Чужаніца  Альбер Камю

Чужаніца

Альбер Камю

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 278с.
Мінск 1986
65.84 МБ
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Альбэр
Камю
ЧУЖАНІЦА
РАМАН, АПОВЕСЦЬ, АПАВЯДАННІ
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1986
ББК 84.4ФР
К 18
Пераклаў з французскай мовы
ЗМІЦЕР КОЛАС
Пераклад зроблены з выданняў:
Camus A. L’etranger.— Paris: Gallimard, 1962,— 179 p.
Camus A. La chute — Paris: Gallimard, 1979.— 156 p.
Camus A. L’exil et le royaume.— Paris: Callimard, 1966.— 188 p.
4703000000—064
K M 302(05)—86 178~86
©Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1986.
АДЗІНСТВА ЦІ АДЗІНОТА?
4 студзеня 1960 года па дарозе ў Парыж на вялікай хуткасці неслася машына спартыўнага Tu­ny. Ішоў дождж. Раптам аўтамабіль занесла, вадзіцель не справіўся з кіраваннем, і машына вылецела на абочыну і ўрэзалася ў магутны платан. Так нечакана абарвалася жыццё выдатнага літаратара і філосафа Альбэра Камю. 3 дня прысуджэння яму Нобелеўскай прэміі прайшло два гады два месяцы два тыдні і тыя няпоўныя чатыры дні новага года, які аказаўся апошнім радком у пісьменнікавай біяграфіі. Увесь гэты час Камю маўчаў, у часопісах і газетах друкаваліся толькі рэдкія яго інтэрв’ю. Але наўрад ці можна казаць пра нейкі крызіс, які нібыта ўласцівы творчасці пісьменніка пяцідзесятых гадоў. Калі ўлічыць, што ў гэты перыяд Камю ў асноўным прысвяціў сябе тэатральнаму мастацтву, дзе выступаў і як аўтар, і як апрацоўшчык, і як рэжысёр, і як актор, калі ведаць, што некалькі месяцаў перад гібеллю ён працаваў над кнігай «Апошні чалавек», якую называў сваёю «Вайной і мірам», «раманам сваёй сталасці», то трэба прызнаць, што апошнія гады жыцця пісыменніка былі не крызісам, а бадай зацішшам перад бурай...
Альбэр Камю нарадзіўся 9 лістапада 1913 года ў маленькім гарадку Мандові на поўначы Алжыра. Яго дзяцінства прайшло ў беднасці і нястачы, бо бацька загінуў у самым пачатку першай сусветнай вайны ў бітве на Марне, а той пенсіі, якую атрымлівала сям’я за забітага кармільца, хапала зусім не намнога. Неўзабаве Альбэр з маці і старэйшым братам пераязджае жыць да сваёй бабкі ў прадмесце алжырскай сталіцы Белькур. Тут ён пайшоў у пачатковую школу і праз пяць гадоў скончыў яе на «выдатна». На гэтым, бадай, адукацыя хлопчыка са згалелай сям’і і скончылася б, каб не яго школьны настаўнік, сам былы ўдзельнік баёў на Марне, які дамогся Камю стыпендыі ў адным з найлепшых ліцэяў Алжыра. Апынуўшыся за ліцэйскай партай, Альбэр пачынае прагна чытаць, ён захап-
ляецца Жыдам і Ніцшэ, Мальро і Прустам, Дастаеўскім, антычнымі аўтарамі, вывучае Біблію... У апошнім класе ліцэя Камю сур’ёзна зацікавіўся філасофіяй. Гэтаму нямала паспрыяла знаёмства хлопца з маладым ліцэйскім выкладчыкам філасофіі і літаратуры Жанам Грэнье.
У 1932 годзе будучы пісьменнік паступае ў Алжырскі універсітэт, дзе вывучае пераважна філасофію. Каб мець магчымасць займацца любімаю справай, ён вымушаны адначасова працаваць — спачатку ў параходнай кампаніі, потым у прзфектуры, на універсітэцкай метэастанцыі, ён дае ўрокі, гандлюе запаснымі часткамі да аўтамашыч. У гэты ж час, па парадзе Грэнье, Камю пачынае рабіць дзённікавыя запісы, піша свае першыя нарысы і эсэ. Знаёмячыся з творчасцю Жыда, Кафкі, Мальро, Мантэрлана, з творамі Кьеркегора, Хайдэгера і Шапенгаўэра, Камю паглыбляецца ў свет экзістэнцыялісцкай філасофіі. якая адкрывае яму абсурднасць чалавечага існавання. Гэтая абсурднасць тлумачыцца перш за ўсё хуткай мінучасцю ўсяго ў гэтым свеце — непазбежнасцю смерці. Які можа быць сэнс, якая мэта ў жыцця, калі канец заўсёды адзін? I смерць уяўляецца маладому студэнту не нечым аддаленым і няпэўным, ён паспеў ужо адчуць яе подых, яшчэ ў ліцэйскія гады цяжка захварэўшы на сухоты, якія так і не пакінулі яго да астатняга дня. Камю шукае нейкага выйсця, прагне шчасця і, рашуча адмаўляючыся ад хрысціянскай абяцанкі замагільнага жыцця, вырашае, што адзіны спосаб напоўніць сэнсам жыццё зямное — гэта бунт. Абсурдны бунт супраць смерці. На думку Камю. чалавек павінен адмовіцца ад фармальнай маралі грамадства. зліцца з прыродай, з морам і сонцам, жыць натуральна.
У 1936—1938 гадах Камю працуе над сваім першым вялікім творам — раманам «Шчаслівая смерць». Яго галоўны герой, Патрыс Мэрсо,— дробны алжырскі службовец, які па восем гадзін на дзень вымушаны аддаваць нуднай працы, каб зарабіць грошай на жыццё. Мэрсо жыве машынальна, кожны дзень у яго падобны на іншыя. Але яго душа імкнецца да шчасця, Патрыса вабяць мора і сонца.
Скончыўшы працу над першым раманам, Камю адмаўляецца ад яго публікацыі. Цяжка сказаць, што прымусіла аўтара прыняць такое рашэнне. Можа быць, тое, што, як меркавалі адны, твор меў пэўныя кампазіцыйныя хібы, ці тое, што, на думку другіх, ён быў выцеснены ў творчым уяўленні пісьменніка «Чужаніцай», задума якога выспела ўжо ў 1937 годзе. Так ці інакш, але сваім адмаўленнем
друкаваць рамап малады Камю паказаў, наколькі сур’ёзна і прыдзірліва ён ставіцца да сваёй творчасці.
У 1937 годзе Камю абараняе дыплом. Але яго здароўе зноў пагаршаецца і не дазваляе яму ўдзельнічаць у конкурсных экзаменах. Ад кар’еры выкладчыка філасофіі ён вымушаны адмовіцца. Камю пачынае супрацоўнічаць у левай прэсе, выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі, вядзе падрыхтоўчую працу да «Чужаніцы». У Еўропе разгараецца вайна. Толькі хвароба прымушае пісьменніка застацца ў Алжыры і не паехаць у Іспанію змагацца з фашызмам. У матэрыялах, што друкуюцца на старонках газет «Альжэ рэпублікен» і «Суар рэпублікен», Камю звяртаецца да ўрадаў еўрапейскіх краін, каб яны спынілі варожыя дзеянні, патрабуе «права абараняць чалавечую праўду» і заклікае сваіх чытачоў «не спаць, як і Хрыстос у Гефсіманскую ноч», не заплюшчваць вачэй на жахлівую і горкую рэальнасць, бо «веліч чалавека, яго годнасць, сіла і шчасце — у яго барацьбе з недаступным і нечалавечным. Ад лёсу няма чаго чакаць — усё ў руках чалавека». Але на газеты пачынае нападаць ваенная цэнзура. Камю абвінавачваюць у падрыўной дзейнасці і сімпатыі да камуністаў, не раз яго выклікаюць у штаб вайсковай акругі, прэфектуру і мэрыю, дзе папракаюць за «адсутнасць патрыятызму», спрабуюць напалохаць або падкупіць. Але таленавіты журналіст не здаецца. I тады французскія каланіяльныя ўлады забараняюць выпуск спачатку «Альжэ рэпублікен», а праз некалькі месяцаў — «Суар рэпублікен», у якой галоўным рэдактарам быў Камю.
У пошуках працы пісьменнік вымушаны паехаць у Парыж, дзе ў маі 1940 года, перад самай акупацыяй Францыі нацысцкімі войскамі, канчае працу над «Чужаніцай». У акупаваным Парыжы кніга выклікала выбух, шум якога не аціх і дагэтуль. Пра яе ўжо пісалася ў дзесятках, а можа, і сотнях артыкулаў і манаграфій, яе называлі і «найлепшым раманам пакалення Камю», і «адным з найбольшых міфаў у мастацтве гэтага стагоддзя», і нават — «адным з найболып прывабных, пераканаўчых і найлепшым чынам пабудаваных раманаў у сусветнай літаратуры». Твор падзяляецца на дзве абсалютна роўныя часткі і мае тры полюсы — тры смерці: у пачатку — смерць пані Мёрсо, маці галоўнага героя; у сярэдзіне — забойства араба, што з’яўляецца нібыта цэнтральнаю воссю, па якой мяняюцца знакі і пераварочваецца ўся плынь рамана і жыцця яго персанажаў; і ў канцы — смяротны прысуд. У першай частцы паказана жыццё Мёрсо — такое, як ён яго жыў, кі-
руючыся толькі сваімі фізічнымі (або — фізіялагічнымі) патрэбамі і не прымаючы ніякіх маральных нормаў. У другой — тое самае жыццё, тыя самыя факты з пункту погляду маралі, прынятай чалавечым грамадствам, У рамане сутыкаюцца два лады, два спосабы жыцця — «натуральны» і «машынальны», тут змагаюцца дзве праўды — спрадвечная праўда прыроды і фармальная праўда маралі. Носьбіт першай Мёрсо зліўся з прыродай і жыве па яе законах, ён выпаў з грамадства. Яго дзівяць тыя істоты, якія жывуць паводле «ўмоўных правілаў»: лялька-Перэс, які падчас пахавання рабіў усё, «як трэба», пакуль «не зламаўся»; жанчына-аўтамат, якая нягледзячы на тое, што месца за столікам пустое, пытаецца, ці можна ёй сесці, і, не задумваючыся, пазначае крыжыкамі амаль усе радыёперадачы ў газеце; прысяжныя на «трамвайнай лаўцы», што як заведзеныя круцяць галовамі і веерамі... Ен не разумее, чаму нельга выпіць кавы ці пакурыць каля труны маці-нябожчыцы, навошта трэба імкнуцца да кар’еры, чаму варта казаць няпраўду, каб апраўдацца. Ён жыве нібыта ў іншым свеце, а гэтаму свету ён — чужаніца. Аўтар дасягае стэрыльнай чысціні, пазбаўляючы Мёрсо ўсякіх маральных пачаткаў. Калі яго герой стамляецца — ён спіць, яму горача — ён плавае ў моры, бачыць прыгожае цела Мары — у ім запаляецца жаданне. Усё ідзе нібыта добра, пакуль плоскасці двух светаў не перасякаюцца, пакуль не парушаецца іх раўнавага, не ўваходзяць у сутыкненне сонца і чалавек. Прычынай забойства, якое зрабіў Мёрсо, было сонца. Але хто можа ў гэта паверыць? Суд шукае прычыну ў самім чалавеку і знаходзіць яе. Тое, што было герою рамана натуральнае, у вачах суддзяў выглядае жахам. Пракурор называе Мёрсо «амаральнай пачварай», якая «пагражае пагібеллю ўсяму чалавецтву», і патрабуе яго галавы. Але што лепей — «амаральная пачвара» ці «пачварная мараль»? Што болып пагражае чалавецтву? Урэшце, тут можна было б паставіць знак тоеснасці, каб Мёрсо судзілі сапраўды за забойства, але ж галоўная яго віна, як высвятляецца на судзе, у тым, што ён «купаўся ў моры» і «хадзіў у кіно з жанчынай»... I тут можна засумнявацца: ці можна называць «амаральнай пачварай» чалавека, які не прымае «пачварнай маралі»? Але Мёрсо не хоча апраўдвацца. Пільна гледзячы смерці ў вочы, ён разумее, што сам будаваў свой лёс. «Ад мяне патрабуюць плаціць,— кажа ён,— і я плачў. Больш ад мяне патрабаваць не могуць нічога». Мёрсо жыў сваім жыццём, і ў гэтым яго шчасце, ад якога ён не хоча адмаўляцца і за якое гатовы памерці.
Раманам «Чужаніца» Камю выказаў думкі цэлага пакалення, якое страціла веру ў ілжывую, гнілую мараль, якая за нейкія трыццаць гадоў дапусціла дзве самыя крывавыя вайны ў гісторыі чалавецтва. Гэтым творам пісьменнік завяршыў першы цыкл сваёй творчасці, які сам называў цыклам абсурду.
3 пачаткам вайны Камю выпраўляе свой прынцып «уседазволенасці дзеля шчасця». Ён піша: «Быць шчаслівым, калі чалавецтва пакутуе — амаральна», нельга шукаць шчасця за кошт другіх, У 1942 годзе Камю пачынае працу над раманам «Чума». Вайна і набыты літаратурны вопыт прымушаюць пісьменніка стаць на пазіцыю барацьбы са злом адмовіцца ад бяздзейнасці і абыякавасці чужаніцы. Ён уваходзіць у рух Супраціўлення, робіцца адным са стваральнікаў і галоўным рэдактарам падпольнага органа гэтага руху — газеты «Камба». I перамена ў свядомасці аўтара знаходзіць увасабленне ў яго новым творы.
Раман «Чума» напісаны як хр