Цень гобліна
Валерый Казакоў
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 420с.
Мінск 2008
Аднак чалавек, не зламаны гэтым грузам, як перахварэўшы на чуму, атрымоўвае імунітэт і становіцца небяспечным для ўлады і яе жрацоў. Такі ж небяспечны для якой-небудзь з жудасных сектаў абуджаны адэпт ці масон-адрачэнец, вырваўшыся з ложы. Вось чаму
ўлада не можа трываць у сваіх шэрагах сумленных, добрых і годных людзей, яна іх высушвае і ачарсцвяе яшчэ на першых пабягушных пасадах, даводзячы да сярэднестатыстычнага ўзроўню безасабовай выканальніцкай масы. Калі ж гэтага не адбываецца, чалавек выганяецца, як пракажоны, ператвараецца ў вар’ята, бунтаўшчыка, рэвалюцыянера, ворага народа, здрадніка дэмакратыі, раскрадальніка народнага набытку. Пазнанне таемнай інтрыгі ўлады, яе прывадных рамянёў адна з найвялікшых таямніцаў, цяжкая і вельмі небяспечная задума.
Таму, уважліва ўслухваючыся ў гутарку Плаўскага са Старыкавым, Малюта разумеў, што кожная фраза гэтага дыялогу можа стаць для яго адказам на мноства пакутлівых пытанняў.
- Калі гэта пачатак, першы крок на вялікай дошцы зрухаў, дык ён поўная набрыдзь, працягваў Старыкаў. Значыць, ён рыхтуецца кінуць вас у чарговы раз.
- Ну, я-то яму не казёл, каб пакорліва хадзіць за морквай! з паўабароту пачаў заводзіцца генерал. Давай злучай мяне з ім...
Іван Паўлавіч! He трэба пароць гарачку, пакрывіўшыся на прыціхлага Скураша, які старанна дэманстраваў сваю абыякавасць, з папераджальнымі ноткамі ў голасе запярэчыў дараднік і, як бы спалохаўшыся сваёй прылюднай дзёрзкасці, ужо мякчэйшым тонам дадаў: Вось зараз даедзем да офіса і па апрабаваных каналах будзем спрабаваць звязацца з нашым усёабдымным. Гарачыцца і спяшацца мы не маем права, да таго ж дзень сёння вельмі важны для вас. Цяпер галоўная задача абаяць гэтага расстрыгу-камітэтчыка.
У двары невысокага старадаўняга асабняка ў Замаскварэччы дзеялася самае сучаснае Вавілонскае стаўпатва-
рэнне. Усе пад’езды да панадворку, дзе размяшчалася штаб-кватэра партыі Плаўскага, былі забітыя дарагімі іншамаркамі, а сам двор, цесны і па-маскоўску захламлены, быў запоўнены пярэстым натоўпам, які гудзеў і чакаў. Гэтыя спадары былі дорага апранутыя і важна пакурвалі, яны дзіўным чынам адрозніваліся ад тых людзей, што яшчэ тыдзень назад неслі да выбарчых урнаў свае бюлетэні як сваю апошнюю надзею на лепшую будучыню.
Калі машына генерала спынілася і ахова адкрыла дзверцы, пачуліся гучныя апладысменты. Пад гэтыя дагодлівыя авацыі, з пачуццём уласнай перавагі і выглядам пераможцы, з нетраў аўтамабіля выбраўся асляпляльна ўсмешлівы Плаўскі. Зрабіўшы вітальны жэст рукой, генерал, ні з кім не прывітаўшыся персанальна, прашэстваваў да пад’езда.
Іван Паўлавіч! рознагалоса захваляваўся натоўп, выпінаючы наперад размаітыя скрынкі, пакеты і скруткі з дарамі.
Прыму ўсіх! як на пляцы, раўнуў Плаўскі. Толькі дзесьці ў абед. Нанясу нядоўгачасовы візіт у Крэмль і вярнуся да вас. Недаступная ўлада народу не патрэбна! Дзякуй за цёплую сустрэчу!
Генерала распіраў шчыры гонар. Ён ізноў перамог, перамог на злосць усім, і цяпер яму ніхто не страшны. Есць мэта, дасягнуўшы якой, ён выканае сваё прызначэнне: выратаваць вялізную, найпрыгожую і найбагатую, але смяротна хворую дзяржаву з яе жабраком-народам. Толькі ён зможа раз і назаўсёды загаіць душы людзей, выгнаўшы адтуль знявагу і крыўду ды ўваскрасіўшы іх веру ў сілу справядлівай і мудрай улады. Генерал асабліва не задумваўся, хто ўсклаў на яго гэтую
цяжкую місію. Бога ён не ведаў, на духавенства глядзеў як на зборышча дармаедаў і прайдзісветаў. Аднак у сваю выключнасць верыў і быў шчыра перакананы, што за яго спіной стаіць нейкая ўсемагутная сіла. Яго не мучыла пытанне, што гэта за сіла: Бог, Дух, Д’ябал, Іншапланецяне? яму было ўсё роўна, хто ім кіруе. I часцей за ўсё ён думаў, што гэтая сіла ён сам!
Гэта ён, ганарлівы і моцны чалавек, змог, здолеў павярнуць абыякавую плынь цёмнай ракі часу і павёў за сабою шматмільённае войска людзей, якія вераць у яго. Як вайсковец, ён любіў і ўмеў камандаваць, але там, у войску, улада была нейкай куртатай, прышыбленай, пазбаўленай размаху і палёту а галоўнае, яна распаўсюджвалася толькі на падпарадкаваных. Сёння за ім мільёны, і гэта не толькі тыя, хто падтрымаў яго ў Ясейскім краі, за ім мільёнаў дваццаць па ўсёй краіне, а можа, і больш. Вядома, нельга было паддавацца на ўгаворы гэтага аферыста і ў другім туры падтрымліваць жывы труп Гаранта, не ляжала нутро да гэтага, ды ўжо што зроблена, тое зроблена! Старыкаў тады са скуры лез, даказваў, што Гарант да зімы капыты адкіне, а мы за гэты час асвоімся ў Крамлі, урад і адміністрацыю на свой бок перацягнем. Перацягнулі! Праз пару месяцаў паганым венікам пагналі прэч! I галоўнае, нічога ў краіне не адбылося, учорашнія яго выбарнікі як хадзілі пакорліва на працу, дзе ім ні храна не плацілі, так і працягваюць хадзіць, ніхто не кінуўся ствараць партызанскія атрады! Блізкія прыхільнікі і паплечнікі, маць іх у душу, мала таго, што паадварочваліся, дык яшчэ і ў здраднікі яго запісалі, на пленумах руху, пад яго імя створанага, сталі галасіць аб змене лідэра! Аб новай праграме, новых перспектывах! Сукі! Ну нічога, хутка з усімі разбярэмся!
3 падобнымі думкамі Іван Паўлавіч падняўся на другі паверх свайго старога маскоўскага офіса.
9.
Сустрэча ясейскіх візіцёраў з новым фактычным кіраўніком адміністрацыі павінна была адбыцца ў яго старым кабінеце, размешчаным у непрэстыжным трэцім пад’ездзе Старой плошчы. У свой час сюды, амаль на Варварку, загналі другарадныя ўпраўленні і кабінеты розных лайдакоў, тыпу закліканых мацаваць сяброўства з Беларуссю і іншымі сатэлітамі, бытавалі яшчэ тут і нейкія вантробныя структуры, што абслугоўвалі вялізны комплекс спецбудынкаў.
Мікалай Мікалаевіч, мужчына невысокага росту, злёгку лысаваты, з глыбока пасаджанымі круглымі вачыма, задоўгім адчувальным носам і добрымі манерамі, прыняў іх вельмі сардэчна. Сам выйшаў у прыёмную, доўга трос генеральскую руку і, канфузячыся, блытана віншаваў яго з абраннем.
- I вас таксама, як мне данеслі, Плаўскі выразна зірнуў на Скураша, можна павіншаваць з прызначэннем на адзін з ключавых пастоў...
- Так, вось сёння якраз прэзідэнт прыняў такое рашэнне і апублікаваў свой указ, злёгку бянтэжачыся, вымавіў Пужын, запрашаючы гасцей прайсці ў кабінет. Прызнаюся, для мяне так усё нечакана адбылося, што дагэтуль не магу прыйсці ў сябе.
- Абвыкайце, ён на нечаканасці ды ракіровачкі ох які падкі, тонам вялікага знатака вымавіў Іван Паўлавіч і відавочна хацеў яшчэ нешта дадаць, але, натыкнуўшыся поглядам на ўмольны твар Старыкава, прамаўчаў і толькі крыва ўсміхнуўся.
- Вы, Іван Паўлавіч, выбачайце... я пакуль не ведаю, чаму вы аддаеце перавагу: гарбаце або каве...
Кофэ! з характэрным вымаўленнем кінуў генерал, усаджваючыся насупраць гаспадара.
Побач прымастаколіўся Старыкаў. Малюта, трохі павагаўшыся, прысеў на крайняе крэсла з пужынскага боку. Гутарка ішла нібыта як і ні аб чым, бакі абменьваліся кампліментамі, распавядалі нейкія пацешныя выпадкі са сваіх біяграфій. Адчувалася, што ні адзін, ні другі вялікага досведу перамоў такога ўзроўню не мелі і спрабавалі, як маглі, прамацаць адзін аднаго, перш чым задаць загадзя нарыхтаваныя пытанні.
Ну вось, выбары ззаду і што вы можаце сказаць аб краі, пра былога губернатара?
Ды што тут гаварыць, паважаны Мікалай Мікалаевіч, вы вось зараз, наколькі я зразумеў, на губерні кінутыя, паездзіце, самі ўбачыце, што дзеецца. Я вам, як вайсковец вайскоўцу, скажу: слінцюкам такі адказны пост, як губерня, давяраць нельга. Бяззубаў проста давёў край да ручкі! He, вы толькі не падумайце, што я там яго крыві ці рэпрэсій якіх хачу... I ў думках не маю! Хоць, па-добраму, трэба б стварыць незалежную камісію і правесці дасканалую рэвізію, але, на жаль, такіх традыцый у нашай дзяржаве не заведзена. Нічога, абыдземся! Мне Бяззубаў ні да чаго...
А як вы думаеце, Іван Паўлавіч, куды яго можна працаўладкаваць?
Ды нікуды. Хоць, можа, у якую навуку засунуць. Мабыць, не ведаю, што вам і параіць. А край мы паднімем, папомніце маё слова. Вам, пэўна, панарасказвалі, што, маўляў, зараз прыедзе такі гарлапан і пачне правы качаць? Ды не, мірны я, з прыродна-ласкавым голасам і тварам. He трэба мной дзяцей палохаць. Будзем працаваць разам. Прэзідэнты, яны, ці ведаеце, прыходзяць і сыходзяць, а дзяржава нашая і яе цярплівы народ заста-
юцца. Я, дарэчы, рады, што прыбралі вашую папярэдніцу, пустышка поўная была...
Ну, гэта ў вас яшчэ перадвыбарны запал кіпіць, бачачы, што генерал сапраўды пачынае закіпаць, перабіў яго Пужын. Яна, дарэчы, вельмі талковы работнік, ды і сустрэча нашая гэта яе задумка...
А можа, вы і праўду кажаце, нечакана лёгка пагадзіўся генерал, насамрэч мяне сёння больш за ўсё хвалюе заканчэнне пасяўной і будучы завоз на Поўнач...
Паўночны завоз, выбачлівым тонам паправіў шэфа Старыкаў і падсунуў да яго ліст паперы.
Ну ды, вядома, паўночны завоз, і зазірнуўшы ў лісток, адсунуў яго назад, тут мне нагадваюць, што трэба б падняць кадравае пытанне...
Цікава, гатовы вас выслухаць.
Ведаеце, я вось з вамі пагутарыў і вырашыў пакуль пачакаць. He варта гарачку пароць! Хачу як след разабрацца на месцы, усё ўзважыць, а потым ужо, калі спатрэбіцца, звярнуся да вас па садзейнічанне. Дамовіліся?
Безумоўна. Па гэтым пункце застаюся вашым даўжніком. У мяне да вас сустрэчнае пытанне: а як вы ставіцеся да намесніка прэзідэнта ў краі?
Ды ніяк не стаўлюся, як, зрэшты, і федэральныя структуры! Пару разоў бачыў гэты цуд у штанах, але калі прэзідэнта такое задавальняе, то, па мне, хай сабе блукае. Усё роўна ад яго ні шкоды, ні карысці.
А як вы паставіцеся да таго, каб намеснікам у край прызначыць Скураша?
Ад нечаканасці Малюта тузануўся так, што ледзь было не зваліўся са свайго крэсла. Усе павярнуліся ў ягоны бок з цікаўнасцю і некаторай доляй здзіўлення, маўляў, хто такі, адкуль узяўся і чаму такі давер? Старыкаў,
гучным сапеннем і нервовым коўзаннем міжволі выявіў сваю незадаволенасць падобным паваротам справы, у яго на гэты конт відавочна былі свае меркаванні.
Ну што ж, я пярэчыць не стану, даводзілася з ім працаваць у Радзе нацыянальнай стабільнасці, нараканняў да яго не меў, ды і на вайне яго бачыў... з некаторым здзіўленнем, але, як здалося Малюту, не без задавальнення кіўнуў генерал.