• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    Дзяўчына пакланілася і сказала:
    — Найслаўны цар! Як ты хочаш, так і будзе. Толькі прашу цябе, напішы сваёй рукой на паперы, што, калі ты на мяне раззлуешся і прагоніш з двара, я маю права ўзяць з сабою тое, што мне больш за ўсё падабаецца.
    Цар згадзіўся і напісаў. Прайшоў некаторы час, і цар загневаўся на жонку.
    — He хачу,— кажа,— каб ты была маёй жонкай. Ідзі з майго палаца куды вочы глядзяць!
    — Добра, найслаўны цар! Я пайду, толькі дазволь мне пераначаваць, раніцай мяне тут не будзе.
    Цар дазволіў, а царыца за вячэрай падмяшала ў віно нейкай духмянай травы і, частуючы цара, прымаўляла:
    — Пі, цар, весялей! Заўтра раніцай мы расстанемся, і, павер, я буду шчаслівейшая, чым у той дзень, калі мы з табою спаткаліся.
    Цар хутка заснуў, а царыца падрыхтавала карэту і завезла яго ў каменную пячору. Цар прачнуўся, убачыў, дзе ён спіць, і закрычаў:
    — Хто мяне сюды прывёз?
    — Я цябе сюды прывезла,— адказала царыца.
    — Навошта ты гэта зрабіла? Я ж сказаў, што ты мне больш не жонка.
    Тады яна выняла паперу:
    — Правільна, найслаўны цар, ты мне так казаў. Але ж паглядзі, што напісана на гэтай паперы: што мне больш за ўсё падабаецца ў тваім доме, тое я і магу забраць з сабой, калі буду пакідаць цябе.
    Цар пацалаваў жонку і вярнуўся з ёю ў палац.
    
    ЧЭШСКІЯ КАЗКІ
    ВАРАНЫЯ ЯЙКІ
    Адзін бедны чаляднік пайшоў блукаць па свеце ды вопыту набірацца. Вось ён ішоў, ішоў і адчуў, што ад голаду не можа на нагах стаяць. Завітаў ён тады ў шынок, загадаў прынесці яму куфель піва, чацвярцінку хлеба з сырам і папрасіў зварыць восем яек. Гаспадар яйкі прынёс, чаляднік пачаў па кішэнях мацаць, каб расплаціцца. Толькі ў кішэнях у яго ні гроша не засталося. Што ж рабіць? Вось ён выпіў піва, з’еў кавалак хлеба з сырам, схаваў яйкі ў кішэнях, пачакаў, калі гаспадар у склеп спусціцца, і выскачыў праз акно ў сад, а адтуль — на поле.
    Гаспадар на чым свет стаіць лаяў бадзягу, які яго так бессаромна ашукаў, але з цягам часу забыў пра гэта.
    Прайшло дваццаць гадоў, і ў адзін цудоўны дзень перад шынком спынілася багатая карэта, з яе выйшаў купец, зайшоў у шынок і загадаў прынесці яму куфель піва, чацвярцінку хлеба з сырам і восем яек укрутую. Гаспадар пачаў прапаноўваць багатаму купцу курачку, але ён ад курачкі адмовіўся і хацеў, каб яму прынеслі тое, што ён заказаў. Наеўся купец і папрасіў гаспадара падлічыць, колькі ён яму павінен заплаціць. Гаспадар падлічыў і кажа:
    — Трыццаць грошаў!
    Тут купец выняў кашалёк і адлічыў яму пяць залатых.
    — Памылка выйшла,— запярэчыў гаспадар.— 3 вас трыццаць грошаў.
    — Бяры, бяры,— кажа яму купец,— я плачу за аднаго бадзягу, чалядніка, які ў вас дваццаць гадоў назад спыняўся, заказаў тое ж самае, што і я, і не заплаціў.
    Гаспадар пачаў распытваць, што гэта быў за чаляднік, і сказаў, што грошай не возьме, пакуль купец не растлумачыць яму ўсё падрабязна.
    — Ну, каб табе зразумела было, скажу адно: я сам быў тым чаляднікам! — кажа купец.
    Гаспадар крыху памаўчаў, а пасля зацягнуў другую песню:
    — Ах, найдаражэйшы, давядзецца вам цяпер разлічвацца па-іншаму! Падумаць толькі, восем яек! Калі б я тады палажыў іх пад квактуху, праз дваццаць гадоў у мяне магла б быць нядрэнная гаспадарка! Я цяпер усё гэта падлічу, а вы мне заплаціце, а не заплаціце — да суда справу давяду!
    Купец спачатку толькі смяяўся над яго словамі, але гаспадар паклікаў старасту, расказаў яму пра ўсё, запісаў, дзе жыве купец. А праз два тыдні купец атрымаў скаргу.
    Купец раззлаваўся на гаспадара шынка з-за таго, што не мінуць яму цяпер турбот з судом, і стаў ад усяго гэтага нервовы і няшчасны.
    У гэтага купца быў прыказчык, добры, сумленны чалавек, правая рука свайго гаспадара ў любой справе. Ён заўважыў, што купец месца сабе не знаходзіць, і пачаў распытваць. Той расказаў аб сваёй спрэчцы з гаспадаром шынка і аб тым, што цяпер давядзецца справу з судом мець.
    — Варта з-за гэтага бедаваць! — кажа яму прыказчык.— Пайдзіце і скажыце суддзі, што бераце мяне сваім абаронцам, і ўбачыце, што шынкар нічога не даможацца!
    Купец зарадаваўся і заявіў вярхоўнаму суддзі з замка, што бярэ сабе абаронцу.
    Праз некалькі дзён пачаўся судовы разбор. Купец
    прыйшоў своечасова, а гаспадар шынка са сваім абаронцам яшчэ раней. Купец папрасіў усіх трошкі пачакаць свайго абаронцу. Вярхоўны суддзя згадзіўся, але вось прайшла гадзіна, шынкар быў як на іголках, а яго абаронца стаў гаварыць, што ўжо час пачынаць.
    Вось-вось павінен быў пачацца разбор, як раптам адчыніліся дзверы і зайшоў прыказчык.
    — Вось і я тут! — заявіў ён.
    — Хто вы такі і што вы тут робіце? — накінуўся на яго суддзя, але купец растлумачыў, што гэта і ёсць абаронца.
    — Чаму ж вы своечасова не прыйшлі? — раззлаваўся яшчэ мацней суддзя.— Чакаем вас ужо цэлую гадзіну.
    — Прашу прабачэння,— сказаў прыказчык.— Толькі я раней не мог прыйсці. У брата майго домік ёсць ды шматок поля. Задумаў ён на тым полі пасеяць гарох, вось я і прывёз мяшочак гароху з нашай крамы. Але, самі ведаеце, пакуль зварыш гарох, пакуль ён астыне, каб яго можна было пасеяць,— час вельмі ідзе!
    — Што вы балбочаце? — засмяяўся вярхоўны суддзя.— Дзе ж гэта бачана, каб вараны гарох сеялі? Ён жа ў вас не ўзыдзе?
    — Як не ўзыдзе? Калі з вараных яек квактуха можа куранят выседзець, як напісана ў скарзе гаспадара шынка, значыць, і вараны гарох сеяць можна.
    Тут вярхоўны суддзя адвёў гаспадара шынка ўбок, пагутарыў з ім, той разам са сваім абаронцам і пайшоў ціхенька дадому, нават прысуду не стаў чакаць. Тым суд і скончыўся.
    соль
    Жыў на свеце кароль: кароль як кароль — у пазалочаным крэсле сядзеў, на галаве карона. I было ў яго тры дачкі.
    Усе тры прыгожыя, ды не аднолькавай прыгажосці. Старэйшая пышная, як ружа. Сярэдняя ганарлівая і стройная, быццам лілея. А малодшая... Малодшую толькі
    з фіялкай лясной і параўнаеш. 3 фіялкай, што хаваецца ў траве пад лістком, сваю красу ад усіх тоіць. He ўсялякі яе заўважыць, а хто ўбачыць — век не забудзе, стане яна таму мілей за самыя яркія садовыя кветкі.
    Кароль, зразумела, усіх трох дачок любіў. Дзвюх старэйшых — каралеўскай любоўю, а малодшую — бацькоўскай. Як зірне на яе, так і растае ў яго сэрца ў грудзях, быццам воск перад агнём.
    Вось аднойчы гуляў кароль з дочкамі па садзе і спытаў у іх:
    — Скажыце мне, кожная па чарзе, як вы нас, свайго бацьку, любіце?
    — Васпан,— адказала старэйшая,— калі на адну шалю вагаў пакласці маю любоў, а на другую — усё золата, што на свеце ёсць, ніводная не перацягне. Люблю вас, як золата.
    — Ну, што ж,— сказаў кароль,— калі золата не перацягне, значыць, моцна ты нас любіш.
    — Васпан,— загаварыла сярэдняя,— калі сабраць у адну кучу ўсе каштоўныя камяні, бляск іх параўнаецца з ззяннем любві да вас у маім сэрцы. Люблю вас, як каштоўныя камяні.
    — Бачу, дачка, што і ты нас дорага цэніш. А ты, мая маленькая галубка, што адкажаш?
    Памаўчала малодшая каралеўна і так сказала:
    — Васпан мой бацюхна, я люблю вас, як соль. Нахмурыўся кароль.
    — Падумай, дачка, апамятайся! Што ты кажаш? Нас, караля, з простай соллю параўнала.
    Схіліла каралеўна галаву і паўтарыла:
    — Васпан мой бацюхна, люблю вас, як соль. Таму што соль даражэй за золата і каштоўныя камяні.
    Тут кароль зрабіўся быццам навальнічная хмара, што зараз лясне перуном. Так і здарылася: заблішчала ў каралеўскіх вачах маланка, прагрымеў гнеўны голас:
    — Вось табе наша слова! Тады дарую табе, калі соль і сапраўды стане даражэй за золата і каштоўныя камяні. А такога ніколі не будзе! Ідзі прэч з маіх вачэй! Бачыць цябе не хачу, ведаць цябе не жадаю.
    Ціхенька заплакала каралеўна і пайшла з саду.
    У каморцы пад лесвіцай знайшла яна бедную служанку, што вечна попел выграбала ды каструлі чысціла, і выпрасіла ў яе старое адзенне. He хацела, каб яе па дарагому ўбору пазналі. Баялася зганьбіць бацьку, што родную дачку з дому выгнаў.
    Пайшла каралеўна з палаца куды вочы глядзяць, куды ногі вядуць.
    А кароль загадаў з гэтага часу забыць, што яна была ў яго калісьці трэцяй дачкой, загадаў ніколі яе не згадваць ні словам, ні думкай.
    Каралеўскі ўказ — загад. Калі хто і ўспамінаў аб малодшай каралеўне, то ціха, ад людзей тоячыся.
    Хутка пасватаў заморскі каралевіч старэйшую дачку, што была пышная, як ружа. I аддаў кароль за ёю ў пасаг амаль усё золата з каралеўскіх кладовак. Так сказаў:
    — Любіць яна нас, быццам золата, сама гаварыла. Няхай жа ў чужым каралеўстве ёй золата аб нас нагадвае.
    Забрала золата старэйшая дачка, паехала і думаць пра бацьку забыла.
    Кожнай кветачцы свая пара. He засядзелася і сярэдняя дачка, стройная і ганарлівая, як лілея. За ёю кароль даў у пасаг амаль усе каштоўныя камяні з каралеўскіх кладовак.
    — Няхай іх бляск,— сказаў,— нагадвае ёй аб ззянні нашага твару.
    Паехала і гэтая дачка ў далёкае царства і да канца сваіх дзён ні разу пра бацьку не ўспомніла.
    Жыве кароль адзін у вялікім палацы. Няма каля яго дачок... Але ж была ў яго калісьці малодшая, любімая дачка. Дзе яна цяпер? Што з ёю?
    А з малодшай каралеўнай вось што здарылася. Крыўда і гора гоняць яе ўсё далей і далей. Удзень ідзе, уначы пад стог залазіць. На світанні зноў у дарогу выбіраецца. Так і забрыла ў густы лес на мяжы каралеўства, дзе ні сцежак, ні дарожак няма. Зусім заблудзілася, куды ісці, не ведае.
    Раптам з цёмнай пушчы, з ляснога гушчару выйшла ёй насустрач бабуля. Уся згорбленая, кіем падпіраецца, за спінай вязанка сухога галля. Як ні стамілася Kapa-
    леўна, зняла з яе плячэй вязанку, на свае плечы перакінула.
    — Бачу, бачу, добрае ў цябе сэрца, дзяўчына,— сказала бабуля.— Ды няма тваёй дабраце прытулку. Пайшлі да мяне.
    Прывяла каралеўну ў сваю хатку. Пачалі разам жыць. Каралеўна ёй нічога не апавядае. Бабуля ў дзяўчыны ні пра што не пытаецца. А дружна, добра жывуць. Усёй хатняй рабоце каралеўна навучылася: і ў печы паліць, і ваду носіць з ручая, і хлеб у гарачай печы пячэ.
    Вось аднойчы паласкала яна бялізну ў возеры. Тут пачуўся тупат каня, і выехаў з лесу малады паляўнічы. На шапачцы пяро, у руцэ лук, ля пояса ў калчане стрэлы, да сядла два зайцы прывязаны. А на каптане каралеўскія знакі нашыты.
    Убачыў дзяўчыну паляўнічы, спыніў каня. Глядзіць быццам зачараваны, вачэй з яе не зводзіць. Вострыя стрэлы ў яго калчане, любую дзічыну падаб’юць, ды зараз яму не да палявання. Самога пранізала страла, што вастрэйшая за ўсе стрэлы на свеце. Каханнем тая страла называецца.