Цень гобліна  Валерый Казакоў

Цень гобліна

Валерый Казакоў
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 420с.
Мінск 2008
99.5 МБ
Аднак... Іван Паўлавіч, не вытрымаў, увесь затуркаўшыся, Аляксей Віктаравіч.
Ніякіх «аднак»! Вашая прапанова, Мікалай Мікалаевіч, прымаецца.
Далейшай гутаркі Малюта амаль не чуў. Кроў стукала ў скронях. Рэальнасць адмаўлялася ўспрымацца, галасы гучалі глуха, як са склепу. Вось так, што называецца, без мяне мяне ажанілі! Толькі адвык ад абязалаўкі кожны дзень цягацца на службу, толькі пачаў наладжваць жыццё, а галоўнае, стаў выцягваць нос з фінансавай нявыкруткі, дык на табе. Ды яшчэ сям’я, бо давядзецца з’ехаць з горада... I што цяпер рабіць? Устаць і адмовіцца, маўляў, паважаныя таварышы, нікуды я не паеду, пакіньце мяне ў спакоі. Цябе і пакінуць, прычым, назаўжды, і першым гэта зробіць любімы табой Плаўскі, а пра гэтых, са Старой плошчы, і заікацца няма чаго. Дурні нікому не патрэбныя. I, як ні круці, сур’ёзная пасада. Другі раз не прапануюць. Тут, да бабкі не хадзі, зразумела, адкуль усплыло ягонае прозвішча ў вуснах гэтага чалавека, які ўмомант стаў яму сімпатычным: Перамога Ігараўна ўсё ж выканала сваё абяцанне, дадзенае яму пасля вяртання з Ясейска і праціснула яго наперад, сама патрапіўшы ў яму манаршай няміласці.
Малюта Максімавіч! Малюта Максімавіч! падвышаючы голас, звярнуўся да яго Пужын.
Ды ён, пэўна, ахранеў ад шчасця, засмяяўся Плаўскі. Скураш, вас вашае начальства дагукацца не можа. Гэй, ачніцеся!
Выбачайце, Мікалай Мікалаевіч, сапраўды ад нечаканасці крыху загрузіўся...
Ну і як, разгрузіліся? Дзень ад ночы ўжо адрозніваеце? з прыемнай усмешкай адазваўся гаспадар кабінета. Пакуль вы там самі з сабою шукалі згоду, мы з губернатарам дамовіліся, што вы так і застаецеся нашым звязніком ва ўсіх далікатных пытаннях, пры неабходнасці, магчыма, давядзецца і кур’ерам папрацаваць. У маім апараце ўсе пытанні будзеце вырашаць вось з Ігнатам Іванавічам Рэчыным.
Пужын падняўся са стрыманай усмешкай, даючы зразумець, што гутарка скончана і яго чакаюць іншыя неадкладныя справы, усё-ткі першы дзень на пасадзе. Па спакойным статычным твары было цяжка вызначыць, якое ўражанне зрабіў на яго губернатар і ці застаўся ён задаволены сустрэчай з ім. Генерал жа відавочна падняўся зза стала з добрым настроем і пачуццём выкананага доўгу і, як паднатарэлы ў падачы сябе публічны палітык, ад навакольных гэтага хаваць не збіраўся. Ён зіхацеў, нібы начышчаны самавар, даючы ўсім зразумець, што дамогся галоўнага: не ён пайшоў у Маскву на паклон, а царова чэлядзь паклікала яго сама. Такі расклад, калі яго правільна выкарыстаць, многага можа каштаваць. Ды і сам Пужын, мяркуючы па ўсім, яму спадабаўся, таму Плаўскі не хітраваў, калі на развітанне марнатравіў кампліменты гаспадару кабінета. Напруга, якая яшчэ гадзіну назад існавала паміж гэтымі людзьмі, неўпрыкмет выпарылася, саступіўшы месца нязмушанай раскаванасці і ўзаемнай сімпатыі. Падавалася, пагутары яны даўжэй, сустрэча скончылася б немінучым афіцэрскім застоллем.
У прыёмнай, калі наведвальнікі ўжо выходзілі ў калідор, Рэчын, працягваючы ўсміхацца генералу, амаль не варушачы вуснамі, паведаміў Скурашу:
-	Шэф прасіў вас затрымацца.
Добра, ледзь прыкметна кіўнуў Малюта і, калі выйшаў у доўгі калідор, што вёў да прыступак, гучна, каб за ягонай спіной новае начальства чула, вымавіў: Іван ГІаўлавіч, калі вы не супраць, я затрымаюся для ўдакладнення задач і атрымання далейшых указанняў.
-	Так, вядома, заставайцеся, вунь якія цяпер у вас высокія апекуны! як здалося Малюту, з сумам вымавіў генерал і, рэзка павярнуўшыся на абцасах, пайшоў.
Гэты генеральскі сум, калі ён толькі не прымроіўся, адазваўся ў душы Скураша нейкай дзіўнай тужлівай крыўдай, бо яго толькі што без хістанняў размянялі на будучую выгаду, якую Плаўскі відавочна спадзяваўся атрымаць, маючы свайго чалавека на пасту «гасударавага вока», так звалі прэзідэнцкага намесніка ў народзе. Здушыўшы ў сабе гэтую хвілінную слабасць і начапіўшы на твар маску заклапочанай засяроджанасці, ён вярнуўся назад у прыёмную. Рэчын чакаў Малюту і, прайшоўшы наперад, піхнуў дзверы кабінета, які яны толькі што пакінулі.
Пужын размаўляў па тэлефоне і, прыціскаючы трубку плячом, нешта хутка пісаў у вялікім нататніку. Падняўшы вочы на зайшлаў, ён ледзь прыкметна кіўнуў галавой і левай рукой паказаў на стол нарад. Скураш сеў на ўжо знаёмае абабітае карычневай скурай крэсла. Агледзеўшыся, ён уразіўся непатрабавальнасці абстаноўкі кабінета. Нічога лішняга, ніякай адсябеціны, якую любяць амаль усе чыноўнікі і якая, надаючы працоўнаму памяшканню індывідуальнасць, у той або іншай меры прыадчыняе асаблівасці і прыхільнасці чалавека,
які праводзіць тут вялікую частку сутак. А тут поўная, амаль на манер сталінскіх часоў, аскеза. Малюта пашукаў вачыма Рэчына, але таго ў кабінеце ўжо не было. «Ціха ходзяць, і дзверы ў іх добра змазаныя», адзначыў ён пра сябе.
Выбачайце, скончыўшы гаворку, якую і гаворкай назваць было цяжка, бо за ўвесь час Мікалай Мікалаевіч вымавіў толькі чатыры словы, адзін раз «так», a ў завяршэнні: «Добра, я зразумеў». Распавядзіце каротка пра сябе, сям’ю, чым захапляецеся, падсаджваючыся да Скураша, спытаў ён.
Чалавек, якому часта даводзіцца распавядаць сваю біяграфію, ведае, што трэба гаварыць у падобных выпадках. Апускаючы сотні разоў напісанае ва ўсіх анкетах, акцэнт варта зрабіць на канкрэтныя эпізоды са свайго жыцця, не адыходзячы ад гэтай лініі, і Малюта пачаў выкладаць сваё жыццё, адмысловы ўпор зрабіўшы на службе ў ваеннай газеце, завочную вучобу і працу ў ветэранскіх грамадскіх арганізацыях.
Добра. Мяркуючы па вашым аповедзе, вы павінны лепш за мяне ведаць, што і як трэба рабіць, прыбыўшы на месца. У тым, што вы справіцеся з работай, я ніколькі не сумняюся, галоўная загвоздка ў іншым. Вы, пэўна, адчулі, што генерал, без ваганняў пагадзіўшыся з маёй прапановай, спадзяецца выкарыстаць вашыя добрыя ўзаемаадносіны ў сваіх мэтах. Гэта заканамерна: хто адмовіцца мець свайго чалавека на пасадзе чыноўніка, які абавязаны кантраляваць цябе самога і рэгулярна інфармаваць аб гэтым прэзідэнта. Дык вось, менавіта гэты нюанс вам і неабходна пераадолець яшчэ да ад’езду ў край. Вы павінны памятаць: тыя людзі, якія вас рэкамендавалі, былі аднадушныя ў сваім меркаванні аб вашай сумленнасці і адданасці, як гэта ні пафасна гучыць, ідэям дзяржаўнасці. Я
не заклікаю вас, што называецца, стукаць на вашага былога начальніка, але прынцыповая пазіцыя ў дачыненні да ягоных дзеянняў і ўчынкаў у вас павінна быць заўсёды свая. Ну вось, мабыць, і ўсё. Хоць не, адну хвілінку, Пужын вярнуўся да свайго працоўнага стала, узяў некалькі лістоў паперы і працягнуў іх Скурашу. Я б хацеў пачуць вашае меркаванне па гэтым дакуменце, які пры растанні ўручыў Ігнату Іванавічу дараднік Плаўскага...
Старыкаў Аляксей Віктаравіч...
Дзякуй, я памятаю. Прозвішчы, імёны, імёны па бацьку і твары я запамінаю аўтаматычна, з лёгкай усмешкай вымавіў Мікалай Мікалаевіч, выдаткі былой прафесіі, што паробіш. Якое, дарэчы, вашае меркаванне аб гэтым дарадніку?
Складаны чалавек, кручаны, з нейкай таямніцай у мінулым, але на Плаўскага мае вялізны ўплыў, і, прадбачачы дадатковае пытанне, Малюта дадаў: 3 чым гэта звязана, я не ведаю, але не пракансультаваўшыся з ім, генерал не прымае ні аднаго важнага рашэння. Акрамя таго, Старыкаў своеасаблівы кіраўнік найблізкага круга губернатара.
Добра, чытайце паперы, у нас мала часу.
Дакумент, набраны на трох лістах, уяўляў сабою банальны ананімны данос, бо не быў нікім падпісаны, і паведамляў аб злачыннай дзейнасці Паўла Дракава і генералаў, якія прыкрываюць яго ды кіруюць сілавымі ведамствамі краю. Малюта амаль узрадаваўся знаёмай тэме, якой яго так нечакана зацікавіў нядаўні спадарожпік, і ён памкнуўся ўжо было ўсё пераказаць былому кэдэбэшніку, але нейкі ўнутраны вартаўнік, практычна зняў з языка ўжо гатовыя сарвацца словы.
Пра Дракава я нешта падобнае чуў, але з Плаўскім яны, як мяне запэўнівалі, на сённяшні дзень сябры-
партнёры. Кажуць, ледзь ці не на іконе ў сяброўстве кляліся. Вы ведаеце, Мікалай Мікалаевіч, мне падаецца, што пра змест гэтага ліста Плаўскі, хутчэй за ўсё, нічога не ведае. Ды і не стаў бы ён вам пакідаць непадпісаны дакумент.
Дакумент ён бы, можа, і не пакінуў, а вось інфармацыю на роздум, як гаворыцца ў вядомым фільме, нам падкінулі. Дзякуй. Пытанні да мяне ёсць?
Уласна, пытанняў няма, але, прызнацца, хвалююся я моцна, і некаторыя супярэчнасці мяне яшчэ доўга будуць раздзіраць. Але вас не падвяду, аб гэтым можаце не турбавацца.
Яшчэ раз дзякуй, заўсёды разлічвайце на маю падтрымку і не саромеючыся тэлефануеце мне або Ігнату Іванавічу. Упэўнены, што мы спрацуемся, падпалкоўнік падпалкоўніка заўсёды зразумее.
10.
У гэтую ноч над Масквой усхадзілася нейкая нетутэйшая, прыйшлая з далёкіх стагоддзяў бура. Такога Скураш, колькі жыў у сталіцы, не памятаў. Летняя мірная цемра зацішных алеяў маскоўскіх паркаў і сквераў, якую любілі закаханыя, увомірг ператварылася ў амаль жывую кашлатую істоту, што абляпіла і прашыла сабою ўвесь вялізны горад з яго шматмільённым насельніцтвам, пампезнымі будынкамі, мірыядамі электрычных агнёў і пяццю цьмянымі вуглямі Крамлёўскіх рубінаў, усё знікла з твару зямлі. I толькі кужэлістая, шызая ад вады, іпто безупынна ляціць зверху, і шалёных выбліскаў маланак цямрэча, падобная да вялізнай хмары, накрыла ўзгорыстую зямлю старажытных угра-фінаў,
некалі адабраную ў іх каварнымі вяцічамі. Вулічныя ліхтары не маглі справіцца з нябеснай вакханаліяй і выглядалі бездапаможнымі недагаркамі свечак у бялявых сполахах нетутэйшай, тагасветнай электразваркі. Вятры ўсяго свету, як звар’яцеўшы, насіліся па пляцах і вуліцах спусцелага горада. Падавалася, што ўсемагутны і абыякавы да лёсаў людзей Зваршчык вырашыў нарэшце выпаліць па контуры гарадскіх межаў ненароджаны Трэці Рым і, адбіўшы акаліну малатком, закінуць яго на змрочны сметнік сваіх няўдалых праектаў. Вятры, якія атрымалі поўную волю, шалелі, нібы пачуўшы кроў найміты, што ўварваліся ў пераможаную крэпасць. У паветры лёталі, нібы зрыўкі газет, вялізныя рэкламныя шчыты, падалі тралейбусныя прыпынкі, пінгвінападобныя ўрны і выдраныя з коранем дрэвы. Месцамі легкавыя машыны куляліся і скакалі па пляцах, як валаны перакаці-поля ў стэпу. 3 Вялікага тэатра злупіла дах і, скруціўшы яго ў вялізныя рулоны, расшпурляла ў розныя бакі. Старажытнымі клёнамі, што раслі на ўзбярэжнай, навыбівала вялізныя драконавыя зубы Крамлёўскай сцяны, і яны валяліся ля ейнага падножжа бясформеннымі рудымі грудамі. Асабліва жахлівую карціну ўяўлялі сабою старыя сталічныя могілкі. Векавыя дрэвы былі вывернутыя, агаляючы спарахнелыя труны, пабураныя імі надмагіллі і крыжы ператварыліся ў груды бітага мармуру і граніту, спярэшчаныя пазалочанымі аскепкамі эпітафій. Прах з пабітых пахавальных урнаў, змяшаўшыся з дарожным пылам, разляцеўся навокал і, змыты дажджом, сцякаў папяліста-жоўтымі струменямі ў гарадскую каналізацыю, палохаючы несмяротныя душы.