Чужаніца
Альбер Камю
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 278с.
Мінск 1986
е Масон сказаў, што нічога дзіўнага тут няма — снедаць трэба тады, калі хочацца есці. Мары гэта чамусьці рассмяшыла. Па-
мойму, яна проста выпіла лішку. Тады Масон запытаўся, ці не хачу я крыху прайсціся па пляжы.
— Жонка ў мяне заўсёды любіць трошкі адпачыць пасля снедання. А я дык не магу — мне трэба хадзіць. Я заўжды кажу ёй, што гэта лепш для здароўя. Але ўрэшце — ёй самой вырашаць.
Мары сказала, што застанецца дапамагчы пані Масон памыць посуд. А вясёлая парыжанка заявіла, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба выставіць мужчын прэч. I мы ўтрох пайшлі.
Сонца было ў зеніце і бязлітасна паліла пясок, бліскі промняў на хвалях рэзалі вочы. На пляжы ўжо нікога не было. 3 хат, якія купіліся на краі пагорка, павісаючы над морам, даносіўся бразгат талерак, відэльцаў і нажоў. Ад спякотнага подыху камянёў, які падымаўся з зямлі, дыхаць было амаль немагчыма. Раймон з Масонам гутарылі пра нейкія справы, пра людзей, якіх я не ведаў, і я зразумеў, што яны даўно ўжо знаёмыя і нават жылі некалі разам. Мы рушылі да вады і потым пайшлі па беразе. Часам нейкая крыху мацнейшая хваля абдавала нашы палатняныя чаравікі пырскамі. Я ўжо ні пра што не думаў, спякотнае сонца паліла маю непакрытую галаву, і мяне хіліла на сон.
У гэты час Раймон нешта сказаў Масону. Я недачуў, але адначасна заўважыў, як вельмі далёка, на другім канцы пляжа, узніклі два арабы, абодва ў сінім. Яны набліжаліся. Я зірнуў на Раймона, і ён сказаў: «Гэта ён». Мы па-ранейшаму ішлі наперад. Масон здзівіўся — як гэта ім удалося дапільнаваць, што мы тут. Я падумаў, што яны, відаць, бачылі, як мы сядалі ў аўтобус з пляжнымі торбамі, але нічога не адказаў.
Арабы ішлі марудна, але былі ўжо намнога бліжэй. Мы не запавольвалі хады, і Раймон сказаў:
— Калі пачнецца бойка, ты, Масон, займіся дру-
гім. Пра свайго малойца я паклапачуся сам. А калі з’явіцца трэці — гэта ўжо твой, Мёрсо.
Я сказаў: «Добра». Масон сунуў рукі ў кішэні. Мне здалося, што распалены пясок стаў чырвоны. Роўнай хадою мы набліжаліся да арабаў. Адлеі'ласць патроху скарачалася. Калі нас раздзялялі ўсяго некалькі крокаў, арабы спыніліся. Мы з Масонам замарудзілі крок. А Раймон пайшоў проста да свайго злосніка. Я не пачуў, што ён яму сказаў, але араб сагнуўся, нібы хацеў ударыць Раймона галавой. Тады Раймон ударыў першы і адразу клікнуў Масона. Масон падскочыў да другога і з усяе сілы ўдарыў яго два разы. Араб плазам упаў у ваду, уткнуўся тварам у дно і некалькі секунд ляжаў нерухома. Вакол галавы пузырыліся і лопаліся бурбалкі. Тым часам Раймон ударыў свайго ворага зноў, і па твары ў таго пацякла кроў. Раймон павярнуўся да мяне і сказаў: «Зараз ён у мяне ўбачыць!» Я крыкнуў: «Сцеражыся, у яго нож!» Але араб ужо разануў Раймона па руцэ і рассек губу.
Масон скочыў наперад. Але другі араб ужо падняўся і стаў за спіну таго, які быў з нажом. Мы не адважваліся варухнуцца. Яны паволі пачалі адступаць і ўвесь час пазіралі на нас, пагражаючы нажом. Калі адлегласць была ўжо даволі вялікая, яны павярнуліся і кінуліся наўцёкі. Мы па-ранейшаму нерухома стаялі пад сонцам, і Раймон заціскаў руку, з якой сачылася кроў.
Масон сказаў, што недзе побач ёсць доктар — ён кожную нядзелю прыязджае сюды адпачываць. Раймон захацеў адразу ж пайсці да яго. Але кожны раз, як ён разяўляў рот, каб нешта сказаць, вакол раны на губе пузырылася кроў. Мы ўзялі яго пад рукі і як мага хутчэй павялі ў Масонаву хату. Там Раймон заявіў, што раны ў яго неглыбокія і ён сам можа ісці да ўрача. Яны з Масонам пайшлі, а я застаўся, каб растлумачыць жанчынам, што здарылася. Пані Масон
плакала, Мары збялела. Мне было прыкра распавядаць ім усё гэта. I нарэшце я змоўк, запаліў цыгарэту і пачаў глядзець на мора.
А палове другой Раймон з Масонам вярнуліся. Рука ў Раймона была перавязаная, на губе ў куточку быў прылеплены пластыр. Доктар сказаў, што нічога страшнага няма, але выгляд у Раймона быў змрочны. Масон паспрабаваў яго рассмяшыць. Але ён нават не адгукнуўся і потым сказаў, што пойдзе на пляж. Я запытаўся — куды? Ён адказаў, што проста хоча падыхаць паветрам. Мы з Масонам заявілі, што пойдзем таксама. Тады Раймон ускіпеў і пачаў лаяцца. Масон сказаў, што цяпер яму лепш не пярэчыць — няхай сабе ідзе. Але я ўсё ж пайшоў за ім.
Мы доўга ішлі па пляжы. Сонца пякло невыносна. Яго промні секліся джгучымі стрэмкамі па пяску і па моры. У мяне склалася ўражанне, што Раймон ведае, куды ідзе, але я, вядома, памыляўся. Нарэшце, на самым канцы пляжа мы дадыбалі да маленькай крынічкі, якая выбівалася з-пад пяску ля высокай скалы. Там мы ўбачылі тых двух арабаў. Яны ляжалі на зямлі ў сваіх зашмальцаваных сініх робах. Выгляд у іх быў абсалютна спакойны і нават нібы задаволены. Калі мы падышлі, у паводзінах у іх нічога не змянілася. Той, што парнуў Раймона нажом, моўчкі глядзеў на яго. Другі найграваў на былінцы трыснёгу і скоса пазіраў на нас, увесь час выцінаючы з дудкі адны і тыя ж ноты, на якія яна была здольная.
Пэўны час наўкол былі толькі сонца і цішыня, якая парушалася адно цурчаннем крынічкі і трыма ноткамі трысняговае дудкі. Потым Раймон сунуў руку ў кішэню і дастаў рэвальвер. Араб не варухнуўся, і яны паранейшаму ўзіраліся адзін у аднаго. Я звярнуў увагу, што ў таго, які граў на дудцы, пальцы на нагах расстаўлены вельмі шырока. Тут, не зводзячы вачэй са свайго ворага, Раймон спытаў:
— Што, уходаць яго?
Я падумаў, што калі скажу не, ён толькі яшчэ больш распаліцца і тады ўжо пэўна стрэліць. Я прамовіў:
— Ён яшчэ нічога не сказаў. Стрэліць проста так было б, па-мойму, подла.
Скрозь спёку і цішыню да мяне зноў даляцеў шолах вады і дудкі. Потым Раіімон сказаў:
— Тады я зараз зняважу яго, а калі ён адкажа — прыб’ю.
Я адказаў:
— Слушна. Але пакуль ён не выцягне нож, страляць не варта.
Раймон пачаў патроху распаляцца. Другі араб усё найграваў, але абодва яны пільна сачылі за кожным Раймонавым рухам.
— He,— сказаў я Раймону.— Лепш сыдзіся з ім сам-насам, а рэвальвер аддай мне. Калі другі сунецца ці гэты выцягне нож, я яго палажу.
Раймон перадаў рэвальвер мне, і сонечны промень бліснуў на яго гладкай паверхні. Мы па-ранейшаму стаялі нерухома, нібы ўвесь свет самкнуўся вакол нас. He зводзячы вачэй з арабаў, мы пазіралі на іх, яны — на нас. I ўсё, здавалася, цяпер застыла — мора, сонца, пясок, падвойная цішыня дудкі і ручая. У гэтую хвіліну я падумаў, што, можа давядзецца стрэліць, а можа, і не давядзецца — якая розніца. Але арабы раптам падаліся назад і шмыгнулі за скалу. Тады мы з Раймонам павярнуліся і пайшлі дахаты. Яму нібыта палегчала, і ён сказаў, што трэба ісці на аўтобус і вяртацца ў горад.
Я правёў яго да Масонавага катушка, і ён па драўняных сходках падняўся да дзвярэй. Я застаўся ўнізе: у галаве ўжо гуло ад спёкі, і ў мяне не было ніякай сілы адолець тыя некалькі прыступак ды пасля яшчэ гаманіць з жанчынамі. Але сквар быў такі, што ста-
яць нерухома пад асляпляльным вогненным дажджом, які шугаў з неба, было таксама немагчыма. Зрэшты, чакаць на месцы ці хадзіць — было ўсё роўна. Я пастаяў хвіліну, потым павярнуўся і пайшоў на пляж.
Гэтаксама блішчаў да чырвані распалены пясок. Нібы ў задышцы, мора лізала бераг языком сваіх шпаркіх кароткіх хвалек. Я паволі ішоў да скал і адчуваў, як галава пухне ад сонца. Спёка прыціскала мяне да зямлі, не пускала далей. Яе задушлівы подых апаляў мне твар, але кожны раз я сцінаў зубы, сціскаў кулакі ў кішэнях, напружваўся ўсім целам, каб перамагчы бязлітаснае сонца і п’яную затлуму, што агортвала мяне з усіх бакоў, і ішоў. Кожная пясчынка, кожная збялелая пад сонцам ракавінка ці асколак шкла кідалі ў мяне балючыя дзіды святла, і мае сківіцы яшчэ больш сціскаліся. Я ішоў доўга.
Воддаль паказалася цёмная веліч скалы, вакол яе зіхцела зыркае кола святла і вадзянога пылу. Я падумаў, што за скалой цячэ сцюдзёная крынічка. I мне захацелася зноў пачуць яе шэпт, схавацца ад сонца, стомы, жаночых слёз, знайсці нарэшце цень і адпачынак. Аднак, калі я падышоў бліжэй, я ўбачыў, што Раймонаў злоснік ізноў ляжыць там.
Ён быў адзін. Ён ляжаў на спіне, сунуўшы рукі пад голаў, тварам у ценю і ўсім целам на сонцы. Над сіняю робай ад спёкі ўздымалася пара. Я крыху здівіўся. Я думаў, што справа ўжо скончаная, і калі ішоў сюды, да крыніцы, зусім пра гэта не думаў.
Калі ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся і сунуў руку ў кішэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, які ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкінуўся на спіну, але рукі з кішэні не выняў. Я быў ад яго даволі далёка, метраў, мусіць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазірае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекі. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналі скакаць прад маімі вачыма
ў гарачым паветры. Хвалі плёскаліся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўдні. Вакол былі ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены бліскучы пясок. Вось ужо дзве гадзіны, як дзень застыў, не маючы сілы зрушыць далей, дзве гадзіны, як ён кінуў якар у неабсяжным акіяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, і краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.
Я падумаў, што варта мне толькі павярнуцца і пайсці, і ўсё на тым скончыцца. Але ўвесь спякотны пляж стоўпіўся за мною, дрыжаў на сонцы і не пускаў назад. Я ступіў некалькі крокаў да крыніцы. Араб не варухпуўся. Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усміхаецца. Я счакаў. Сонца паліла шчокі, я адчуваў, як пот буйнымі кроплямі сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калі я хаваў маму, як і тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялі і шалёна пульсавалі. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкі і зрабіў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калі зраблю адзін крок. Але я зрабіў гэты крок, адзін толькі крок наперад. I тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож і выставіў яго перада мной на сонцы. Прамень бліснуў па сталі і ўеўся мне ў лоб доўгім іскрыстым лязом. У тое ж імгненне пот рынуў з броваў, заліў павекі, захінуў іх цёплай вільготнай смугой. Вочы аслеплі пад салёным покрывам слёз. Я нічога не адчуваў, адно сонца ў галаве біла ў свой раз’юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клінок рассякаў мае вейкі, працінаў спакутаваныя вочы. I тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкі, гарачы ўздых. I мне падалося, што неба расчынілася на ўсю шырыню і на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё
напялося ўва мне, рука сцісн