Чужаніца  Альбер Камю

Чужаніца

Альбер Камю
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 278с.
Мінск 1986
65.84 МБ
аклаў мне руку на плячо,— я з вамі. Але вы не бачыце гэтага, бо ў вас сляпое сэрца. Я буду маліцца за вас.
I тады, сам не ведаю чаму, нешта абарвалося ўва мне. Я закрычаў на ўсё горла, я пачаў яго абражаць, я патрабаваў, каб ён не смеў за мяне маліцца. Я ўхапіў яго за каўнер доўгай папоўскай сутаны і з нейкім блытаным пачуццём радасці і гневу пачаў выліваць на яго ўсё, што назбіралася ў маёй душы. У яго такі ўпэўнены выгляд! Ён такі ўпэўнены ў тым, пра што кажа! Але нішто, нішто з таго, у чым ён гэтак упэўнены, не варта адзінага жаночага воласа. Ды ён не можа нават пераканана сказаць, што тое, як ён жыве, ёсць жыццё, бо ён жыве як мярцвяк, як труп. Вось у мяне, здаецца, нічога няма за душой. Але я ўпэўнены ў сабе, упэўнены ва ўсім, упэўнены больш за яго, я ўпэўнены ў сваім жыцці і ў сваёй смерці, якая ўжо хутка прыйдзе па мяне. Так, апроч гэтага, у мяне больш нічога няма. Але я, прынамсі, усведамляю гэтую ісціну і не ўнікаю яе. I я меў рацыю, і цяпер маю рацыю, і праўда заўсёды са мной. Я жыў так, а не іначай, хоць мог бы жыць і іначай. I рабіў тое, і не рабіў гэтага. I рабіў так, але не рабіў гэтак. Ну і што з таго? Я нібы ўвесь час чакаў гэтай хвіліны і гэтага золкага ранку, калі майму жыццю нарэшце знойдзецца апраўданне. Нішто, нішто не мае значэння, і мне добра вядома чаму. I яму гэта таксама добра вядома. Скрозь усё маё бязглуздае жыццё, праз бясконцую чараду яшчэ непражытых
дзён да мяне з непраглядных глыбінь маёй будучыні падымаўся няясны і цьмяны подых, гэты подых усё раўнаваў на сваім шляху, ён пазбаўляў сэнсу ўсё, наканаванае мне праз гады, такія ж нерэальныя, як і тыя, што я пражыў. Што мне да смерці іншых, што мне да матчынай любові, да ягонага бога, да жыцця і лёсу, які людзі нібыта самі сабе выбіраюць, калі ёсць толькі адзін лёс, адзін, і ён сам абірае мяне і, разам са мною, мільярды іншых выбраннікаў, якія называюць сябе, як і ён, маімі братамі. Ці разумее ён гэта нарэшце? Усе вакол — выбраннікі. Няма нікога, каго б не абраў гэты лёс. I ўсіх аднойчы чакае прысуд. Усіх! I яго таксама чакае. Якая розніца, што яго будуць судзіць за забойства, а пакараюць за тое, што ён не плакаў на матчыным пахаванні? Ці ж мае гэта значэнне? Старому Саламано сабака быў не менш дарагі, чым жонка. I тая жанчына, што сядзела ў зале як аўтамат, была настолькі ж ва ўсім вінаватая, як і парыжанка, з якой ажаніўся Масон, ці як Мары, якая хацела, каб з ёй ажаніўся я. Ці ж мае значэнне, што Раймон такі самы мой прыяцель, як Селест, хоць Селест сто разоў лепшы за яго? Ці мае значэнне, што сёння Мары падстаўляе свой рот нейкаму новаму Мёрсо? Ці разумее нарэшце ён, гэты асуджаны, што з непраглядных глыбінь маёй будучыні... Я задыхаўся ад крыку. Але наглядчыкі ўжо вырывалі свяшчэнніка з маіх рук і прыстрашалі мяне. Свяшчэннік, аднак, супакоіў іх. Нейкую хвіліну ён моўчкі глядзеў на мяне. Яго вочы былі поўныя слёз. Ён адвярнуўся і выйшаў.
Калі ён знік, да мяне зноў вярнуўся спакой. У страшэннай знямозе я паваліўся на ложак. Па-мойму, я заснуў, бо, калі ачуўся, у твар мне глядзелі зоры. Да мяне даляталі ціхія вясковыя гукі. Пахі зямлі, солі і ночы асвяжалі мне скроні. Цудоўны спакой закалыханага летняга змроку хваляю, нібы прыліў, напаўняў мае грудзі. I ў гэту хвіліну з начнога прадон-
ня над портам завылі сірэны. Яны абвяшчалі, што караблі адплываюць у далёкі свет, які цяпер назаўжды ўжо страціў для мяне значэнне. Упершыню за многія дні я падумаў пра маму. Мне здалося, што я разумею, чаму перад смерцю яна гуляла, нібы зноў пачынае жыццё, і чаму завяла «жаніха». Бо і там, у гэтым прытулку, дзе згасае жыццё, вечар нагадвае кароткі і сумны спачын. У самым канцы жыцця мама мусіла адчуваць сябе вольнай, пазбаўленаю ад усяго і гатоваю перажыць усё зноў. Ніхто, ніхто не меў права плакаць над ёю. I цяпер я таксама, як і яна, адчуваў, што гатовы перажыць усё зноў. Нібы гэты нядаўні гнеў ачысціў мяне ад злосці і пазбавіў астатніх надзей, я зірнуў у начное неба, усеянае зорнымі знакамі, і першы раз расчыніў душу насустрач пяшчотнай абыякавасці свету. I адчуўшы, наколькі ён падобны да мяне, наколькі ён мне па-брацку блізкі нарэшце, я зразумеў, што быў заўсёды шчаслівы і застаюся шчаслівы цяпер. I каб добра ўсё завяршыць, каб адчуць сябе меней самотным, мне заставалася пажадаць, каб у дзень майго пакарання было шмат гледачоў і каб яны сустрэлі мяне ровам нянавісці.
Канец
ПАДЗЕННЕ
Аповесць
Прабачце, пане, вы не палічыце за назойлівасць, калі я прапаную вам свае паслугі? Бо іначай, баюся, вам не ўдасца згаварыцца з гэтым шаноўным гарылаю, што кіруе лёсам у тутэйшай карчомцы. На жаль, ён размаўляе толькі па-галандску. I калі вы не дазволіце мне растлумачыць яму ваш інтэрас, ён наўрад ці здагадаецца, што вы хочаце выпіць ядлаўцовай гарэлкі. Ну вось, асмелюся спадзявацца, ён мяне зразумеў; тое, як ён кіўнуў галавой, павінна азначаць, што мае довады яго пераканалі. Бачыце? Сапраўды — пайшоў, і нават спяшаецца, але з якою ўмудронаю сталасцю ён гэта робіць! Вам, трэба сказаць, пашанцавала — ён не забурчаў. Бо калі ён хоча адмовіць кліенту, яму досыць буркнуць, і настойваць ужо ніхто не рашаецца. Лічыцца толькі з сваім гуморам — прывілей вялікіх звяроў. Але дазвольце адвітацца, быў вельмі рады вам дагадзіць. О, што вы, што вы, пане, я вам вельмі ўдзячны і з прыемнасцю прыняў бы гэтае запрашэнне, але баюся, што і так ужо надакучыў вам. Вы вельмі прыязны. Што ж, стаўлю свой кілішак no634 з вашым.
Ваша праўда, яго маўклівасць проста аглушае. Яна падобна да цішыні вячыстых лясоў, пагрозлівай, як гармата, зараджаная па самае жарало. Часам мяне здзіўляе, як упарта наш пануры сябар грэбуе цывілізаванымі мовамі. Бо яго ж рамяство — якраз у тым, каб прымаць у гэтым амстэрдамскім бары — які ён, дарэчы, д’ябал ведае чаму, назваў «Мехіка-Сіці» — маракоў з усяго свету. 3 такім заняткам яго невуцтва, як бы мовіць, не надта стасуецца, вы не лічыце? Уявіце сабе краманьёнца, які трапіў у Вавілонскую вежу! Той, прынамсі, смуткаваў бы па родньіх мясцінах. А гэты — не, гэты зусім не адчувае сябе ў выгнанні, ён спакойна ідзе сваёю дарогай, яго нічога не абыходзіць. Адзін з тых рэдкіх выразаў, якія я чуў ад яго, зводзіўся да таго, што, маўляў, хочаш — пагаджайся, не хочаш — не мяшайся. 3 чым трэба пагаджацца, у што не мяшацца? Тут наш сябар, несумненна, меў на ўвазе самога сябе. Прызна'юся, мяне заўсёды вабілі такія натуры, нібыта вьісечаныя з суцэльнай глыбы. Калі паводле прафесіі ці прызвання шмат разважаеш пра людзей, здараецца часам адчуваць пэўную настальгію па прыматах. Ужо ў іх не было прыхаваных думак.
Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён і сам толькі цьмяна здагадваецца пра гэта, але такія ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмі недаверлівы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нічога не разумее, што' пры ім кажуць. Адсюль і такая пахмурна-паважная пыса — нібы ён, прынамсі, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё ідзе гладка. Калі ў чалавека TaKi настрой, з ім не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зірніце на тую сцяну, углыбіні,— бачыце, над самай яго галавой квадрат, нібы там вісела карціна. А там, сапраўды, раней вісела карціна, і вельмі цікавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў і як потым збыў. У абодвух выпадках гэта pa-
білася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькіх тыдняў перадумвання і перажоўвання. 3 гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.
Заўважце, я зусім не папракаю яго. Я нават паважаю ў ім гэтую абгрунтаваную недаверлівасць і з ахвотаю падзяліў бы яе, каб мне не замінала, як вы самі маглі пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун і вельмі лёгка сыходжуся з людзьмі. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёміцца, любы выпадак лічу прыдатным. Калі я жыў у Францыі, я не мог прамінуць ніводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзіць з ім сяброўскіх зносін. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзіўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такіх выслоў’яў, як і да ўсякіх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялізны зусім не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногі. I ўсё-ткі! Вычварны стыль, як і кужаль, вельмі часта хавае каросту. Адзінае, чым я суцяшаю сябе — што і нягеглыя мямлі таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. 0, вядома, возьмем яшчэ па кілішку.
Вы доўга будзеце ў Амстэрдаме? Прыгожы горад, праўда? Чароўны? Вось слоўца, якога я даўно ўжо не чуў. Бадай, з тых часоў, як пакінуў Парыж, а колькі ўжо мінула! Але ў сэрца свая памяць, і я не забыў нашай мілай сталіцы, яе набярэжных над Сенай. Парыж! Чысты міраж, бліскучая дэкарацыя, у якой рухаюцца і жывуць чатыры мільёны чалавечых істот. Ужо пяць, паводле апошняга перапісу? Што ж, і гэтыя хутка народзяць сабе малых. Мяне гэта не здзівіць. Мне заўсёды здавалася, што ў нашых суайчыннікаў дзве непазбыўныя страсці: юрыць і мысліць. Дзе папала і калі папала, як той казаў. Але не будзем іх за
гэта судзіць: яны не адны, уся Еўропа такая. Я часам уяўляю сабе, што скажуць пра нас будучыя гісторыкі. Ім хопіць адной фразы, каб апісаць сучаснага чалавека: ён юрыў і чытаў газеты. I гэтаю ёмістай фармулёўкай, асмелюся далажыць, будзе сказана ўсё.
Галандцы? О не, яны зусім не такія сучасныя. У іх надта многа вольнага часу. Ды вы самі зірніце. Што яны робяць? Ну, вунь тыя паны, напрьіклад, жывуць коштам тых вунь кабет. Але ўсе яны, вядома — і самцы, і самкі,— дужа буржуазныя людзі, яны прыходзяць сюды ад прагі да таямнічага. Альбо проста ад дурасці. Іначай кажучы — ад лііпку ці браку ўяўлення. Часам гэтыя імасці забаўляюцца ножыкам ці рэвальверам, але не думайце, што ім гэта так ужо трэба. Гэтага патрабуе роля, вось і ўсё, і яны паміраюць ад страху, выпускаючы астатні набой. I ўсё ж я лічу іх болей маральнымі за тых, хто забівае паціху, у сям’і, бярэ бліжніх на змор. Вы не заўважалі, што наша грамадства выдатна прыстасавана да такога роду знішчэння? Вы, натуральна ж, чулі пра тых дробненькіх рыбак, што жывуць у бразільскіх рэках: яны тысячамі кідаюцца на неабачлівага плыўца і ўраз абгрызаюць яго сваімі вострымі зубкамі, пакідаючы адзін голы шкілет. Што ж, так ужо яны створаны, такі ў іх лад. «Хочаце жыць чыста? Як усе?» Вы кажаце — вядома, натуральна. Як тут скажаш — не. «Добра. Зараз мы вас абгрызём. Вось вам работа, вось вам сям’я, вось — арганізаваны адпачынак». I вострыя зубкі кідаюцца на цела — і да касцей, да касцей. Але я не маю рацыі. Трэба казаць: не яны — мы так створаны. Гэта наш лад жыцця: галоўнае — хто каго абгрызе першы.
Ну вось, нарэшце нясуць нам