Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
— Застанься!
Я не слухаў. Стрымгалоў скаціўся па лесвіцы. За некалькі крокаў да дзвярэй мяне, здаецца, ахінулі туман і здранцвенне, нахлынулі жуда і пуд, ногі зрабіліся ватнымі, час замарудзіўся, я адчуў пад сабою бездань...
Мяне накрыла коўдрай бяспамяцтва. У чорнай пустаце, па-за целам і светам, нібы з замшэлага куфра выплыў змест нашага ліставання. I чуліся выразныя гукі “Бом!”.
Мяне чымсьці атруцілі, казаў ужо. Няйнакш наркатычным рэчывам, пэўна, моцным барбітуратам. Даўней я вельмі марыў пакаштаваць сапраўднага абсэнту. Палыновая выцяжка, як кажуць, з моцным смакам, горыччу і галюцынагенным эфектам. Мне свярбела і карцела, а дзе ж узяць, сапраўдны абсэнт выраблялі сто год таму, цяпер ён іншы. Напэўна, абсэнт аказваў падобны ўплыў.
Ізноў чулася “бом-бом!”. Ці мо гэта ўжо звінела ў галаве? Ці мо гэта ўжо тагасветны звон бомкаў па мне?
Відовішча на карціне ў спальным пакоі застыла перад вачыма і насцігала мяне, напаўзалі жахі... Там, на карціне, напісанай алеем, я стрэліў з ружжа. Ці мо мне здавалася, што стрэліў? Ці мо не я? Мне тэрмінова патрабаваўся антыдот. Свет вакол быццам кінуўся ў скокі. Падступілі ваніты. Цікавая гісторыя інтэрнэт-кахання.
“Бом-бом!” — надакучліва і ўпарта бомкала, гудзела наваколле.
Я нарэшце здагадаўся, што гэта не гадзіннік і не нябесныя трубы па маю пакутлівую душачку. Няйначай хтосьці невядомы званіў у дзверы, хацеў трапіць у хату. Я прыслухаўся, наколькі было магчымым у маім стане прыслухацца. Свядомасць плыла, я гайдаўся, нібыта на арэлях, і з абыякавым спакоем чакаў адключкі. Цеплыня разлівалася па целе. Цеплыня і цемра. Я не павінен спаць, думаў я, і сам сабе адказваў: ну і хай.
Падалося ці не, але быццам хтосьці цяжкімі, гулкімі ўдарамі-штуршкамі ламаў дзверы, з крыкам і натхненнем.
Шкада, віртуальнае сяброўства абярнулася залішняй драмай. Больш ніколі не буду знаёміцца з жанчынамі ў сеціве. He буду, калі выжыву. Шанцуе ж нарвацца на прыгоды. Ото ж! Дзень гневу і роспачы...
Яна няўмольна набліжалася ззаду, я чуў крокі. Я чакаў стрэл у спіну або ўдару рытуальным нажом.
Мне хацелася абярнуцца і глянуць апошні раз, але сілы пакідалі мяне, я пачаў падаць, валіцца, нібы гара ў мора, чырвоны ворс дыванка ляцеў насустрач майму твару. Апошнім імгненнем я існасцю адчуў, што мы не адны. Хтосьці ўварваўся ў хату. Дужы, вялікі, з крыкам: “Надзея, стой!”
Аднекуль чуўся здзеклівы смех, чыйсьці голас настойліва шаптаў:
— Ніхто не можа выйсці без дазволу, раней пары...
“Калі ласка, завітвайце ў гатэль «Каліфорнія» — гэта прыгожае і цудоўнае месца”.
Паўза.
Звон увушшу.
Цішыня.
Я памёр.
★ ★★
У дзяцінстве я баяўся цемры. А яшчэ больш — людзей у масках. Маскі — страшэнныя пачвары са свету дзіцячых жахаў, са свету пудлівых сноў. Маскі мёртвыя ва ўласнай існасці, таму падсвядома выклікаюць сполах. Аднойчы я спужаўся так, што наплюжыў у шорцікі.
Мяне пужала старэйшая сястра. Яна насоўвала маску Бабы-Ягі, і для мяне адразу мяняўся свет вакол. Сястру я ўжо не бачыў, перада мной паўставала злавесная цётка з пачварнай усмешкай на пластмасавых чырвоных вуснах, якая харчуецца дзецьмі, і ўвесь вялікі свет вакол раптам змяншаўся ў памерах, сціскаўся да цеснай прасторы, у цэнтры каторай існуюць толькі спароджаная маёй фантазіяй пачвара і яе ахвяра ў маёй асобе. Ахвяра і пачвара...
“Прывітанне, Вальдэмар!
Сёння мне кепска.
На вуліцы імжыць, пахмурнае неба, шэрасць. Я сумую, музыка не дапамагае. Пэндзаль выслізгае з пальцаў, маляваць немагчыма. Настрой на нулі. He разбяруся, чаго болей хочацца. Карацей, дэпрэсняк. Калі надвор’е пахмурнае, у мяне заўсёды дэпрэсняк.
Баюся, я пакутую на раздваенне асобы, бо гэтымі днямі я раблюся зусім іншай. Дакладна не скажу якой, але іншай. Здаецца, мая знешняя абалонка раскрываецца, падобна кокану, і я ператвараюся ў невядомую істоту. Яна жахлівая. Часам здаецца, я назаўсёды застануся ў яе абліччы. Раней падобнага са мной не назіралася. Я быццам не я і жыву не ў сваім целе.
Маркота пакідае мяне, як толькі надвор’е змяняецца ў лепшы бок. Але пакуль ідзе дождж, я іншая. Mae думкі камянеюць, я не належу гэтаму свету. Вальдэмар, на мяне хтосьці палюе, разумею, гэта падобна да вар’яцтва, але мне страшна.
Што б ні здарылася, не прыходзь да мяне на сустрэчу, калі кепскае надвор’е, нават калі мы папярэдне дамовімся. Схлусі што-небудзь, прыдумай прычыну, каб мы не сустракаліся, але не прыходзь.
Вельмі цябе прашу, не паяўляйся, калі надвор’е пахмурнае.
Звонка чмокаю.
Твая Надзейка”.
***
Цемра. Цішыня. Цяплынь...
Я спаў і не думаў абуджацца, вылузвацца з прыемнай разняволенасці. Хтосьці дужы падхапіў мяне пад пахі, павалок і ўпіхнуў ва ўтульны фатэль. Моцныя пальцы памацалі пульс на шыі.
— Што ты яму дала? — грымнуў скрышальны бас.
Адказам быў здзеклівы істэрычны смех і плыня слоў па-лацінску, рыхтык нізка вершаў Вергілія. У іншай сітуацыі тое пытанне выклікала б ува мне абурэнне. А цяперя проста адключыўся.
Заўважым: да маёй радасці, я не памёр. Расплюшчыць павекі было цяжка, быццам нехта трымаў за твар, у галаве ж лунаў туман і лёталі анёлы. Фігуральна, у вядомым сэнсе. Аднак мне ўдалося вярнуцца ў нармальны свет і амаль у прымальны стан. Панаваў паўзмрок. Рукі намацалі плед, якім мяне клапатліва накрылі. У целе адчувалася слабасць, але не хворая, а як пасля доўгага здаровага сну, які аднаўляе сілы і энергію. Досыць хутка я ачуняў. Прыўзняў голаў, заўважыў мужчыну ў фатэлі насупраць, які пільна разглядаў мяне ў чаканні абуджэння.
— Колькі часу? — спытаў я.
— Палова на восьмую вечара.
А...
— Надзя спіць.
Прызнацца, я не ведаў, што спытаць далей. Хаця “што здарылася” сарвалася з языка, завісла ў паветры. Мужчына сабраўся з думкамі. На выгляд здаравяку было прыкладна пяцьдзясят пяць. Высечаны нібы з каменю твар, высакародная сівізна, разумныя пранізлівыя вочы і моцныя далоні. Былы ваенны? Спартовец?
— Мне вельмі прыкра за паводзіны маёй дачкі, — з яўным нежаданнем пачаў ён, з невялікімі паўзамі паміж слоў. — Як вашае імя?
Я адказаў.
— Мяне завуць Артур Аляксандравіч, — ён склаў далоні як перад малітвай. — Па-першае, прашу прабачэння за тое, што з вамі здарылася. Надзея хворая. Абставіны гэтак склаліся, што сёння яна засталася без належнага нагляду, ці, правільней сказаць, кантролю. Завяраю, больш гэта не паўторыцца. Па-другое, я вас папрашу, малады чалавек, захаваць усё ў тайне і проста забыцца на пачутае і ўбачанае. Вы выйдзеце за ганак, акуратна прычыніце браму, сядзеце ў таксі, якое я выклічу, назаўсёды з’едзеце адсюль і забудзеце зваротны шлях. Вам зразумела, паўтараць не трэба?
Сказана было няўмольна жорсткім тонам, які па меншай меры не любіў пярэчанняў. Іншым разам мне нічога не засталося б, як паслухмянаму хлопчыку, ветліва развітацца з грозным бацькам. Я ўжо намыліўся так і зрабіць, але звярнуў увагу на незаўважную акалічнасць. Мужчына сказаў “выклічу таксі”. Каб быў насамрэч настолькі пагрозлівым, выклікаў бы ўжо загадзя. Мне ж свярбела ведаць больш.
— Артур Аляксандравіч, — я зрабіў паўзу. — Мушу быць прамым і шчырым. Мне падабаецца Надзея,
і я не менш сур’ёзна стаўлюся да абставінаў. Думаю, паміж намі моцныя пачуцці.
Суразмоўца адкінуўся на фатэлі, прыкрыў вочы, рукі ўпалі.
— Вось гэтага я і баяўся.
I ён перастаў быць пагрозлівым.
— Вы даўно знаёмыя? — вочы глядзелі цяплей.
— 3 палову года. Пазнаёміліся ў інтэрнэце. Ліставаліся, сябравалі, сёння Надзея запрасіла ў госці, — я вырашыў нічога не прыхоўваць. — Дарэчы, я ўжо сцяміў, што ў Надзеі пэўныя праблемы, дзяўчына нездаровая, і па вашым жаданні магу сысці і болыіі не паказвацца. Але ж зразумейце правільна. На другім паверсе ёсць вялікая карціна, мой сумесны з Надзяй партрэт. Я паўгода марыў пазнаёміцца ў рэальным жыцці з вашай дачкой. I цяпер, у самы захапляльны момант, мне свеціць ад варот разварот. I што, не патлумачыце?
Мужчына на імгненне напяўся.
— Я пачуў тут столькі ўсяго, Артур Аляксандравіч, і пра вас, і пра дом, і самае галоўнае — убачыў вашу дачку ў нечаканым ракурсе, — ціснуў я. — Хіба вы не раскрыеце таямніцу цікавага палатна, на якім нехта намаляваў мяне і Надзейку ў дужа драматычных абставінах?
— Вось чаму мне падаўся знаёмым ваш твар. Аказваецца, вы той самы чалавек з карціны. Ну...
Ён падумаў, узважыў і відавочна зрабіў выснову, што проста так выпхнуць госця за дзверы не атрымаецца. Прасцей употай прыдушыць. А яшчэ лепей і танней — расказаць. Якія могуць быць таямніцы? Раз у маладога чалавека пачуцці, павінен усё зразумець і языком не будзе мянташыць, дзе не трэба.
— Напэўна, сама Надзя вам пра сваю хваробу ані гу-гу?
— Толькі адно: не прыходзіць да яе ні з якой нагоды ў непагадзь.
— Так-так. Добра. Вы рашучы малады чалавек, так таму і быць.
Я сабраўся слухаць.
— Мы прыехалі з іншага горада некалькі гадоўтаму. Адкуль менавіта, вам мо ведаць і залішне. Я быў тамака няпростым чалавекам. Надзейка, мая любімая дачушка, задужа шанавала мастацтва. Карціна зверху — яе пэндзля. Яна заўсёды шукала крыніцы натхнення, як і ўсе мастакі. На мой бацькоўскі смутак, знайшла яго ў наркотыках. Я вельмі вінаваты, у свой час не даглядзеў, закруцілі справы, праца, а калі даведаўся, стала позна. Давялося радыкальна вырашаць праблему. Я парваў усе сувязі дачкі. Пасля перажылі доўгае лячэнне ў рэабілітацыйным цэнтры, пасяліліся ў новым месцы, каб пачаць новае жыццё. Маці, скажам так, у нас няма. Паверце, я не бачыў іншага выйсця.
Да пачутага я паставіўся з належным паразуменнем. Наркотыкі тлумачылі многае. Добры ўчынак для бацькі — дзеля дачкі перамяніць лад жыцця.
— Надзея скончыла мастацкую вучэльню. На кайф забылася, і здаецца, што ўсё благое згінула ў мінулым, але наплыла іншая бяда, — Артур Аляксандравіч павагаўся. — Насланнё. Або наступства ранейшага ўжывання цяжкіх наркотыкаў. Расплата за грэх. У Надзеі ўзніклі псіхічныя адхіленні. На тле дэпрэсіўнага разладу — падваенне асобы. Яна пачала бачыць сябе іншай, не той, кім яна ёсць на самой справе. Разумееце?
Я слухаў.
— Спачатку мне самому было дужа не па сабе. Раней я займаўся антыкварыятам, на ўзроўні звычайнага калекцыянера, але ведаю і мастацтва і культуру, разбіраюся ў гісторыі. Хоць я не эксперт у асобных пытаннях, аднак жа і не пяць капеек варты ў базарны дзень. Маёй памылкай было набываць гэты дом. Каб наперад ведаць, што нас чакае!.. Купляў па газетнай аб’яве. Спакусіў нізкі кошт, былы гаспадар прадаваў