Цяжкі шлях да адраджэння
Станіслаў Дубянецкі, Эдуард Дубянецкі
Выдавец: Выдавецтва С. Лаўрова
Памер: 89с.
Брэст 1997
49
наадварот), што ў рэшце рэшт прадвызначыла фармаванне чалавека з такім жа “акруглым”, ураўнаважаным характарам. Таму ў адрозненне ад многіх горскіх народаў беларусы менш энергічныя, больш стрыманыя і спакойныя.
Варта адзначыць, што жыхары паўднёвых і паўночных раёнаў Беларусі маюць некалькі адрозныя характары, што не ў апошнюю чаргу абумоўлена і рознасцю прыродных умоў у гэтых мясцовасцях. Калі, напрыклад, беларусы з паўночнаўсходніх зямель (тут у асноўным узгоркавы рэльеф) больш падобныя да расійцаў, то тыя, хто жыве на Палессі з яго раўнінамі, нізінамі і мноствам лясоў, балот, стаяць бліжэй да украінцаў і здаюцца занадта меланхалічнымі, апатычнымі і, мабыць, менш рашучымі, актыўнымі, чым насельнікі поўначы Беларусі.
Як вядома, ва ўсе часы галоўным нашым багаццем былі шматлікія лясы і бары. У мінулыя стагоддзі лясы займалі да 80—90% усёй тэрыторыі, а ў нашы дні яны пакрываюць прыкладнатрэць рэспублікі. Таму Беларусь небеспадстаўна можна лічыць сапраўднай лясной краінай, насельніцтва якой з пакалення ў пакаленне, так бы мовіць, нараджалася, працавала, кахала і памірала пад зялёным покрывам неабсяжных лясоў. Пастаяннае жыццё сярод лясоў, балот і азёраў вымушала беларусаў няспынна і шмат працаваць, пераадольваць разнастайныя цяжкасці і перашкоды, каб пракарміць сябе і сваю сям’ю. Мажліва, досыць моцная біяэнергетыка нашых лясоў абумоўлівала знакамітую жыццястойкасць, вынослівасць, цягавітасць беларусаў. Адноснае багацце флоры і фауны дапамагала вядзенню хатняй гаспадаркі, але ў той жа час патрабавала глыбокіх ведаў аб якасцях жывёл і раслін, спецыфіцы навакольнага асяроддзя, а таксама пэўнай асцярожнасці, гатоўнасці да ўсялякіх нечаканасцей.
Пры высвятленні ўмоў фармавання і развіцця нацьіянальнага характару нельга абысціся і без уліку геапалітычнага фактару. Апошні заўсёды накладваў досыць значны адбітак на спецыфіку і дынаміку гістарычнага развіцця нашай Бацькаўшчыны. Справа ў тым, што Беларусь, як гэта было засведчана ў пачатку XX ст. выдатным географам А.Смолічам і ў наш час пераканаўча пацверджана іншымі навукоўцамі, размешчана ў геаграфічным цэнтры Еўропы, які знаходзіцца, дарэчы, якраз у самым “сэрцы” нашай краіны, прыблізна па рацэ Бярэзіне. Менавіта праз тэрыторыю Беларусі праходзіць самы кароткі шлях з Расіі ў Заходнюю Еўропу і наадварот. Да таго ж Беларусь як бы злучае не толькі захад і ўсход, але таксама поўнач і поўдзень. Вядома, што са старажытнасці праз наш край праходзіў і вялікі водны шлях з “варагаў у грэкі”, які актыўна выкарыстоўваўся найперш для гандлёвых зносін паміж краінамі.
Іншымі словамі, Беларусь мае дастаткова зручнае геапалітычнае становішча, бо знаходзіцца на своеасаблівым скрыжаванні ўсіх шляхоў паміж чатырма бакамі свету. 3 аднаго пункту гледжання, гэта, безумоўна, спрыяла пашырэнню міжнароднага гандлю, узаемапранікненню розных этнакультурных, рэлігійных, навуковых традыцый і г.д. Аднак, з другога боку, такое
50
унікальнае, надзвычай прывабнае становішча Беларусі нярэдка з’яўлялася і прычынай многіх трагічных падзей, складаных выпрабаванняў. У выніку беларускія землі спрадвеку былі жаданай стратэіічнай мэтай, сферай уплыву для больш агрэсіўных суседзяў, служылі арэнай кровапралітных войнаў паміж імі. Таму можна лічыць, што характар беларусаў фармаваўся і загартоўваўся найчасцей у неспрыяльных знешнепалітычных варунках, пад звон мячоў, у амаль несупынным змаганні са шматлікімі захопнікамі (манголататарамі, немцамі, шведамі, войскамі Польйічы, Расійскай дзяржавы і інш.) Такая працяілая, зацятая барацьба, адчайная абарона сваёй чалавечай годнасці і незалежнасці, атаксама іншы раз жыццё ва ўмовах эпідэмій і голаду паступова выпрацоўвалі ў беларусаў надзвычайную вынослівасць, мужнасць і цярплівасць. Дарэчы. гатоўнасць нашых продкаў смела абараняць сваю Айчыну адлюстравалася і ў беларускім нацыянальным гербе “Пагоня”.
Адну з найбольш істотных роляў у складванні адмысловых нацыянальных характараў заўжды адыгрывае і т.зв. генетычны фактар. Спецыяльныя даследаванні пацвердзілі, што ў кожнай нацыяльнай супольнасці людзей камбінацыя ўсіх генаў унікальная, адрозная ад іншых этнічных груп. Зараз вучоныя небеспадстаўна лічаць, што любы народ мае такі набор генаў, які з’яўляецца найбольш прыдатным для яго, бо менавіта гэты набор забяспечвае жыццяздольнасць і выжыванне народа ў натуральных умовах яго існавання. Якраз уплыў “генаў этнічнасці” ў значнай ступені прадвызначае адрозненні ў характары прадстаўнікоў тых ці іншых нацый (скажам, беларусаў і яўрэяў, французаў, японцаў і г.д.)
Варта дадаць, што найлепшым чынам “агульнанацыянальная генетычная праграма” захоўваецца ў асяродку сельскіх папуляцый, якія ва ўсе часы складалі аснову беларускага этнасу і былі галоўнымі захавальнікамі, носьбітамі старажытных традыцый, звычаяў, матчынай мовы і, нарэшце, нацыянальнага характару, ментальнасці. У абставінах пасзуповага скарачэння колькасці сельскага і ўзрастання гарадскога насельніцтва (што стала асабліва прыкметным у гады савецкай улады) у беларусаў няўхільна разбураўся іх адметны генафонд, у які ўліваліся новыя, не ўласцівыя ім гены пераважна ад поліэтнічнага насельніцтва гарадоў і мястэчкаў. У выніку сталася так, што ў беларусаў традыцыйны генны “набор” захаваўся найперш у вёсцы, дзе ў мясцовых жыхароў, як кажуць, у крыві закладзены доўгацярплівасць, кансерватыўнасць, памяркоўнасць, вынослівасць і шэраг іншых станоўчых і адмоўных якасцей.
Акрамя ўсіх пералічаных фактараў, таксама досыць прыкметны і неадназначны (прычым пераважна негатыўны, “дэфармуючы”) ўплыў на нацыянальны характар беларусаў аказвалі, напрыклад, такія асаблівасці іх гістарычнага развіцця, як даволі працяглая адсутнасць у мінулым сваёй сапраўднай дзяржаўнасці, амаль несупынныя працэсы дэнацыяналізацыі на працягу нрыкладна чатырох апошніх стагоддзяў. Адметнасць характару беларусаў надавалі
51
яшчэ і такія немалаважныя моманты, як канфесійная “разарванасць” беларускага этнасу (праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва), адносна нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці нашыў продкаў, запозненае фармаванне і нязначная колькасць уласнай нацыянальнай інтэлігенцыі, а ў савецкі перыяд — ідэалогія і практыкаадкрытай ці замаскаванай “контрбеларусізацыі” і штучнай асіміляцыі беларусаў у 1930—80я гг.
Негатыўныя наступствы падобнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, яе народа прыкметна адчуваюцца і ў наш час, хаця яны ўсё ж паступова, марудна пераадольваюцца. Так, зараз многія беларусы ўжо не саромеюцца, як раней, выказваць свае нацыянальныя пачуцці, размаўляць на роднай мове, не баяцца адкрыта выказваць палітычныя сімпатыі, уласную грамадзянскую пазіцыю і асабістую думку, якія могуць не супадаць з поглядамі “ўладу маючых”. Многія люддзі ўжо не з’яўляюцца нейкімі “вінцікамі” таталітарнай сістэмы, поўнасцю залежнымі ад волі органаў улады і мясцовага начальства, а таму яны пакрысе вызваляюцца ад такіх “адмоўных” рысаў характару, як празмерны канфармізм, боязь перад “вышэйстаячымі”, недастатковыя рашучасць, ініцыятыўнасць і дат.п.
СТАНОЎЧЫЯ РЫСЫ БЕЛАРУСКАЙ ДУШЫ
Адной з найбольш тыповых станоўчых рыс характару беларусаў з’яўляецца, на наш „огляд, іх надзвычайная талерантнасць (цярпімасць) да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, да людзей з іншым складам мыслення, светаўспрымання. Прычым гэтая рыса характару была, мажліва, у некаторай ступені закладзена генетычна, але яна ў той жа час выпрацоўвалася гістарычна, у канкрэтных абставінах сацыяльнапалітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця беларускага этнасу. На пачатковых этапах этнагенезу беларусаў ішла своеасаблівая “прыцірка” розных этнічных і канфесійных супольнасцей, якая суправаджалася натуральнымі ў такіх выпадках праявамі інталерантнасці, хаця апошнія былі адносна рэдкія. У выніку працяглага сумеснага жыцця шматнацыянальнага і поліканфесійнага насельніцтва ў эпоху сярэднявечча (найперш маецца на ўвазе XIV—XVII стст.) на землях Беларусі склалася досыць трывалая сітуацыя этнарэлігійнай і грамадскапалітычнай талерантнасці, чаго нельга сказаць аб становішчы ў тагачаснай Маскоўскай дзяржаве і ў некаторых краінах Заходняй Еўропы.
Пра ўласцівыя беларусам цярпімасць і памяркоўныя адносіны да “іншаземцаў” і “іншаверцаў” можа сведчыць і той факт, што на беларускай зямлі са старажытных часоў да сённяшніх дзён ніколі не было крывавых канфліктаў на нацыянальнарэлігійнай глебе. Так, ускосным адлюстраваннем талерантнасці нашых далёкіх продкаў можа служыць таксама спакойны, негвалтоўны характар пашырэння хрысціянства з канца X ст. і ў той жа час дастаткова цярпімыя ўзаемадачыненні мясцовых язычнікаў і хрысціян у пачатку II тыс. н.э.
52
Па працягу XIV—XVII стст. на Беларусі ўжо практычна склалася такая поліэтнічная і поліканфесійная структура насельніцтва, якая працягвала захоўвацца і ў далейшым. Менавіта тады на землях Беларусі ўзніклі пасяленні яўрэяў, рускіх, палякаў, татараў і інш., сярод якіх былі распаўсюджаны розныя рэлігійныя вераванні — праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва, пратэстантызм, іслам, іудаізм. У канцы XVI11 ст., перад далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі, канфесійнае становішча ў беларускіх губернях было наступным: уніяты складалі каля 70% ад колькасці ўсіх жыхароў, католікаў было 15%, іудзеяў — 7%, праваслаўных — 6%, а пратэстантаў і іншых — усяго 2%. Пры вельмі стракатым складзс насельніцтва ўзаемаадносіны яго асобных этнічных і рэлігійных груп найчасцей характарызаваліся добрасуседствам, цярпімасцю і прыхільнасцю, a выпадкі непаразуменняў і спрэчак былі адносна нешматлікія.
Якраз на “талерантнай” беларускай зямлі ў эпоху сярэднявечча знаходзілі сабе надзейны прытулак, напрыклад, яўрэі і рускія стараверы (стараабрадцы), якія ратаваліся ад нацыянальнага і рэлігійнага ўціску ў краінах іх былога пражывання. Падобным перасяленцам у Вялікім Княстве Літоўскім, як правіла, афіцыйна гарантаваліся рэлігійныя свабоды, грамадзянскія правы і нават асобныя прывілеі, што звычайна не выклікала прыкметнага незадавальнення і непрыхільнасці. Міжнацыянальныя і міжканфесійныя кантакты на Беларусі з даўніх часоў вызначаліся дастаткова высокім узроўнем талерантнасці, нягледзячы на тое, што іншы раз мелі месца і некаторыя аб’ектыўныя прычыны для абвастрэння ўзаемаадносін. Да іх, напрыклад, можна аднесці цяжкасці матэрыяльнагастановішча, спецыфіку саслоўнай, прафесійнай прыналежнасці кантактуючых груп і да т.п..