Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
АЛЕСЬ БЫЧКОЎСКІ
ДАБРАДЗЕІIГАРМІДАР КВАНТАВАЙ ЛІТАРАТУРЫ
ФАНТАСТЫЧНЫЯ АПО ВЕСЦЬ I АП АВЯ ДАН HI
Алесь Бычкоўскі
ДАБРАДЗЕІI ГАРМІДАР КВАНТАВАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Аповесць і апавяданні
Мінск «Галіяфы» 2018
УДК 821.161.3-31/-32
ББК 84(4Бен)-44
Б95
Бычкоўскі, А.
Б95 Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры : аповесць і апавяданні / Алесь Бычкоўскі. Мінск: Галіяфы, 2018.-162 с.
ISBN 978-985-7140-94-7.
Ці чулі вы, што ўсе выдуманыя сусветы існуюць насамрэч? I не толькі існуюць, але і дапамагаюць пісьменнікам, чытачам, а найперш аматарам казак і фэнтэзі.
Ці вядома вам, што побач з намі жывуць паралельныя цывілізацыі разумных жывёл? Журналіст Тамаш Ян гэтаксама не ведаў, пакуль не ўлупіўся галавой у пень і не трапіў у карчму «Халодныя ногі» каля могілак.
Анамальныя з’явы, ваўкалакі, тагасветныя пачвары пад абліччам вабных прыгажунь ды іншае ў новым зборніку беларускага празаіка Алеся Бычкоўскага ‘Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры”.
УДК 821.161.1 -31 /-32
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7140-94-7
© Бычкоўскі А., 2018
© Дарохін П., вокладка, 2018
© Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2018
ДАБРАДЗЕІI ГАРМІДАР КВАНТАВАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Аграмадны цмок вышынёй з тры паверхі нязграбна прыткнуўся шырокім азадкам да шурпатага валуна, пыхнуў гарам і палез у шнобель доўгім брудным кіпцюром. Цмок меў разгублены і неахайны выгляд, лыпаў вачыма і дзіка азіраўся па баках, рыхтык намагаўся сцяміць, як апынуўся на стромкім беразе возера, з зыбкай паверхні якога ггвытыркалі галовы цікаўныя русалкі. Казачныя вадзяныя дзяўчаты віравалі тут з моманту закладкі “Парку”, а вось цмок матэрыялізаваўся знянацку, чым і прыцягнуў увагу не толькі азёрных насельнікаў. Вучоны кот на ланцугу ад нечаканасці выпусціў у траву гуслі і, скочыўшы на дуб, схаваўся ў вецці. Зверху кружляў дыван-самалёт. А я стаяў на мастку за агароджай з армаванага шкла ўсутыч з тэхнічнымі рыштункамі “Парку” і агаломшана разумеў, што ў нас чэпэ, ды амаль пад канец маёй змены. “Кіс-кіс-кіс”, — беспаспяхова паклікаў я, але мурзаты баюн не мог праз шкло пачуць. Як і астатнія насельнікі “Парку”. Ніхто з іх не ў стане пачуць ці ўбачыць дзяжурнага агента, пакуль той сам не ўвасобіцца ўнутр, пад шклоагароджу.
Распачынаць аповед з апісання цмока мае сэнс выключна з аднае мэтай — прывабіць чытача, апантанага фэнтэзі. Іншым выпадкам варта адразу пісаць "усё пачалося з...”. Так!
Усё пачалося з пенсіянера Цукеркіна, які вынаходзіў капялюш-няўгледку. Цукеркін — палкоўнік у адстаўцы, які сваім часам служыў у Паўднёвым Емене спецыялістам па ваенных тэхналогіях. Капялюш-няўгледка яму тэрмінова спатрэбіўся, каб цішком, употай ад жонкі, бегаць ноччу да крамы па чарніла. Зразумела, мара ўсіх злодзеяў у палкоўніка не атрымалася, замест гэтага выйшла нешта іншае, больш значнае. Бадай, варта зараз трошкі зноў адкаціць назад, цьфу, няма ў нашай мове гэтага слова, ёсць: развярнуцца і зноўку наперад!
Усё пачалося з раптоўнай анамаліі на спартовым стадыёне сталіцы. Скуль узялася тая анамалія, невядома. Але на тым полі нечакана для ўсіх пачала прайграваць усім гасцям айчынная футболахакейная зборная. Прыедзе хто з Еўропы ці Расеі — нашы абавязкова прадуюць. Прыляціць хто з іншага мацерыка — у нашых ізноў ногі не з таго месца растуць, вынік той жа. Гол за голам. Госці ў фаворы, а нашых тутэйшыя патрыёты-аматары клянуць і абяцаюць укрыжаваць.
Падобныя пройгрышы айчынных гульцоў хтосьці задужа смелы наўпрост звязваў з плыняй крэдытаў, атрыманых краінай. Аднак саму анамальнасць поля здолеў выкрыць знаёмы ўжо нам пенсіянер Цукеркін, вялікі аматар футболахакея.
Насунуўшы капялюш-няўгледку, адстаўны палкоўнік мужна рынуўся ў атаку з высакароднай мэтай дапамагчы айчыннай зборнай. Справядліва палічыўшы сябе нябачным, Цукеркін ганяўся па полі за мячом, пакуль не быў затрыманы суддзёй і аховай. Тут і надарылася такое, што без здзіўлення, шкадобы, жалю,
роспачы папалам з рогатам і сказаць нельга. Нібыта знітаваліся ў прасторы і часе два непрадказальныя фактары: анамальнае поле і капялюш-няўгледка Цукеркіна. Раптоўна, як на загад, усе ўдзельнікі затрымання ваяўнічага палкоўніка знерухомелі, пачырванелі і вытарашчылі вочы. Ахоўнікі правапарадку нечакана аказаліся са спушчанымі нагавіцамі і гумовымі дручкамі ў валасата-ружовых азадках, а з моцнай дупы суддзі ў адпаведным месцы вытыркаў свісток. Аўдыторыя на трыбунах замерла, гікнула і скаланулася нястрымным рогатам некалькіх тысяч мужчынскіх глотак. Сяброўская сустрэча гульцоў умомант была спынена, выклікалі спецназ, паднялі армію, а былы палкоўнік Цукеркін стрымгалоў бег прэч, не раўнуючы як хаваўся ад ядзернай пагрозы, з лёсаносным капелюшом на галаве.
Справу імгненна падхапілі “тыя, каму трэба” — аматары спорту ў цывільным, а газеты напісалі пра перадавікоў вытворчасці і нястрымны ўраджай перад дажынкамі.
Высветлілася ж наступнае. У сваёй апантанай жарсці вынаходзіць пенсіянер Цукеркін са старых дэталяў, дробязі, карацей — з лайна і палак сабраў нарэшце машынку, якая здзяйсняе жаданні. Ну, мо яно гучна сказана, але машынка спраўна матэрыялізоўвала думкі. 3 адной акалічнасцю: думкі спярша належала аднекуль прачытаць. Тут і выкрылася, што палкоўнік падчас векапомнага матчу чытаў на трыбуне зборнік сараматных показак, што і тлумачыла ў далейшым бессаромныя паводзіны гумовых дручкоўу дачыненні да іх уладальнікаў і свістка да суддзі.
Высветлілі і тое, што надрукаваныя фантазіі здольныя да матэрыялізацыі выключна на тым стадыёне, які адразу набыў “анамальны” статус. Поле абнеслі агароджай, на шыльдах пазначылі “Зачынена на рэстаўрацыю” і пачалі эксперыментаваць.
Ці то капялюш увасобіў асаблівасці характару палкоўніка, ці то яшчэ нешта, але матэрыялізацыі паддаваліся выключна рэчы з мастацкіх твораў. Самыя высокія паказальнікі ў гэтым плане мелі зборнікі казак, літаратурнай класікі і фэнтэзі.
Што толькі ні чыталі ў капелюшы Цукеркіна! Выкліканыя з нябыту здані плылі па-над зялёным травяністым полем і існавалі ад хвіліны да дваццаці чатырох гадзін. Чым большы быў наклад кнігі, тым больш устойліва плылі вобразы.
Разумныя галовы “там, дзе трэба” памаракавалі і параілі скарыстаць капялюш у дзяржаўных інтарэсах, уголас чытаць перадавіцы з газет. Аднак тут выйшаў гвалт, замест паляпшэння эканомікі з ніадкуль выскачылі два малойцы з доўбнямі і стаўклі-змясілі на горкі яблык эксперыментатараў. Капялюш больш ахвотна матэрыялізоўваў народныя казкі — тое, у што прасцей паверыць.
Калі гоман сціх, пачалі думаць: як быць далей? Газеты, зразумела, напішуць тое, што загадаюць рэдактарам, але ж пагалоскі і чуткі пра поле ўжо не суняць. Засвярбела капялюш Цукеркіна скарыстаць як след на карысць. Што ж ужо зробіш, раз так выйшла. Дый жонка Цукеркіна, сцярвозная баба, паспела зліць інфу з усімі падрабязнасцямі пра здарэнне ўнуку-праграмісту, які працаваў у Нямеччыне. Звесткі, як іх ні сакрэць-хавай, вылузнулі ў сеціва. На вуліцы не эпоха Чарнобыля, пад сукню тэчку не схаваеш і ратоў не заткнеш. Як ні круці, наўкола час высокіх тэхналогій. Тут і даручылі стварыць камісію па прымяненні капелюша Цукеркіна не каму-небудзь, а флагманам Парку высокіх тэхналогій. Праграмеры — людзі дакладныя, так бы мовіць, канкрэтныя. Пакруцілі капялюш, па чарзе прымерылі перад люстрам, зрабілі сэлфі, падзівіліся і прапанавалі заснаваць “Парк”, запрашаць турыстаў, паказваць матэрыялізаваных герояў з кніжак (сапраўдных,
не касплэйшчыкаў!) і зарабляць на тым грошы, мацаваць эканоміку. А чаму і не? Нават прапанавалі запусціць праграму дзяржаўнай падтрымкі літаратараўказачнікаў, каб заахвоціць штодня ўзбагачаць “Парк” новымі героямі. Праўда, апошнюю прапанову тармазнулі недзе перад Парламентам.
I восья, дзяжурны агент“Парку” Іван Ледастоеў, нема сузіраю цмока на стромкім беразе штучнага возера, вырытага пасярэдзіне анамальнага футболахакейнага поля былога сталічнага стадыёна. Халера на яго, цмока тут сёння не павінна быць аніякім бокам. 3 цмокам трэба нешта тэрмінова вырашаць. Бо ўрачыстае адкрыццё “Парку” маецца быць заўтра, і пра цмока не напісана ў аніводнай праграме.
★ ★★
А цмок тым часам перастаў калупаць шнобель, прынізіўся і выцягнуўся ў даўжыню, пакрысе набываў злавесны выгляд, ашчэрыў доўгія іклы, залопаў крыламі на гарбе. Вучоны кот вытыркнуў пысу з дубовага лісця і назіраў. Перапуджаныя дзеўкі ў возеры далі нырца на дно, толькі русалчыны хвасты бліснулі ў паветры, пляснулі, узбудзілі кругі на вадзе. Цмок імкліва мяняў аблічча і хутка пераўтварыўся ў пачвару з агіднай скурай. Пачвара пыхцела і паўзла да дзясятка елак, сімвалізавалых казачны лес, узбоч якога расла хацінка. Кіруемы праграмным забеспячэннем масток дзяжурнага знарок рушыў следам. Пачвара не магла западозрыць маёй прысутнасці. Хацінка гэтаксама расла, стала трохпавярховым дамком, над якім увачавідкі гусцела цемра. На гаўбцы трэцяга паверха ўзніклі дзве постаці — мужчынская і жаночая. Нешта няўлоўна знаёмае прысутнічала ў іх абрысах. Цмок няўмольна рушыў да дома, быццам на чаканае спатканне. Тут належала тэрмінова гукнуць спецыяліста, што я неадкладна і зрабіў.
3 аддзела віртуалізацыі на масток паднялася другая дзяжурная Маша Храпіна. Цукровая дзяўчынка, аўтарка ружовага фэнтэзі, якое ўсё больш нагадвала порналітаратуру, бо ўласна фэнтэзі там траплялася ўсё меней, а апісанняў размаітых сцэн любошчаў паміж добразлымі чараўнікамі і казачнымі прыгажунямі ўсё болела. Увогуле ў дадзеным рэчышчы вычварныя фантазіі аўтараў квітнелі і багацелі штогод. Маньякі і вычварэнцы, вось хто яны.
— Прыгажосць, — зазначыла цукровая дзяўчынка пра цмока-трансформера і засмактала пульхнымі ружовымі вуснамі чупа-чупс.
— Машка, — прашаптаў я з апакаліптычнымі ноткамі ў голасе. — Наведнікі заўтра прыйдуць падзівіцца на дыван-самалёт, дзеда Хатабавіча, паслухаць казкі вучонага ката і паспяваць караоке з русалкамі, а сустрэнуць цмока і напужаюцца.
— Хатабыча, — паправіла Маша.
— Хай сабе, але ж цмок разнясе да раніцы ўвесь “Парк”!
Заместадказу Храпіна пачала нешта шукацьу планшэце.
— Дзіўна, у заўтрашняй праграме пра цмока нічога не значыцца, — засведчыла яна праз пэўны час.
— А я ж пра што?
Маша выплюнула чула-чупс у сурвэтку і схавала ў кішэню.