• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чужаніца  Альбер Камю

    Чужаніца

    Альбер Камю

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 278с.
    Мінск 1986
    65.84 МБ
    эсцьсот — за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю — карацей, на месяц выходзіла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзілася — ёй гэтага, бач, у абрэз, за такія грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: «А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавіла б мяне ад усіх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе і гарнітур не так даў-
    но купіў, i дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваімі сяброўкамі можаш піць. Кавай з цукрам яна іх частуе, бачыце! Я табе грошы даю, я табе ўсё, а ты мне што — нічога? Але працаваць яна так і не пайшла, адно дзяўбла мяне ды дзяўбла — не можа яна жыць па-людску, і ўсё тут. Ну, тады я і ўцяміў, што нешта тут, відаць, не чыста, махлярства нейкае.
    Раймон расказаў, што аднойчы знайшоў у яе ў сумцы латарэйны білет, а яна так ладам і не здолела растлумачыць, за якія такія грошы яго купіла. Пасля зноў — знайшоў квіток з ламбарда, а там напісана, што яна залажыла дзве бранзалеткі. Ён дык і ведаць не ведаў, што ў яе ёсць нейкія бранзалеткі!
    — Ну, тут ужо я адразу ўбачыў — круціць. I кінуў яе. Спачатку, праўда, адлупцаваў як след. I сказаў усё, што пра яе думаю. Табе, кажу, адно карціць — каб у ложку бавіцца з кім папала, шлюха ты, вось і ўсё. Разумееце, пане Мёрсо, так ёй і сказаў: «Я табе ўсё даю, а ты не бачыш нічога, не бачыш, як табе зайздросцяць усе, шчасцю твайму. А вось калі зразумееш, якое шчасце ў цябе было, дык позна будзе».
    Ён збіў яе да крыві. А раней ніколі не біў.
    — Ну, лупцаваў, бывала, але так — любячы, як той казаў. Павішчыць трошкі. А я аканіцы зачыню, і на тым, як звычайна, усё і скончыцца. Але таго разу — сур’ёзна было. Па-мойму, я слаба яшчэ яе пакараў.
    Ён сказаў, што менавіта таму і хоча са мною параіцца. Тут ён спыніўся і падкруціў кнот — газніца пачынала курэць. Я сядзеў, слухаў яго і піў віно. Я выпіў ужо амаль цэлы літр. У скронях монна пякло. Mae цыгарэтьі скончыліся, і я паліў Раймонавы. Па вуліцы праязджалі апошнія трамваі, зносячы прыціхлы шум вячэрняга прадмесця. Больш за ўсё ён сумаваў праз тое, што «ніяк не можа забыцца, як з ёй бы-
    ло прыемна ў ложку». Але ён павінен яе правучыць. Спачатку ён думаў завесці яе ў нейкі гатэль і выклікаць паліцыю нораваў — хай бы пачаўся скандал і яе запісалі, як прастытутку. Але потым вырашыў звязацца са сваімі знаёмымі — у яго ў тых колах ёсць сябры. Яны, праўда, нічога не выдумалі. «Ці ж варта наогул было пэцкацца з гэтым брудам»,— заўважыў Раймон. Ён так ім і сказаў. I тады яны параілі «размаляваць ёй пысу». Але гэта было зусім не тое, што ён хацеў. Трэба было прыдумаць што-небудзь іншае. Вось ён і надумаў папрасіць мяне,— можа, я чым дапамагу. Але спачатку ён хацеў ведаць, што я думаю пра ўсю гэту гісторыю. Я адказаў, што нічога пра яе не думаю, але, па-мойму, гэта цікава. Тады ён папытаўся, ці не бачу я тут якога ашуканства. На маю думку, ашуканства, відаць, сапраўды было. А як я думаю — слушна будзе яе правучыць? Вось што б я зрабіў на яго месцы? Я сказаў, што гэта цяжка сказаць — што б зрабіў я, але тое, што ён хоча яе правучыць, я разумею. Я выпіў яшчэ крыху віна. Ён запаліў цыгарэту і расказаў, што хоча зрабіць. Ён думаў напісаць ёй ліст, «каб задаць добрага дыхту, але каб там было і такое, што прымусіла б яе пашкадаваць». А пасля, калі яна вернецца, ён ляжа з ёй у ложак і «якраз у той самы момант» плюне ёй у твар і выганіць прэч. Я палічыў, што так яна сапраўды будзе добра пакараная. Але Раймон сказаў, што сам, бадай, не здолее скласці такога ліста, таму ён і падумаў — можа, я згаджуся напісаць. Я нічога не адказаў, і ён прапанаваў тады напісаць гэты ліст цяпер. Вядома, калі мне не цяжка. Я сказаў, што мне гэта не цяжка.
    Тады ён выпіў шклянку віна, устаў, адсунуў талеркі і рэшткі астылай крывянкі, якую мы не даелі, і старанна выцер цырату на стале. Потым дастаў з шуфляды ў начным століку лісток паперы ў клетачку, жоўты канверт, чырвоную драўняную ручку і канто-
    вую бутэлечку з фіялетавым чарнілам. Ён назваў прозвішча жанчыны, і я зразумеў, што гэта арабка. Я пачаў пісаць. Пісаў я трошкі наўздагад, але стараўся, каб Раймону спадабалася — у мяне ж не было ніякай прычыны пісаць так, каб яму не спадабалася. Потым прачытаў напісанае ўголас. Ён уважліва слухаў, курыў і ківаў галавой, потым папрасіў прачытаць яшчэ раз. Ліст яму вельмі спадабаўся, і ён сказаў:
    — Я заўсёды ведаў, што ты чалавек спрактыкаваны.
    Я спачатку не заўважыў, што ён перайшоў са мной на «ты». I толькі калі ён заявіў: «Цяпер я бачу, што ты сапраўдны сябар»,— мяне гэта ўразіла. Ён яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, і я адказаў: «Ага». Мне было ўсё роўна, сябар я яму ці не, але яму, відаць, вельмі гэтага хацелася. Ён запячатаў канверт, і мы дапілі віно. Потым яшчэ доўга сядзелі і курылі. На дварэ было ціха, пачуўся шолах аўтамабіля, які праехаў пад вокнамі. I я сказаў: «Позна». Раймон пагадзіўся. Ён адзначыў, што час бяжыць хутка, і, у пэўным сэнсе, меў рацыю. Мне хацелася спаць, але падняцца з крэсла было цяжка. Выгляд у мяне быў, відаць, змораны, бо Раймон сказаў, што не варта гэтак даваць волі нервам. Спачатку я не зразумеў. I тады ён растлумачыў, што ведае пра смерць мамы, але ўсё роўна — днём раней ці пазней — гэта павінна было здарыцца. I я таксама так думаў.
    Я ўстаў, Раймон моцна паціснуў мне руку і сказаў, што мужчына мужчыну заўсёды разумее. Выходзячы ад яго, я зачыніў дзверы і пэўны час стаяў на лесвіцы ў поўнай цемры. У доме было ціха, з глыбіні лесвічнай клеткі павяваў змрочны, вільготны ветрык. Я адчуваў, як у вушах у мяне тахкае кроў. Я стаяў нерухома. Але ў кватэры ў старога Саламано раптам глуха заскавытаў сабака.
    IV
    Увесь тыдзень шчыраваў у канторы. Прыходзіў Раймон, сказаў, што ліст ён ужо адаслаў. Два разы хадзілі з Эманюэлем у кіно. Ён не заўсёды добра разумее, што адбываецца на экране. Тады прыходзіцца яму тлумачыць. Учора была субота, і да мяне, як мы і дамаўляліся, прыходзіла Мары. Я адразу вельмі захацеўяе, бо на ёй была прыгожая сукенка у чырвоную і белую палоску і скураныя сандалі. Пад сукенкай угадваліся пругкія грудзі, і ад сонечнага загару твар быў прыгожы, як кветка. Мы селі ў аўтобус і паехалі за некалькі кіламетраў ад Алжыра на маленькі пляж, заціснуты паміж скал і з усіх бакоў зарослы чаротам. А чацвёртай гадзіне сонца пякло ўжо не так моцна, але вада была цёплая і плёскалася на бераг доўгімі ленаватымі хвалькамі. Мары навучыла мяне адной гульні. Калі плывеш, трэба з самага грэбеня хвалі ўхапіць глыток і набраць поўны рот шуму, а пасля — легчы на спіну і выпусціць яго ў неба. Тады ён разлятаецца пеністым веерам у паветры і знікае ці спадае цёплай імжой на твар. Але хутка ў роце ў мяне пачало пячы і на языку зрабілася горка ад марской солі. Мары падплыла, прыгарнулася да мяне ўсім целам і пацалавала ў вусны. Яе язык прыемна асвяжаў мне рот. Мы яшчэ крыху паплёскаліся на хвалях.
    Потым выйшлі на пляж і апрануліся. Мары глядзела на мяне бліскучымі вачыма. Я абняў і пацалаваў яе. Пасля мы больш не размаўлялі. Я прыціснуў яе да сябе, і мы заспяшаліся на аўтобус, каб хутчэй вярнуцца ў горад, прыйсці да мяне і кінуцца ў ложак. Я пакінуў акно адчыненае, і было прьіемна адчуваць, як летняя ноч абцякае нашы апаленыя сонцам целы.
    Ранкам Мары засталася ў мяне, і я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзіў у лаўку па мяса і, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы го-
    лас. Потым да нас данеслася бурчанне старога Саламано, які бэсціў сабаку, і мы пачулі, як па драўняных прыступках на лесвіцы прагрукаталі яго абцасы і сабачыя пазуры. Знізу зноў данеслася: «Свалата, падла»,— і яны выіішлі на вуліцу. Я расказаў Мары пра старога, і яна пасмяялася. Яна сядзела ў маёй піжаме з падкасанымі рукавамі. I калі яна засмяялася, мне захацелася яе зноў. Потым яна спытала, ці кахаю я яе. Я адказаў, што гэта, па-мойму, не мае ніякага значэння, але, здаецца, не кахаю. Твар у яе пасумнеў. Але потым, калі я рабіў сняданак, яна зноў смяялася — проста так, без усялякай прычыны, і гэта было так прыгожа, што я зноў пацалаваў яе. У гэтую хвіліну ў Раймонавым пакоі ўзняўся гвалт.
    Спачатку мы пачулі пранізлівы жаночы крык і потым голас Раймона:
    — Ты мяне зняважыла, ты зняважыла мяне! Я цябе навучу, як мяне зневажаць!
    Пачуліся глухія ўдары, і жанчына зараўла, ды так жахліва, што лесвічная пляцоўка адразу напоўнілася людам. Мы з Мары выйшлі таксама. Жанчына ўсё галасіла, а Раймон па-ранейшаму біў яе. Мары сказала, што гэта жахліва, але я нічога не адказаў. Яна папрасіла мяне схадзіць па паліцыянта, але я адказаў, што паліцэйскіх не люблю. Аднак урэшце адзін усё ж прьійшоў. Яго прывёў водаправодчык з трэцяга паверха. Паліцэйскі пастукаў у дзверы, але яму ніхто не адказаў. Тады ён пастукаў мацней, і праз некаторы час жанчына заплакала і Раймон адчыніў. У роце ён трымаў цыгарэту, і выгляд у яго быў вельмі лагодны. Дзяўчына кінулася да дзвярэй і заявіла паліцэйскаму, што Раймон яе набіў.
    — Прозвішча? — запытаўся паліцэйскі.
    Раймон адказаў.
    — Вымі цыгарэту з рота, калі са мной размаўляеш,— сказаў паліцэйскі.
    Раймон завагаўся, зірнуў на мяне і зрабіў зацяжку. Тут паліцэйскі з усяго размаху ўляпіў яму звонкую і важкую поўху. Цыгарэта адляцела на некалькі метраў убок. Раймон перамяніўся ў твары, але пічога не адказаў і толькі пасля сцінлым голасам запытаўся, ці можна яму падняць недакурак. Паліцэйскі адказаў, што можна, і дадаў:
    — Другі раз будзеш ведаць, што паліцэйскі не лялька, з якой сабе можна дазваляць невядома што.
    Дзяўчына ўвесь гэты час плакала і паўтарала:
    — Ён мяне набіў. Ён сутэнёр.
    — Пане паліцэйскі,— папытаўся тады Раймон,— ці ж гэта дазваляецца законам вось гэтак называць сумленнага мужчыну сутэнёрам?
    Паліцэйскі загадаў яму «заткнуць зяпу». Тады Раймон павярнуўся да дзяўчыны і сказаў:
    — Ну, чакай, дзіцятка, мы яшчэ стрэнемся.
    Паліцэйскі зноў паўтарыў, каб ён заткнуўся, і сказаў, што дзяўчына можа ісці, а Раймон мусіць заставацца ў пакоі і чакаць, пакуль яго паклічуць у камісарыят. Потым ён дадаў, што Раймону павінна быць сорамна — да таго напіўся, што аж дрыжыць увесь. Але Раймон растлумачыў:
    — Я не п’яны, пане паліцэйскі. Гэта проста перад вамі, ад нерваў, тут хочаш — не хочаш, задрыжыш.
    Ён зачыніў дзверы, і ўсе раз