Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры
Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
Воўк зваліўся паляўнічаму пад ногі.
Затым запала паўза, якая бывае ў раптоўным канцы моцнага катаклізму. Людзям вакол здаецца, што мінула вечнасць, а на самой справе не больш за хвіліну.
Вадзім сулакоіў дыханне, павярнуўся да Насты. Дзяўчына пераводзіла позірк з забітага звера на паляўнічага. Той няспешліва наблізіўся, рыўком паставіў няспраўджаную ахвяру на ногі. Нейкае імгненне Наста стаяла, потым яе плечы дробна затрэсліся, слёзы самі паплылі па шчоках. Выкладчыца ўткнулася тварам мужчыну ў грудзі.
— Ну, ну, цішэй, — супакойваў Вадзім і гладзіў шурпатай далонню Насту па валасах. — На сёння ўсё скончылася.
На пэўную хвілю прыкрыў павекі.
У доме ўжо грукалі фіранкамі і балконнымі дзвярамі. Узрушаныя людцы вызіралі на двор, цікавіліся, што за крыкі і лямантунізе.
— Пойдзем, — прашаптаў Вадзім. — Трэба абавязкова прыбрацца і хутчэй з’язджаць адсюль.
Ён абняў Насту за плечы і давёў да “Таёты”, дапамог сесці ў салон. Потым адкрыў багажнік, вярнуўся да забітага ваўка, узяў за лапы і пацягнуў да машыны. Меч з нерухомага цела не вымаў.
★ ★★
Ехалі праз ноч да бліжэйшага ляснога масіву, каб пазбавіцца ад цела. Вадзіму заадно карцела паказаць сяброўцы зваротны працэс трансфармацыі ваўкалака. Наста трымалася, хоць раз-пораз хліпала. Дармо сабе. Яно і зразумела — такое перажыць.
Вадзім на хаду ўвёў сабе ін’екцыю антысептыка. Калі дзеўбануў нагой па ваўчынай храпе, параніўся аб іклы. Спыніў машыну, перавязаў рану.
Наста назірала за яго дзеяннямі, потым прывяла ў парадак сваё адзенне.
Нарэшце Вадзім збочыў на лясную дарогу, праехалі яшчэ метраў сто і спыніліся.
Вадзім пагасіў святло. Вакол ні душы. Ён дастаў ліхтар і сказаў Насце:
— Выходзь, не бойся. Табе трэба на сёе-тое паглядзець.
Калі выйшлі, Вадзім выцягнуў з багажніка цяжкае цела драпежніка на траву.
— Бачыш? — спытаў ён.
Забіты воўк быў здаровым у памерах.
— А зараз глядзі ўважліва, — прамовіў Вадзім і вышмаргнуў меч.
Узяў ліхтар, накіраваў святло на ваўка і абняў дзяўчыну, каб, чаго добрага, не знепрытомнела.
Хвіліну нічога не было. Потым па ваўчынай скуры прабеглі хвалі, лапы пачалі выцягвацца. Паступова змяншаўся застылы аскал, прападалі іклы. Поўсць станчалася. Ваўкалак прымаў іншае аблічча. Заднія лапы выпраміліся, сагнуліся ў каленях, набылі форму чалавечых ног. Вострыя кіпцюры схаваліся ў пальцах, пярэднія лапы станавіліся рукамі. Чэрап закругляўся, абрастаў чорнымі валасамі. Неўзабаве на лясной траве ляжала цела чалавека.
Дзяўчына ўражана назірала фантастмагарычнае відовішча. I войкнула напрыканцы, быццам пазнала кагосьці ў гэтым мёртвым целе.
— Хопіць, — кінуў Вадзім. — Пара ехаць. На золку з першымі прамянямі сонца ён згарыць. Нават следу не пакіне.
Вярталіся дадому па залітым неонавым святлом начным праспекце. Вакол сноўдалі машыны, у якіх ехалі па сваіх справах мірныя людзі.
— Куды мы едзем? — ціха спытала Наста.
— Сам не ведаю, — прызнаўся Вадзім. — Шчыра кажучы, пасля падобнага канцэрта ты доўга не заснеш. Прапаную падацца да мяне, любы напой на выбар і доўгая размова да раніцы. Мяркую, у цябе выспела шмат пытанняў, можна не гадаць, ты імі наўпрост набрыняла.
Наста пацвердзіла і адказала згодай.
— Толькі спачатку можна цябе папрасіць не крыўдаваць за маю выхадку? Зразумела ж, я не збіраўся цябе гвалціць і прычыняць пакуты. Тое, так бы мовіць, ваенная хітрасць.
Насту апанаваў слупняк. Калі яна і думала пакрыўдаваць і абурыцца на Вадзіма, то трэба пачакаць да раніцы. Пакуль жа — не.
— Разумееш, у чым справа, Наста? Чаму воўк не крануў цябе і чакаў у пад’ездзе? Ваўкалак паляваў на злачынцаў. Перакуліўся свет.
Вадзім ледзь не праехаў на чырвонае святло, звярнуў з праспекта на другую вуліцу. Крыху падглядаў краем вока: Наста ўнурылася ў думкі, потым палезла ў сумачку, нядоўга корпалася, выняла невялікі, трошкі пажоўклы чорна-белы фотаздымак.
— Я павінна сказаць табе, Вадзім.
— Слухаю.
— Пятнаццаць гадоў таму, калі я была яшчэ малодшай школьніцай, мой бацька паехаў працаваць на адселеныя тэрыторыі непадалёк ад Чарнобыльскай АЭС. Ён слаў лісты, тэлефанаваў, расказваў пра тамтэйшае жыццё, а пасля змоўк. Назад не вярнуўся. Аніякіх вестак. Ніхто, нават міліцыя, не змагла адшукаць.
Тата згінуў. Я ўсё жыццё нашу з сабой бацькава фота. Ён быў для мяне вельмі дарагім чалавекам. Паглядзі сам.
Вадзім збочыў і прыпыніў машыну, узяў кранутую часам картку, разглядзеў твар на партрэце і шумна ўдыхнуў паветра, наколькі хапіла лёгкіх.
3 фота пазіраў твар знішчанага сёння пярэваратня.
— Цяпер мне многае зразумела, — прамовіла Наста. — Хаця пытанняў яшчэ шмат.
— Прабач, — выдыхнуў Вадзім і вярнуў картку.
Бракавала слоў, каб пракаментаваць належным чынам усё, што сёння адбылося. Надараюцца часам выпадкі, калі любыя словы, нават самыя правільныя, могуць стацца залішнімі, непатрэбнымі. Свет наш зусім іншы, не такі, як мы звыклі бачыць, успрымаць. Усё вакол значна складаней.
Наста ўжо ніколі не стане былой, як некалі тое здарылася і з Вадзімам. Так ужо да скону, пакуль не паўстанеш перад Творцам. Вадзім усвядоміў гэта, калі апрытомнеў у хаце айца Аляксандра і ўбачыў крыж. Цяпер наступіла чарга і выкладчыцы Анастасіі Звягінай. Ён павярнуўся да дзяўчыны і сустрэў яе погляд. Здаецца, любыя тлумачэнні цяпер былі лішнімі.
I Наста прамовіла тое, што было лагічным, правільным і адзіным годным у дадзеным выпадку. Нарэшце тое, што Вадзім яшчэ на пачатку іх знаёмства рыхтаваўся пачуць.
— Вы прымаеце ў сваё кола жанчын?
Пытанне завісла ў паветры. Яно было рытарычным, дзеля праформы.
Вадзім варухнуў стырно і ціскануў на педаль.
Наста глядзела ў вакно на мільгаючыя слупы электраперадач, дамы ў начным змроку, людскія постаці і разумела: яе лёс вызначыўся ўжо тады, калі выбрала гістарычную навуку.
“Таёта” Вадзіма ляцела праз начны змрок. Шлях быў толькі наперад.
ДОМ, ЯКІ ЗДЗЯЙСНЯЕЖАДАННІ
Імя — Надзея.
Прозвішча — не пазначана.
Узрост — 22 гады.
Матэрыяльна незалежная.
Дзяцей няма.
Захапленні — мастацтва (пішу алеем), музыка, міфалогія. Мэта знаёмства — сяброўства, мажліва, блізкія адносіны. Фотаздымак прыкладваецца да асноўных звестак.
Праглядаў старонкі — на сённяшні дзень 15.
Астатнія дадзеныя адсутнічаюць.
★ ★★
Шэрая рвань аблокаў захінула неба, і ўстойлівая імжа ледзянымі струменямі хвастала ў твар, змешвала на зямлі ў парку жоўклае лісце з брудам, псавала настрой.
Я стаяў на каменным ганку двухпавярховага асабняка, што месціўся далёка па-за горадам, збіраўся націснуць клапыжок званка, калі пачуў выразнае “Бом-м-м!”.
Гук вымусіў мяне спыніцца.
Сэрца забілася мацней у прадчуванні хуткага знаёмства, перахапіла дыханне, запульсавала ўвушшу... і я не знаходзіў смеласці пазваніць у дзверы.
“Бом!” прабіла дванаццаць разоў. Гук зыходзіў з-за дзвярэй, аднекуль з глыбінь хатніх пакояў.
Я зірнуў на гадзіннік. На ім было без пяці хвілін дванаццаць.
Я некалькі разоў выдыхнуў і націснуў клапыжок.
Настала невыносная пара маўклівага чакання, калі хвіліна здаецца бясконца доўгай. Зрабілася шчымліва.
Нарэшце дзверы прычыніліся і паказаўся малады жаночы твар. Зусім не той, што выстаўляўся на сайце знаёмстваў. He той, што я чакаў.
Мы з хвіліну глядзелі адно на аднаго, затым я ціха павітаўся.
— Вам каго? — пацікавілася жанчына незвычайна нізкім голасам.
Крыху павагаўшыся, я назваў імя.
— Надзеі пакуль няма, але хутка мусіць з’явіцца, — адказала жанчына і ацэньвальна разглядзела мяне з галавы да ног, ажно заняёмчыла.
— Праўда, вы можаце пачакаць у пакоі.
Жанчына дапамагла мне распрануцца і правяла ў гасцёўню.
У вочы кінуліся адразу антыкварная мэбля, вельмі шмат старадаўніх рэчаў, якія месціліся паўсюдна. Усё было расстаўлена з густам, знаходзілася нібыта на сваім месцы. Здавалася, аднімі адну рэч — і разбурыцца вытанчаная гармонія пакоя, які больш нагадваў музей.
Жанчына прапанавала ўсесціся ў велізарнае крэсла супраць горача натопленага каміна.
— Гарбата, кава, каньяк? — спытала яна.
Я папрасіў кавы.
Жанчына паднялася на кухню, і я выпрастаў рукі да каміна, адчуў цеплыню.
Mae ногі тапіліся ў таўшчэзным дыване. Крэсла было ўтульным. Цяжкія зялёныя парцьеры закрывалі вакно, і чырвоныя вугельчыкі ў каміне патыхалі спакоем, вельмі прыемным у гэтым музейным паўзмроку.
Усе хваляванні з нагоды знаёмства зніклі гэтак жа хутка, як і з’явіліся.
Нечакана я ўбачыў шафу, што займала палову сцяны побач з уваходам. Яна аказалася забітай плыткамі, кампакт-кружэлкамі і звычайнымі аўдыякасетамі. На куце месціўся монстрападобны музычны цэнтр. Я падумаў, што наконт захаплення музыкай Надзея не падманула.
Жанчына хутка вярнулася з падносам. Прыемны водар дарагой кавы шлейфам распаўсюдзіўся па хаце.
— А вы хто? — спытала жанчына, паставіўшы паднос на шыкоўны круглы столік каля крэсла.
— Сябар Надзеі.
Яна выгнула бровы.
— Штосьці я вас не прыгадваю.
— Мы нядаўна пазнаёміліся, — схлусіў я і задумаўся.
Насамрэч я знаёмы з Надзеяй ужо з паўгода. Блукаючы па павуцінні сеціва, я аднойчы натрапіў на сайт знаёмстваў. Надзеін фотаздымак выхапіў выпадкова. У сеціве сотні тысяч і болей фотаадбіткаў людзей, якія мараць з кімсьці пазнаёміцца. Хто дзеля сяброўства, хто дзеля стварэння сям’і. Апошніх я не вельмі шаную і стаўлюся да іх непрыязна. Але твар Надзеі ўрэзаўся ў памяць. Праз дзень я зноў завітаў на сайт знаёмстваў, знайшоў яе выяву і доўга разглядаў. Потым напісаў ліст, не спадзеючыся на адказ.
Надзейка адказала. Завязалася ліставанне.
Прызнаюся, мяне заўжды свідравала пытанне: ці можна назваць знаёмства ў сеціве сапраўдным? Таму я схлусіў, сказаўшы, што мы пазнаёміліся нядаўна.
Мы пілі каву і, здавалася, няёмка маўчалі.
Жанчына несумненна была прыгожай. На выгляд гадоў мо пад трыццаць. Чорныя вочы гузікамі, выгнутыя бровы, смалістага адцення валасы. Мармуровасць твару надавалі таксама пафарбаваныя ў чорны колер вусны. Апранутая ў чорную баваўняную сукенку, якая
падкрэслівала правільныя рысы фігуры. На шыі залатога колеру калье, якое больш нагадвала ашыйнік. Вельмі шыкоўны ашыйнік...
Нібыта парцалянавыя рукі трымалі кубачак. Доўгія пальцы заканчваліся чорнымі бліскучымі пазногцямі. Жудасная прыгажосць. У моладзевым асяроддзі такіх завуць готамі. Жанчына не спяшалася пачаць гутарку, я загаварыў першым.