Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
— Трэба ідэнтыфікаваць.
Я паралельна запрасіў аддзел матэрыялізацыі, хоць загадзя ведаў, што там пуста. Звечарэла, і супрацоўнікі даўно разбрыліся. Але ж і цмок не мог з’явіцца без дай прычыны. Трэба, каб нехта апрануў капялюш Цукеркіна і чытаў нейкі твор пра цмока. Аднак я ўласна ставіў аддзел матэрыялізацыі ў рэжым аховы з палову гадзіны таму, і цяпер аб’ёмныя датчыкі сведчылі пра адсутнасць людзей унутры.
Храпіну зацікавілі людскія постаці ў трохпавярховым дамку, да якога рушыў цмок. Выразнае аблічча і ўстойлівасць казалі пра сусветную вядомасць і вялікі наклад твора, з якога матэрыялізаваліся гэтыя літаратурныя героі. Відавочна, Храпінай аб’екты падаліся добра знаёмымі.
— Корвін, — вызначыла мая паплечніца. — Прынц Эмберскі.
— He можа быць!
— А побач Ларэн. Сцэна з “Ружжаў Авалону”.
Вось на што Храпіна была экспертам па фэнтэзі, дык гэта яшчэ пашукаць!
Такім чынам, парушальнікаў рэжыму мы паспяхова ідэнтыфікавалі. Зараз неабходна прыняць захады, каб выправіць становішча. На тое і ўведзена пасада дзяжурнага агента.
— Трэба, па-першае, ратаваць “Парк”, затым вышукваць прычыну здарэння, — падсумаваў я.
— Добра ведаю гэтую сцэну, чытала разоў з пяць. Падстрахуй, я ў “Парк”, увасоблюся ў Ларэн, паспрабую разбурыць сюжэт для дэматэрыялізацыі, унясу разынку, — Маша павярнула і спехам пацокала туфлікамі ў віртуальны аддзел, пакідаючы шлейф ванільнага паху.
Коратка і змястоўна патлумачу сітуацыю ўсім, хто яшчэ не зразумеў. Вынікала, што нехта, скарыстаўшы прыбор Цукеркіна, пачаў чытаць класіку фэнтэзі “Хронікі Эмбера” за аўтарствам Роджэра Жэлязны, частку другую, “Ружжы Авалона”. I нам належала выкрыць зламысніка. Хоць, як я ўжо казаў, у аддзеле матэрыялізацыі было пуста.
Дазволю сабе ўставіць рэмарачку. Ідэю пра тое, што выдуманыя светы недзе насамрэч існуюць, выказаў у шасцідзясятыя адзін вядомы амерыканскі навуковец, які ўмеў размаўляць з дэльфінамі і падарожнічаў па тых самых светах з дапамогай лізергінавай кіслаты.
I толькі капялюш Цукеркіна ўскосна пацвердзіў гіпотэзу і рэалізаваў яе на справе.
“Парк” ствараўся пісьменнікамі поруч з чытачамі. Конкурс на пасады быў вялікі. Хачу заўважыць: чытачоў існуе прорва, а вось знайсці годнага літаратара — гэта ўжо не блін спячы. Аўтараў шмат, пісьменнікаў — мала. Сёння з сучаснымі тэхналогіямі нічога не піша хіба толькі гультай альбо не аматар. Усе рынуліся сачыняць, ствараць, выкладваць у сеціве свае опусы, спрачацца, сварыцца, чыё лепей. Адбор у “Парк”, так бы мовіць, “сачыніцеляў”-творцаў выдаўся жорсткім. Спачатку камісія псіхолагаў-псіхіятраў, як на прыёме ў спецназ. Пытанне “Навошта вы пішаце?” выбракоўвала палову кандыдатаў. Усе мастацкія кнігі, што мы набываем, не болей чым плод фантазій іх аўтараў, і нярэдка фантазій хворых.
У сектар фэнтэзі патрапіць прасцей. Прыгаданая камісія тут ужо не дужа здзекуецца з літаратараў, ці то не ведаючы, што ёсць фэнтэзі як жанр, ці то не ў стане адрозніць само фэнтэзі ад хваравітых трызненняў усялякіх вычварэнцаў. Так ужо склалася. Так што аўтарцы дзясятка кніжак Машы Храпінай пашанцавала: зачаравала яна чымсьці камісію, завабіла.
Што ж тычыцца айчынных творцаў “нефэнтэзі”, ніводзін камісію не прайшоў.
Чамусьці я ўпэўнены: каб стаць вядомым пісьменнікам у нашай краіне, можна ўвогуле нічога не пісаць. Замест творчасці трэба часцей рабіць сэлфі з помнікамі Купалу-Коласу, святкаваць чарговыя ўгодкі МіцкевічаБагдановіча, наведваць магілы Караткевіча-Янішчыц, бываць на шматлікіх прэзентацыях, даваць аўтарытэтныя каментары ў сацыяльных сетках і трубіць-гудзецьтрэсці-звінець пра гэта на ўвесь свет праз “Фэйсбук”. I ўсе пачнуць лічыць цябе творцам, паслядоўнікам традыцый айчыннай літаратуры, змагаром за бацькаўшчыну. Але гэта проста да слова.
Разумныя галовы хуценька разабраліся ў вынаходцы Цукеркіна і размножылі ўнікальны капялюш, засакрэцілі, паставілі на ўлік і надзелі на галовы чытачоўтворцаў. Спецыяльны аддзел адабраў тузін сусветнавядомых кніжак і загадаў іх чытаць у спецлабараторыі аддзела матэрыялізацыі. Мне пашанцавала трапіць на пасаду чытача, непасрэднага звяна ў ланцугу матэрыялізацыі герояў твораў у “Парку”.
Так у выніку эксперыментаў “Парк” і нарадзіўся на свет божы. Накрытае зверху купалам армаванага шклаагароджы з мікракліматам і ахінутае палямі рознага фізічнага паходжання, гэтае месца ўтрымлівала ў сабе персанажаў казак і фэнтэзі. У перспектыве — стварэнне прасторы для матэрыялізацыі твораў прыгодніцкага ды іншых кірункаў. Фізікі пажартавалі і літаратуры, якая вылучана ўвасобіцца ў “Парку”, далі найменне квантавай.
I я на мастку цяпер пільна і ўважліва сачу за драматычнымі падзеямі пад купалам. Свярбела і трымцела. Цмок, між іншым, працягваў пакрысе мяняць аблічча. З’явіліся рогі і ўзбраенне.
★ ★★
...I тут на Корвіна ўтаропілася пара крывавых пранізлівых вачэй, якія імкнуліся зазірнуць прама ў душу. Ён адвёў погляд. Стварэнне стаяла перад вакном і разглядвала Корвіна.
Больш за шэсць футаў было ў ёй, з ілба вылузваліся галінастыя рогі. Голае цела было попельна-шэрым, без прыкмет полу, аграмадныя крылы знікалі ў начной цемры перад вакном. У правай лапе стварэнне сціскала кароткі цяжкі меч з цёмнага жалеззя. Уздоўж клінка свяціліся руны. Левай яно абапіралася на карніз.
— Заходзь сабе на пагібель! — крыкнуў Корвін і падняў меч Грэйсвандзір.
Пачвара гігікнула і паспрабавала зазірнуць Корвіну ў вочы, але ён адводзіў погляд, каб спараджэнне Кола не пазнала яго. Потым стварэнне, быццам фагот, выдзьмула словы:
— He, ты не той, — мовіла. — Ты ніжэйшы і старэйшы. Але... меч падобны. Хто ты?
— А ты хто?
— Стрыгалдвір маё імя. Гукні мяне, каб я мог згрызці тваё сэрца і вантробы.
— Гукнуць? Ды я і імя такое не вымаўлю, а мой цыроз сапсуе табе страўнік.
Стварэнне рыгнула полымем і заклапочана засапло. Уедлівы дым валіў з яго ноздраў. Толькі цяпер Корвін заўважыў, што істота значна большая па памерах, чым падалося спачатку.
Тым часам Ларэн-Маша назірала, нават правільней сказаць — пільнавала ў ценю. Я ж чакаў пералому, здольнага змяніць сюжэт і гэткім чынам ударыць па цмоку.
Чаму фэнтэзі? Рэалізм пакуль што не пасаваў“Парку”. Хаця класічная літаратура часам знаходзіла паспяховае ўвасабленне, але тут было не ўгадаць. 3 казкамі прасцей, бо казкі мы ведаем з дзяцінства. Рэалістычныя ж творы пакуль што вымагалі дадатковых доследаў і адпаведнага фінансавання. Хтосьці з разумнікаў задаўся пытаннем: ці прывабіць Ганна Карэніна столькі ж турыстаў, колькі дыван-самалёт? Пра дыван-самалёт, як і пра Ваньку-дурня, чулі ўсе, а пра Ганну Карэніну — адзінкі, таму класіка Льва Талстога вылецела з праекта ў імгненне.
Маракавалі ўвасобіць кніжкі Стругацкіх, кшталту “Панядзелак пачынаецца ў суботу”. Ага, заўтра сёння стане ўчора... Спрэс экзістэнцыя. Свет Стругацкіх ідзе задужа ўсутыч з рэальнасцю, таму ідэя “зрабіць зараз" адпала неяк сама сабой. Хаця з майго гледзішча “Пікнік на ўзбочыне”, які ініцыяваў у дваццаць першым ста-
годдзі серыю кніжак і аднайменную гульню “Сталкер”, рэалізаваць варта, ад ролевых гульцоў адбою б не было. Але ж тут раптам вытыркнула метафізіка.
Любы правінцыйны горад нашай сінявокай чамусь нагадвае Зону са “Сталкера”. Па-першае, тут шмат Кантралёраў, якія крадком пільнуюць за ўсімі і пры зручных выпадках выгрызаюць мазгі тым, хто не паспеў схавацца. Поруч з імі ідуць Крывасмокі, якія ядуць поедам усіх, хто не ў стане абараніцца. Па-другое, тут поўна сталкераў-бадзяг, якія днямі толькі і робяць, што боўтаюцца ў пошуку хабару: вымантачваюць дробязь, каб пахмяліцца, ці высочванэць, каб што на металалом спілаваць, ці артэфакты вышукваюць, якія можна ўкрасці і прадаць. Па-трэцяе, тут безліч анамалій. Трэба вока і вока, каб куды не стаць, не ўліпнуць, не патрапіць і не захраснуць. Па-чацвёртае, сюды можна толькі аднойчы прыехаць, зваротнага шляху няма альбо ён вельмі складаны, бо тутэйшыя анамаліі засмоктваюць усіх, у каго няма грошай. Так, што яшчэ? Яшчэ недзе тут затаіўся Сідаравіч, які кіруе ўсім вакол і адказвае за пералічаныя вышэй працэсы. Праўда, Сідаравіча ніхто дагэтуль не бачыў, але ўсе пра яго чулі...
Уласна тэрмін “сталкер” прыдумалі браты Стругацкія, а пісьменнікі, нават фантасты, пішуць на тле рэчаіснасці, таму сапраўдная Зона ўзнікла задоўга да Чарнобыля, задоўга да Стругацкіх і нават задоўга да рэвалюцыі. Анамальная зона спракавету ўнутры нас саміх, мы самі яе спарадзілі. Ці шмат людзей задумвалася, што толькі Госпад Ісус Хрыстос здольны нас уратаваць ад уплыву анамалій? Дык не, многім у існаванне Сідаравіча паверыць зручней... Такое вось адажыа чытача-верніка.
Ну іўпрацягтэмы варта задацца пытаннеміа ці шмат хто пра Бога задумваўся, ці пасуюць гэтыя словы нашаму аповеду? Сусветная культура аддаляецца ад Творцы штодня, хоць факт існавання “Парку”, дзе жывуць героі твораў, якраз штурхае да думкі, што наш Сусвет не мог
з’явіцца з ніадкуль, але Кімсьці створаны. Аднак пра тое казаць “нямодна”. Вось узяць прыкольную стужку “Марсіянін”. “Ты застаўся ў палёце яшчэ на пяцьсот дзён, — грызе вантробы жонка астранаўта. — На пяцьсот дзён пакінуў мяне без сэксу!” От жа! Што жывуць без Бога і будуць жыць без Бога да самага скону, нікога не турбуе. Хай бы раўла: “Ты на пяцьсот дзён пакінуў мяне без хлеба!” Дык не, тады кіно будзе нецікавым...
Прабачце, я ўжо загаварыўся. Нешта не ўявіць, каб Гамлет лез на гарышча свайго замка шукаць там Шэкспіра, так і Корвін не вылезе з “Парку" ў пошуку Жэлязны. Гэта робім мы, людзі. Бо, у адрозненне ад насельнікаў “Парку”, нам добра вядома, адкуль узялося названае месца.
Наш свет поўны падману і фалыпывых каштоўнасцей. Мабыць, тое думаў і пенсіянер палкоўнік Цукеркін, інакш з якой нагоды падчас чытання ўголас газетных перадавіц з капелюша выскоквалі добрыя малайцы і мянтолілі палкамі прамоўцаў, удзельнікаў эксперыменту?
Карацей, падумалі, абсмакталі з усіх бакоў ідэю рэалізаваць “Сталкера” і адклалі на пасля. Да лепшага часу.
Вернемся да мізансцэны з удзелам Ларэн-Машкі.
***
Корвін ударыў насустрач, і пасыпаліся іскры, калі меч Грэйсвандзір секануў па цёмнай скуры. Потым адскочыў назад. 3 вакна дзьмухаў ледзяны вецер, хвасталі халодныя кроплі дажджу. Цмок разрадзіўся праклёнамі.