• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чытанка для дзіцячага сада

    Чытанка для дзіцячага сада


    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 303с.
    Мінск 1990
    45.4 МБ
    Робін-Бобін
    Англійская народная песенька
    Робін-Бобін, ненаеда, сяк-так лёгенька паснедаў: з’еў тры рэшаты аладак, барана, свіны азадак, тры валы, чатыры гускі ды цяля замест закускі. Пернікаў з асьміну мерку праглынуў, як слон цукерку, з’еў яечні скавародзен і гаворыць, што галодзен!
    Гарошак
    Беларуская народная казка
    Жыў калісь на свеце адзін гаспадар з жонкаю. Былі ў іх два сыны і адна дачка. Рэдка ў каго былі такія працавітыя хлопцы, як гэтыя сыны. Ніколі яны не сядзелі без работы, а калі дома работы не было, то хадзілі ў чужыя землі.
    Яшчэ больш цікавая была іхняя сястра. Цяжка было знайсці такую прыгожую, такую мілую дзяўчыну. I звалася яна Ясаня.
    Адзін раз улетку, парабіўшы дома работу, задумалі браты пайсці ў заработкі.
    — Калі мы не вернемся праз тры дні,— сказалі браты,— то няхай нам Ясаня прынясе есці.
    — А як жа я вас, браткі, знайду? Куды мне есці прыносіць? — спытала Ясаня братоў ужо на двары.
    — Мы будзем салому па дарозе церушыць. Па гэтай саломцы і знойдзеш ты нас.
    Развіталіся яны з бацькамі, з сястрою.
    Ідуць браты, саломку па дарозе раскідваюць, прыгаворваючы:
    — Будзе наша Ясаня ісці і не саб’ецца з дарогі.
    А ў тых мясцінах жыў страшны змей. У яго быў жалезны язык, вочы — як жарнавьія камяні і гарэлі агнём. Жыў ён у палацах. Тыя палацы былі зложаны з людскіх касцей.
    Падслухаў змей, што казалі браты, даведаўся, навошта салому цярушаць. Пазбіраў ён гэту салому і пакідаў яе па дарозе, што ў яго касцяныя палацы вяла.
    «Будзе яна па саломцы ісці і ў мае палацы прыйдзе»,— думае змей.
    Так яно і сталася.
    Праходзіць дзень, праходзіць другі,— няма братоў. I трэці дзень мінуўся, а іх няма.
    На чацвёрты дзень сабралася Ясаня ў дарогу братам есці несці. Узяла яна хлеба, стравы і пайшла.
    Ідзе яна ды ідзе, на саломку прызіраецца. А дарога ўсё глыбей у лес забірае. Лес цёмны, глухі, нават і неба не відаць. Ідзе Ясаня, і страшна робіцца ёй. «Куды ж так далёка зайшлі яны?» — думае дзяўчына. Вось пад вечар падыходзіць яна да касцяных палацаў ліхога змея. Паглядзела Ясаня, і сэрца яе замерла ад страху: вакол чалавечыя косці ляжаць. Што ж тут рабіць? Кінулася яна бегчы назад. Бяжыць яна, бяжыць, ажно чуе — гудзе штосьці. Азірнулася — змей даганяе!
    Схапіў яе змей і ў свае палацы нясе.
    — Я цябе даўно чакаю,— кажа змей.— Цяпер ты будзеш жыць са мною — ты будзеш маёю жонкаю.
    Плакала, прасілася Ясаня, каб пусціў яе змей, але просьба не памагла.
    Браты чакаюць яе на чацвёрты дзень. Чакалі, чакалі, ды так і не дачакаліся. Пайшлі яны дадому.
    — Чаму ж вы,— кажуць бацькам,— не прыслалі яды?
    Напалохаліся бацькі:
    — Як не прыслалі? Хіба ж не было Ясані?
    Спалохаліся і браты: напэўна, з Ясаняю ліха налучылася.
    — Пайду шукаць яе,— кажа старэйшы брат.
    Сабраўся і пайшоў. Ідзе ён ды ідзе па той дарозе, што саломаю пацярушана, ды не прыкмеціў, што гэта не тая дарога, кудою ён з братам ішоў, і дайшоў да касцяных палацаў. Сустракае сястру.
    — Куды ж ты, братка, зайшоў? — пытае яго Яса-
    ня.— Тут страшны змей жыве. З’есць ён цябе. Уцякай ты адгэтуль хутчэй!
    — Калі ўцякаць — уцякайма разам,— кажа ёй брат.
    — He, братка: ён чуе мой дух — дагоніць і зловіць нас. А адзін ты, можа, уцячэш.
    Толькі што яна так сказала, чуюць — як загудзе нешта, ды так моцна, што аглушыла іх. Глядзяць — аж то змей ляціць.
    — Гэта мой брат прыйшоў да нас,— кажа Ясаня змею.
    — Добра,— кажа змей,— вядзі ж ты яго да мяне ў госці.
    Увайшлі ў палацы.
    — Ну, жонка,— гаворыць змей,— дай нам пасмакаваць бобу жалезнага.
    Прынесла Ясаня жалезнага бобу. Змей як пачаў есці гэты боб, дык аж іскры пасыпаліся, а той, небарака, узяў адну бабінў ды ледзь быў зуба сабе не паламаў. Пажаваў дый выплюнуў з рота бабіну.
    Як закрычыць тут змей:
    — Ты што ж гэта дабром маім пагарджаеш? Я ем, а ты не можаш? Чым ты лепшы за мяне?
    Сядзіць бедны госць, баіцца зварухнуцца.
    — Хадзем пакажу маё багацце!
    Вывеў змей свайго госця яа двор і павесіў яго на варотах, а потым прыйшоў да Ясані і кажа:
    — Жонка! Я павесіў твайго брата, бо ён не хацеў есці майго бобу.
    Залілася Ясаня горкімі слязамі, але бядзе памагчы нічым не магла.
    Праз дзень ці праз два выйшла Ясаня на дарогу, бачыць — другі брат ідзе, шукаючы яе.
    Такая ж самая доля напаткала і другога брата.
    Чакаюць бацькі сыноў дзень, чакаюць другі... Так чакалі з тыдзень, а іх усё няма.
    Аднаго разу досвіткам пайшла жонка гаспадара па ваду. Бачыць яна — коціцца па дарозе гарошак. Падняла яна яго, паглядзела ды і з’ела. I вось якая сталася з ёй праява. Пачула яна, што той гарошак стаў у ёй расці. А тыдні праз два нарадзіўся ў яе сын. I такі прыгожы ды такі вялікі, што проста дзівота! А як толькі нарадзіўся ён, дык зараз жа і закрычаў:
    — Мама! Дай мне есці!
    А голас такі грубы-грубы, што ўсе папалохаліся.
    Расце той хлопец не па днях, а па часінах, і за месяц вырас такі вялікі, ды яшчэ з барадою, ажно бацька яго баяўся. Думалі, думалі, як назваць яго, якое імя даць. I назвалі яго Гарошак.
    Праз нейкі час кажа Гарошак бацьку:
    — На табе, тата, шпільку, завязі яе да каваля, няхай выкуе з яе булаву на сем пудоў.
    Бацька думае сабе: «Ось дурны які хлопец: хоча, каб са шпількі яму зрабілі булаву на сем пудоў». Але сказаць аб гэтым сыну пабаяўся. Паехаў у горад, купіў сем пудоў жалеза, завёз да каваля.
    — Зрабі ты,— кажа,— булаву, каб яна важыла сем пудоў.
    Каваў, каваў каваль булаву, ледзь выкаваў. Ускацілі на воз булаву. Прывозіць яе бацька дадому.
    — На,— кажа,— сынок, табе булаву.
    I скаціў яе на зямлю.
    Узяў Гарошак тую булаву адною рукою ды як шыбануў яе ўгору, ажно яна ў небе схавалася.
    Шпурнуў ён гэтую доўбню, пайшоў у хату, паснедаў, з бацькам пагутарыў.
    — Ну, хадзем, бацька, на двор, зараз булава вернецца.
    Выйшлі за хату на поле.
    Паглядзеў Гарошак у неба.
    — Бач, тата: вунь булава ляціць!
    He паспеў бацька зірнуць, а булава калі загудзе! Падставіў Гарошак калена. Як стукнецца аб калена булава! Трах — і пераламалася папалам.
    Пакруціў Гарошак галавою.
    — Ты, мусіць, тата, не з тае шпількі булаву зрабіў.
    Паехаў бацька зноў у горад, купіў сем пудоў жалеза і зноў завёз яго да каваля. Выкаваў каваль новую булаву.
    Прывёз яе бацька дамоў.
    Шпурнуў яе Гарошак угору, падставіў калена — булава толькі трошкі пагнулася.
    — Ну, гэта булава добрая,— кажа Гарошак, павесялеўшы.— Цяпер жа, тата, пайду сястру шукаць.
    Доўга не думаючы, узяў Гарошак булаву і пайшоў проста да змея.
    Пачуў змей вялікую сілу. Выскачыў на дарогу насустрач Гарошку. Зірнулі яны адзін на аднаго і
    маўчаць, як бы напужаліся адзін аднаго. Недалёка і Ясаня стаіць. Гарошак здагадаўся, што гэта сястра яго.
    Нарэшце кажа змей Гарошку:
    — Хадзем, браце, з’ямо трохі бобу.
    Пайшлі ў палац, садзяцца за жалезныя столікі. Як толькі сеў Гарошак за свой столік, дык гэты столік так і пасыпаўся. Здзівіўся змей і яшчэ больш спалохаўся. Падаў госцю другі столік, яшчэ мацнейшы. Але і той сагнуўся пад Гарошкам. Пачалі есці жалезны боб. Елі, пакуль увесь не з’елі.
    Змей аж пачырванеў, так яму моташна стала, што знайшоўся чалавек, яшчэ дужэйшы за яго. Круціўся ён, круціўся, а потым кажа:
    — Хадзем, брат, агледзім маё багацце.
    — Хадзем.
    Прыходзяць у гумно. Гумно вялікае. Ад сцяны сцяны не ўбачыш. Ток выкладзены меддзю. Страха на жалезныя пруты апіраецца. А на гэтых слупах вісяць два чалавекі, даўно нежывыя.
    — Што гэта за людзі ў цябе вісяць? — пытае Гарошак.
    — Браты маёй жонкі,— адказвае змей.
    Затросся Гарошак ад злосці і гневу.
    — Ах ты, паганец, змяіная твая душа! To ж ты маіх братоў павешаў! — загрымеў Гарошак ды як хапіў рукамі змея, як здушыў яго ды як стукнуў, дык змей па пояс уляцеў у медны ток — і дух з яго вон.
    Вярнуўся Гарошак дадому і сястру прывёў.
    Пажарныя сабакі
    Леў Талстой
    Бывае часта, што ў гарадах на пажарах застаюцца дзеці ў дамах і іх нельга выцягнуць, бо яны ад спалоху схаваюцца і маўчаць, а праз дым іх нельга ўбачыць. Для гэтага ў Лондане прывучаны сабакі. Сабакі гэтыя жывуць з пажарнымі, і калі загарыцца дом, дык пажарныя пасылаюць сабак выцягваць дзяцей. Адзін такі сабака ў Лондане выратаваў дванаццаць дзяцей: яго клікалі Боб.
    Аднаго разу загарэўся дом. I калі пажарныя пад’ехалі да яго, ім насустрач выбегла жанчына. Яна плакала і гаварыла, што ў доме засталася двухгадо-
    вая дзяўчынка. Пажарныя паслалі Боба. Боб пабег па ўсходках і схаваўся ў дыме. Праз пяць хвілін ён выбег з дома і ў зубах за сукенку нёс дзяўчынку. Маці кінулася да дачкі і плакала ад радасці, што дачка была жывая. Пажарныя ласкава гладзілі сабаку і аглядалі яго, ці не абгарэў ён, але Боб ірваўся зноў у дом. Пажарныя падумалі, што ў доме яшчэ ёсць што-небудзь жывое, і пусцілі яго. Сабака пабег у дом і хутка выбег з нечым у зубах. Калі народ разгледзеў тое, што ён нёс, дык усе рассмяяліся: ён нёс вялікую ляльку.
    Месяцы года
    Пімен Панчанка
    Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, Сакавік — з сакатаннем і сокам Беларускіх вясновых бяроз, Красавік — час маланак і ліўняў, Травень — з першым мурогам, сяўбой, Чэрвень — з ягаднаю зарой, Ліпень — з мёдам,
    3 пшаніцаю — жнівень, Спелы яблычны верасень, Багаты кастрычнік
    У празрыстасці чыстай, крынічнай, Лістапад — залаты лістапад, Снежань — першы густы снегапад.
    Бацька і сыны
    3 народнага
    Бацька навучаў сыноў, каб яны жылі ў згодзе; яны не слухалі. Вось ён загадаў прынесці венік і кажа: «Пераламайце!»
    Колькі сыны ні мардаваліся, пераламаць не маглі. Тады бацька развязаў венік і загадаў ламаць па адным прутку.
    Сыны лёгка пераламалі паасобку ўсе пруткі. Тады бацька кажа:
    — Гэтаксама і вы: калі будзеце жыць у згодзе, ніхто вас не зможа, а калі будзеце сварыцца, усякі вас лёгка здолее згубіць.
    ДАДАТАК
    Незаменнае
    Васіль Жуковіч
    Мір, Радзіма, мама — усяму аснова. Мір, Радзіма, мама — нам святыя словы. Замяніць і страціць нельга, немагчыма першыя паняцці: мама, мір, Радзіма.
    Кастрычнік
    Алег Мінкін
    Ад дрэва да дрэва ідзе пехатой Кастрычнік, мастак адмысловы, I фарбай бурштынавай і залатой Малюе лісточкі ў дубровы.
    Зірні: ён і сам, адступіўшы на крок, Глядзіць на абсяг маляўнічы, I робіць апошні агністы мазок, I подпіс выводзіць: Кастрычнік!
    Кастрычніцкая песня
    Рамутэ Скучайтэ
    Хай лунае наша песня — У грудзях ёй стала цесна! Хай у неба песня тая Лёгкай птушкай узлятае. Хай сусвет увесь пачуе Нашу песню агнявую. Хоць гадоў яму багата — Маладое наша свята. Чуеш: Песні звонка льюцца! Чуеш: Сэрцы гулка б’юцца!