Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
Ляцелі яны высока над сінім морам і доўга не маглі пераляцець яго. Нарэшце птушка, зусім слабая, апусцілася на другім беразе. Яна прагна з’ела другі кавалак мяса і зноў паляцела. Так яны пераляцелі ўсе тры моры. Птушка апусціла юнака на зямлю, а сама ўзвілася пад воблакі і знікла. Накіраваўся ён з сарокай у руках пяшком да Залатой гары.
Доўга ішоў, пакуль не наткнуўся на мёртвага каня, ля якога сварыліся мядзведзь, ястраб і мураш. Ніяк яны не маглі падзяліць мяса каня паміж сабой. Тады юнак даў ястрабу вантробы, мурашу — галаву, а мядзведзю — усю
астатнюю тушу. I тым памірыў іх. У падзяку мядзведзь даў яму пучок сваёй шэрсці, ястраб — пяро, а мураш — сухую мурашыную ножку.
Варта толькі выняць з кішэні касмычок шэрсці, пяро або мурашыную ножку, як тут жа перакінешся ў мядзведзя, ястраба альбо ў мураша.
Юнак адпусціў сароку, а сам хутчэй перакінуўся ў хуткакрылага ястраба. I ў адзін момант даляцеў да Залатой гары. Пасля ён выняў з кішэні касмычок шэрсці і стаў мядзведзем. I лёгка ўскарабкаўся на самую вяршыню гары. Там стаяў дом з адным маленькім акенцам. Перакінуўся юнак у мураша і праслізнуў у акно праз шчыліну.
I ўбачыў ён дванаццаць сясцёр. Сумныя, яны сядзелі ў святліцы. Зноў ён стаў чалавекам, і малодшая сястра адразу пазнала ў ім свайго мужа. Загадала яна яму хутчэй схавацца. Юнак выняў з кішэні мурашыную ножку і перакінуўся ў маленькага мураша. Тут акурат і мачаха-чарадзейка прыляцела. Агледзела яна ўважліва святліцу, пералічыла сясцёр і села вячэраць. А малодшая ёй кажа:
— Дзіўны я сёння сон бачыла. Быццам хтосьці збавіў мяне ад чарадзейства, а Залатая гара на пясок рассыпалася.
Разрагаталася ліхая чарадзейка.
— Цяжка знайсці такога чалавека, які змог бы вызваліць вас. Бо для гэтага ён павінен ператварацца і ў мядзведзя і ў птушку.
— А навошта яму гэта? — спытала малодшая сястра.
— Толькі мядзведзь мае сілу адарваць усе сем галоў майму брату-змею. I калі б нават яму гэта ўдалося, то змей адразу ператварыўся б у голуба. А дагнаць гэтага голуба зможа толькі хуткакрылы ястраб. Але і тады яшчэ нельга мяне перамагчы, таму што выпадзе з голуба яйка. Трэба знайсці гэтае яйка і разбіць яго аб маю галаву. Ну, хто здольны ўсё гэта зрабіць?
I яна засмяялася яшчэ мацней. А мураш тым часам ціхенька праслізнуў у шчыліну і зноў перакінуўся ў юнака. Пайшоў юнак шукаць сямігаловага змея. Знайшоў ён
яго на балоце ў самай дрыгве. Выпаўз сямігаловы змей з балота і хацеў накінуцца на смелага юнака. Але той выхапіў з кішэні касмык шэрсці і перакінуўся ў велізарнага мядзведзя. Зароў мядзведзь і ў момант адну за адной адарваў змею ўсе яго сем мярзотных галоў.
I тады знік змей, а замест яго ўспырхнуў над балотам голуб і стралой узвіўся ў неба.
Але юнак узяў птушынае пяро і перакінуўся ў ястраба. Дагнаў ястраб голуба, і паляцелі ва ўсе бакі галубіныя пёркі. Выпала з голуба яйка і ўпала ў траву. А юнак ператварыўся ў мураша, пабегаў паміж травінкамі і знайшоў яйка.
Мачаха-чарадзейка сядзела дома на Залатой гары і нічога не ведала.
Раптам з’явіўся перад ёю юнак, размахнуўся і разбіў яйка аб яе галаву. I ў момант рассыпалася Залатая гара на дробны пясок, а ненавіснае качынае пер’е асыпалася з дванаццаці сясцёр і прапала.
Вярнуўся юнак дадому са сваёй маладой жонкай і яе сёстрамі. I такое было вяселле, што расказаць немагчыма, а самому трэба бачыць.
УКРАІНСКІЯ КАЗКІ
ПРА ЗЛЫДНЯЎ
Жыў у нейкім сяле чалавек, такі бедны, што часта, бывала, і паесці няма чаго і маленькім яго дзецям, і яму з жонкай. Працаваць ён не ленаваўся, працаваў з самай раніцы да позняга вечара, а ўсё штосьці не ладзілася. Б’ецца як рыба аб лёд, ніяк з галечы вылезці не можа.
«Што за прычына? Чаму я ніяк з галечы не вылезу?» — думае бядняк.
А прычына гэтаму была такая: пасяліліся ў яго хаце пад печкай злыдні і ва ўсім яму перашкаджалі.
За што селянін ні возьмецца — усё злыдні псуюць, усялякія брыдоты прыдумваюць, усялякую шкоду яму робяць: то пшаніцу гнояць, то валоў замораць, то ў агарод чужых свіней пусцяць.
Неяк раз пад свята расстараўся бядняк кавалак сала ды акраец хлеба і пачаў карміць сваіх дзяцей.
А быў ён музыка — любіў на скрыпцы іграць. I так цудоўна іграў, што заслухацца было можна.
Вось пасля вячэры ўзяў ён скрыпку і пачаў іграць.
Як пачулі дзеці мўзыку, падхапіліся ўсе — рукі ў бокі і давай скакаць!
Скачуць дзеці, а бацька глядзіць на іх, радуецца. Глядзіць — разам з імі скачуць нейкія чалавечкі: вы-
родлівыя, маленькія, ручкі доўгія, шыйкі тоненькія, мордачкі брыдкія, злосныя. I так іх багата, што і не палічыш.
Здагадаўся бядняк, што гэта злыдні. Паклаў ён скрыпку ўбок, а злыдні ўсёй гурмой кінуліся пад печку. Піхаліся, піхаліся — схаваліся.
Вось бядняк і здагадаўся адразу, як ад іх пазбавіцца. Як залезлі злыдні пад печ, ён і пытаецца ў іх:
— Можа, вам пад печчу цесна, нязручна сядзець?
А злыдні яму ў адказ:
— He, нядрэнна! Нам добра! Зручна! Мы ўсюды можам змясціцца!
Выняў бядняк ражок для табакі, панюхаў тытуню ды і кажа:
— А ў гэты ражок змесціцеся?
— Змесцімся! — адзываюцца злыдні.
— Ану паглядзім, як вы змесціцеся! — сказаў селянін ды і апусціў адчынены ражок ніжэй.
— Ну, дзе вы ўсе?
А галасы ўжо з ражка чуюцца:
— Вось мы ўсе ў тваім ражку!
— А пад печкай застаўся хто?
— Нікога няма! Усе ў ражку! Усе!
А селяніну толькі таго і трэба. Зачыніў ён шчыльней свой ражок, потым пайшоў да закінутага млына і засунуў ражок пад цяжкі жорнавы камень.
— Заставайцеся тут назаўсёды, не патрэбны вы мне!
Ды і вярнуўся дадому.
I з таго дня адразу стала бедняку добра: што ні задумае — усё яму ўдаецца, ва ўсім яму ўдача. З’явіўся ў яго дастатак, перасталі яго дзеці галадаць. Завёў ён валоў, свіней. Глядзяць на яго людзі, самі дзівуюцца.
А ў тым жа сяле жыў другі чалавек, багаты — багацей за яго ва ўсім сяле нікога не было. I быў ён такі зайздрослівы, што другога такога і не знойдзеш! Вельмі яму было прыкра, калі хто іншы жыў добра, на паклон да яго не ішоў.
Даведаўся ён, што бядняк з галечы вылез, роўны яму стаў, і так засердаваў, што і не раскажаш!
Доўга багацей гадаў ды раздумваў, як гэта стаў заможным селянін гаротны, але не мог адгадаць, не мог дадумацца.
Вось пайшоў ён неяк да бедняка і пачаў з рознымі жартамі ды прымаўкамі выпытваць у яго, чаму той стаў у такім дастатку жыць.
— Ды вось працую рук не чуючы, таму і жыву добра!
— Ну, а раней хіба менш працаваў?
— He менш, ды злыдні перашкаджалі: у хаце ў мяне пасяліліся, усе справы псавалі, ва ўсё лезлі. Добра, здагадаўся я, як выбавіць іх!
— Як жа здагадаўся? Як пазбавіўся?
— Ды вось завабіў іх у ражок, зачыніў моцна і засунуў гэты ражок са злыднямі пад жарнавік на закінутым млыне.
— Вось яно што! — кажа багаты.— Ну, бывай, мне дамоў трэба!
Развітаўся і пайшоў. Ды не дадому пайшоў, а адразу на той закінуты млын. Прыйшоў, знайшоў жарнавік, пад які бядняк свой ражок засунуў, прыпадняў яго і выняў ражок. Адчыніў вечка і кажа:
— Ану, злыдні, выходзьце на волю! Ідзіце да свайго гаспадара! Ён па вас засумаваў.
Думаў багацей, што злыдні так і кінуцца назад да бедняка.
А злыдні пішчаць:
— Ну не! He пойдзем мы да яго! Баімся. Ён зноў якую-небудзь хітрыку прыдумае. Таго і глядзі, зусім нас загубіць, са свету зжыве!.. Ты нас выбавіў, ты нас на волю з ражка выпусціў — да цябе ў хату і пойдзем: ты добры!
— Э! — закрычаў багацей.— Навошта вы мне патрэбны! He хачу!.. He вазьму вас да сябе ў хату! Прэч ад мяне ідзіце!
Дзе там! Усе злыдні гуртам кінуліся да багацеязайздросніка, абхапілі яго моцна з усіх бакоў, ушчаперыліся — і не адарвеш! Скідваў ён злыдняў, скідваў, ды не мог скінуць, не мог вызваліцца — так і пайшоў са злыднямі дадому.
Зайшоў у хату — злыдні саскочылі з яго і разбегліся, схаваліся хто куды. Ды так схаваліся, што і не знойдзеш! I пачалі злыдні з таго дня жыць у багатага. I прапала ўсё яго багацце: валы ды каровы пачалі дохнуць, коней
укралі, пахварэлі авечкі і свінні, жыта перастала радзіць. А потым згарэла ў яго і хата, і хлеў згарэў. I стаў зайздросны багацей жабраком.
ЯК СЕЛЯНІН 3 ФАНАБЭРЫСТЫМ ПАНАМ ПАЛУДНАВАЎ
Жыў калісьці на свеце пан, багаты ды фанабэрысты. Нікога ведаць не хацеў. А сялян і зусім за людзей не прызнаваў: ад іх дух нядобры — зямлёй пахне. I загадваў сваім лёкаям праганяць сялян як далей.
Сабраліся аднойчы сяляне, пачалі пра пана размаўляць. Адзін кажа:
— Я нашага пана блізка бачыў — на полі спаткаў.
Другі кажа:
— А я ўчора праз плот заглянуў — бачыў, як пан на балконе каву п’е.
Падышоў да іх самы бедны селянін, паслухаў і пачаў смяяцца.
— Якая,— кажа,— важнасць! Ды я не тое што праз плот на пана пагляджу, захачу — папалудную з ім.
— Дзе табе з панам папалуднаваць! Ды ён цябе як убачыць, загадае ў каршэнь выпхнуць і блізка да дома не падпусціць! — адказваюць яму.
Пачалі сяляне горача сварыцца.
— Хлусіш ты! — крычаць.
— А вось і не хлушу!
— Ну, калі папалуднуеш з панам — атрымаеш ад нас тры мяшкі пшаніцы ды двух валоў, а не папалуднуеш — будзеш рабіць усё, што загадаем.
— Згодзен! — адказвае селянін.
Пайшоў ён у панскі маёнтак. Угледзелі яго лёкаі, выскачылі, хацелі селяніна праганяць.
— Пачакайце! — кажа селянін.— Ёсць у мяне для пана добрая вестка.
— Якая твая вестка?
— Нікому не скажу, аднаму пану скажу!
Пайшлі лёкаі да пана, дакладваюць: так, маўляў, і так.
Цікава стала пану: не прасіць селянін прыйшоў, а з нейкай весткай. Можа, ад таго карысць якая будзе... Загадаў ён лёкаям:
— Пусціце мужыка!
Прапусцілі лёкаі беднага селяніна. Выйшаў да яго пан і пытаецца:
— Што ў цябе за вестка?
Селянін на лёкаяў зірнуў і кажа:
— Мне б, пане, з табой вока на вока паразмаўляць.
Узяла пана цікаўнасць: што такое? Загадаў ён лёкаям пайсці.
Як засталіся яны ўдвух, селянін ціхенька кажа:
— Скажы мне, літасцівы пан: колькі каштуе кавалак золата з конскую галаву?
— А табе навошта? — пытаецца пан.
— Трэба мне...
У пана вочы разгарэліся, рукі затрэсліся.
«Э,— думае,— недарэмна мужык пытаецца! Відаць, ён скарб знайшоў...»
Пачаў ён дапытвацца:
— Скажы, а навошта табе ведаць гэта?
Уздыхнуў селянін і кажа:
— Ну, калі не хочаш сказаць — твая воля. А мне часу няма — палуднаваць ісці патрэбна!
Пан і пыху сваю забыў, ад прагнасці трасецца: «Падману я гэтага мужыка — выдуру ў яго золата!»