• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чужаніца  Альбер Камю

    Чужаніца

    Альбер Камю

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 278с.
    Мінск 1986
    65.84 МБ
    і я наталяў не толькі сваю пачуццёвасць, але і задавальняў сваю прагу да гульні. Жанчыны падабаліся мне перш за ўсё як доб-
    рыя партнёркі ў своеасаблівай гульні, якая, увогуле, была даволі-такі бязвіннаю. Я арганічна не пераносіў нуды і цаніў у жьіцці толькі ўцехі. Любыя сябры, нават самыя разумныя, хутка мне надакучвалі, але я ніколі не сумаваў з жанчынамі, якія мне падабаліся. Мне няёмка прызнацца, але я аддаў бы дзесятак сустрэч з Эйнштэйнам за адно першае спатканне з прыгожанькаю статысткай. Праўда, на дзесятым спатканні я б ужо затужыў па Эйнштэйне ці па добрай сур’ёзнай кнізе. Але ўвогуле, высокія праблемы цікавілі мяне адно ў прамежках паміж маімі маленькімі забавамі. А колькі разоў я, стоячы з сябрамі на тратуары, у самы разгар спрэчкі раптам губляў нітку размовы толькі таму, што вуліцу ў гэты момант пераходзіла якаясь чароўная спакусніца!
    Словам, я гуляў. Я ведаў, што жанчыны не любяць, калі да мэты ідупь надта хутка. На іх думку, спачатку патрэбны адпаведная гутарка, пяшчоты. I тут у мяне не ўзнікала ніякіх цяжкасцей: гаварыць я заўсёды ўмеў — я ж быў адвакат,— а позіркі самых розных адценняў навучыўся кідаць яшчэ ў войску, калі займаўся ў тэатральным гуртку. Ролі мяняліся часта, але п’еса заўсёды была адна. Напрыклад, мне вельмі ўдавалася сцэна з нейкай неадольнай, падсвядомаю цягай: «я сам не ведаю, што са мной робіцца», «далібог, я разумею, што гэта неразумна...», «я не хачу гэтага кахання, я так стаміўся...» і гэтак далей. Нумар, увогуле, не надта новы, але дзейнічаў ён заўжды эфектыўна. Ці быў яшчэ адзін — нейкае таямнічае, бязмежнае пачуццё, якога не дарыла яшчэ ні адна жанчына. Можа быць, яно і не вельмі трывалае, можа быць,— і я нават упэўнены ў гэтым (хто ж можа за сябе паручыцца),— але цяпер без яго жыццё — не жыццё. Асабліва ж добра я адшараваў адну маленечкую тыраду. Сэнс гэтай тырады заключаўся ў пакорным і смутным прызнанні, што я абсалютная нікчэмнасць, са мной не
    варта звязваць свайго жыцця, я сваё аджыў, але ніколі так і не ўбачыў шчасця, за якое цяпер, мабыць, аддаў бы ўсё на свеце, але — на жаль! — ужо занадта позна. Прычыны гэтага «занадта позна» я хаваў у сакрэце, ведаючы, што ў ложак лепш за ўсё класціся ахінутым у таямніцу. Зрэшты, я настолькі ўжываўся ў ролю, што, у пэўным сэнсе, сам ужо верыў у тое, што кажу. He дзіва, што і мае партнёркі нарэшце пачыналі весці сваю партыю з вялікім натхненнем. Найбольш чуллівыя імкнуліся мяне зразумець, і гэтае імкненне прыводзіла іх да сентыментальнай меланхоліі. Другія, задаволеныя тым, што я паважаю правілы і далікатна пачынаю з словаў, самі неадкладна пераходзілі да канкрэтных дзеянняў. Я ж кожны раз выйграваў двойчы, бо не толькі наталяў сваё жаданне, але і, пераканаўшыся ў сваёй уладзе над жаночаю душою, яшчэ болыіі умацоўваўся ў любові да сябе.
    Усё было менавіта так, і нават калі некаторыя жанчыны не прыносілі мне вялікага задавальнення, я ўсё роўна стараўся час ад часу аднавіць з імі сувязь, на што мяне, безумоўна, штурхала не толькі жаданне асвяжыць былыя пачуцці пасля доўгай разлукі, але і імкненне праверыць, што повязі, якія злучалі нас, яшчэ жывуць і адно ад мяне залежыць, жыць ім далей ці не. Часам я нават прымушаў іх прысягнуць, што яны не будуць належаць нікому, апроч мяне,— і рабіў гэта толькі дзеля таго, каб раз і назаўжды адагнаць ад сябе ўсякую падазронасць у сувязі з гэтым. Праўда, ні ў сэрцы, ні ў думках падобных падазрэнняў у мяне не ўзнікала. Я быў настолькі ўпэўнены ў сабе, што мне было цяжка ўявіць, каб жанчына, якая належала мне, некалі магла належаць другому. Я не мог гэтага дапусціць, нават калі гэта было відавочна. I толькі павязаўшы іх клятвай, я адчуваў сябе вольным. Цяпер, калі я ведаў, што жанчына нікому належаць не будзе, я мог з лёгкасцю яе кінуць, што іначай было амаль
    немагчыма. Мне патрэбна была цвёрдая ўпэўненасць, што мая ўлада над імі будзе існаваць вечна. Забаўна, праўда? Але ўсё менавіта так, мой дарагі суайчыннік. Адны крычаць: «Кахай мяне!» Другія: «Не трэба мяне кахаць!» Але ёсць яшчэ адна, асаблівая парода людзей — самая кепская і самая няшчасная,— яны патрабуюць: «Не кахай мяне, але вернасць захоўвай!»
    Тут вось дзе загваздка: пераканацца ў вернасці канчаткова, бадай што, немагчыма, і з кожнай новай каханкай усё трэба паўтараць нанава. 3 часам гэта ўваходзіць у звычку, і хутка ты пачынаеш патрабаваць клятвы, нават не думаючы, на што яна табе патрэбна: у цябе ўжо рэфлекс. Нарэшце ўзнікае такая сітуацыя, калі ты бярэш, абсалютна таго не жадаючы. I можаце мне паверыць, некаторым бывае цяжэй за ўсё не ўзяць таго, чаго яны не хочуць.
    Так са мной аднойчы і здарылася. Няма ніякай патрэбы расказваць, хто яна была, скажу толькі адно: яна мяне зусім не хвалявала і прывабіла хіба што сваім пасіўным і адначасова прагным выглядам. Шчыра кажучы, задавальненне было даволі пасрэднае, чаго і трэба было чакаць. Але комплексамі я ніколі не мучыўся і, развітаўшыся з гэтай асобай, хутка яе забыў. Я не думаў, каб яна нешта заўважыла, і ўжо зусім не мог уявіць, што ў яе ўзнікнуць нейкія думкі. Зрэшты, у яе быў такі адчужаны выгляд, што мне падалося, нібы яна наогул не здольная бачыць, што робіцца ў свеце. I тым не менш, праз некалькі тыдняў я даведаўся, што яна расказала пра мае недахопы нейкаму старонняму чалавеку. Першае пачуццё ў мяне было, што мне здрадзілі; аказваецца, яна была не такая пасіўная, якой мне здавалася, і ў яе таксама былі нейкія думкі! Але потым я паціснуў плячыма і зрабіў выгляд, быццам мне ўсё гэта проста смешна. I я сапраўды пасмяяўся, бо гэты інцыдэнт, зразумела, не меў ніякага значэння. Дый дзе ж яшчэ, як не ў справах сексу з усімі
    яго дзівацтвамі, сціпласць мусіць быць правілам? Але ж не, і тут кожны хоча выставіць сябе ў самым выгадным святле, няхай хоць бы перад самім сабою. Вось і я — я сціпла паціснуў плячыма, і ведаеце, што зрабіў? Трошкі пазней я зноў спаткаўся з гэтай жанчынай, зноў зрабіў усё, каб яе спакусіць, і зноў авалодаў ёю. Зрэшты, гэта было не так ужо цяжка: жанчыны таксама не любяць, каб гэтая справа канчалася расчараваннем. I вось, як толькі мне ўсё гэта ўдалося, я пачаў літаральна мучыць яе. Гэта атрымлівалася ў мяне мімаволі. Я кідаў і зноў вяртаўся да яе, я прымушаў яе аддавацца мне ў самы неадпаведны час і ў самых неадпаведньіх абставінах, я абыходзіўся з ёю ва ўсіх адносінах так жорстка, што нарэшце прывязаўся да яе, як, напэўна, прывязваецца турэмны наглядчык да свайго вязня. I так доўжылася да таго дня, пакуль яна, у нястрымным парыве пакутлівай палкасці, на ўвесь голас не ўславіла таго, хто яе прыгнятаў. 3 таго дня я пачаў ад яе аддаляцца. I потым забыўся зусім.
    Нягледзячы на ваша далікатнае маўчанне, я, бадай, пагаджуся, што гэта не вельмі яркая гісторыя. I ўсё-такі — прыгадайце сваё жыццё, мой дарагі суайчыннік! Пакапайцеся ў памяці, я ўпэўнены, што вы знойдзеце ў ёй такую самую або падобную да гэтай гісторыю і пазней самі распавядзеце яе. Што ж да Ma­ne, то я смяяўся, калі прыгадваў гэту прыгоду. Праўда, гэта быў ужо іншы смех, ён быў нечым падобны на той, што я чуў на мосце Мастацтваў. Я смяяўся са сваіх любоўных і абарончых прамоў. Нават больш з абарончых, ніж з любоўных, бо ў размовах з жанчынамі я ўсё-ткі хлусіў менш. Маімі паводзінамі тут кіраваў інстынкт, а ён гаворыць заўсёды ясна і без акалічнасцей. Акт кахання — гэта ўжо прызнанне. Тут найбольш яскрава выяўляюцца і ваш эгаізм, і ваша пыхлівасць ці, наадварот,— ваша сапраўдная велікадушнасць. Па сутнасці, у гэтай сумнай гісторыі я
    болып, чым калі б то ні было, паказаў сабе, хто я ёсць. Я быў у ёй больш шчыры, чым сам пра гэта здагадваўся, я ўбачыў нарэшце, як я жыву. I ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта — нягледзячы на тое, што я паводзіў сябе менавіта так, як вам расказаў, маё прыватнае жыццё было больш вартае павагі, чым мае напышлівыя адвакацкія прамовы пра бязвіннасць і правасуддзе. Ва ўсякім выпадку, у сваіх адносінах з жанчынамі я не мог падманвацца наконт сапраўднай сутнасці маёй натуры. Ніхто не крывадушнічае ў сваіх уцехах — ужо не памятаю, ці сам я гэта прыдумаў, ці прачытаў недзе, але думка слушная, праўда?
    Дык вось, пасля ўсяго, што са мной здарылася, і калі я пачаў разважаць аб прычынах, якія перашкаджалі мне лёгка расставацца з жанчынамі і прыводзілі да мноства паралельных сувязей, я канчаткова пераканаўся, што маё шчадралюбнае сэрца тут ні пры чым. He яно кіравала мною, калі нейкая паненка, стаміўшыся чакаць Аўстэрліца нашай любові, сама заводзіла размову пра расстанне. Я адразу кідаўся ёй насустрач, я ішоў на любыя кампрамісы, уключаў усё сваё красамоўства, стараючыся распаліць у ёй пяшчоту і салодкую, мяккую страсць, але сам толькі ўяўна адчуваў тое ж самае — адзінае, што мяне хвалявала, гэта — магчымасць страціць сваю любоўную ўладу над ёй. Часам, зрэшты, мне здавалася, што я пакутую сапраўды. Але досыць было бунтарцы ўсё-такі спраўдзіць сваё абяцанне і пакінуць мяне, як я адразу яе забываў — як забываў і тады, калі яна вырашала вярнуцца. He, не каханне і не велікадушнасць кіравалі мною, калі мне пагражала небяспека аказацца пакінутым; гэта было зусім іншае жаданне — жаданне быць самому каханым і атрымліваць тое, што, на маю думку, мне належала. Але як толькі мяне зноў кахалі — я забываў пра сваю партнёрку і ўвесь свяціўся ад радасці, добры настрой вяртаўся да мяне, я рабіўся зноў абаяльны.
    Заўважце, дарэчы, што моц маёй любоўнай улады над вернутаю каханкай нарэшце пачынала прыгнятаць і мяне. I ў асабліва прыкрыя хвіліны я казаў ca­de, што ідэальным выйсцем з такога становішча была б смерць гэтай асобы. Па-першае, яна замацоўвала б навечна наш саюз, а па-другое, пазбавіла б няшчасную ад рабскага паслушэнства. Але ж няможна хацець смерці ўсіх і нарэшце вынішчыць усё чалавецтва, толькі каб карыстацца бязмежнай свабодай, якую іначай уявіць сабе немагчыма. Супраць гэтага паўставалі мае пачуццёвасць і любоў да людзей.
    Адзінае сапраўды глыбокае пачуццё, якое мне выпадала перажыць у любоўных інтрыжках, была ўдзячнасць. Удзячнасць за тое, што ўсё ідзе добра, што мне ніхто не назаляе, удзячнасць да тых жанчын, якія пакінулі мяне ў спакоі і далі поўную свабоду дзеянняў. Я ніколі не быў такі мілы і вясёлы з каханкай, як у тых выпадках, калі сустракаўся з ёю, толькі што пераспаўшы з другой. Я нібы адчуваў сябе ў даўгу перад усімі жанчынамі за тое, што даравала мне адна з іх. Але якой бы ні была блытаніна ў маіх пачуццях, сэнс іх заўсёды зводзіўся да аднаго: утрымаць сваю ўладу над усімі, каб скарыстацца ёю ў любы зручны мне час. Я выдатна разумеў, што магу быць шчаслівы толькі ў тым выпадку, калі ўсе людзі на зямлі — ці, прынамсі, як мага большая іх колькасць — будуць неадрыўна глядзець на мяне, вечна адданыя, пазбаўленыя прыватнага жыцця, гатовыя ў любы момант адказаць на мой покліч, нарэшце — асуджаныя на бясплоднасць да таго самага дня, пакуль я не зраблю ласку асвяціць іх сваім жыватворным ззяннем. Словам, каб мне жылося шчасліва, людзі, якіх я выбіраў, мусілі наогул не жыць. Яны павінны былі толькі зрэдку на нейкі час ажываць, калі на тое была мая воля.
    Паверце, я зусім не займаюся