Цень гобліна
Валерый Казакоў
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 420с.
Мінск 2008
Якія людзі ў нашых лабірынтах! расхінуўшы сяброўскія абдымкі, не спяшаючыся пайшоў насустрач госцю гаспадар кабінета.
Спадзяюся, не ў абдымкі самога Кентаўра я так неабдумана крочу?
Ды кінь ты, якія тут Кентаўры? Часіны не тыя.
I слава богу, што не тыя, а то б мяне з вашых лабірынтаў гэтак гадкоў праз дзесятак, мабыць, толькі і выпусцілі б.
Ну, дзесятак не дзесятак, а пяцёрачку мы б табе за мілую душу ўпаялі, задаволены сабою, хахатнуў Васіль Васілевіч. Прысаджвайся. Што будзем піць? Гарбата? Кава?
Калі можна, чайку, зялёненькага.
Альберт Ноевіч ніколі не адмаўляўся ад пачастункаў у кіруючых кабінетах. За гарбатай і лад, і тон гутаркі зусім па-іншаму ішоў, ды і падрахунак, як правіла, дадатным вытанцоўваўся. А з яго цяперашняй прапановай
і наогул патрэбна было не гарбату, а сёе-тое паістотней наліваць. Па шматгадовым досведзе ён знаў: тонкія гутаркі трэба пачынаць здалёку, без залішняга ціску. Чыноўнік, ён як трапяткая казуля: калі што ў самім пачатку пачуе, ноздры раздзьме, вушамі застрыжэ, усё, пішы прапала, сарвецца, і ўсе падыходы і падводкі сабаку пад хвост, пасві потым іншага. Гэта добра, калі яшчэ проста сарвецца, а калі па начальстве тэлефанаваць пачне? Зусім дрэнь. Так што ў падобных справах, як гаварылі дасведчаныя людзі, «спяшацца не трэба, да?».
Госць відавочна не прыспешваў. Размову пачаў з традыцыйнага рытуалу. Спакваля, як быццам між іншага, але так, каб бачыў гаспадар, прасунуў пад разгорнутую на стале газету пульхны даўгаваты канверт і выразна паказаў чатыры пальцы, што адпавядала парадкаваму нумару бягучага месяца. Дачакаўшыся ўхвальнага кіўка пастрыжанай пад вожык сівой галавы, Альберт Ноевіч пусціўся ў вялізныя разважанні аб нягодах і цягатах «царовай службы», аб неахайных службоўцах, асабліва на месцах, якія зусім спаясаліся без кіруючага нагляду.
Ноевіч, падсоўваючы госцю гарбату і праводзячы злёгку хістлявую і таму яшчэ больш апетытную попку сакратаркі, перапыніў яго Васіль Васілевіч, кінь ты гэтыя падводкі, не першы дзень знаёмыя... Я ж бачу, што нейкую важную інфармацыю прынёс. Чаго стамляеш? Выкладвай.
Ну, ужо я і не ведаю, наколькі яна важная, у цябе ж цэлая служба, і так, нябось, усё ведаеш...
He выключаю. Але, як прафесіянал, я кожнаму новаму гуку рады. Ды і потым дублюючы сігнал з іншай крыніцы толькі пацвярджае праўдзівасць наяўных звестак. Гэта аксіёма спецслужб.
Ты ж ведаеш, у мяне шырокі круг знаёмых і прыяцеляў, дык вось адзін з гэтых, Альберт паказаў пальцамі традыцыйную блатную «казу», па п’янцы прабрахаўся, што цесна сябруе з адным з вашых супрацоўнікаў у Тарабарскай губерні і можа вырашыць праз яго любыя пытанні.
Інфармацыя гэтая была поўным трызненнем. Наадварот, менавіта з-за нязгодлівасці службоўца і было прынята нейкай групай таварышоў рашэнне прыбраць яго і паставіць свайго чалавека. Дзіўна, але падонку сярод нас жыць чамусьці заўсёды лягчэй, чым сумленнаму чалавеку. Адвечнае пытанне, адвечная праблема белага і чорнага, аднак свет з кожным тысячагоддзем святлей не становіцца. Вось і жывем мы шэрымі ў шэрым вымярэнні, і гэта ўсё ж спакайней, чым белымі варонамі. Доктар Гебельс у свой час вельмі ўдала зазначыў, што чым жахлівей хлусня, тым у яе ахвотней вераць людзі.
Ды ты што?! Вось сучаня... узбуджана ўскочыў са свайго месца генерал. А якім ідэйным прыкідваецца... Ён мне даўно не падабаецца. Інфармацыю, патрэбную для працы, палкай прыходзіцца выбіваць. «Не мая гэта справа, не мая гэта справа». Ну я яму цяпер устрою справу! Хоць гэтым, ён ткнуў вялікім пальцам у столь, ён чамусьці падабаецца. Слухай, ты мне гэтую сувязь хоць як, але задакументаваць павінен, зразумеў?
Складана будзе, блатныя пад пратакол не гавораць, а ў лазню і па бабах яны разам, наколькі я ведаю, не ходзяць. Тут іншая ідэя ёсць: калі ён табе не падабаецца і ты лічыш яго нявартым высокага звання дзяржаўнага чалавека, я магу ўстроіць пару публікацый у сталічных газетах. Можа аірымацца круцей банальных фотак, ды потым і рэзананс, сам разумееш... Маскоўская газета ёй у нашых месцах веры пабольш, чым нейкай аператыўнай інфармацыі.
Песня! Давай, рабі, а мы яшчэ падможам. Падзбіраем тое-сёе. Верхні наш любіць чытаць газеты і глядзець тэлік. Да яго нашыя інфармашкі толькі з трэцяга разу даходзяць, а вось газетная херня адразу балюча б’е па самалюбстве. Усё, вырашылі: ты са свайго боку, я са свайго, эфект, упэўнены, будзе бранябойны. Чалавечка туды трэба ўжо цяпер падабраць талковага, Васіль Васілевіч задумаўся. А можа, у цябе кандыдатура ёсць?
Альберт Ноевіч ведаў: назаві ён зараз прозвішча і ўсё, канец добра пачатай авантуры, на якой ён ужо цяпер зарабіў тысяч трыста зялёненькіх, бясталентна лопне. Аднак і ініцыятыву выпускаць са сваіх рук было нельга.
Адкуль у мяне такога маштабу людзі? Гэта твае вышыні. Mae чаго дазволіце, падай, прынясі. Наогул, калі давяраеш і даеш даручэнне, магу заняцца падборам чалавека. Толькі адразу дамовімся: я падбіраю і перадаю табе яго са ўсімі трыбухамі, і больш ніякага дачынення да яго не маю, а то я вашыя замашкі ведаю: як ні імкніся, усё роўна крайнім застанешся. Вядома, Васіль, лепш бы ты сам паглядзеў, ужо вельмі адказная пасада...
Я што так, што гэтак пагляджу. Разам папрацуем. Можа, і да кансэнсусу прыйдзем, скрывіўшы ў яхіднай усмешцы рот, Васіль Васілевіч лёгенька папляскаў па газеце, пад якой быў прыхаваны ўвесяляльны ягоную душу канверт.
Васілевіч, тут ніякіх праблем не будзе. Важна, каб справа не пакутавала, камень, які да гэтага моманту ціснуў на сэрца Альберта Ноевіча, зваліўся. Ён, прызнацца, не чакаў такога хуткага рашэння аднаго з самых цяжкіх, мабыць, даручэнняў свайго боса. Усярэдзіне ўсё радавалася і спявала: кіраўніцтва адпусціла на аперацыю «лімон зялёненькіх», па палавінцы за мес-
ца, і тое, што мінімум семсот ён зможа безбалюча прыкарманіць, Ноевіч не сумняваўся. Пры ўсёй унутранай радасці ягоны твар выяўляў заклапочаную прастрацыю.
Ты чаго скіс, сябар мой неацэнны? Добрую, a галоўна правільную справу зрабілі, можна сказаць, здрадніка ў сваіх шэрагах абясшкодзілі, і прытым граматна, праз трэція рукі прыбярэм яго, я асабіста ў гэтым не сумняваюся.
Ды я ўжо над тваім даручэннем думаю. Адказнасць вар’яцкая, ты ж ведаеш, я фанат сяброўства, і падводзіць сяброў не ўмею...
Кінь ты, Альберт, дурніцай маяцца! Ды калі б я цябе сваім не лічыў, хіба ж нашыя адносіны былі б такімі адкрытымі і чыстымі? генерал шматзначна кіўнуў на сцішаны пад газетай канверт. Я, Альберт, усё памятаю і за дабро заўсёды плачу дабром...
Іхняя гутарка была перарваная ўладным званком чырвонага тэлефона, на якім замест кнопак або дыска набору красаваўся вялікі двухгаловы арол, уваскрэслы знак замучанай папярэднікамі Васіля Васілевіча Расійскай імперыі. Падавалася, што пазалочаная птушка з манаршай нянавісцю пазірала на свайго новага служку.
Васіль Васілевіч жыў суччыным жыццём, іншага яму не было адпушчана...
АБІБОКІ
Часта ўвосень, калі ідуць бясконцыя дажджы, калі нізкія аблокі, чапляючыся адно за адно, паўзуць бясконцымі статкамі, а рэдкія, прыглушаныя пробліскі сонца нечакана ўспыхваюць у мільярдах дробных і бялявых, як макавыя зерні, расінках, раптам нараджаюцца абібокі спакойныя, марудлівыя, можа, дзесьці гультаяватыя развагі аб усім і ні аб чым.
Па-беларуску гэтае слова і азначае «гультай, сузіральнік». Мне падаецца, як бы актыўна ні жыў чалавек, ён усё роўна застаецца абібокам свайго жыцця, яму заўсёды ёсць што сказаць, без надрыву, без паспеху, сказаць, як убачылася, як падумалася галоўнае не празяваць гэты шчаслівы час...
*
Зверху віселі прагнутыя ад нашых грахоў чорныя нябёсы. Унізе па шчыкалатку хлюпала агідная гразь восеньскай палявой дарогі. Змрочная імгла паступова згушчалася, і толькі там, удалечыні, на захадзе, бліскацела вузкая і драпежная, як лязо нажа, палоска адыходзячага захаду.
У душах, як у паўпустых пляшках, бультыхалася нявызначанасць. Яе алюмініевы прысмак у роце паказваў
найвысокую ступень стомленасці. Целу не менш за душу неабходны быў адпачынак.
*
Ці патрэбна чалавеку ўлада? Каварнае пытанне. Чалавек нараджаецца сілай улады, дадзенай мужчынам і жанчынам адно над адным. Пазней ён паступова спасцігае законы ўлады і, калі ўлада не становіцца самамэтай чалавека, а раствараецца ў ім, не сціскае рухаў думак, яна ў яго ёсць. Аб тым, што ёсць, як правіла, не пытаюць. Сцеражыцеся тых, хто задае вам падобныя пытанні.
*
Чым даўжэй жыву, тым часцей сумняваюся. Складаныя філасофскія развагі рассыпаюцца па пыльных, мала чытэльных кнігах і паступова забываюцца. Просты ўздых каханай жанчыны ператвараецца ў каскад складаных лагічных пабудоў і, у залежнасці ад адценняў гэтага паветра, нас кідае ў маркоту або, наадварот, напаўняе душу і цела нязломнай сілай і святлом.
Я жыву, каб кожны дзень спасцігаць глыбіню гэтай прастаты.
*
У маёй дачкі ёсць любімы вецер, ён жыве ў жытнім полі, дзе наліваецца колас і буяе жыццё. Я гэтага не ведаў, пакуль не ўбачыў іх разам на фотаздымку. Яны, абняўшыся, глядзелі на мяне яе вачыма.
*
Душа ўжо адляцела, а страх ліпкім потам яшчэ доўга бліскацеў на схаладзелым ілбе. Дзіўна, але менавіта страх пакідае нас апошнім. Да чаго ж ён уеўся ў нашае цела...
*
Горная рака нясецца так хутка, што час за ёй не паспявае, можа таму людзі на яе берагах па ранейшаму жывуць у каменным веку. Ім пашанцавала.
*
Навідавоку ва ўсіх вецер забіў некалькі дрэў, але мы гэтага не заўважылі, таму што сусвет мурашкі, па словах Альбера Камю, адрозніваецца ад сусвету коткі.
*
На кангрэсе гуманістаў усе гаварылі аб вечных каштоўнасцях і непераходных дасягненнях прагрэсу. Доўга не вытрываў, заснуў. Прысніўся кашмар: мёртвыя судзілі мёртвых. Падсудных некалькі тысяч, усе найвялікшыя навукоўцы, стагоддзямі рухалі сусветную навуку, пацярпелых мільёны мільёнаў, іх забіў плён адкрыццяў. Прачнуўся, а кангрэс працягваўся.
*
Выйшаў у змярканні на лясную паляну і аслупянеў. Насупраць мяне стаяў здаравенны замшэлы пень, у профіль падобны да Троцкага. He ведаю, прырода з намі жартуе або мы навязваем ёй свае выявы, але хтосьці ж назваў гэтае месца яшчэ ў сямнаццатым стагоддзі Давыдкаў бор.
*
Радасць прыходзіць і сыходзіць, а гора застаецца з намі.