Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
Барташэвіч з цікавасцю прачытаў артыкул, склаў газетку і прыняўся збіраць вуды. Вечарэла каля Бярэзіны, сутонела. Подых ветру надаваў бадзёрасці і спрыяў добраму настрою. Пасля абеду за ўвесь час вылавіў толькі двух падлешчыкаў. I то прыбытак, будзе коціку паласавацца на вячэру. Мужчына загарнуў здабычу ў пакет, закінуў у заплечнік, склаў акуратна ўсе рэчы ў багажнік немаладой “Таёты”, сеў за стырно і паволі пакаціў на сельскі тракт, а адтуль на трасу да горада.
Газеты Барташэвіч чытаў зрэдчас, як выпадзе. А тут каля кавярні ў вулічнага гандляра вычапіў вокам чарговы нумар дашчэнту жоўтых па змесце і каляровых у афармленні “Дзівосаў і прыгод”. Ды не столькі сама газета прыцягнула ўвагу, колькі назва артыкула — “Сляды ваўкалакаў”. Некалі для душы Барташэвіч вывучаў фальклор і народныя паданні, таму набыў нумар. Ваўкалакі — захапляльная тэма. Артыкул спадабаўся, перачытаў ажно два разы. Напісана было з пэўным гумарам і гратэскам. Нават патыхала нейкай карнавальнасцю, але гэта мо проста асацыяцыі. Звычайна пра пярэваратняў пішуць злавеснае і таямніча-змрочнае, а тут — з ледзь прыхаваным сарказмам. Матэрыял быў падпісаны Анастасіяй Звягінай, выкладчыцай гісторыі.
I гэтая акалічнасць выклікала дадатковую цікавасць. Па-першае, ніколі раней мужчына не чуў, каб паходжанне назвы населенага пункта звязвалі з паданнямі пра ваўкалакаў, а па-другое, аўтарам была гісторык. Барташэвічу захацелася бліжэй пазнаёміцца з выкладчыцай. Ён спрабаваў уявіць узрост Анастасіі і падумаў, што так лёгка і, галоўнае, чытэльна магла напісаць толькі жанчына маладая і ўзнёслая, адданая навуцы. Хаця, з іншага гледзішча, для жоўтай прэсы іначай і не напішаш, таму і казаць пра сур’ёзнасць матэрыялу няслушна. Аднак мужчына вырашыў прасачыць далей, мо Анастасія яшчэ што цікавае падасць у наступных нумарах.
Дамоў у сталіцу Барташэвіч прыехаў, ужо калі помрак ахінуў наваколле. Быў задаволены цудоўным адпачынкам на прыродзе. Недзе ў глыбінях душы мужчына лічыў сябе асацыяльным інтравертам-адзіночкай. Мо так і ёсць? Усміхнуўся сам сабе. Працаваў у міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, а туды, вядома ж, псіхаў не бяруць. Ну а сёння разняволіўся ў цішыні на рачным беразе і наталіўся душэўнай моцай.
Завітаў у начную краму, набраў прадуктаў, разлічыўся. Калі выходзіў, сутыкнуўся з міліцыянтамі патрульна-паставой службы. Адразу ўбачыў добрага суседа і сябра Лемешука, трэба ж надарыцца такому супадзенню.
— Падкінь на хвілінку да дома, мая затэлефоніла, раўла на чым свет, зірну, што ўжо здарылася, — загаварыў адразу Лемяшук і, не чакаючы адказу, укуліўся ў салон “Таёты”, сеў побач, патлумачыў: — Усё адно KaHep дзяжурства, тады на сваім аўто мятнуся, здам зброю.
Барташэвіч быў не супраць. Як не дапамагчы суседу? Тым болей ехаць не абы-куды, а ў кірунку дома. Ён пазяхнуў, падумаў, што не перашкодзіць раней легчы спаць.
Далей перакідваліся словамі, павольна ехалі ўздоўж залітай святлом ліхтароў гарадской вуліцы. Горад абу-
джаўся для начнога жыцця. Цені сноўдалі, спяшаліся. У святле машыны ўспыхвалі мятлікі. Яны стукаліся аб шкло і знікалі.
— Завернем на запраўку, — Барташэвіч успомніў, што збіраўся ўліць літраў трыццаць паліва, каб на раніцу не губляць дарма часу і накіравацца на рыбалку ў іншае месца.
Лемяшук не пярэчыў. Неўзабаве прыбылі, Барташэвіч з задавальненнем адзначыў, што чаргі няма, заправіліся хутка. Каб скараціць шлях, звярнуўу вядомым месцы з галоўнай дарогі, пакіраваў уздоўж спальнага мікрараёна, пару раз праехаў цёмныя двары.
— Ціха тут, людзі ўжо разбрыліся па хатах, — сказаў сяржант Лемяшук, зірнуў на гадзіннік і салодка пацягнуўся, хруснуў суставамі.
— Ціха. Хоць бы сабака прабег, — у тон прамовіў Барташэвіч.
— У цешчынай вёсцы сёлета іх столькі напладзілася, без дрыну на вуліцу не высоўвайся. I што цікава: няўлоўныя. Толькі службы камунальнікаў прыедуць парадак наводзіць — хаваюцца ад жывадзёраў, носу не кажуць. Дзіва!
— А вось першы, — Барташэвіч ціскануў на тормаз, каб не збіць дварняка.
Дварняк не заўважыў аўтамабіля. Ён ашалела ляцеў насустрач патрульнай машыне, падціснуўшы хвост. Толькі ў апошні момант з віскам нырнуў пад колы і праз імгненне выскачыў некуды збоку.
— Ты бачыў? — здзівіўся Лемяшук. — Ну і нахабства.
— Спуджаны, — прыкмеціў Барташэвіч. — Цікава, ад каго драпака даваў?
— Ад іншых, буйнейшых. Тэрыторыю не падзялілі, грызуцца. У сабак, як іў людзей, — цывілізацыя, — павучальна заўважыў Лемяшук.
Праз колькі метраў прамільгнулі яшчэ два сабакі з падціснутымі хвастамі.
— Мо мядзведзь уцёк з заапарка? — пажартаваў Барташэвіч.
— Наўрад. Той звярынец, што прыязджаў, днямі выправіўся на гастролі ў іншы горад. Нашыя хлопцы яшчэ суправаджалі да межаў раёна.
Лемяшук прыгадаў, як вадзіў сына ў перасоўны заапарк паглядзець на звяроў. Сын спачатку радаваўся, ды і самому было цікава убачыць жыхароў джунгляў, гасцей з Афрыкі, але потым абодва засумавалі. Паўночнаму беламу мядзведзю перашкаджала спёка, малпа-шымпанзэ ўчапілася ў краты і бясконца хісталася ўзад-уперад, нібы жадала разламаць клетку і выйсці на жаданую волю, маленькі кракадзіл плаваў з чарапахамі ў ванне, дзе не было магчымасці нават павярнуцца, а леў нерухома сядзеў, і ў ягоных вачах чыталася: “Дайце мне толькі вырвацца, я вам пакажу...” Адным словам, не спадабалася.
— Каб жывёльны свет меў здольнасць размаўляць па-чалавечы, мажліва, штораніцу замест птушыных спеваў, а таксама “мяў” і "гаў” мы б чулі спрэс мацюкі. Доўгай бясконцай плыняй, — выдаў не характэрную для сябе філасофскую сентэнцыю Лемяшук.
— Ага, уяві, занесла цябе ў лясок па грыбы, а тамака зязюля. Ты ёй: “Зязюля-зязюля, колькі мне засталося жыць?” I што ў адказ?
— От! He люблю заапаркаў, суцэльны здзек з жывёлы.
Барташэвіч згадзіўся.
— I цырк таксама.
Машына даехала да канца вуліцы. Дарога падваілася. Глухія вулачкі вялі ў глыбіні кварталаў, дзе ліхтароў амаль не было, а свяціў выключна месяц. Барташэвіч выкруціў стырно, і “Таёта” паслухмяна ўпісалася ў паварот.
— Хутка вывернем на галоўную вуліцу, там ужо будзе святлей, — пракаментаваў Барташэвіч.
Матор раўнуў, і “Таёта” набірала хуткасць па змрочнай вузкай вулачцы, разганяючы фарамі начную цемру.
Барташэвіч любіў хуткасць, але перад серыяй рэзкіх паваротаў давялося прытармазіць.
— Гуму спаліш, — папярэдзіў Лемяшук, калі пярэднія колы з віскам прабуксавалі па асфальце.
Барташэвіч — добры кіроўца, суперпрафесіянал, сунуліся далей уздоўж дамоў, выхопліваючы фарамі цёмныя зеўры пад’ездаў. Адзін, другі... Выехалі на чарговае перакрыжаванне і збочылі. Праз сотню метраў чакаўся выезд на галоўную вуліцу.
I вось тут Барташэвіч адчуў занепакоенасць. Даўно забытую, але сур’ёзную. Яна спараджалася глыбока схаванымі інстынктамі, выпрацаванымі з маладосці. Інстынкты з’яўляліся часткай яго другога, моцна заканспіраванага жыцця, пра існаванне і акалічнасці якога ведалі лічаныя асобы. Ох, нездарма сёння натрапіў на артыкул пра ваўкалакаў. Падзабытае за даўнасцю, але знаёмае прадчуванне сціскала грудзі. Барташэвіч углядаўся ў начны змрок. Нечакана, але прадбачна пачуўся жаночы крык.
— Што такое? — падхапіўся Лемяшук.
Кіроўца апусціў шкло, каб лепш прыслухацца. Крык паўтарыўся.
Барташэвіч выруліў на выгук “Ратуйце!". “Таёта” рванулася да апошняга пад’езда самага дальняга дома. Раптоўна ў святле машыны мільгануў цень агромністага сабакі, разоў у дзесяць большага за звычайнага.
— О-ё-ёй! — вырвалася ў Лемешука.
Барташэвіч дадаў хуткасці. Крык, на гэты раз мужчынскі, змяшаўся з ровам рухавіка “Таёты”. Барташэвіч ударыў па тармазах у апошні момант, калі яны ледзь не ўперліся бамперам у агромністага кабяля, які ўпіўся ікламі ў плечы мужчыны, непрытомна ляжалага на газоне, і тузаў.
Лемяшук не задумваўся, наколькі правільна і законна ў дадзенай сітуацыі прымяніць зброю, імгненна выскачыў з машыны і з ходу запуляў набой у чорнага,
з цялё велічынёй, сабаку. Але той скочыў і згінуў у начной цемры. Апошняя куля свіснула ў паветры, калі жывёліна сіганула за рог шматпавярховага дома.
Пасля серыі гучных стрэлаў усталявалася цішыня. У Барташэвіча тахкала сэрца. Крыху дрыготкімі рукамі Лемяшук схаваў пісталет.
Побач у траве ляжаў пакусаны мужчына і ціха енчыў. Сяржант з моцным пачуццем сплюнуў, узяў рацыю і паведаміў пра здарэнне. Сістэма прыйшла ў дзеянне, і неўзабаве ў іхнім напрамку ўжо выязджала хуткая дапамога. Лемяшук папрасіў у сябра ліхтарык, прысеў, шукаючы гільзы, панаракаў, што зараз давядзецца адпісвацца за кожны стрэл.
— Затое чалавеку мо жыццё ўратаваў, — зазначыў Барташэвіч.
Страляў Лемяшук трапна, усе ведалі. Таму пакусаны мужчына не рызыкаваў памерці ад кулі, хоць адзінай крыніцай святла былі толькі фары “Таёты”. Па шчырасці, Лемешука напужалі выключныя памеры сабакіцяля. У іншым выпадку пісталет не ўхапіў бы. Гумовы дручок на поясе нават не крануў.
Барташэвіч агледзеў ахвяру, мужчына быў у крыві, якая цякла з ірваных ранаў. Калі тэрмінова не зашыць, праз гэтыя раны следам выплыве і душа.
— Патрывайце крыху, хуткая ўжо едзе, — супакоіў ён пацярпелага.
Паступова вярнулася нармальнае дыханне, знутры ўжо не плюскала.
Побач хтосьці ўсхліпнуў. Барташэвіч толькі цяпер заўважыў у цемры маладую жанчыну, яна прытулілася да цаглянай сцяны высокага будынка і часта дыхала.
Наблізіўся Лемяшук, акінуў вокам з ног да галавы незнаёмку, зацеміў разадраную сукенку.
Калі ў двор заязджала з уключанымі міргалкамі хуткая дапамога, паранены мужчына адключыўся. Медыкі сваю справу ведалі назубок, спачатку намацалі
пульс, затым зрабілі ўкол, паклалі мужчыну на насілкі, упіхнулі ў свой бус, запрасілі абставіны ранення, пацікавіліся самаадчуваннем міліцыянера і Барташэвіча. На жанчыне ж не выявілі ніякіх пашкоджанняў, акрамя парванай сукенкі. I тут жа высветлілася захапляльная акалічнасць: пацярпелы мужчына меў намер жанчыну згвалціць, але тутака з ніадкуль выскачыў невядомы звер і пачаў грызці гвалтаўніка. Медыкі запэўнілі, што тут ужо не іх сфера дзейнасці, і паперлі хутчэй мужчыну ў рэанімацыю, бо небарака траціў шмат крыві. Жанчыне ж далі пракаўтнуць пігулку ад нерваў. Лемяшук паведаміў пра ўсё па рацыі ў дзяжурку.
Пасля ўзнікла паўза, якая надараецца пасля буйнога здарэння наўпрост перад далейшым моцным катаклізмам.