Чужаніца
Альбер Камю
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 278с.
Мінск 1986
олькі нас.
Потым у яго папыталіся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамі за перагародку, і ўсе адразу зразумелі, што ён пешта падрыхтаваў.
— Па-мойму,— сказаў ён,— гэта няшчасце. Гэта няшчасце, і ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нікому. Дык вось, па-мойму,— гэта проста няшчасце!
Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў і сказаў, што ён можа ісці. Селест крыху сумеўся і ўсё ж заявіў, што мае сказаць яшчэ некалькі слоў. Яго папрасілі быць сціслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку,— гэта проста няшчасце. Старшыня перапыніў яго:
— Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы і сабраліся тут, каб разбіраць падобнага роду няшчасці. Вельмі вам удзячны.
Селест, відаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, і мне здалося, што вочы ў яго наліліся слязьмі, яго вусны дрыжалі. Усім выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыцці, калі мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале . Той адышоўся і сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схіліўшыся наперад, і, абапіраючыся локцямі на калені, камячыў у руках панаму і слухаў прамовы астатніх. Увай-
шла Мары. На ёй быў капялюшык, які вельмі ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калі валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккі вьігін яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую ніжнюю губку. Было відаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталі, калі яна са мной пазнаёмілася. I яна назвала той час, калі працавала ў канторы. Старшыня лацікавіўся, у якіх яна са мною адносінах. I Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збіралася выйсці за мяне замуж. I тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калі пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. I пракурор нібы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамінага пахавання. Пасля, з лёгкай іроніяй, ён заявіў, што не хацеў бы настойваць на такіх далікатных абставінах і добра разумее няёмкасць, якую, відаць, адчувае Мары, але (і тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасці. Ён папрасіў, каб Мары сцісла распавяла, як прайшоў той дзень, калі я яе спазнаў. Мары не хацела нічога гаварыць, але ўсё ж саступіла настойлівасці пракурора і расказала, што спачатку мы былі на пляжы, потым хадзілі ў кіно, а пасля — пайшлі да мяне. Пракурор заявіў, што пасля паказанняў, якія Мары дала на следстве, ён пацікавіўся, што ішло ў кінатэатрах у той дзень. I дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалі. I яна, нейкім амаль зусім згаслым голасам, сказала, што гэта быў фільм з Фернандэлем. Калі яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цішыня. Пракурор вельмі велічна ўстаў і, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовіў, паказваючы на мяне пальцам:
— Вось, панове прысяжныя, чалавек, які назаўтра пасля пахавання сваёй маці ідзе купацца ў моры, a потым распачынае выпадковую сувязь і забаўляецца,
гледзячы камедыйны фільм. Больш мне няма чаго дадаць.
Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цішыня. I тут, раптам, Мары не стрымалася і зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусім не так, яе прымушалі казаць зусім не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, і я ніколі не рабіў нічога благога. Але па знаку старшыні судовы выканаўца вывеў яе з залы, і слуханне справы пайшло далей.
Наступных сведкаў амаль ніхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, які заявіў, што я чалавек сумленны, «і ён нават болей скажа — чалавек прыстойны». Так было і з Саламано, які прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, і таму я аддаў яе ў прытулак.
— Гэта ж таксама трэба разумець,— казаў Саламано,— гэта ж таксама трэба разумець.
Але, здаецца, ніхто не разумеў. Яго вывелі.
Потым настала чарга Раймона, ён быў апошні. Раймон зрабіў мне прывітальны жэст і адразу заявіў, што я невінаваты. Але старшыня перапыніў яго і сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкі, а факты. I папрасіў Раймона адказваць толькі на зададзеныя пытанні. Тады ў яго спыталі, якія сувязі ў яго былі з ахвярай. Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявіць, што араб ненавідзеў яго — асабліва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, ці не было ў ахвяры прычын ненавідзець таксама і мяне. Раймон заявіў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў — як жа тады адбылося, што ліст, які стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напісаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявіў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гісторыі. Ці выпадкова, што я не ўмяшаўся, калі Раймон даў
поўху сваёй каханцы? Ці выпадкова, што я быў яго сведкам у камісарыяце? I ці выпадкова, зноў жа, што сведчанні, як гэта было выяўлена, я даў толькі са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацікавіўся, на якія сродкі Раймон жыве, і калі той адказаў: «Працую кладаўшчыком»,— пракурор павярнуўся да прысяжных і абвясціў, што — як гэта вядома ўсім — сведка займаецца сутэнёрствам! А я — яго памагаты і сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу самага нізкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнік у ёй — сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсці ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але іх папрасілі даць пракурору кончыць.
— Мне амаль няма чаго дадаць,— сказаў той 1 запытаўся ў Раймона: — Ці быў ён вашым сябрам?
— Так,— адказаў ён,— ён быў маім прыяцелем.
Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зірнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.
— Так,— сказаў я.
Пракурор павярнуўся да прысяжных і абвясціў: — Вось, гэта той самы, які назаўтра пасля пахавання сваёй маці аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забіў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гісторыі, якой нават цяжка знайсці азначэнне.
Ён сеў. Мой адвакат з нецярплівасцю ўскочыў і, узняўшы рукі да неба, так што з-пад рукавоў стала відаць накрухмаленыя манжэты белай кашулі, усклікнуў:
— Нарэшце! У чым вінавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю маці, ці ў тым, што ўчыніў забойства?
У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў і, захінуўшыся ў мантыю, заявіў, што трэба мець вялікую вынаходлівасць шаноўнага абаронцы; каб не заў-
важаць, якая глыбокая, пачварная і непарыўная сувязь ляжыць паміж гэтымі на першы погляд рознымі фактамі.
— Але! — голасна ўсклікнуў ён.— Я вінавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю маці з сэрцам злачынцы!
Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалі публіку. Адвакат паціснуў плячыма і выцер з ілба пот. Відаць, ён быў уражаны таксама, і я зразумеў, што справы мае ідуць кепска.
На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесці ў турэмную машыну, я на кароткі час адчуў знаёмы пах і фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутонні маёй перасоўнай камеры, я нібы праз млявую смугу пазнаваў гукі некалі блізкага мне горада, які я любіў,— тыя гукі, што заўсёды чуліся ў гэты час, калі мне здаралася быць шчаслівым. Крык прадаўцоў газет у аціхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклічы гандляроў піражкамі, трамвайны енк на крутых паваротах вуліц і шолах неба над портам, што рыхтуецца да блізкай ночы,— гэты добра вядомы мне шлях я рабіў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калі я, ужо вельмі-вельмі даўно, адчуваў сябе шчаслівым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкі сон без ніякіх мрояў. Але цяпер нешта змянілася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнім днём мяне чакала камера. I выходзіла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнім вячэрнім небе, мог весці да турмы, як раней вёў да ціхамірных сноў.
IV
Нават на лаве падсудных цікава паслухаць, што пра цябе кажуць іншыя. I магу вас запэўніць, што ў пракуроравай і адвакатавай прамовах пра мяне было
сказана нямала — бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, ці так ужо яны адрозніваліся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускідаў рукі да неба і прызнаваў мяне вінаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукі да публікі і выкрываў маю вінаватасць, але ніякіх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоіла. I нягледзячы на ўсе засцярогі, мне часам дужа карцела ўціснуць сваё слова, але ў такую хвіліну адвакат гаварыў:
— Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.
I справа абмяркоўвалася так, нібы мяне тут і не было. Без ніякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалі, не пытаючыся маёй думкі. Часам мне рупіла спыніць іх і сказаць: «Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? To ж не звычайная рэч — быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць». Але. як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьці ўвагу трывае не вельмі доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стаміла вельмі хутка. Уразілі і запомніліся толькі асобныя ўрыўкі, жэсты ці напышлівыя фразы, зусім, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.
Сэнс яго думкі, калі я добра зразумеў, зводзіўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсі, ён стараўся гэта давесці. Ён так і казаў:
— Я дакажу вам гэта, панове, і дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў і потым — у змрочным святле псіхалогіі гэтай злачыннай душы.
Ён сцісла яшчэ раз пералічыў усё, што адбылося пасля мамінай смерці. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькі маме гадоў, і што назаўтра хадзіў на пляж, з жанчынай, а пасля — у кіно на Фернандэля, і прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра «каханку», a
яна для мяне была проста — Мары. Нарэшце ён дайшоў да гісторыі з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважанні не пазбаўлены логікі. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмі верагодна. Па згодзе з Раймонам я напісаў ліст, каб завабіць яго каханку ў пастку і потым аддаць на гвалт чалавеку «сумніцельнай маралі». На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымі ворагамі і, калі той быў паранены, узяў у яго рэвальвер і вярнуўся адзін да крынічкі, каб ім скарыстацца. Там, як было задумана, я забіў араба. Потым счакаў. I «каб упэўніцца, што справа зроблена як мае быць», стрэліў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена і нават, калі так можна сказаць, з развагай.
— Вось, панове,— сказаў пра