Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
— Слаўны, найсветлы кароль! Хацелася б нам яшчэ ў вас паслужыць.
— Можна,— кажа кароль,— толькі зноў служыце мне сумленна.
I яшчэ год яны адслужылі. А калі год прайшоў, пытаецца ў іх кароль:
— Ну, а цяпер што вам даць?
— Слаўны, найсветлы кароль! Нам бы па каню!
— Добра,— кажа кароль,— вось там табун, выбірайце любых!
Пайшлі браты ў табун і выбралі сабе самых лепшых скакуноў, толькі самы малодшы ўсё хадзіў сярод коней. Узяць добрага каня ён баяўся — яшчэ скіне; узяць кепскага — яшчэ не вытрымае яго.
Так ён і пайшоў прэч без каня. А там каля нейкай лужыны пасвіўся адзін конік, і гэты конік кажа яму:
— Янка, вазьмі мяне, я табе добра паслужу. А калі прыйдзем да караля, будуць табе даваць сядло самае лепшае, але ты яго не бяры, а прасі сядло, якое ўжо сем гадоў на гарышчы валяецца...
Так ён і зрабіў. Кароль яго ўпрошваў: маўляў, бяры вось гэтае сядло, зусім новенькае, а ён — як той баран. Ну што ж, загадаў кароль пачысціць старое сядло і аддаць малодшаму брату.
Як выехалі яны з горада, старэйшыя браты адразу далёка наперад вырваліся. Тут конік пытаецца:
— Янка, як пойдзем: як сонца ці як вецер?
— Конік мой, так едзь, каб ні табе, ні мне нічога не зрабілася.
Адзін раз страпянуўся конік, і стаў раптам Янка медны, і конік стаў медны; не паспеў Янка апамятацца, як апынуўся ў прыдарожным шынку раней за сваіх братоў.
Заходзяць браты ў шынок, а Янка ўжо за сталом сядзіць.
— Сам чорт цябе нёс, ці што? — прыкрыкнулі яны на яго.
— Ды я што,— кажа Янка,— я ўсё ціхенька, ды па ўезджанай дарожцы, а вы бог ведае дзе блыталіся.
А яны на яго:
— Маўчы, дурань! Калі б паехаў з намі, убачыў бы меднага прынца на медным кані.
А Янка сядзіць сабе ды памоўквае.
Выйшлі яны з таго шынка, і браты яго паскакалі далёка-далёка наперад. Зноў конік пытаецца:
— Янка, як пойдзем: як сонца ці як вецер?
— Конік мой, едзь так, каб ні табе, ні мне нічога не зрабілася.
Конік страпянуўся, і стаў Янка сярэбраны, і конік стаў сярэбраны; перагнаў Янка сваіх братоў і спыніўся ля шынка.
Прыходзяць браты — Янка за сталом сядзіць.
— Зноў цябе чорт на сабе вёз? — накінуліся яны на яго.
— Ды я ж што, я ўсё ціхенька, ды па ўезджанай дарожцы, а вы бог ведае дзе блыталіся.
А яны на яго:
— Маўчы, дурань! Калі б з намі паехаў, убачыў бы сярэбранага прынца на сярэбраным кані.
Янка ведай сядзіць сабе і памоўквае.
Сабраліся ў шлях браты і паскакалі, а Янка ідзе сабе, ледзь ногі валачэ. За шынком спытаў у яго конік:
— Янка, як пойдзем: як сонца ці як вецер?
— Конік мой, так едзь, каб ні табе, ні мне нічога не зрабілася.
Конік страпянуўся, і стаў Янка залаты, і конік стаў залаты.
Прыехаў Янка раней за братоў.
Прыходзяць браты, а Янка ля печы сядзіць.
— Гляньце на яго,— здзіўляюцца тыя,— зноў ён ужо тут! Які чорт цябе дадому прынёс раней за нас?
— Ды я што, я ўсё ціхенька, ды па ўезджанай дарожцы, а вы бог ведае дзе блыталіся.
А яны на яго:
—• Маўчы, дурань! Калі б паехаў з намі, убачыў бы залатога прынца на залатым кані.
Янка сядзіць ціхенька — слова баіцца сказаць.
Бацькі якраз дома не было, а калі ён прыйшоў, то старэйшых пахваліў, што коні ў іх добрыя, а на Янку насварыўся за яго нядошлага коніка.
На другі дзень кажуць браты бацьку:
— Бацюхна, мы ўжо сваё адпрацавалі, цяпер хочам ажаніцца. Усе мы аднаго бацькі, пашукайце ж нам нявест адной маці.
Самы старэйшы асядлаў свайго каня, бацька сеў на яго і паехаў шукаць ім нявест.
Едзе ён і бачыць, як адна старая кабета на шасці кабылах арэ. Ён і спытаў у яе, ці няма ў тутэйшых мясцінах такой маці, каб у яе дванаццаць дачок было? А яна яму загадала ехаць далей: маўляў, ёсць такія і жывуць вось у такім доме. А гэта была старая вядзьмарка, і ў яе было дванаццаць дачок. Стрэліла яна пугай над кабыламі і ў момант апынулася дома.
Вось прыходзіць бацька ў гэты дом, там яго сустракаюць, як дарагога госця, а ён просіць паказаць яму нявест. Вядзьмарка пабегла на стайню, узяла пугу з-за дзвярэй, хвоснула кожную кабылу па разу — і сталі перад ёй дванаццаць дзяўчат.
— Ідзіце ў хату,— крычыць бабуля,— да вас сватацца прыйшлі.
Яны пайшлі ў хату адна за адной. Бацьку дзяўчаты спадабаліся, і яны тут жа змовіліся, калі жаніхам прыязджаць на вяселле.
У прызначаны час асядлалі дванаццаць братоў сваіх коней і паехалі па нявест.
Як пачалі яны да таго дома пад’язджаць, конік і кажа:
— Янка, пачнуць цябе ўсаджваць пасярод стала, а ты сядзь з краю, адмоўся, што табе, маўляў, патрэбна коней даглядаць. Як я капытом стукну — выходзь на двор! Пачнуць цябе віном частаваць, а ты першы кубак вылі пад стол, і замест кубка будзе ў цябе кілішак. Ты гэты кілішак непрыкметна засунь у кішэню.
Янка пайшоў у хату і ўсё так і зрабіў. Кілішак у яго быў у кішэні. Конік стукнуў капытом, і Янка выйшаў. Кажа яму конік:
— Цяпер пачнуць вас частаваць супам, а ты першую лыжку зачэрпні і вылі пад стол. Замест лыжкі будзе ў цябе шчотка. Ты шчотку падымі і схавай у кішэні.
Янка вярнуўся ў хату і ўсё так і зрабіў. Цяпер і шчотка была ў яго ў кішэні. Конік стукнуў капытом, і Янка выйшаў. Кажа яму конік:
— Пададуць на стол смажаніну, а ты выпусці першы кавалак разам з відэльцам. Замест відэльца будзе ў цябе грэбень. Бабуля адчуе нядобрае і нагнецца, каб табе гэты відэлец падаць, але ты не зявай і хутчэй схавай грэбень у кішэню. Потым можаш есці смела.
Янка вярнуўся ў хату і ўсё так і зрабіў. Паклаў ён грэбень у кішэню і цяпер ужо наеўся ўволю. Калі паелі, леглі ўсе спаць. Потым і старая вядзьмарка ўляглася.
Конік стукнуў капытом, і Янка выйшаў. Кажа яму конік:
— Перакладзі братоў на месца бабуліных дачок, а іх пакладзі на месца братоў. I сам не забудзь на другое месца легчы!
Толькі ён іх месцамі памяняў і сам пералёг, як прыходзіць вядзьмарка з мячом — і адразу да жаніхоўскіх пасцеляў. Наматала валасы на руку і паадсякала галовы дзяўчатам — думала, жаніхам. Узрадавалася, што дванаццаць душ загубіла, і пайшла спаць.
Конік стукнуў капытом, і Янка выйшаў. Кажа яму конік:
— Разбудзі братоў, няхай сядлаюць коней і скачуць наперад, а ты застанешся дзверы зачыніць.
Браты падняліся, коней асядлалі і паскакалі прэч, а Янка застаўся замкнуць дзверы. Калі ён дзверы замкнуў, мовіў яму конік:
— Садзіся на мяне, Янка, і, што б ты па дарозе ні ўбачыў, не спыняй мяне!
Сеў Янка на коніка, і, калі яны паўз вокны ляцелі, ён крыкнуў:
— Баба, баба, старая баба, якая дачок сваіх загубіла, дзякуй табе за вячэру!
Падхапілася баба-яга, пабегла да дачок — а яны ўсе мёртвыя! Ледзь яна не лопнула ад злосці! Села на лапату і пусцілася за братамі ў пагоню. Але тыя ўжо былі далёка.
— Пачакайце,— мармыча баба-яга,— я вас здолею прытрымаць!
I закінула наперад залатую падкову.
— Гоп, конік мой,— крычыць Янка,— на дарозе залатая падкова! Падняць мне яе?
А конік яму адказвае:
— Падымеш — дрэнна, не падымеш — яшчэ горш будзе.
Янка саскочыў і падняў падкову; але пакуль ён з ёю валтузіўся, пачала іх баба-яга даганяць.
— Дрэнь справы, Янка,— крычыць конік,— кідай на зямлю грэбень.
Янка кінуў грэбень — і падняўся густы лес. Пакуль баба-яга праз лес прадзіралася, яны ўжо далёка былі.
— Пачакай, вось я да цябе дабяруся! — I кінула вядзьмарка залатое пяро.
— Гоп, конік мой,— крычыць Янка,— тут залатое пяро на дарозе! Ну як, падняць яго мне ці не?
А конік яму адказвае:
— Падымеш — кепска, не падымеш — яшчэ горш будзе.
Янка саскочыў і пяро падняў. I зноў іх баба-яга даганяе.
— Дрэнь справы, Янка,— крычыць конік,— кідай на зямлю шчотку.
Янка кінуў шчотку, і вырас калючы цярноўнік. Пакуль баба-яга праз кусты прадзіралася, яны зноў далёка былі.
— Пачакай, усё адно ты ад мяне не ўцячэш! — I вядзьмарка кінула залаты волас.
— Гоп, конік мой,— крычыць Янка,— тут залаты волас на дарозе! Можна мне яго падняць?
— Падымеш — кепска, не падымеш — яшчэ горш будзе.
Пакуль Янка залаты волас падымаў, вядзьмарка іх зусім дагнала, вось яна ўжо каня за хвост хапае...
— Янка, дрэнь справы,— крычыць конік,— кідай кілішак.
Кінуў Янка кілішак, і разлілося вялікае мора. Паплысці цераз мора вядзьмарка не адважылася, давялося ёй вярнуцца з пустымі рукамі, а Янка з конікам шчасліва прыскакалі дадому. Цяпер ужо браты не крыўдзілі Янку: яны былі рады, што ён іх ад блізкай смерці выратаваў. I не лаялі яго болей, а ўсё да яго «браток» ды «браток». Але ў Янкі ўсё душа балела, што яны да гэтага ні разу не назвалі яго братам. Развітаўся ён з бацькам і з братамі, асядлаў свайго коніка і паехаў куды вочы глядзяць — шукаць сабе службу.
Ехаў ён, ехаў, і нарэшце паказаўся перад ім горад.
— Янка,— кажа конік,— бачыш гэты горад? Там жыве кароль, да яго ты і папросішся на службу. Калі ён цябе прыме, служы яму верай і праўдай. А калі што будзе не так, ты мне толькі скажы, я табе заўсёды дапамагу!
Калі яны да горада наблізіліся, конік страпянуўся і адразу стаў вельмі худы, і ўся шэрсць у яго злямчылася, быццам яго дванаццаць гадоў ніхто не часаў.
Прыходзіць Янка да караля.
— Слаўны, найсветлы кароль! Ці не знойдзецца ў вас для мяне службы?
— Чаму ж,— кажа кароль,— мне якраз яшчэ адзін конюх патрэбен.
Далі Янку дванаццаць коней, каб іх даглядаў, а конік быў трынаццаты і стаяў спакойна ў закутку.
Другія конюхі за тыдзень нямала свечак марнавалі, а Янка свечак не прасіў, і коні ў яго заўсёды былі сытыя і гладкія. Кароль вельмі гэтаму дзівіўся і лаяў астатніх конюхаў, што яны столькі свечак спалілі, а коні ў іх усё адно горшыя. Ды і саміх конюхаў гэта бянтэжыла.
— Ага! — кажуць яны.— Трэба нам даведацца, у чым тут загадка.
I ў той жа вечар яны падгледзелі ў шчыліну, што ў Янкі на стайні залатая падкова свеціцца. Болей ім і не трэба было ведаць. На другую раніцу прыходзяць яны з даносам:
— Слаўны, найсветлы кароль! Цяпер мы ведаем,
чаму ён свечак не паліць. У яго ж там ёсць залатая падкова, яна яму і свеціць.
Як пачуў навіну кароль, тут жа загадаў паклікаць Янку.
— Што гэта ў цябе за падкова? — кажа.— Хутчэй нясі яе сюды, а не — дык я загадаю цябе пакараць без усялякага суду!
Прыйшоў Янка на стайню, абняў коніка за шыю і горка заплакаў. Пытаецца ў яго конік:
— Янка, чаго ты плачаш, што з табой?
— Ах, конік мой, як жа мне не плакаць, калі кароль загадаў аддаць яму залатую падкову, а не дык пакарае ён мяне без усялякага суду!