Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
— He можа быць, — Тамаш нарэшце ўспомніў пра гарбату і адсёрбнуў з кубка.
— Брахун, — засведчыла цётка Маша. — А ці ж так было?
— А як было? — з найграным абурэннем гаркнуў дзядзька.
— Напярэдадні прыязджаў з горада сын Філімона. Паўдня машыну рамантаваў. Тады змочанай у бензіне анучай рукі адціраў ад масла. Дый шпурнуў тую анучу ў прыбіральню. А Філімон не ведаў, пайшоў туды, закурыў, а запалку кінуў у дзірку. Ануча і пыхнула. Філімон у лямант і бегма з прыбіральні. А лецейка выдалася спякотнае і сухое, пакуль прынеслі вады з калодзежа, следам занялася полымем і пуня. Дык пуню ўратавалі, а прыбіральня згарэла ўшчэнт да галавешак.
— Ну хай сабе і так, — пагадзіўся дзядзька Хведар, які слыў вялікім аматарам разнастаіць гісторыі ўласнымі дапаўненнямі, наколькі ставала фантазіі.
— А што было даўней на месцы загадкавых руінаў у лесе? — паміж іншым папытаў Тамаш. — Мо карчма якая?
Дзядзька Хведар паціснуў плячамі і пашкрэб нос. Маўляў, невядома. Парэшткі са старажытных часоў, мінулых эпох.
— Раней расказвалі, як у рэвалюцыю тамака чырвонаармейцы ўкрыжавалі святара, — прыгадала цётка Mama. — I нібыта праклён лёг з тае пары на тое месца. Мо шынок там калі і быў, але ж яшчэ ў маю маладосць распавядалі пра ўкрыжаванага бацюшку. Вось як цяперака помню. Відавочна, там пасля на могілках нікога не хавалі, ніхто не сяліўся побач. А сённяшнім днём леснікі шчыруюць толькі.
Тамаш прыгадаў айца Аляксандра і супаставіў з укрыжаваным служкам. Адразу зрабілася цікава. А расповеды пра доследы навукоўцаў і хаду часу дадавалі ўсёй гісторыі флёр навуковай фантастыкі. Што ж, меркаваў ён, пажывем — пабачым. Калі падумаць цвяроза, пра начное здарэнне лепей маўчаць, бо ў лепшым выпадку проста не павераць. Тамаш перавёў гутарку ў іншае рэчышча.
— Хто такая Вольга?
— Ужо пазнаёміўся? — папытала цётка Маша. Дзядзька Хведар падміргнуў. — Справы маладыя, куды марудзіць?
Тамаш коратка пераказаў, як раніцай напаткаў бялявую прыгажуню, якая дала яму бактэрыцыдны пластыр і запрасіла ў лазню.
— От і схадзі папарся, — параіў дзядзька Хведар.
— Унучка нябожчыцы Філоніхі, сёлета да нас перабралася з горада жыць у бабчыну хату, — растлумачыла цётка Маша. — Філоніху ўважалі за ведзьму, здані тагасветныя да яе завітвалі.
Тамаш выцер далонню рот, падзякаваў і вылез з-за стала.
— Адзенне хай высахне, забяру тады, а вашае вярну, дзядзю Хведар.
— To насі, абы на здароўе, — ласкава дазволіў сусед. Пасля павагаўся і мовіў: — Пачакай, Тамашу. Пакажу табе нешта.
Ён рушыў у свой пакой.
— А ўнучка Філоніхі можа цікавае распавесці, — падказала тым часам цётка Маша.
Тамаш і сам здагадаўся. Раз бабку ведалі ведзьмай, з унучкі можна выпытаць больш пра выклятае месца. Ён яшчэ раз падзякаваў за падсілак. Вярнуўся дзядзька Хведар і паказаў Тамашу візітоўку.
— Навукоўцы калі былі, адзін начаваўу нашай хаце, пакінуўмне гэткую цыдульку. Наказваўтэлефоніць, калі надарыцца што загадкавае ды таямнічае.
“Павел Яўменавіч Ліберман, лабараторыя эксперыментальнай фізікі” — значылася чорнымі літарамі, аддрукаванымі яўна друкарскай машынкай. Знізу пазначаны нумар сталічнага тэлефона.
“Дзе ў Менску можа быць лабараторыя эксперыментальнай фізікі?” — падумаў Тамаш і пасля сцяміў, што навукоўцы прыязджалі яшчэ за савецкім часам і на сёння лабараторыю маглі даўно скасаваць. Але вось прозвішча на візітоўцы знакавае, думкі пра Фіму Лібермана навеяла...
★ ★★
Пан Арыстокаль напяўся і наструніў слых. Наяўная здольнасць чуць нячутнае зафіксавала няўлоўныя звычайнаму чалавечаму вуху гукі. Цёплае жнівеньскае паветра ўтойвала незнаёмы флёр. Птушыная грамада, галасілая ў лесе, змоўкла на які час, затым сарвалася з вецця, закружляла над верхалінамі. Раптоўны подых ветру гайдануў спічакі сосен. У Пана Арыстокля ажыло прадчуванне трывогі, быццам павінна надарыцца бяда і няўмольны кон ужо абраў ахвяру, перавёў рэйкі
цягніка лёсаў на шлях да любімага дома. Ён умеў скурай прадчуваць бяду, у такія выпадкі гучна тахкала сэрца і ламоцце нападала на старыя суставы.
У траве піскнула палёўка, але не яна прыцягнула ўвагу. Чуліся няспешлівыя крокі. Яны наблізіліся да брамы, і нейкі чалавек, вылучаючы дабрыню і спакой, пагрукаў і гукнуў гаспадыню.
— Кіс-кіс-кіс, — пазваў чалавек.
Пан Арыстокаль выгнуў спіну, выставіў хвост трубой і немаладымі гарлавымі звязкамі выціснуў працяглае сіпенне. Тамаш завітаў у двор, зачыніў браму ды сабраўся пагладзіць жывёліну. Але аграмадны, кілаграмаў на дзесяць, чорны кацяра пагрозліва бліснуў зялёнымі вачыма, і Тамаш спешліва адхапіў руку назад.
— Ух, якія мы сур’ёзныя, — зазначыў госць і рушыў далей па акуратнай сцежцы, абапал якой раслі духмяністыя садовыя кветкі, да ганка невялічкай хаты.
Пан Арыстокаль нячутна крочыў услед за прыхаднем.
Дагледжаны дворык выглядаў утульна. Відно адразу, гаспадыня — аматарка садовых кветак. Іх удосталь хапала паўсюдна, водар лунаў у паветры і вабіў пчол з размаітай жамярой.
— Ці ёсць хто дома?
— Уваходзьце! — пачулася аднекуль з двара.
Тамаш глянуў на ўскліч і адразу прыкмеціў з боку гаспадарчых пабудоў Вольгу, якая заспяшалася да візітора. Дыхнула дымком.
— А я ўжо лазенку пачала тапіць, прадчувала ваш візіт.
— Тут нібы ў казцы, — не вытрымаў і засведчыў Тамаш.
Вольга з задавальненнем прыняла камплімент.
— Як гузак? He баліць?
— Перажыву неяк.
— Гарбаткі?
— Прызнацца, толькі з-за стала, — і Тамаш коратка, у двух словах, распавёў пра адведзіны дзядзькі Хведара і цёткі Машы.
— Няйначай называлі мяне ведзьмай? — нечакана ў лоб спытала Вольга.
— He, — Тамаш павагаўся. — Казалі, што ведзьма — ваша бабця.
— Што ёсць, то ёсць... Ну, запрашаю ў хату.
Вольга расчыніла дзверы, і на Тамаша патыхнула прыемнай прахалодай.
Адразу кінуўся ў вочы сапраўдны кветачны баль. Рознакаліберныя вазоннікі з хатнімі раслінамі займалі паліцы і падваконне, месціліся на шафе, нават на прыпечку. Са столі штосьці лімонна-духмянае вілася па сцяне долу. Тамаш пацягнуў носам.
— Калі ласка, у свет маіх захапленняў.
Каля тэлевізара стаяла клетка з папугай. Шматкаляровы хахлач спрабаваў услед за дыктарам нешта мовіць, але не выходзіла.
Гукі, пахі і колеры абваліліся на госця дзявятым валам, і ў дадатак сама гаспадыня выпраменьвала амаль неадольны флёр уласнай жаночай вабнасці. Тамаш збянтэжана каўтнуў і няёмка пераступіў з нагі на нагу ў роздуме, які фактар аказвае на яго большы ўплыў: прыгажосць Вольгі ці працяглая адсутнасць жанчыны ў ягоным жыцці? Мабыць, усё разам. Ён і запытаў, ці доўга чакаць лазню.
Гаспадыня зразумела Тамашоў стан, і ўсмешка ледзь кранула ейныя пульхныя вусны.
— Давайце ўсё ж гарбаткі, га?
Тамаш выдыхнуў і згадзіўся.
— На світанні якраз булкі пякла, пачастую.
Вольга рушыла ў сенцы. Дзверы да канца не зачыняла. Тамаш чуў, як гаспадыня грукала місамі ля газоўкі. Ён няспешліва агледзеў пакой. Калі выключыць наяўнасць хатніх кветак, тое быў звычайны пакой
сялянскай хацінкі. Сонейка шчодра ліло прамяні ў вакно. 3 расчыненай фіранкі скрозь антымаскітную сетку даносіліся розныя гукі з вуліцы. Раз-пораз дыхаў ветрык. Хатка-аднапакаёўка з сенцамі, каморай і печчу. Пакой здаваўся прасторным і ўтульным. Па свежых шпалерах можна ўгадаць нядаўні рамонт. У адным куце стол, у другім тэлевізар, у трэцім да печы прытулены прыбраны ложак, у чацвёртым невялікая шафа. Два крэслы, павернутыя да тэлевізара, па якім перадавалі рэкламу. У куце над сталом Тамаш заўважыў фотаздымкі пад адной вялікай рамкай на сцяне. Ён наблізіўся і з цікавасцю пачаў разглядаць.
Даўней, калі не існавала інтэрнэту, тэлебачання і лісты ішлі да адрасата тыднямі, a то і месяцамі, падобныя рамкі з фотакарткамі ўяўлялі сабой для вяскоўцаў цэлы свет. Выправіцца хто на заробкі на Поўнач, ці з вайны не вернецца, ці замуж забяруць далёка, слоўкам тады не перамовіцца са сваім кроўным, забудзеш, як ён выглядае, гады сатруць памяць. А зірнеш на фота — і быццам бы пабачыўся з родным чалавекам: кумам, братам, дачкой, сям’ёй. У кожнай хаце меліся вось гэтакія рамкі з выявамі дзядуль, бабуль, дзядзькоў і цётак, сыноў і дачок.
Тамаш разглядаў фоты і дзівіўся сам сабе. Столькі часу мінула, а людзі на здымках нават уявіць не маглі, што хтосьці праз дзесяцігоддзі будзе разглядаць іх выявы і разважаць пра іхнія лёсы. Недзе ў сеціве філасофскі жарт вычытаў: ты сам з будучыні зараз глядзіш на самога сябе скрозь успаміны. Так і ёсць. Жыццё ўспамінаецца не цалкам, а фрагменцікамі, нібы стоп-кадры выплываюць на памяць. Пункцікідыяфільмы пішуцца ў падкорку і надзейна трапляюць у сэрца. I сёння менавіта ў Тамашовай асабістай хроніцы прыгаданы пункцік наступіў. Бо на адным здымку Тамаш заўважыў да болю знаёмае аблічча,
рыхтык усё жыццё ведаў гэтага чалавека. Тамаш нават наблізіўся, каб лепш разглядзець незабыўны шырокі прыязны твар з напаўсівой барадой і яснымі вачыма — бацюшка айцец Аляксандр пазіраў з пажоўклага, цудам ацалелага, амаль стогадовага здымка. Святар быў не адзін — з жанчынай у старадаўніх строях, якая ледзь прытулілася да пляча бацюшкі. Тамаш аж змакрэў ад хвалявання, каўтнуў набеглую сліну і хацеў дакрануцца пальцамі, як адчуў на сабе чыйсьці позірк. Рэзка абярнуўся. Праз расчыненыя дзверы заглядваў ужо знаёмы катазаўр з гіпнатычнымі зялёнымі вачыма. Каток вагаўся: завітаць у пакой ці вярнуцца ў двор. Звычайная для гэтай жывёлы дылема.
— Кіс-кіс, — пазвала Вольга і злёгку нагой дапамагла хатняму гадаванцу прыняць рашэнне.
Папуга ў клетцы адразу занепакоіўся, заўважыў небяспеку, забегаў зад-перад.
— Знаёмцеся: Пан Арыстокаль, — мовіла Вольга і звярнулася да кацяры: — Пан Арыстокаль, гэта свае.
Кацяра велічна, не губляючы кацінага пафасу, наблізіўся да Тамаша і пацёрся аб ногі.
— Пагладзьце яго, так трэба, — падказала гаспадыня і дадала: — Каб прызнаў.
Тамаш нагнуўся і правёў далонню па цёплай шэрстцы. Пан Арыстокаль выцягнуў хвост трубой і задаволена запеў курну. Затым ускочыў на печ і пачаў мыцца.
Перастаўлены на сярэдзіну стол Вольга накрыла прыгожым блакітным абрусам, прынесла і паставіла паднос з хатнім печывам і электрачайнік, пару кубкаў, пачак чаю і цукарніцу. На дзяўчыне была крыху празрыстая светлая сукенка вышэй калень з малюнкам дзіўнаватых чырвоных лісточаў. Левую лытку знізу аперазаў залаты ланцужок. Па аголеных плячах струменіліся рассыпаныя валасы. Яна выклікала ў Тамаша непадробнае хваляванне.