Чужаніца
Альбер Камю
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 278с.
Мінск 1986
аламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, і паклаў рукі
на калені. Свой стары капялюш ён зняў. Ен гаварыў, глытаючы канцы фраз, якія вязлі ў яго пажоўклых вусах. 3 ім было трошкі нудна, але рабіць усё роўна не было чаго і спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерці. Жаніўся ён даволі позна. А ў маладосці марыў працаваць у тэатры: калі служыў у войску, прымаў удзел у вадэвілях, што ставіліся ў іх палку. Але нарэшце — пайшоў на чыгупку і не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялікая пенсія. 3 жонкай ён шчаслівы не быў, але ўрэшце вельмі прывык да яе. I калі яна памерла, адчуў сябе зусім самотным. Тады ён і папрасіў аднаго прыяцеля па працы прынесці яму сабаку. Той прынёс зусім малое шчаня, яго трэба было карміць з соскі. Але сабакі жывуць меней за чалавека, і яны састарэлі разам.
— Характар быў у яго кепскі,— сказаў Саламано.— Гыркаліся мы з ім часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры.
Я сказаў, што парода ў яго была выдатная, і старому, відаць, гэта спадабалася.
— Вы яшчэ не бачылі яго да хваробы,— падхапіў ён.— Якая ў яго была поўсць — любата!
Калі на сабаку найшла скурная хвароба, Саламано кожныя вечар і раніцу націраў яго спецыяльнаю масцю. Але на яго думку, сапраўднаю хваробай была старасць, а старасць не вылечыш.
Тут я пазяхнуў, і стары аб’явіў, што зараз пойдзе. Я сказаў, што ён можа застацца яшчэ — мне проста сумна ад таго, што здарылася з яго сабакам. Ён падзякаваў і сказаў, што мама вельмі любіла гэтага спаніэля. Калі ён гаварыў пра маму, ён называў яе «ваша бедная матуля». Ён сказаў, што я, напэўна, адчуваю сябе дужа няшчасным пасля мамінай смерці, але я нічога не адказаў. Тады ён неяк замуляўся і скорагаворкай прамармытаў, што яму вядома, як дрэнна пра
мяне гавораць у квартале пасля таго, як я аддау маму ў прытулак, але ён добра мяне ведае і знае, што маму я вельмі любіў. Я, сам не ведаю чаму, адказаў, што дагэтуль нават не чуў, каб пра мяне з гэтай нагоды гаварылі дрэнна,— калі я аддаваў маму ў прытулак, мне здавалася, што гэта натуральна, бо ў мяне не было грошай, каб наняць ёй сядзелку.
— Зрэшты,— дадаў я,— ёй ужо даўно не было пра што са мной гаманіць, і яна проста сумавала.
— Ваша праўда,— сказаў Саламано.— А ў прытулку, прынамсі, можна знайсці сабе прыяцеляў.
Потым ён папрасіў прабачэння — яму хацелася спаць. Жыццё цяпер у яго перамянілася, і ён нават не ведае, што рабіць далей. Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нібы ўпотай працягнуў мне руку, і я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся і на развітанне сказаў:
— Спадзяюся, што сёння ноччу сабакі брахаць не будуць. Бо мне ўвесь час здаецца, што гэта мой.
VI
У нядзелю я доўга не мог прачнуцца, і Мары давялося мяне тармасіць і крычаць у самае вуха. Есці мы не сталі — хацелася як мага раней пакупацца ў моры. Усярэдзіне ў мяне было абсалютна пуста, крыху балела галава. Цыгарэта здалася горкай. Мары пакпіла з мяне — выглядаю, маўляў, «нібы на хаўтурах». Яна была з распушчанымі валасамі, у белай палатнянай сукенцы. Я сказаў, што яна вельмі прыгожая, і яна засмяялася ад задавальнення.
Мы выйшлі і пастукаліся да Раймона. Ён адказаў, што зараз выходзіць. На вуліцы — відаць, ад стомы і ад таго, што аканіцы ўсю раніцу былі зачыненыя,— зыркае сонечнае святло балюча ўдарыла мяне ў вочы. Мары скакала ад радасці і ўвесь час хваліла надвор’е.
Я пачуў сябе лепей і адразу заўважыў, што хачу есці. Я сказаў пра гэта Мары, але яна паказала мне сваю цыратовую торбу, у якой ляжалі толькі нашы купальныя гарнітуры і ручнік. Рабіць не было чаго, заставалася адно чакаць, і нарэшце мы пачулі, як Раймон зачыняе дзверы. Ён быў у сініх штанах і белай кашулі з кароткімі рукавамі. На галаве ў яго быў саламяны брыль, і гэта рассмяшыла Мары. Рукі ў Раймона да локцяў аказаліся надзіва белыя, з чорнымі валасамі. Калі я гэта ўбачыў, мне зрабілася крыху брыдка. Спускаючыся па прыступках, ён свістаў, і выгляд у яго быў задаволены. Ён павітаўся: «Здароў, стары!» — і назваў Мары «паненкай».
Напярэдадні мы хадзілі ў камісарыят, і я засведчыў, што тая дзяўчына «ашукала» Раймона. Ён абышоўся папярэджаннем. Mae паказанні правяраць не сталі. Каля дзвярэй мы з Раймонам яшчэ крыху пагутарылі пра гэта і потым вырашылі пайсці на аўтобус. «Пляж не далёка, але так будзе хутчэй». Раймон сказаў, што яго сябар вельмі парадуецца, калі мы прыедзем рана. Мы ўжо хацелі ісці на прыпынак, калі Раймон зрабіў мне знак і паказаў на той бок вуліцы. Я ўбачыў гурток арабаў. Яны стаялі, абапершыся спінай на вітрыну тытунёвай лаўкі, і глядзелі на нас — але так, нібы мы былі ні болып ні менш як звычайныя камяні ці драўляныя цурбалкі. Раймон сказаў, што другі злева — той самы тып. Выгляд у яго зрабіўся заклапочаны. «Зрэшты,— дадаў ён,— цяпер з гэтым ужо кончана». Мары не надта разумела, пра што ідзе гутарка, і спытала, чаму мы стаім. Я растлумачыў, што тыя арабы маюць на Раймона зуб. Тады яна сказала, што адсюль трэба хутчэй ісці. Раймон ганарліва выпрастаўся, але потым засмяяўся і сказаў, што сапраўды трэба спяшацца.
Мы рушылі да аўтобуснага прыпынку, які быў побач, і Раймон сказаў, што арабы за намі не пайшлі.
Я зірнуў цераз плячо. Арабы стаялі на ранейшым месцы і глядзелі туды, дзе толькі што стаялі мы. Мы селі ў аўтобус. Раймон, якому, відаць, адразу палегчала, пачаў жартаваць з Мары. Я адчуў, што яна яму падабаецца. Але на Раймонавы жарты яна не адказвала. Адно зрэдку пазірала на яго ды пасмейвалася.
За горадам мы выйшлі. Пляж быў непадалёк ад прыпынку. Трэба было перайсці невялікі пагорак, які ўзвышаўся над морам, і спусціцца да берага. Увесь схіл быў усыпаны жоўтым каменнем і белымі асфадэліямі. Колер кветак здаваўся вельмі яркім на фоне густа-сіняга неба. Дзеля забавы Мары збівала з іх пялёсткі, шырока махаючы цыратоваю торбай. Мы ішлі паўз маленькія вілы, агароджаныя белымі ці зялёнымі тынамі; у некаторых веранды патаналі ў кустах тамарыксу, другія стаялі голыя сярод маўклівых камянёў. Яшчэ не падыходзячы да краю пагорка, можна было ўбачыць нерухомае мора і крыху далей — вялікую грамаду мыса, які, здавалася, спаў у празрыстай вадзе. У ціхім паветры чуўся слабы рокат матора. I недзе вельмі далёка мы заўважылі маленькую рыбацкую віціну, якая непрыкметна плыла па зіхатлівым моры. Між камянямі Мары знайшла некалькі касачоў. 3 адхона, які спускаўся да мора, мы заўважылі, што некалькі чалавек ужо купаюцца.
Раймонаў сябар жыў у маленькай хаціне на самым ускрайку пляжа. Тыльнай сцяной домік туліўся да скалы, а спераду — палі, на якіх ён стаяў, абмываліся салёнай вадой. Раймон нас пазнаёміў. Сябра звалі Масон. Гэта быў высокі здаравяк з магутным торсам і шырокімі плячыма. Яго маленькая, мілая і пухленькая жонка гаварыла з парыжскім акцэнтам. Масон адразу сказаў, каб мы размяшчаліся, як нам выгодней,— хутка будзе гатова смажаная рыба, якую ён сам налавіў гэтым ранкам. Я сказаў, што хатка, па-мойму, вельмі ўтульная. I Масон паведаміў, што праводзіць
тут кожную суботу і нядзелю, і апроч таго — увесь адпачынак.
— 3 жонкай, вядома, мы з ёю заўсёды ладзім,— дадаў ён.
Яго жонка, еапраўды, ужо смяялася і балбатала пра нешта з Мары. I мабыць, першы раз я ясна ўсвядоміў, што хутка ажанюся.
Масон прапанаваў пакупацца, але яго жонцы і Раймону не захацелася. Мы пайшлі ўтраіх, і Мары адразу кінулася ў ваду. Мы з Масонам трошкі пачакалі. Ен гаварыў марудна, і я заўважыў, што ў яго прывычка перад кожнай фразай паўтараць: «і я нават болей скажу»,— нават тады, калі нічога новага ён, па сутнасці, не дадае. Пра Мары ён сказаў:
— Яна вельмі прывабная, і я нават болей скажу — проста чароўная.
Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзівотную прыказку і ўсю ўвагу засяродзіў на сонечных прамянях, якія прыемна песцілі маё цела. Пясок пад нагамі пачынаў пячы. Мне вельмі хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў і нарэшце сказаў Масону:
— Ну што, пайшлі?
Я даў нырца, а ён паволі зайшоў у ваду і паплыў толькі тады, калі ногі ўжо не даставалі да дна. Плыў ён брасам, даволі кепска, і таму я пакінуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, і плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарваліся ад Масона, і нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў і рухаў.
Далёка ў моры мы леглі на спіну, я глядзеў на неба, і сонца хутка сушыла апошнія пырскі, якія збягалі мне ў рот. Мы ўбачылі, што Масон вярнуўся на пляж і лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялізным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзіўся ззаду, узяў яе за талію, і мы паплылі: яна рукамі рассоўвала хвалі, а я дапамагаў
ёй нагамі. У ранішнім паветры вакол нас чуўся ціхі плёскат вады. Але я ўрэшце стаміўся, пакінуў Мары і паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамі і дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот і прыціснуўся шчакой да пяску. «Хораша»,— сказаў я, і ён пагадзіўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся і глядзеў, як яна набліжаецца да нас. Яе цела блішчала ад салёнай марской вады, валасы былі адкінутыя назад. Яна легла побач са мной, і ад цеплыні яе цела і сонца я задрамаў.
Мары патрэсла мяне за плячо і сказала, што Масон ужо пайшоў і нам таксама трэба ісці: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмі галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ ні разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, і, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе.
— Хадзі ў ваду,— сказала яна.
Мы пабеглі да берага і плёхнуліся ў першыя маленькія хвалі. Потым адплылі крыху яшчэ, і Мары прытулілася да мяне ўсім целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногі сваімі, і ўва мне запалілася жаданне.
Калі мы падыходзілі да хаты, Масон ужо выйшаў нас клікаць. Я сказаў, што вельмі хачу есці, і ён адразу заявіў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, і я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслі мяса са смажанай бульбай. Усе елі моўчкі. Масон раз-пораз адпіваў віно і безупынку падліваў мне. Калі прынеслі каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа курыў. Мы з Масонам і Раймонам дамовіліся ўвесь жнівень правесці тут — будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала:
— А вы ведаеце, які час? Яшчэ толькі палавіна дванаццатай.
Мы ўсе вельмі здзівіліся, ал