Чужаніца
Альбер Камю
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 278с.
Мінск 1986
урор,— я прасачыў перад вамі хаду падзей, якія прывялі гэтага чалавека да забойства — забойства наўмыснага і свядомага. I я настойваю на гэтым. Бо перад намі не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсці нейкія апраўданні. Гэты чалавек, панове,— разумны. Вы чулі, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. I пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнічаў, не разумеючы, што ён робіць.
Я слухаў і, вядома, чуў, што мяне лічаць разумным. Але ніяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасці звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам віны падсуднага. Гэта ўразіла мяне настолькі што я нават перастаў слухаць пракурора і зноў пачуў яго словы толькі тады, калі ён сказаў:
— Але ці раскайваўся ён ва ўчыненым? He, панове, ніколі! Ніводнага разу за ўвесь той час, пакуль ішло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабіў жахлівае злачынства.
Ён павярнуўся да мяне і, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабіраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькі ў адным
ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмі раскайваўся ў сваім учынку. Але чаму гэта яго так раз’юшыла, мне было дзіўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул ніколі ні ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькі тое, што яшчэ мусіла здарыцца — сёння ці заўтра. Але, вядома, у тым становішчы, у якое мяне паставілі, я не мог дазволіць сабе размаўляць з кім-небудзь падобным тонам. Я проста не меў права выяўляць сардэчнасць ці быць добразычлівым. I я вырашыў слухаць пракурора далей, бо ён якраз пачаў гаварыць пра маю душу.
Ён сказаў, што паспрабаваў зазірнуць у яе, але на жаль — панове прысяжныя! — ён яе не знайшоў. У сапраўднасці ў мяне наогул няма душы і нішто чалавечае, ніякія маральныя прынцыпы, якія абараняюць людскія душы ад ліха, мне не даступныя.
— Мы, безумоўна, не можам папракаць яго за гэта,— дадаў ён.— Калі ў яго няма душы, нам застаецца толькі пашкадаваць, што ён не здолеў яе набыць. Але тут суд павінен адкінуць усякую памяркоўнасць, як непрыдатную ў гэтых абставінах, і абярнуць яе ў іншую дабрачыннасць, няхай болей цяжкую, але і болей высокую — правасуддзе. Тым больш калі пустэча душы гэтага чалавека ператвараецца ў прорву, што пагражае пагібеллю ўсяму чалавецтву.
I тут ён зноў пачаў гаварыць пра мае адносіны з мамай. Ён паўтарыў усё, што ўжо казаў у спрэчках. Але апісваў гэта намнога падрабязней і даўжэй за маё злачынства, так доўга, што я нарэшце перастаў яго слухаць і адчуваў толькі задушлівую ранішнюю спёку. Так было, прынамсі, да той хвіліны, калі пракурор раптам спыніўся і пасля кароткай паўзы загаварыў зноў ужо ціхім і пранікнёным голасам:
— Заўтра, панове прысяжныя, наш суд будзе pas-
біраць самае агіднае з усіх злачынстваў — бацьказабойства.
Ён заявіў, што чалавечае ўяўленне адступае перад такім пачварным замахам. Ён спадзяецца, што правасуддзе бязлітасна пакарае злачынцу. Але — ён не баіцца гэтага сказаць — жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, які ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, які маральна забіў сваю маці, настолькі ж чужы грамадству, як той, што ўзнімае руку на свайго бацьку. Ва ўсякім выпадку, першы прадвызначыў учынкі другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднікам і ўзаконіў яго злачынства.
— Я ўпэўнены, панове,— дадаў ён, павысіўшы голас,— вы не палічыце маю думку занадта смелай, калі я скажу, што гэты чалавек, які сядзіць перад намі, вінаваты і ў тым забойстве, якое мы будзем судзіць заўтра. I таму ён мусіць быць пакараны.
Тут пракурор выцер твар, які ўжо ўвесь блішчаў ад поту. I нарэшце прамовіў: які б ні бьіў цяжкі яго абавязак, ён выканае яго цвёрда і без ваганняў. Ён заявіў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я ігнарую, і я не маю права чакаць літасці ад людзей, бо мне не вядомы самыя элементарныя людскія пачуцці.
— Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека,— заявіў ён,— і раблю гэта з лёгкім сэрцам. Бо нават калі мне за ўвесь той доўгі час, што я служыў правасуддзю, і даводзілася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ ніколі я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкі абавязак абумоўлены, падмацаваны і асвечаны пепазбежнаю і ўладнай ітеабходнасцю і тым жахам, які выклікае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека.
Калі пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цішыня. Mae думкі зблыталіся ад спёкі і здзіўлення. На-
рэшце старшыня крыху адкашляўся і ціха спытаўся, ці ёсць у мяне нешта сказаць. Я ўстаў, мне ўжо даўно хацелася загаварыць, і я сказаў, бадай, першае, што прыйшло ў галаву,— я зусім не хацеў забіваць араба. Старшыня сказаў, што гэта ўжо нейкае сцверджанне, бо дагэтуль ён кепска разумеў маю абарончую сістэму, але цяпер будзе рады, калі я да адвакатавай прамовы паспрабую растлумачыць, якія прычыны прывялі мяне да такога ўчынку. Крыху блытаючыся ў словах і разумеючы, наколькі ўсё гэта выглядае смешна, я паспяшаўся сказаць, што галоўнаю прычынай было сонца. У зале пачуліся смяшкі. Мой адвакат паціснуў плячыма, але яму якраз далі слова. Ён заявіў, што ўжо позна, а ў яго прамова на некалькі гадзін, і таму ён просіць перанесці паседжанне на другую палову дня. Суд пагадзіўся.
Пасля абедзеннага перапынку вялізныя вентылятары па-ранейшаму мясілі густое паветра ў зале і зноў, як заведзеныя, варушыліся ў руках у прысяжных маленькія шматкаляровыя веярочкі, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, ніколі не кончыцца. Але ў нейкі момант я напружыў слых, бо ён сказаў:
— Напраўду, я забіў.
I далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў «я». Мяне гэта здзівіла. Я нахіліўся да жандара і спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў:
— Адвакатьі заўсёды так робяць.
I мне падумалася, што гэта — зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддаліць мяне ад справы, зусім ператварыць у нішто і нават, у пэўным сэнсе, замяніць мяне іншым. Зрэшты, я быў і так ужо вельмі далёка ад гэтае залы. I мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмі хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэліў у араба, каб абараніцца, бо той справака-
ваў мяне. Але затое пасля — вельмі доўга таксама гаварыў пра маю душу. I мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора.
— Я таксама зазірнуў у гэту душу,— сказаў ён,— але насуперак шаноўнаму прадстаўніку пракуратуры, я многа знайшоў там і магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнізе.
Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны і адданы сваёй фірме працаўнік, чалавек усімі паважаны, які са спагадаю ставіцца да няшчасця іншых. На яго думку, я быў узорны сын, які ўтрымліваў сваю маці, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якім мне дазвалялі акружыць яе мае невялікія сродкі.
— Мяне здзіўляе, панове,— сказаў ён,— што вакол гэтага прытулку падняўся такі шум. Бо калі трэба знайсці нейкі доказ у неабходнасці падобных устаноў і ў іх высокім прызначэнні, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на іх выдаткуе сама дзяржава.
Аднак ён нічога не сказаў пра пахаванне, і я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсіх гэтых доўгіх фраз, бясконцых дзён і незлічоных гадзін, калі ўсе гаварылі пра маю душу, у мяне ўжо круцілася ў галаве, нібы я глядзеў у глыбокі вір з каламутнай вадой.
Памятаю толькі, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены і дзверы, праз усе пакоі і залы да мяне даляцеў гук дудкі, якой вулічны гандляр марожаным зазываў пакупнікоў. I раптам мяне апанавалі ўспаміны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзіў самыя простыя і самыя незабыўныя свае радасці: летнія пахі, мой любімы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкі і сукенкі Мары. Уся бязглуздзіца
майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкаціла да горла, і я захацеў толькі аднаго — каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасці на ложак і заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерці сумленнага працаўніка, які загубіў сябе ў хвіліну раптоўнага зацьмення, і папрасіў прыняць пад увагу змякчальныя акалічнасці, бо я ўжо ўсвядоміў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцілі перапынак, і адвакат упаў на крэсла, нібы ў яго зусім ужо не ставала сілы. 3 усіх бакоў да яго падбеглі калегі, кожны імкнуўся паціснуць руку. Я пачуў: «Цудоўна, мой дарагі, проста цудоўна!» Адзін нават узяў мяне ў сведкі: «Выдатная прамова, га?» Я кіўнуў, але ў маім ухваленні не было шчырасці, проста я вельмі стаміўся.
Між тым на дварэ пачынала шарэць, і спёка ўжо меншала. Па гуках, якія даляталі з вуліцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалі. Але тое, чаго чакалі мы ўсе, датычылася толькі мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як і ў першы дзень. Я сустрэўся позіркам з маладым журналістам у шэрым пінжаку і з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат. I тут мне падумалася, што з самага пачатку працэсу я чамусьці ні разу не пастараўся знайсці ў зале Мары. Я зусім забыўся пра яе, але ж я быў такі заняты. Я адшукаў яе паміж Селестам і Раймонам. I яна адразу кіўнула, нібыта кажучы: «Нарэшце!» Я ўбачыў яе крыху трывожны твар і ўсмешку. Але ў сэрцы маім усё было сцята, і я нават не здолеў усміхнуцца ў адказ.
Вярнуліся суддзі. Вельмі хутка прысяжным быў прачытаны шэраг пытанняў. Я пачуў: «вінаваты ў забойстве...», «наўмысна...», «змякчальныя акалічнасці».
Потым прыеяжныя выйшлі, і мяне завялі ў пакой, дзе я ўжо чакаў у першы дзень. Хутка да мяне прыйшоў адвакат, ён быў вельмі гаваркі і размаўляў са мною даверліва і нават сардэчна, чаго раней ад яго я ніколі не чуў. Ён меркаваў, што ўсё ідзе добра, і я, відаць, абыдуся пекалькімі гадамі турмы або катаргі. Я запытаўся, ці можна падаць на касацыю, калі прыгавор будзе нешчаслівы. Але ён сказаў — не. Тактыка яго прамовы заключалася ў тым, каб не высоўваць ніякіх пэўных прапаноў і тым самым не настройваць супраць нас прысяжных. Паводле яго слоў, у такіх працэсах, як мой, скасаваць прысуд не так проста, дзеля нейкіх дробязяў гэтага рабіць не стануць. Я палічыў, што гэта натуральна, і цалкам пагадзіўся з яго думкаю. Бо калі на справу зірнуць цвяроза, іначай і быць не павінна. Гэта колькі б звялі паперы, каб можна было скасаваць любы прысуд.
— Ва ўсякім выпадку,— сказа