• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

    Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

    Алесь Бычкоўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 162с.
    Мінск 2018
    34.55 МБ
    — Вяртайся дамоў, пане камісару, — шаптала жанчына ўслед. — Вяртайся ў дол.
    Усё заціхла, толькі адзінокая гаспадыня на каленях да світання прамаўляла малітвы...
    ★ ★★
    Тамаш слухаў у захапленні.
    — Візіт госця адбыўся ізноў праз шмат часу. Мая бабуля ўжо не баялася, калі аднойчы праз ноч нечакана пагрукалі ў вакно. Усё паўтарылася адзін у адзін. Госць папрасіў есці, ізноў каўтаў-душыўся, затым спытаў пра крыж і пагражаў расстрэлам. Цікавая акалічнасць: тым разам бабуля была не адна, у яе начавала сямігадовая ўнучка, якая прыехала з горада на канікулы і сама ўсё ўпотай бачыла і чула. Яна можа пацвердзіць праўдзівасць гісторыі.
    — Вы бачылі здань? — перабіў уражаны Тамаш.
    — Як вас цяпер. Бабуля загадала схавацца за печ, было дужа страшна. Мне было цікава і боязна. Я была ўпэўненая, што надзейна схавалася. Але калі прыхадзень абяцаў ізноў вярнуцца па свой крыж, ён павярнуўся ў мой бок. I я зразумела, што ён свае словы адрасуе ўжо не бабцы, а мне. Хоць і малая, але ўцяміла,
    што наступны раз замагільны візітоўца з’явіцца, калі я вырасту, стану дарослай.
    — Гм... I вы пасля ўсяго перабраліся жыць у бабчыну хату, дзе напаткалі здань?
    — Вы верыце ў лёс, Тамаш?
    — Неа, — прызнанне было шчырым.
    — I я гэтаксама, — Вольга паразважала: — Я вярнулася, бо гэта хата маёй любімай бабулі, якая шмат чаму мяне навучыла. Я вярнулася, таму што гэта мая спадчына, я люблю гэтыя вёску, зямлю, дом. А на здань, спатканую ў дзяцінстве, мне, па шчырасці, пляваць, са зданнямі неяк разбяромся, утаймуем. I паверце: ніводная здань не вытурыць мяне, не прымусіць адсюль з’ехаць. Гэта мой край, Тамашу.
    — Нечакана, — Тамаш пацёр рукі і перасмыкнуў плячыма.
    Мужчыну адольваў скепсіс. Іншым разам ён не даў бы веры пачутаму. Але як не даць, калі мінулай ноччу сам перажыў нешта надзвычай звышнатуральнае?
    — Яшчэ гарбаткі?
    — Можна.
    Вольга шчоўкнула клапыжком на электрачайніку.
    — Летам у нашай хаце прахалодна.
    — Дазвольце спытаць, Вольга, пра які крыж ідзе гаворка?
    — Дакладна невядома, — зазначыла гаспадыня. — Але з-за крыжа быў закатаваны тутэйшы святар, пра якога вы і хацелі паслухаць. Тут другая гісторыя вынікае з першай.
    Мая прабабуля Агена была ў вёсцы Жальніца кшталту сястрой міласэрнасці, дапамагала павятоваму ўрачу. Па словах бабулі, у іх было вялікае сяброўства: паміж прабабуляй Агенай і тутэйшым святаром Аляксандрам. Агена таксама была зельніцай, у нас гэта сямейнае і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Але ж Агена яшчэ і атрымала пэўную адукацыю ў лекар-
    скай галіне. У час рэвалюцыі бацюшка збіраўся аддаць прабабулі на захоўванне нейкую рэліквію, старадаўні крыж, прывезены вельмі здалёк. Святар дужа не хацеў, каб крыж дастаўся чырвоным галадранцам.
    — I перадаў? — асцярожна пацікавіўся Тамаш.
    — He паспеў. Чырвоныя занялі Жальніцу, і куды бацюшка падзеў крыж, да гэтай пары невядома. Аднак пра каштоўнасць даведаўся чырвоны камісар Рабаконь і распачаў допыт. Бабка расказвала, бацюшку адразу да сцяны паставілі, пужалі расстрэлам, пра каштоўны крыж распытвалі. Пасля шматлікіх пакут і катаванняў святара ўкрыжавалі. Рабаконь асабіста ўбіваў цвікі...
    Прозвішча Рабаконь, айцец Аляксандр, шынкар Шмуйла, які хавае скарбонку ў спрат пад пол, — усё гэта ўспыхнула перад унутраным зрокам Тамаша адным шыхтам і склалася ў неверагодную, абсалютна нерэальную галаваломку. А што калі начное здарэнне зусім не здань, не трызненне, а што калі невытлумачальным чынам Тамаш пабываў у мінулым, у той ночы, калі Шмуйла падказаў бацюшку спосаб захаваць рэліквію?
    — Данёс хтосьці хлусню, што паміж святаром і зельніцай Агенай шуры-муры. Ну Рабаконь тут узяўся за маю прабабулю. Пагражаў, выпытваў, думаў, яна ведае пра крыж. Тады спрабаваў згвалціць. Але не згвалціў. Агена паглядзела яму ў вочы і мовіла: “Толькі крані — навек страціш мужчынскую сілу”. Яна быццам гіпнатызавала. I падзейнічала, варвар спужаўся. Па сведчаннях, камісар піў моцна, піякі — людзі ўнушальныя. Што там далей было, бабуля не расказвала, мо таксама не ведала. Але з цягам часу на тым месцы, дзе святара ўкрыжавалі, пачалі ўсялякія дзівосы надарацца. У вайну там і немцы блукалі, і партызаны. Карацей, месца тое пачалі менаваць выклятым. Маўляў, за тое, што закатавалі непавіннага бацюшку, усе беды тутэйшыя пачаліся. Вось. Ну а пасля і Рабаконь праз
    дзясяткі гадоў пачаў прыходзіць уноч да бабулі. Цягне здань у нашую хату. Неўтаймаваная душа. Усё крыж шукае...
    Электрачайнік закіпеў і выключыўся. Вольга разліла па кубках замест заваркі травянога збору, залунаў прыемны водар, і далей ужо распавядала пра сваё жыццё ў горадзе. Маці яе працавала загадчыцай аддзялення ў лякарні, дзе бацька быў галоўным урачом. 3 бабчыных метадаў лекавання яны смяяліся і прызнавалі забабоннем. Мо і бяскрыўдным, але забабоннем. Якія там зёлкі, дваццаць першае стагоддзе на дварэ, дасягненні сусветнай фармакалогіі вунь якія. А вось Вольга была крышачку іншай. У свае дваццаць чатыры замуж так і не выйшла. Было каханне, вялікае каханне, каля яна ў заапарку працавала. Але абраннік раптам выявіўся скотам, пра якога і казаць няёмка, таму разышліся. Да бабчынай навукі Вольга ставілася прыязна, з захапленнем пераймала старадаўнія сакрэты раслін. Бацькі не заміналі, хоць і марылі ўбачыць дачушку медыкам. Калі ж бабця сканала, пражыўшы дзевяноста чатыры гады, унучка вырашыла пасяліцца тут, каб у далейшым вызначыць уласны шлях.
    — I ўсё ж не страшна адной?
    — А ў мяне Пан Арыстокаль ёсць. Ён здольны чуць мерцвякоў і ў крайнім выпадку абароніць ад нашэсця зданяў, — ці то ў смех, ці то ў слёзы адазвалася Вольга і дадала пасля: — Так бабка запэўніла.
    — А раптам ваўкі загрызуць Пана?
    Вольга не адразу адказала.
    — Ведаеце, Тамаш, бабуля насамрэч была ўпэўненая, што ад няшчасцяў мяне ўратуюць каханне і надзейны мужчына.
    Тамаш збянтэжыўся і крыху пачырванеў.
    Пан Арыстокаль раптам саскочыў з печы, імкліва падбег да стала і прыняўся з вуркатам церціся аб ногі Тамаша.
    Папуга ў клетцы, які дагэтуль чысціў пёркі, а пасля спаў, схаваўшы голаў пад крыло, раптам абудзіўся, страпянуўся і выразна мовіў: “Калі ласка!”
    I ў Тамаша ўзнікла нечаканая, амаль вар’яцкая думка.
    ★ ★★
    Дзядзька Хведар выглядаў заклапочана і неяк разгублена, калі Тамаш завітаў і зноўку папрасіў ровара на гадзінку-дзве.
    — Навуковец тэлефоніў, — дзядзька паказаў ужо знаёмую візітоўку. — Паведаміў, што тэрмінова прыедзе сямейныя карані шукаць і да ведзьмы па настой ад раматузу. Дзіва! Столькі год мінула, а ён едзе. Дый ведзьма памерла ўжо.
    Тамаш не надаў увагі словам дзядзькі, хай сабе едзе навуковец.
    — Дык куды ты? — вызірнула з хаты цётка Маша.
    — Хутка буду.
    — На пошукі прыгод?
    Тамаш не адказаў, выкаціў ровар за браму.
    — He набі новы гузак! — пажадала суседка.
    Тамаш ускочыў у сядло і пакаціў да лесу. Але раптам павярнуў да сябе на лецішча. Хутка зноў круціў педалі, да рамы ровара былі прычэпленыя рыдлёўка і сякера. А на самім Тамашу была апранута зверху джынсоўка, каб не дужа назаляла жамяра. Крыж, клапатліва апавіты рагожкай і дбайна схаваны ў скарбонцы шынкаром Шмуйлам, стаяў перад вачыма, не даваў спакою і вабіў да сябе. Тамаш супаставіў пачутае за сёння і зразумеў, што ўсё круціцца вакол крыжа, які прыбачыўся ў начным сненні на паляне. А што калі тое прарочы сон? Што калі неверагодным чынам ён, Тамаш, атрымаў патаемныя веды пра месцазнаходжанне старажытнай рэліквіі? Было над чым паразважаць, але лепей — праверыць.
    Тамаш чытаў фантастыку, даўней нават спрабаваў пісаць сам, асабліва пра дзіркі ў часе, папулярных сёння
    траплянцаў-пападанцаў, спробы змяніць мінулаесучаснасць. “А чаму і не?” — думаў ён, кіруючы да выклятага месца. Раптам дзірка ў часе насамрэч тамака існуе? А калі так, то ён ведае, дзе шукаць крыж. Уласнавоч бачыў. Дзікунства, вар’яцтва, але ж... У лесе Тамаша апанавала ўражанне, што за ім нехта сочыць, быццам свідруе спіну, пільна назіраючы. А мо проста скура спатнела, таму свярбела. Тамаш уявіў, як неўзабаве будзе хвастацца венікам у лазні, і ў момант палагаднела ад прыемнай думкі. Але перадусім — праверыць тэорыю.
    Ехаў на ровары па накатанай каляіне. Ранішнія сляды “Форда” вялі ў патрэбным напрамку, таму Тамаш і не заблукаў. Леснікоўскую дзялянку знайшоў хутка. Затым могілкі і выклятае месца: парэшткі старадаўняга драўлянага будана, зарослага мохам, маладымі дрэўцамі і дзе-нідзе кустоўем.
    Тамаш спыніўся перад абваленым фасадам. Само сабой, за век ад спаруды толькі фасад і захаваўся, хоць і спарахнелы, але лёгка пазнавальны. Сцены ўгадваліся па рэльефе. Тамаш прытуліў ровар да дрэўца, узяў рыдлёўку, сякеру. Пра тое, што ў карчме мог быць утульны “паграбок” пад полам і ў які зараз можна проста праваліцца, Тамаш не думаў. Але ступаў сцярожка. Выклікаў у памяці планіроўку ўчарашняга свайго месца гасцявання і супаставіў з ледзь бачнымі абрысамі. Вось тут, зразумела, уваход. Ён пакратаў рыдлёўкай, асцярожна ступіў, хруснулі галінкі, вецце. Вачамі пашукаў: так, вось тутака стаяла шафа. Якраз тое месца займала сасонка. Тамаш крадком, быццам кагосьці баяўся, ступіў, пашукаў вачыма далей. Мажліва, вось тут стаяў стол, за якім учора (ага, бадай стагоддзе таму) сядзелі бацюшка, пан лекар і ён. Глеба на тым месцы была цвёрдай. Тамаш поглядам адмераў прыкладную адлегласць ад сябе і ў бок, дзе Шмуйла схаваў скарбонку.
    Нахлынула нечаканая радасць: усё так проста!? Няўжо за сто гадоў ніхто не надумаў пакапацца вось тут? Няўжо ніхто да яго, Тамаша, не адшукаў? I снарад у вайну не прыляцеў, абмінуў выклятае месца. Логіка падказвала: а хто ж ведаў? Сэрца моцна тахкала, калі рыдлёўкай калупнуў мох з купіны пад кустом. Высек сякерай кусток, расчысціў пляцоўку, дзе па разліках павінен чакаць скарб шынкара Шмуйлы. Пасля начнога дажджу ў лесе было душна, узмакрэў. Эх, была не была, Тамаш з размаху ўтыркнуў рыдлёўку ў глебу. Упёрся ў нешта цвёрдае. Мог натрапіць на карані раслін. Разгарнуў, убачыў спарахнелыя трухлі, мусіць, парэшткі падлогі. Тамаш разграбаў яшчэ і яшчэ. 3 размаху садануў рыдлёўкай — і адразу выразна пачуў металёвы лязг. Аж знерухомеў. Пачаў хуценька адкідваць зямлю. За стагоддзе глеба прасела, але не задужа. Тамаш хуценька сашкрэб пясок і маліўся пра сябе, каб (крый Божа!) гэта не аказалася неразарванай бомбай з вайны... Лёс усміхаўся чалавеку.