Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
— Дзіўнае імечка ў вашага коці, — заўважыў ён.
— Вынік захаплення літаратурай. У адным рамане так звалі галоўнага героя.
— Цікава.
Яны селі. Вольга разліла гарбату і між іншым распавядала:
— Кот дужа ўжо разумны, таму і Пан Арыстокаль. Адно размаўляць не ўмее, але гэта не загана. Галоўнае, мы выдатна паразумеліся.
Тамаш узяў лыжку цукру, насыпаў у гарбату і размяшаў.
— Любіце прыроду?
— Вельмі.
Кот на печы адазваўся вялым сіпеннем.
— Стары ён ужо, па шчырасці. Пенсіянер. Летась бабуля ў спадчыну пакінула. Аднак тым летам, калі з адной вясковай коткай кацянят завёў, цягаў ім мышэйпалёвак. Сама бачыла. Разумны.
— Ужываюцца? — Тамаш паказаў на клетку з папугай.
— Птушка шчэ не звыклася. Месяц як куплена. Прынамсі, як я з горада сюды збегла прэч ад мітусні і rapMi дару.
— А жабка як?
— Матроха? У тэрарыуме спачывае. Ёй мікраклімат патрэбны. Давялося абсталяваць камору. Яна, дарэчы, не з нашых мясцін, можа загінуць, тады будзе шкода. Матроха ў нас жаба з гісторыяй. Яе ўдаў не захацеў схарчыць.
Тамаш адразу заперхаў і папрасіў прабачэння.
— Вы, мабыць, думаеце, вось натрапілі на гарадскую дурніцу, вар’ятку, апантаную жывёлай, якая выправілася ў вёску, дзе канчаткова сапсавала дах. Насамрэч усё прасцей.
Тамаш пачырванеў, Вольга вытрымала паўзу.
— Насамрэч у нядаўнім мінулым я кіравала перасоўным заапаркам. Ездзілі па рэспубліцы, вазілі звяроў
і птушак. Пасля наступіў крызіс і ўсё надакучыла, я кінула-рынула і падалася ў вёску, пажыву тут які час, пагляджу, памаракую. Калі спадабаецца, дык застануся.
Тамаш узгадаў, што некалі пісаў пра нейкі перасоўны заапарк, вельмі вядомы, між іншым.
— Вось-вось, прыемна чуць, што нас ведаюць, — прамовіла Вольга і прапанавала смялей частавацца булкамі і печывам.
Тамаш узяў печыва, адкусіў, спадабалася, аб чым і паведаміў услых.
Вольга прыняла зручную позу.
— Аднойчы ў заапарку хлопцы хацелі з ласкі на пацеху скарміць жабку пітону Каа. Увогуле яны былі на падпітку, давялося потым звольніць. Бо хай сабе і скармілі жабку, але ж... жабка каштоўная, прывезеная з іншага кантынента. Дый пітон мог захварэць ад нязвыклай ежы. Пітончыка належала карміць трусікамізайцамі, а тут дурні закінулі жабу і цікуюць, што далей. Удаву прынцыпова да лямпачкі. Але нашага мудрага Каа ад жабы адвярнула, бо звык да трусоў. Быццам зразумеў, што перад ім не ежа, а калега па рабоце. Матроха ж перажыла шок і цяжка захварэла. Давялося пасля спісаць і забраць сабе. Вось такая гісторыя. Прывучаю патрошку да нашага прыроднага асяроддзя, а раптам атрымаецца? Ну а што да бабулі... Бабуля зельніцай была. Зусім не ведзьмай. Прынамсі не ў тым плане, як прынята ведзьму ўспрымаць. Ведзьма крыху абразліва гучыць. 3-за нашага няведання так звалі. Бабка лекавала зёлкамі, бо ведала кожную расліну і ў сваім двары, і ў лесе. Мая любоў да прыроды наўпрост ад бабці.
— Дзядзька Хведар расказваў...
— Жартун ваш дзядзька Хведар. Ведаеце, што аднойчы ўтварыў? Пасварыўся з цёткай Машай і вырашыў адпомсціць. Пакуль жонкі не было дома, прымацаваў у каморы да столі вяроўку. Дачакаўся, пакуль
кабеціна вернецца ў хату, пачуў грукат дзвярэй, залез на драўлянае кубло, дзе ляжала сала, вяроўку прасунуў пад пінжак, абвязаўся пад пахі і скочыў уніз, быццам засіліўся. Нават язык высалапіў дзеля паўнаты вобразу. Калі ўявіць, то палахліва, канешне. Але ж на бяду завітала не цётка Маша, а з другога канца вуліцы па нейкую халеру прыперлася Бычаніха, хадзіла сабе па хаце, шукала гаспадароў, зіркнула ў расчыненую камору, а там Хведар вісіць. Усплёснула рукамі, загаласілазагаравала, маўляў, дапякла саколіка паўпрыца Машка. Тады сціхла, убачыла кубло. Падняла драўлянае вечка, а ўнутры сала. Перажагналася на ўсяляк выпадак, за скіцер — і пхне ў торбу. Расчулены галашэннем Хведар раптам ажыў і як гаркне з-пад столі: “Сала вярні на месца, вароўка!” I Бычаніха, якая магла літр гарэлкі апрастаць і не паваліцца, якая двух мужоў на той свет справодзіла, гэтая ядзерная баба паляцела дагары памарак і знерухомела. Дзядзька Хведар абаперся нагамі на кубло, вызваліўся з вяровачнай повязі, скочыў уніз і не даваў рады, што рабіць. Выклікаў хуткую. Зразумела, нікому не слова пра ўласны ўдзел у падзеях. А Бычаніху хапіў удар, адняло мову. Шэсць месяцаў у ложку. А зведалі пра здарэнне проста. Мая бабулянябожчыца, якую Хведар менаваў няйначай як ведзьмай, лекавала старую Бычаніху зёлкамі і выхадзіла! Бычаніха адразу ўсё расказала, як толькі наноў навучылася размаўляць.
Тамаш уголас рагатаў і выціраў слёзы. Вось вам і дзядзюхна Хведар. Зразумела, чаму не хваліўся гэтым выпадкам звычайна гаваркі сусед. Тамаш суцішыўся, адпіў гарбаты.
— У настут крыхудзіўнаватыя мясціны, часам змрочныя. Але тыя, хто тут жывуць, даўно звыкліся з усім і на розныя дзівосы нуль увагі, — засведчыла Вольга.
— Нават на тое, што людзі блукаюць, прападаюць на некалькі дзён?
— Ды гэта не самае страшнае, штоў нас бывала. Ёсць рэчы надзвычай больш складаныя і незразумелыя нетутэйшаму, — Вольга сабралася з думкамі. — Мяркую, вы тут не выпадкова, Тамашу. У нас пасяліцца — бадай, вырак лёсу. Адкрыю сакрэт: для старонняга чалавека ўсе людзі ў нашай вёсцы, мякка кажучы, “з прыветам”. Жальніца — асобнае месца ў сусвеце, выспа ў акіяне, тут усё інакш. I кожны жальніковец мае ўласныя матылі ў галаве. А ў маёй бабці матылёў было больш, чым у астатніх. За некалькі месяцаў, праведзеных тут, я пачала атаясамлівацца з усімі, злівацца з асяроддзем, таму больш-менш разумею тутэйшых. Вас таксама чакае падобная асіміляцыя.
Тамаш паціснуў плячамі, маўляў, забабоны нельга ўсур’ёз успрымаць. Кожную незразумелую з’яву можна навукова патлумачыць.
— Вы ўпэўнены? — спытала Вольга тонам настаўніцы пачатковай школы.
Ён адразу не адказаў, успомніў сённяшняе сненне ў начным лесе, надта ўжо яркім падаўся шынок “Халодныя ногі”. Таму ўскос зірнуў на фота бацюшкі Аляксандра, прыгадаў гісторыю пра скрыпічнага майстра і сцяміў, што навука ў дадзеным выпадку пэўна не дасць рады.
— Мроіцца мне, у вас ужо наспелі пытанні, — зрабіла выснову гаспадыня. — Але ж госцейка належыць адразу пакарміць, напаіць, у лазні папарыць, спаць пакласці, а тады ўжо пра справы распытваць.
— Дзякуй вам, Вольга, — Тамаш адставіў кубак ад сябе. — I паеў, і папіў, лазня яшчэ не хутка, а шмат спаць сёння не дапушчальна, каб не праспаць жыццё. Скажу вам, што мяне цікавіць: цётка Маша прыпомніла старадаўнюю гісторыю пра ўкрыжаванага бацюшку.
Ён выбіў дроб пальцамі па стале і папытаў, мо Вольга калі чула якія звесткі ад бабулі.
Вольга вагалася, быццам вырашала, расказаць пра нейкую толькі ёй вядомую таямніцу ці не.
— Добра, раскажу. Толькі папярэджваю: гісторыя вельмі незвычайная, таямнічая і загадкавая. Усё было папраўдзе. Хоць і можа падацца прыдумкамі.
Тамаш ператварыўся ў слых. Пашкадаваў, што няма пад рукой нататніка, хаця памяць раней не падводзіла, здаецца.
— Гэта здарылася ў сямідзясятыя, — пачала Вольга.
...Поўня залівала ясным святлом навакольны змрок. Паветра замёрла, ні аблачыны ў небе. Ветрык не дыхне. Прастору накрыла зацішша, не чутна нават цвыркуноў, якія звычайна напаўняюць ноч стракаценнем. Неўзабаве з боку лесу цішыню скалануў грукат конскіх капытоў. У містычным святле месяца, нібы ў чароўнай казцы, скакалі з ружжамі на спінах вершнікі.
Адзенне на іх было як у грамадзянскую, але ж год на дварэ брэжнеўскі. Міжволі думалася — кіно здымаюць, дык хіба ноччу? Старонні чалавек мог і перапудзіцца не на жарт. Вершнікі перасеклі поле, праімчалі ўздоўж дарогі і спыніліся на ўскрайку. Адзін з іх гаркнуў таварышам, загадаў чакаць, а сам нетаропка паехаў да бліжэйшай хаты, спешыўся, паляпаў у вакно. На поясе начнога госця з аднаго боку вісела шабля, з другога — кабура з маўзерам.
У хаце аказалася немаладая ўжо кабеціна. Узрост яе быў — калі да старасці яшчэ далёка, але ўнукі ўжо маюцца. Праўда, муж даўно сышоў у невараць, дзеці раз’ехаліся, жанчына жыла адна.
Зірнула гаспадыня ў вакно ды злякана войкнула, разглядзеўшы як след строі начнога прыхадня.
— Адчыняй, старая курва, a то шыбы вынесу! — раўнуў госцейка.
Жанчына перажагналася і запаліла газоўку, электрычнасць на той момант у вёску правялі не ўсім.
Мабыць, жанчына нешта падазравала пра візітоўца, бо спехам прачытала малітву, узяла сябе ў рукі і пайшла адчыняць дзверы.
— Контррэвалюцыя е? — запытаў прыхадзень, ледзь заваліўшыся ў хату.
— Няма нікога, саколікі, адна я, — адказала жанчына чамусь у множным ліку, быццам убачыла атрад вершнікаў па-за крэсамі вёскі.
Грукаючы цяжкімі ботамі ды патыхаючы ледзяным холадам (лета на двары!), прыхадзень абмераў крокамі пакой.
— Нясі есці! I спрытней давай, — госць мацюкнуўся і сеў за стол.
Гаспадыня выцягнула з печы саган з учарашняй бульбай, паставіла перад мужчынам.
Прыхадзень пачаў есці. Ды не тое каб есці, а жэрці, паглынаць, душыцца бульбай, нібыта з галоднага краю ўцёк, даў стрыбака з канцлагера. Хапае бульбіну бруднымі пальцамі, пхне ў чорную зеўру рота, чмякае, каўтае, ікае. Цьфу, аж гідка.
Марудна цягнецца час: пяць хвілін, дзесяць. Якой бульбінай запар чалавечка ўжо частуецца? Колькі ж у худога, быццам штыкеціна, мужчыну можа ўлезці?
Прыкмячае гаспадыня, што прыхадзень з’еў бульбы ўжо больш, чым яна наварыла. Ён есць, а саган не пусцее! I зразумела кабета, якога кшталту госць завітаў, неяк адразу сцяміла, быццам спраўдзілася тое, што яна толькі падазравала яшчэ колькі хвілін таму.
— Што ж не ляжыцца вам, пане камісару? — ціха і выразна пытаецца гаспадыня.
Госць раптоўна перастае каўтаць і жэрці, дастае маўзер, кладзе на стол перад кабетай. Мёртвыя вочы на пасечаным твары злавесна свідруюць жанчыну ў працяглай паўзе.
— Дзе крыж? — здаецца, рэха паўтарае следам за ваяўнічай зданню.
— Які крыж? — спакойна адказвае гаспадыня, вытрымліваючы позірк госця. — Вяртайся дамоў, саколік. Няма ў мяне нічога. I крыж свой у зямлі шукай. Там, дзе пакінулі, схавалі, там і знойдзецца.
— Няма мне калі растатэкваць тут, спяшаюся вельмі... He аддасі наступным разам крыж, удаўлю, як суку, ці расстраляю, — з гэтай пагрозай “саколік” з грукатам устаў, схаваў у кабуру маўзер і пакрочыў вон з хаты. Ускочыў на каня, страшна свіснуў і кінуўся ўскач да сваіх. Неўзабаве вершнікі імчалі назад, адкуль прыбылі.