Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
— Дзякуй вам,— сказаў малады каваль.— Усё, што загадаеце, споўню. Сам галечы паспытаў, не заганаруся, дапамагу, каму трэба.
Развітаўся з карлікамі, сеў на каня і да раніцы ў Прагу прыехаў.
Пражыў ён з жонкай доўгае жыццё. Багата дабра зрабіў. Пакінуў пасля сябе добрую памяць, расказваюць і пераказваюць аб ёй людзі. А мы пачулі і вам паведамілі.
ШВЕДСКАЯ КАЗКА
ХТО БОЛЬШ З’ЕСЦЬ
Жыў-быў пастух, ён пасвіў авечак. Ішоў ён аднойчы па лесе і на веліканаву хату набрыў. Пачуў велікан, як авечкі бляяць, і выйшаў паглядзець, што за шум. Убачыў пастух велікана, касматага ды страшнага,— і ўцякаць, а авечкі за ім.
Прыйшоў пастух вечарам дадому і бачыць: маці сыр прыгатавала. Узяў ён кавалак сыру, укачаў у попел і ў торбу схаваў. Раніцай пайшоў ён, як заўсёды, чараду пасвіць і зноў да веліканавай хаты прыйшоў. Пачуў велікан шум, раззлаваўся, выйшаў з хаты, схапіў камень вялікі, ды так яго ў кулаку сціснуў, што ^олькі аскалёпкі пасыпаліся. I сказаў велікан:
— Калі ты яшчэ раз сюды з’явішся і мне перашкаджаць будзеш, я цябе, як гэты камень, расцісну.
А пастух — нічога сабе, не спужаўся, узяў сыр, у попеле пакачаны, сціснуў у кулаку, а сыроватка з яго так і пацякла. I сказаў пастух:
— Калі ты зараз жа не пойдзеш, я цябе так сцісну, што з цябе, як з гэтага каменя, вада пальецца.
Убачыў велікан, што пастух такі дужы, спужаўся і пайшоў. На тым яны пакуль і рассталіся.
Прайшло трохі часу, і яны зноў сустрэліся. Пастух спытаў:
— Ці не хочаш памерацца сілай?
Велікан згадзіўся.
Тады пастух кажа:
— Давай кідаць сякеру, хто вышэй закіне.
Пачаў велікан першым сякеру кідаць. Размахнуўся, кінуў, высока-высока заляцела сякера і на зямлю ўпала.
Убачыў гэта пастух і кажа:
— He, я вышэй закіну.
Размахнуўся ён з усёй сілы, а сам сякеру ў торбу засунуў. Чакалі яны, чакалі, а сякера ўсё не падае.
— Бачыш,— пастух кажа.— Я вышэй закінуў.
I зразумеў велікан, што пастух дужэйшы за яго. Рассталіся яны, і кожны пайшоў сваёй дарогай.
Вось зноў прайшло трохі часу, і зноў яны сустрэліся. I спытаў велікан, ці не пойдзе асілак пастух да яго на службу? Згадзіўся пастух, кінуў авечак у лесе, а сам з веліканам пайшоў, і прыйшлі яны да веліканавай хаты. I папрасіў велікан, каб пастух яму дапамог дуб паваліць.
— Ты што будзеш рабіць — секчы ці трымаць?
— Лепш трымаць,— сказаў пастух,— толькі вось я да макаўкі не дастану.
Узяў велікан, нахіліў дуб да зямлі, пастух за вяршаліну ўхапіўся, дуб выпрастаўся, і пастух угару паляцеў. Глядзеў велікан, глядзеў, куды ён падзеўся, не дачакаўся пастуха і сам пачаў секчы. А пастух сяк-так спусціўся з дуба, зусім закульгаў. Велікан спытаў, чаму ж ён яму не дапамагаў, а пастух яму ў адказ:
— А ты можаш так скакаць?
— He,— кажа велікан.
— Ну, а калі не можаш, сам трымай, сам і сячы,— кажа пастух.
Давялося велікану самому з дубам саўладаць.
Вось наважыўся велікан дуб дадому несці і кажа:
— Ты за вяршаліну нясі, а я за камель панясу.
— He,— адказвае яму пастух,— сам за вяршаліну нясі, а я за камель панясу.
Згадзіўся велікан і паклаў дуб макаўкай да сябе на плячо. А пастух яму ззаду крычыць:
— Уперад зруш!
I так крычаў, пакуль велікан дуб на плячо сярэдзінай не палажыў, ды сам і панёс. А пастух на дуб ускочыў і ў галлі схаваўся. Прайшоў велікан крыху і стаміўся.
— Ну,— кажа,— ты не стаміўся?
— He! — адказвае пастух.— Няўжо ты ад такой дробязі стаміўся?
He захацеў велікан прызнацца, што яму гэтая праца цяжкая, і далей пайшоў. Прыйшлі яны дахаты, а велікан ужо ледзь дыхае. Скінуў ён дуб на зямлю, а пастух таксама на зямлю саскочыў.
— Ты не стаміўся? — спытаў велікан.
А пастух яму ў адказ:
— Няўжо ж я ад такой дробязі стамлюся? Ды я і адзін гэты дуб панёс бы.
Назаўтра велікан і кажа:
— Вось пасвятлее і малаціць пойдзем.
А пастух яму:
— He, лепш зацемна пойдзем, да снедання.
Згадзіўся велікан, пайшоў, два цапы прынёс і адзін сабе ўзяў. Пачалі яны малаціць, пастух нават падняць цэп не можа, да таго ён цяжкі. Схапіў ён кій і пачаў тым кіем па зямлі стукаць. А велікан малоціць і нічога не заўважае. Вось развіднелася, пастух і кажа:
— Ну, а цяпер дамоў пойдзем, снедаць.
— Добра,— кажа велікан,— мы слаўна з табой папрацавалі, можна і паснедаць.
Вось прайшло трохі часу, паслаў велікан свайго парабка араць і сказаў:
— Калі прыйдзе мой сабака, адвяжы быкоў і няхай за ім ідуць, ён іх у катух завядзе.
Абяцаў яму пастух, што так і зробіць. Адвязаў ён быкоў, а сабака прывёў іх да дома без дзвярэй, таму што велікан вырашыў выпрабаваць пастуха, ці хопіць у яго сілы дом з месца падняць, каб быкоў у катух завесці. Стаў пастух думаць, як тут быць. Думаў-думаў і прыдумаў. Пасек быкоў на кавалкі і праз акенца ў катух пакідаў. Прыйшоў ён дахаты, а велікан у яго і пытаецца:
— Ну, паставіў быкоў у катух?
— Але,— кажа пастух,— толькі я іх на часткі па-
рэзаў.
He спадабалася гэта велікану, і ён пачаў думаць, як ад пастуха пазбавіцца. Жонка яму параіла:
— Вазьмі даўбешку і забі яго, пакуль ён спіць.
А пастух у гэты час пад дзвярыма стаяў і ўсё чуў.
Вось настаў вечар, паклаў пастух у сваю пасцель гаршчок з малаком, коўдрай прыкрыў, а сам за дзвярыма схаваўся. Прыйшоў ноччу велікан, узяў даўбешку, і ну па гаршку малаціць — смятанка адтуль так і пырснула. Зарагатаў велікан, пабег да жонкі і кажа:
— Я яму ўсе мазгі выбіў!
Зарадавалася веліканша, пачала мужа хваліць.
— Нарэшце,— кажа,— мы ад яго пазбавіліся.
Вось настала раніца, пастух прыйшоў да велікана і кажа:
— Добры дзень!
Здзівіўся велікан і спытаў:
— Ды хіба ты не памёр? А я ж думаў, што цябе даўбешкай забіў.
— То-та ж мне ноччу падалося, быццам мяне блыха ўкусіла!
Вечарам прыйшоў ім час вячэраць, веліканша кашу зварыла.
Вось пастух і кажа:
— Давай паспрачаемся, хто больш з’есць.
Велікан згадзіўся, і пачалі яны есці. Пастух схаваў у сябе пад кашуляй торбу і ў гэтую торбу кашу соўгаў. Адну лыжку ў рот пакладзе, дзве ў торбу засуне. З’еў велікан кашы сем місак і наеўся да адвалу, а пастух сядзіць і далей есць. Велікан і пытаецца:
— Ты вунь які маленькі. Чаму ж ты болей за мяне ясі?
А пастух яму ў адказ:
— Зараз я табе растлумачу. Я як наемся, жывот сабе разрэжу і далей ем.
Сказаў ён так, узяў нож, разрэзаў торбу, ну, а каша з яе ўся і выцекла. Зарадаваўся велікан, хапіў нож і жывот сабе распароў. Ды толькі адтуль не каша, а кроў пацякла, і прыйшлі велікану канцы.
А пастух забраў усё яго дабро і пайшоў. Вось і ўся казка пра хітрага пастуха і дурнога велікана.
ШВЕЙЦАРСКІЯ КАЗКІ
БЯССТРАШНЫ ЗАМІ
На адным горным выгане ў Альпах вяліся ў даўніну прывіды. Таму ўсе пастухі на той выган хадзіць баяліся. Бо з году ў год там каровы гінулі. I не якія-небудзь, а самыя малочныя. Сёй-той з альпійскіх пастухоў не верыў у прывіды і думаў, што ўжо з яго каровамі справа абыдзецца. Толькі і яны ўсе без свайго статка заставаліся, беднякамі рабіліся. Нарэшце ніхто не захацеў на тым выгане жывёлу пасвіць. Цэлы год ні адной жывой душы там не бачылі. Але вось цуд! Пастухі, якія па суседству статак сцераглі, чулі здалёку, як летам на страшным выгане бразготкі пабразгваюць ды званочкі звіняць. Быццам раніцай статак на луг выганяюць. I над пастуховай хаткай з ранку да вечара віўся сіняваты дымок, быццам на чароўным выгане абед гатуюць або сыр вараць. Але ніколі ніхто там ніводнай жывой душы не бачыў: ні пастуха, ні хлапчука на пабягушках.
Людзі ў даліне казалі, што выган зачараваны. I калі хто-небудзь хоць адну ноч там у хатцы правесці не пабаіцца, выган ад закляцця пазбавіць. Дастанецца тады яму і паша, і статак, і хатка з усёй гаспадаркай. А ў прыдачу — скарбы, якія быццам бы з незапомных часоў на выгане закапаны.
Знаходзіліся адчайныя галовы, не раз яны ў горы падымаліся, але ніхто назад не вярнуўся.
Вось аднойчы спусціўся ў даліну з далёкіх гор малады пастух. Пачуў пра чароўны выган і зусім не спалохаўся.
— Паспрабую ж я шчасця! — смела сказаў ён.
— I не думай,— адгаворвалі яго мясцовыя пастухі.— Прападзеш ні за панюх табакі! Гэта ў табе маладая кроў бушуе! У маладыя гады нічога не страшна!
Але Замі — так звалі пастуха — усё адно не спалохаўся. I падняўся адзін у горы. А там, на выгане, цішыня ды спакой: ветрык не прашуміць, птушка не праляціць, галінка на дрэве не шалясціць, ні адна былінка, ні адна кветка не варухнецца. Сярод камянёў ручай маўклівы бяжыць, ваду ў калодзеж бязгучна нясе. Замі нават уласных крокаў не чуў, калі па зарослай, глухой сцяжынцы ішоў. Стала яму не па сабе, душа ад страху ў пяткі зайшла. Каб падбадзёрыць самога сябе, пачаў ён на ўсё горла спяваць з пералівамі — на цірольскі лад. Але ні ў горных цяснінах, ні ў скалістых гарах не адгуквалася рэха. У пастуховай хатцы таксама ўсё быццам вымерла: на драўляных сценах нават мухі не поўзаюць. Замі крыкнуў у адчыненае акенца:
— Гэй, хто там ёсць?
Ніхто не адгукнуўся. Падышоў Замі да дзвярэй, пастукаўся. I зноў ніхто яму не адказаў. Раптам дзверы самі па сабе нячутна адчыніліся. Пераступіў Замі парог і зайшоў у хатку.
Бачыць — у печцы агонь гарыць, ды толькі паленцы не трашчаць, полымя не калышацца. Над агнём — кацёл вісіць, быццам хто сыр варыць сабраўся. Пачаў Замі зноў нябачнага пастуха на ўвесь голас клікаць. Зноў ніхто не адгукнуўся.
— Ну, пачакай, я табе пакажу! — пагразіў Замі.
Прыкінуўся Замі, быццам шукае пастуха ў хатцы. Нібы той дзе-небудзь у кутку прытаіўся.
— Гэй, выходзь! — гучна закрычаў ён.— Я цябе не баюся.
Ніхто не адгукнуўся.
Падышоў тады Замі да дзвярэй, якія ў другі пакой-
чык вялі, і дзверы раптам таксама бясшумна адчыніліся. Зайшоў туды Замі — бачыць: усё чыста прыбрана! На агні каша ў гаршку кіпіць, пасярэдзіне — накрыты стол, на ім міскі ды сподкі расстаўлены, лыжкі раскладзены. А ў місках і ў сподках усякай ежы ўдосталь: сыру, малака, масла, хлеба. Як заведзена ў пастухоў у Альпах. Пачаў Замі зноў гаспадара клікаць:
— Гэй, выходзь! Я цябе не баюся!..
Hi гуку ў адказ. Бачыць Замі — ля сцяны вялікі ложак за квяцістай фіранкай стаіць.
«Нічога! — падумаў ён.— Як настане час, гаспадар з’явіцца!»
Лёг у ложак за фіранкай. Толькі зручней на падушку галаву прымасціў, толькі заснуць сабраўся, чуе — шоргае нехта нагамі па зямлі, моцна-моцна, у хатку кіруецца! He паспеў Замі азірнуцца, як крокі ўжо ля дзвярэй пачуліся, потым на парозе, і вось яны ўжо зусім побач!