празорцам. Ды ён і сам у гэта паверыў і вырашыў у далёкі шлях рушыць, каб на людзей паглядзець ды заадно і сваё вялікае майстэрства паказаць.
Ішоў, ішоў Венсан і дайшоў да вялікага горада. Акурат у тыя дні быў кірмаш і народу там сабралася вялікае мноства. He пабаяўся Венсан і аб’явіў, каб усе чулі, што ён ■— вялікі празорца і гатовы паказаць сваё майстэрства любому, хто пажадае.
Ну і адчайная галава!
Тут падбегла да яго нейкая жанчына і з сумненнем спытала, разглядваючы яго неважнецкае адзенне:
— Гэта вы празорца?
— Але, я, Венсан-Цвыркун уласнай персонай, сапраўдны празорца.
— Тады пойдземце за мной. У маёй пані ўкралі дарагі пярсцёнак з брыльянтамі. Калі знойдзеце злодзея, яна ўзнагародзіць вас па-каралеўску.
Пайшоў Венсан за служанкай у дом яе гаспадыні і там даведаўся, што адбылося. Аказваецца, калі яна падразала ў садзе ружы, то зняла пярсцёнак і паклала яго на край фантана. I забыла яго там. Потым спахапілася, а пярсцёнка ўжо і след прастыў.
1 Тут гульня слоў: «Венсан» і «дзве тысячы» вымаўляюцца пафранцузску аднолькава, але пішуцца па-рознаму.
— Васпані, я знайду злодзея,— упэўнена сказаў Венсан.— Дайце мне на гэта тры дні!
— О! Жывіце ў нас колькі захочаце! — сказала пані.— Я загадаю адвесці для вас лепшы пакой, і падаваць вам будуць самыя найлепшыя стравы!
«I то нядрэнна,— падумаў сам сабе Венсан.— Прынамсі, будзе ў мяне цэлых тры дні добрая пасцель і смачная ежа. Ну, а там паглядзім».
Вечарам падаў яму слуга ў пакой абед. Hi разу ў жыцці не еў Венсан такіх смачных страў. Наеўся ён на славу, выйшаў з-за стала і, падумаўшы, што адзін з трох абедаў ужо з’едзены, усклікнуў:
— Ну вось, адзін ужо ззаду!
Пачуў гэтыя словы слуга, які стаяў за Венсанам, збялеў і кінуўся на кухню, дзе чакалі яго з нецярпеннем двое іншых слуг. А чакалі таму, што гэта яны, змовіўшыся, укралі пярсцёнак.
— Ён сапраўдны празорца! — крыкнуў слуга, уварваўшыся на кухню.— Убачыў мяне ён і кажа: «Ну вось, адзін ужо ззаду!» Больш нізашто да яго не пайду.
А наш Венсан праспаў ноч у мяккай пасцелі, цудоўна выспаўся і раніцай у сад выйшаў. Палюбаваўся ён кветкамі, агледзеў фантан і вярнуўся да сябе ў пакой.
У той дзень прынёс яму абед другі слута. Наеўся, напіўся празорца, падняўся з-за стала і сказаў:
— Ну вось, і другі ззаду!
Перадаў слуга гэтыя словы сваім хаўруснікам, і тут ужо яны не на жарт перапалохаліся.
На трэці дзень падаваў Венсану трэці слуга. Калі абед быў з’едзены, пачуў слуга, як кажа празорца:
— Вось і трэці ззаду. Бадай, трэба з гэтым канчаць!
Сказаў і пайшоў спаць. Аднак заснуць не мог, а ўсё думаў, як бы на світанку непрыкметна з дому ўцячы.
Тым часам сабраліся на кухні трое слуг і давай раду трымаць.
— Лепш прызнацца нам,— вырашылі яны,— а не — дык заўтра раніцай кінуць нас у турму. Зробім так: вернем пярсцёнак празорцы, угаворым яго, каб ён нас не выдаваў, а за гэта аддадзім усе нашы зберажэнні.
Прыйшлі яны ўсе трое да Венсана і кінуліся перад ім на калені.
— Пан празорца, угадалі вы: гэта мы ўкралі злашчасны пярсцёнак. Вось ён, вазьміце. Але не выдавайце нас, інакш не мінуць нам турмы. Скажыце лепш пані, што знайшлі вы пярсцёнак у садзе, а за гэта аддадзім мы вам усе нашы зберажэнні.
Акінуў Венсан бедакоў суровым позіркам і кажа:
— Подлыя зладзюжкі! Заслугоўваеце вы вісельні! Але так і быць, не выдам я вас... Зрэшты, і грошай вашых не вазьму.
Потым падумаў і спытаў:
— Скажыце, ці няма на птушыным двары гусака?
— Ну як жа, як жа! У нас на двары пятнаццаць гусак і адзін белы гусак.
— Тады ідзіце па гусака і прымусьце яго праглынуць гэты пярсцёнак.
Закруцілі слугі пярсцёнак у камячок салодкага цеста і падсунулі яго беламу гусаку. Схапіў дзюбай гусак салодкі камячок і праглынуў яго ў момант.
На наступную раніцу Венсан-Цвыркун папрасіў правесці яго да пані.
— Васпані,— важна прамовіў ён,— знайшоў я вінаватага. Праглынуў ваш пярсцёнак белы гусак. Загадайце яго зарэзаць, і ў валляку ў яго знойдзеце ваш пярсцёнак.
Загадала гаспадыня кухарцы зарэзаць белага гусака, і ў валляку ў яго сапраўды знайшлі пярсцёнак.
— Васпан! — усклікнула здзіўленая пані.— Сапраўды вы вялікі празорца. Атрымайце ж з маіх рук шчодрую ўзнагароду.
I працягнула Венсану вялікі кашалёк, напханы залатымі манетамі.
Рушыў Венсан у зваротны шлях і хутка дома апынуўся. Купіў ён сабе добрую ферму і зажыў слаўна і весела. Нікому не адмаўляўся даць параду, ну а пра тое, што быў ён калісьці празорцам, не любіў успамінаць.
ЗАВЯШЧАННЕ МЛЫНАРА
У старога млынара было чацвёра сыноў. He багаты ён быў, а ўсё ж чацвярых сыноў выгадаваў і, паміраючы,
завяшчаў ім: старэйшаму — вятрак, сярэднім братам — пеўня і лесвіцу, а малодшаму — ката.
Жыць бы ім дружна ды пажываць, толькі не вельмі памяркоўным быў старэйшы брат. Як стаў гаспадаром ветрака, да братоў сваіх пачаў чапляцца, дакараць іх кавалкам хлеба. He вытрымаў малодшы брат, узяў ката пад паху — усё багацце сваё! — і шчасця шукаць пайшоў.
Ці далёка, ці блізка, прыйшоў ён у такі край, дзе катоў зроду не бачылі. Паклікала яго ў дом адна добрая жанчына. Яна якраз кашу варыла сваім дзецям — усяго іх сямёра было,— а заадно і стомленаму падарожніку паесці прапанавала. Як толькі была згатавана каша, селі ўсе за стол і за лыжкі ўзяліся. Але тут раптам набеглі мышы, вялікая процьма, і на кашу накінуліся.
— Вось так кожны раз! — паскардзілася жанчына.— Ратунку ад іх няма! Хутка мы ўсе з голаду тут памром, калі не прыдумаем, як нам ад мышэй пазбавіцца.
— He журыцеся, гэту бяду можна паправіць! — сказаў ёй малодшы брат і выпусціў на мышэй свайго ката.
Кот хутка з імі расправіўся: каго не з’еў, тыя разбегліся. Жанчына не ведала, як і дзякаваць юнаку.
— Так усё чыста і з’елі б, каб не ваш звярок слаўны.
— Што ж, бярыце яго ў падарунак. Вам ён болып патрэбны, а мне і так ні добра, ні дрэнна.
Каб аддзячыць за ката, усе жыхары вёскі чаго толькі ні падарылі слаўнаму юнаку, нават цэлы кашэль грошай сабралі. I вярнуўся ён дадому вельмі задаволены сваёй удачай.
— Бадай, і нам дома адседжвацца няма радасці,— вырашылі сярэднія браты.— Удача сама ў рукі не ідзе, трэба яе пашукаць!
Але старэйшы брат не адпусціў адразу абодвух братоў, і пайшоў шукаць шчасця той, каму ў спадчыну выпаў певень.
Ці далёка, ці блізка зайшоў, толькі застала яго ў дарозе ноч, і ён пастукаўся ў адзін дом наводшыбе вёскі, каб пераначаваць у добрых людзей.
— Толькі ведай,— сказалі яму гаспадары,— сёння наша чарга дзень сустракаць, так што падымацца нам рана давядзецца.
— Як гэта дзень сустракаць? — здзівіўся юнак.
— А вось як,— адказвае гаспадар.— Падымаемся мы зацемна, садзімся ў брычку і едзем на край поля дзень сустракаць. Як зоймецца золак, мы ў вёску вяртаемся і ўсіх будзім: прачынайцеся, маўляў, дзень прыйшоў!
— Вось дзівакі,— пасмяяўся другі брат.— Ды хіба няма ў вас пеўняў?
— Пе-ў-няў? — здзівіліся людзі.
Тады юнак паказаў ім свайго пеўня.
— Кладзіцеся спакойна спаць,— сказаў ён,— мая птушка за вас дзень сустрэне і вам аб гэтым тройчы скажа. Вось на трэці раз і падымацца трэба.
Паверылі людзі, леглі спаць. А як пачало світаць, певень, вядомая рэч, як усе пеўні, закрычаў:
— Ку-ка-рэ-ку, дзень пачаўся!
А потым і другі, і трэці раз пракукарэкаў, калі сонца паднялося. А за ім услед і людзі прачнуліся. Падзякавалі юнаку за навуку і за дапамогу і ну прасіць, каб ён пеўня ім прадаў.
Шкада было юнаку са сваім пеўнем расставацца, але паспачуваў ён людзям і аддаў свайго пеўня. А тыя яго за гэта ўзнагародзілі чым бог паслаў. I другі брат дадому таксама не з пустымі рукамі вярнуўся. Ды па дарозе трапіў ён у адно вельмі дзіўнае мястэчка, дзе вятрак высокі стаяў. А дзіўнае таму, што сяляне там ніколі нават не чулі пра лесвіцу, і адзін лез на спіну другому, каб наверх трапіць і адтуль мяшкі з зернем уніз перадаваць.
Вось вярнуўся другі брат дадому і расказаў аб гэтых дзіваках трэцяму брату, таму самаму, каму ў спадчыну лесвіца дасталася. А далей, нябось, самі здагадаецеся, што выйшла.
Словам, абжыліся тры малодшыя браты сякім-такім скарбам і самі добры вятрак пабудавалі. Весела ў ім колы круціліся, сам вецер падганяў яго крылы. А ў вясёлых братоў і збожжа саладзей, чым у пахмурага.
Праз нейкі час згалеў старэйшы брат і пайшоў па свеце бадзяцца і гараваць. Малодшыя браты яго да сябе клікалі, ды адмовіўся ён.
ХАРВАЦКАЯ КАЗКА
МАЛЕНЬКІ ЧАЛЯДНІК I ПАДСВЕЧНІК
Жыў калісьці дрывасек. I быў у яго чаляднік, зусім яшчэ хлопчык. Разам яны хадзілі ў лес па дровы.
Аднойчы хадзілі яны туды-сюды па лесе ў пошуках патрэбнага дрэва і раптам наткнуліся на лесвіцу, якая вяла ў падзямелле.
Заглянуў у гэты змрок дрывасек і не рашыўся спусціцца.
— Гэй, хлопец,— сказаў ён свайму чалядніку,— спускайся. Калі што-небудзь знойдзеш, абяцаю аддаць табе палавіну.
Нырнуў маленькі чаляднік у цямрэчу і асцярожна, навобмацак пачаў спускацца. I дабраўся, нарэшце, да падзямелля. Там ён убачыў тры гары золата. Усё падзямелле так і зіхацела ад яго.
На адной залатой гары сядзеў вялізны арол. Вакол другой абвіўся гіганцкі змей з трыма галовамі. Каля трэцяй скакаў чорт і шчэрыў зубы.