• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

    Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

    Алесь Бычкоўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 162с.
    Мінск 2018
    34.55 МБ
    — Мабыць, вы сястра Надзі?
    — Настолькі падобныя?
    — He сказаў бы...
    — Я — сяброўка, як і вы, толькі мо бліжэй, — запэўніла жанчына і дадала пасля: — Насамрэч мы падобныя толькі духоўна.
    — Аднолькавыя захапленні?
    — He толькі.
    — Погляды на жыццё?
    — Магчыма, — яна невыразна паціснула плячамі.
    Мы крышачку памаўчалі. Час ад часу цішыню парушала патрэскванне вуголля.
    — Я заўважыў процьму запісаў...
    — Надзя сабрала досыць неблагую калекцыю. А вы аматар музыкі?
    — Па шчырасці, я музыкант.
    — О-о-о, — чорныя вочы жанчыны раптам зрабіліся агромністымі, нібы прадонне. — Паважаю музыкантаў.
    — Дзякуй.
    Яна паставіла кубачак на стол і паднялася з крэсла.
    — У гэтым выпадку я што-небудзь пастаўлю.
    Жанчына наблізілася да шафы, пачала шабуршэць кружэлкамі. Я міжволі заглядзеўся на яе лыткі, адзначаючы іх ідэальную форму. Потым схамянуўся, адагнаў прэч памаўзлівую думку. Адвярнуўся да гарачага каміна.
    — Знайшла, — абмовілася жанчына. — Мяркую, “Іглз” зараз будзе ў тэму. Вам падабаецца “Іглз”?
    Я пацвердзіў.
    Неўзабаве пакой напоўніўся гукамі “Гатэля «Каліфорнія»”. Акустыка ўражвала. Першыя акорды здаліся чароўнымі.
    Яна вярнулася да століка, але не сядала. Стала па-за спінкай майго крэсла. Прамовіла:
    — У агонь можна глядзець бясконца доўга.
    Я згадзіўся.
    — Мне падабаецца агонь, — сказала яна. — Агонь — гэта стыхія. Раней лічылася, што свет складаецца з чатырох стыхій: агню, вады, паветра і зямлі. Я люблю агонь. Ён прыемны.
    Апошнія словы яна прамовіла шэптам.
    — Давайце патанцуем, — нечакана прапанавала жанчына, якую я пра сябе паспеў назваць Багірай — па асацыяцыі з персанажам мультфільма “Маўглі”.
    Я разгубіўся. Патанцуем? Вельмі прыемна. А што падумае Надзея, калі неўзабаве вернецца?
    Яна нібы прачытала маедумкі.
    — Давайце, тут такая адзінота... — Багіра дакранулася рукой майго пляча, я адчуў лёд і полымя чорных пазногцяў. — Песня скончыцца хутчэй, чым вернецца наша сяброўка.
    Штосьці мне зрабілася не па сабе.
    — Вы мужчына ці не? Жанчыне не да твару прасіць двойчы.
    Незразумелая сіла вымусіла мяне падняцца. Мы зблізіліся сярод гасцёўні, крыху абняліся. Музыка павольна загойдала нас на сваіх хвалях...
    Унутры я быў збянтэжаным, хоць выгляду не падаваў. Багіра ўчапілася кіпцюрамі мне ў плечы і быццам юрліва прымяралася, дзе ўкусіць перш за ўсё. Мяне ледзь не перасмыкнула — на яе твары ляжаў адбітак смяротнага граху. Пачварная жанчына.
    Засмактала недзе пад лыжачкай...
    Непрыемная сітуацыя. Вельмі.
    — А што вы іграеце? — пацікавілася Багіра.
    — Пахавальныя маршы, — вырвалася з мяне.
    Я глядзеў на партнёрку па танцы анёльскім тварам нявіннасці і чакаў рэакцыі.
    У ейным позірку міргнуў агеньчык.
    — Вельмі цікава паслухаць... — прашаптала яна ў адказ.
    — Пры выпадку я вам сыграю, — запэўніў я.
    — Даволі смела, — прамурчэла Багіра пасля непрацяглага роздуму. — Спадзяюся, вы не пакінеце мяне расчараванай.
    У знак згоды я апусціў вейкі.
    — Чаму вы не спытаеце маё імя?
    — Я ведаю яго.
    — Няўжо?
    — Вы Багіра, чорная пантэра, якая палюе на чужых мужчын і толькі чакае зручнага моманту, каб учапіцца ў чыйсьці каўнер.
    — Вас нельга назваць ветлівым, але вы мяне ўразілі, — прамовіла жанчына ўдумліва, назіраючы за маім тварам. — Несумненна, у мяне іншае імя... У мяне было мноства імёнаў, якія ніколі спаўна не выражалі маёй сапраўднай існасці. Вось Багіра насамрэч мне пасуе. Завіце мяне менавіта Багірай. А вас як зваць?
    — Вальдэмар.
    — Арыгінальна.
    Я сціпла падзякаваў.
    — Вы злуяцеся, што прымусова танцуеце са мной?
    Я прамаўчаў, у думках пасылаючы нябёсам мальбу пазбавіць мяне ад наваспечанай знаёмай.
    — Вас свідруе, што Надзея ўбачыць нас удвух, пакрыўдзіцца і ваша кароткае знаёмства завершыцца. Яна вам падабаецца больш, чым я?
    Багіра раптоўна закінула нагу мне за сцягно і моцна прыціснулася, абшчапіла рукамі за шыю, я адчуў пах яе смаляных валасоў. Унутры адразу ўспыхнула палкае жаданне паваліцца з ёю і тут жа жорстка авалодаць, аддацца на імгненне пякельнаму полымю жарсці.
    — Вальдэмар...
    “Калі ласка, завітвайце ў гатэль «Каліфорнія» — гэтае цудоўнае і прыгожае месца”, — спявалі “Іглз” паангельску.
    — Хопіць! — раўнуў я.
    Багіра не чакала такой рэакцыі.
    Я сілай адарваў яе ад сябе, гняўліва пачырванеў, вярнуўся да каміна, павярнуўшыся спінай.
    Яна запляскала ў далоні.
    — Брава, Вальдэмар! Надзея павінна ганарыцца вамі. He ведала, што ў наш век яшчэ засталіся мужчыны, здольныя даць адпор спакусе.
    — Цяпер будзеце ведаць, — агрызнуўся я.
    — Прабачце. Я паводжуся як апошняя дурніца, — раптоўна пасур’ёзнела Багіра. — Мне сорамна, шчыра прызнаюся. Прабачце. Пайду збяру на стол, падсілкуемся, пакуль Надзі няма, вы, бадай, галодны, да нас няпроста дабірацца на перакладных, — Багіра пакрочыла да вінтавой лесвіцы. — Вы тут пакуль не сумуйце, Вальдэмар. У гэтым доме шмат цікавага.
    Яна знікла, яе мяккія крокі былі амаль нячутнымі.
    Я зірнуў на гадзіннік: мінула хвілін дваццаць з моманту, як я пераступіў ганак.
    “Да нас няпроста дабірацца, — падумаў я. — Да нас. Жывуць разам?”
    Каб прывесці ў парадак думкі, я прыняўся даследаваць пакой.
    Я наблізіўся да шафы с кружэлкамі, заклаў рукі за спіну і доўга разглядаў плыткі. Калекцыя сапраўды ўражвала. Наўздагад дастаў некалькі штук. Патрапілі Джым Морысан, кельцкі этнас, “ВКЛ”. Музыка на любы густ. Нават меліся Cannibal Corpse. Потым вярнуў запісы на месца і не мог зразумець, што здарылася? Надзя здавалася пунктуальнай дзяўчынай. У рэшце рэшт, на сустрэчы ў чатах сеціва ніколі не спазнялася. Мо сапсаваўся гарадскі аўтобус?
    Я рассмяяўся з сябе. Наўрад уладальніца багатага асабняка-музея будзе карыстацца грамадскім транспартам. Мінімум таксоўка. Аптымальны варыянт — сваё аўто. А раз сваё аўто, маглі сустрэцца ў горадзе і прыехаць сюды. Ці Надзеі свярбела ўразіць мяне ўласнай маёмасцю, таму і вымусіла чакаць аўдыенцыі, быццам на прыёме каралевы Брытаніі?
    Я развярнуўся, прайшоўся ўздоўж сцяны, увешанай жывапісам, палічкамі з парцалянавымі і каменнымі статуэткамі, падсвечнікамі і рознай нятаннай драбязой. На палотны і антыкварыят амаль не звяртаўувагі, знаходзіўся думкамі ў іншым месцы.
    Злавіў сябе на тым, што думаў пра Багіру. Бач ты, ні разу не сустракала мужчыну, які б устаяў перад яе чарамі. Смешна. Раптам наплыла думка, што, у адрозненне ад Надзеі, сяброўка задужа разбэшчаная.
    Я пакрочыў да вакна, побач з якім вісеў здаравенны гадзіннік нявызначанага стагоддзя. Ківач марудна боўтаўся зад-перад. Здаецца, яго медную паверхню не чысцілі з эпохі цара Гароха.
    Цяжкія зялёныя парцьеры закрывалі ўсё вакно цалкам. Я адхінуў трошкі, каб зірнуць на двор. На вуліцы лупіў дождж. Цяжкія струмені расплываліся па тоўстым шкле, і ўбачыць, што там за вакном, не было мажлівасці. Размытыя каляровыя цені маячылі перад вачыма, лівень насамрэч зарадзіў не на жартачкі.
    Пальцы выпадкова намацалі штосьці глянцавае. Я зірнуў і ўбачыў вокладку кнігі “Псіхічныя адхіленні і падваенне асобы".
    Доўга глядзеў у вакно на дождж і асэнсоўваў назву...
    Праз нейкі час захінуў парцьеры, як былі, сеўу крэсла перад камінам.
    Сумна.
    “Калі ласка, завітвайце ў гатэль «Каліфорнія» — гэта цудоўнае і прыгожае месца”, — заклікалі “Іглз”.
    Песня была зацыклена на паўтарэнне і ўжо гучала бадай чацвёртым разам.
    к-к-к
    Я ўжо пачаў нервова барабаніць пальцамі па падлакотніках крэсла, калі Багіра паклікала падняцца на другі паверх.
    — Вальдэмар, вы не супраць паабедаць прама на кухні? — удакладніла Багіра і патлумачыла: — Вельмі неахвота насіцца з ежай уверх-ніз.
    — He супраць.
    Прызнацца, карцела паглядзець, як выглядае асабняк на другім паверсе. Нічога звышнатуральнага я не сустрэў. Кухня як кухня. Нават занецікавіла. Праўда, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі.
    Багіра дастала з мікрахвалёўкі смажаную курку, паставіла на акуратны распісны столік, дзе ўжо чакалі місы з салатамі, зелянінай і нарэзаны тонкімі кавалачкамі хлеб. Вытанчаны пах прыпраў казытаўу носе.
    Мы селі.
    Пакуль абедалі, частыя вадзяныя кроплі гучна барабанілі па даху. Багіра не адводзіла ад мяне вачэй і ела зусім мала, як птушаня. Я ж, наадварот, адчуў апетыт і палічыў, што лішнія калорыі не перашкодзяць, тым больш прыгатавана было вельмі якасна і смачна.
    Пасля мы пілі каву і размаўлялі.
    — Прабач, я насамрэч цябе збянтэжыла, — апраўдвалася Багіра.
    — Без праблем, — я надаў сабе абыякавы выгляд.
    — Гэты дом стары, яшчэ пазамінулага стагоддзя.
    Я ўважліва слухаў.
    — Бацькі нашай агульнай сяброўкі набылі асабняк, калі ён быў у вельмі знявечаным стане. Легенды сведчаць, тут жыў вядомы мастак. Захаваліся архівы, дзе пазначана дата пабудовы — 1875 год. Уяўляеш, Вальдэмар, дом з пазамінулага стагоддзя, — распавядала Багіра. — Надзін бацька ўклаў у рэстаўрацыю і аднаўленне шмат сродкаў. Ён займаецца антыкварыятам, вельмі заможны чалавек.
    — Прабач, — перабіў я. — Якім чынам асабняк перайшоў у прыватныя рукі? Сядзібы панскіх часоў пад дзяржаўным кантролем.
    — Цуд. Пасля рэвалюцыі ўладальнікамі дома сталі мясцовыя жыхары, затым тут месціўся сельсавет, а ў 90-я, калі ўзяліся выплачваць кампенсацый нашчадкам тых, кім ахвяравалі падчас савецкіх рэпрэсій, дом вярнулі далёкаму сваяку былых уладальнікаў, а той ужо перад сконам прадаў.
    — Неверагодна, — я амаль паверыў.
    — Выпадковасць, — запэўніла жанчына. — Шмат месца ў жыцці займае выпадковасць.
    — Надзея нічога не расказвала.
    Багіра памаўчала.
    Неўзабаве мы налілі па другім кубачку кавы.
    — Дом утойвае шмат загадак, — ціха прамовіла жанчына.
    — Напрыклад?
    — Існуе паданне, што раз у год тут здзяйсняюцца самыя патаемныя жаданні кожнага, хто пераступіў парог.
    Я паціснуў плячыма.
    — Мабыць, сёння той самы дзень.
    — Штотутсмешнага,Вальдэмар?~здзівілася Багіра.— Ты маеш патаемныя мары?
    Я задумаўся на паўхвіліны. Так я табе і скажу.
    — Можаш не адказваць. Калі ёсць жаданні, дом іх здзейсніць.
    — На дадзены момант мне карціць хутчэй убачыць Надзейку, — выдыхнуў я.
    — Вернецца, — запэўніла Багіра. — Калі скончыцца дождж, Надзейка вернецца. Надзея заўсёды вяртаецца, калі канчаецца дождж. Як вы пазнаёміліся, калі не сакрэт?
    — Без сакрэтаў, праз сеціва.
    Багіра шматзначна прамычэла сабе пад нос.
    — Выпадкова?
    — Атрымліваецца, так, — я коратка ўздыхнуў.