Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры  Алесь Бычкоўскі

Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры

Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 162с.
Мінск 2018
34.55 МБ
Неўзабаве Тамаш разглядаў заржавелую, папсаваную часам скарбонку менш за палову метра ўдоўжкі. Тую самую, якую хаваў на ягоных вачах пад падлогу ад чырвонаармейцаў шынкар Шмуйла.
Дрыготкімі рукамі ўчапіўся, затым падкалупнуў рыдлёўкай з краю і вывернуў з зямлі знаходку. Сапселае жалеззе мела дужа кепскі выгляд, яно было крохкім і літаральна ледзь не ламалася ў пальцах. Тамаш адкінуў вечка. Рагожка стлела пад цяжарам часу. Здзьмуў пылінкі, прайшоўся пальцамі і не мог суняць радаснай трывогі. Пацямнелы срэбраны крыж быў перад ім ва ўсёй таямнічай старадаўняй велічы. Тамаш узяў крыж і ўзважыў у руцэ. Халодны метал прыемна лёг у далонь. Крыж важыў кілі на тры. Няслаба! Дорага, відаць, нават калі ацэньваць як лом, не ўлічваючы, што гэты прадмет ювелірнага мастацтва мусіў лічыцца антыкварыятам.
Крыж апавілі ўзоры і надпісы на розных мовах. На дзіва, у адным месцы ўгадвалася арабская вязь. Тамаш гмыкнуў пад нос. Адразу ўявіў, як сябры-археолагі пазелянеюць ад зайздрасці.
...У той самы момант, калі Тамаш дакрануўся да крыжа, Пан Арыстокаль моцна занепакоіўся. Шэрстка і вусы-антэнкі сталі дыбкі, наэлектрызаваліся. Пан Арыстокаль асцярожна панюхаў паветра, нервова паляпаў хвастом, адчуў нешта злавеснае і непрыемнае, яно абудзілася далёка ў лесе, было выразнае і псавала Пану Арыстоклю настрой. Ён выслізнуў з хаты ў двор...
Тамаш паклаў крыж перад сабой, затым зрабіў смартфонам здымкі з розных ракурсаў. Сёння сувязь прысутнічала, хоць і слаба, але дазволіла Тамашу паслаць адно фота сябру і пацікавіцца праз вайбер-чат наконт каштоўнасці выяўленай рэчы. Засталося чакаць адказу.
Стой! Раз крыж сапраўдны, значыць, начное сновішча зусім не трызненне, і казкі пра здань чырвонага камісара і каламутныя байкі, пачутыя апошнім часам, — гэта ўсё святая праўда! Дык дзе ж ён пабываў ноччу? Насамрэч у мінулым? I Тамаш не даваў веры. Ізноў накрыла пачуцце, што за ім назіраюць. Хтосьці пільны, уважлівы і не надта добразычлівы.
Тамаш пачысціў крыж ад друзу і схаваў у глыбіню ўнутранай кішэні джынсоўкі. Каб не кідалася ў вочы, што джынсоўка з аднаго боку адвісае, расшпіліў гузікі. Пасля прымацаваў рыдлёўку з сякерай назад да рамы, ускочыў на сядушку і павольна пакаціў да вёскі. Саспела шмат пытанняў, усе яны спляліся ў клубок, і чым далей Тамаш аддаляўся ад выклятага месца, тым болей клубок рос і мацнеў.
I самае галоўнае пытанне: што не так з сонцам? Нябеснае свяціла пахілілася назад, на ўсход, рыхтык зямля
перапыніла хаду і неўзабаве вырашыла кружляць у адваротны бок. Тамаш пакруціў галавой, неба пасвятлела, аблачыны разам зніклі, быццам іх не было хвіль дваццаць-трыццаць таму. А вось сонца... Сонца вісела ў нябёсах у тым месцы, дзе павінна знаходзіцца а дзясятай раніцы, а зусім не па поўдні, калі ён пакідаў вёску.
Дзіва дый годзе, падумаўТамаш і вырашыў не непакоіцца пакуль што.
Ага, лёгка сказаць!
★ ★ ★
Паярчэла ў лесе. Быццам светлафільтр у аб’ектыве камеры выкруцілі і ўкруцілі другі. Сцежка, па якой каціўся ровар, імгненна змянілася, нібыта ў ноч дажджу не было, а працяглы час сушыла. Тамаш не разумеў падобных зменаў. Пакаціў да хаты дзядзькі Хведара — здаць “лісапет”. Спякотна было на вуліцы.
Тамаш зняў джынсоўку перад брамай, асцярожна, каб не вываліўся крыж, паклаў на выгін рукі, другой рукой узяўся за стырно і завёў ровар у двор.
— З’явіўся, саколік! — з воклічам сустрэла цётка Маша.
Яна пабедавала і схавалася ў хаце. Тамаш толькі паціснуў плячыма. Дзядзька Хведар сядзеў на ганку і рамантаваў зэдлік, убіваў цвікі. Побач стаяла конаўка з зялёнай гарбатай. Дзядзька адпіў і заўважыў, што ў спякоту зялёная гарбата — самы карысны напой, калі без цукру піць. Затым пакруціў зэдлік, памацаў на трываласць і з задаволеным выглядам паставіў на зямлю.
— Няма большага шчасця, чым адчуваць сябе дбайным гаспадаром, — павучальным тонам зазначыў дзядзька, але за маскай бесклапотнасці Тамаш убачыў прыхаваную трывогу.
Тамаш зразумеў, чым яна выклікана ў дзядзькі. Сусед хоча спытаць штосьці, ды не наважваецца з аднае прычыны — каб не палічылі за дурня. Мажліва,
свідруе Хведара тая самая думка, што і Тамаша. Ён прымасціўся побач з дзядзькам, той ледзь прыкметна напяўся.
— Здаецца, нешта не тое з сонейкам, — ён паказаў пальцам угору.
— А што не так з сонцам? — ажывіўся сусед.
— Ну... калі я больш за гадзіну таму ад’ехаў, было за поўдзень, і вось праз гадзіну сонейка не ў звычайны бок пасунулася. Быццам раніца зараз, а павінна на другую паловудня пераваліць.
Дзядзька паглядзеў на Тамаша, як на блазна, і перапытаў:
— Больш за гадзіну таму ад’ехаў?
— А што не так? — насцярожыўся Тамаш.
— Хлопча, цябе не было тыдзень. Цябе дзе халера насіла?
— Тыдзень? — у Тамаша адвісла сківіца.
— Мы палічылі, ты дадому ў горад падаўся. Я ўжо грэшнай справай вырашыў, што ты замыліў мой лісапет і аддасі няхутка. Але ж, на тую бяду, дні праз тры з рэдакцыі тваёй прыехалі, няма Тамаша, не вярнуўся з лецішча. Распачалі пошукі. Безвынікова. Быў чалавек — і няма. Заяву накаталі ў міліцыю. Прыязджаў следчы, участковы заглядваў. Прапаў без вестак чалавек. Мо ў твань засмактала, мо ваўкі загрызлі, мо ўтапіўся, а мо і проста сіндром раптоўнай смерці, у газеце чытаў пра такое, ляжыш дзе пад лясной купінай — усяк бывае. Адна мая Маша выказала думку, што ты “блукаеш” у выклятым месцы. Ды яшчэ і Вольга... He дачакаўся лазні кавалер, знік.
Тамашу памласнела. Зараз жа нацэліўся абавязкова завітаць да наваспечанай сяброўкі.
— Ды не спяшайся, — спыніў Хведар. — У Вольгі зараз навуковец гасцюе. Той самы, што візітоўку даваў, даследчык Жальніцы.
Тамаш сумеўся.
— He хвалюйся, стары ён ужо, пенсіянер.
Ад пачутага ў Тамашовай галаве пайшлі перашкоды, рыхтык у тэлевізары.
“Боже, царя храні...” — прапеў смартфон, хлопец дастаў цацку з кішэні, зірнуў у экран, падняўся, знакам паказаў Хведару, што пойдзе.
— Навукоўцу свярбіць з табой пазнаёміцца, — паведаміў услед дзядзька.
Тамаш моўчкі кіўтнуў і падаўся на раптам паслабелых нагах з двара.
— Завітай пазней, мая пірагоў напякла, у мяне ж імяніны, — ужо ў спіну крыкнуў Хведар.
Тамаш гучна падзякаваў, імяніны суседа зусім з галавы выпалі. На вуліцы адгукнуўся ў слухаўку.
— Ты куды знік, прапажа? — узбуджана адказаў сябаргісторык Міша. — Дні з чатыры спрабую звязацца — нельга. Палічыў, што з цябе ўжо якія злыдні душу выкалачваюць.
— Ёсць за што?
— А вось з-за знаходкі. Схавай і нікому не паказвай, бо могуць і галаву адвярнуць.
Тамаш замер.
— Чакай, каштоўнасць крыжа высветліў?
— Крыж задужа каштоўны. Але сапраўдны крыж, у цябе відавочна падробка, копія, бо не можа ў нас аказацца артэфакт падобнага кшталту, вельмі далёка ад радзімы. Так што не хвалюйся, пра злодзеяў я пажартаваў.
— А можаш коратка ўвогуле пра сапраўдны крыж распавесці?
— Коратка не вельмі атрымаецца, але слухай, можаш запісваць.
Тамаш ператварыўся ў слых.
— Увогуле звестак па крыжы вобмаль. Крыжяк крыж. Цікавае — надпісы на ім. Лацініца, іўрыт і фарсі. Спалучэнне незвычайнае, калі мець на ўвазе хрысціянскае
паходжанне прадмета. Нідзе ніякай інфармацыі ў айчынных крыніцах, нават легенд і паданняў нямашака. Рэч ідэнтыфікаваць доўга не выходзіла. Але ж ад шчаслівых выпадкаў ніхто не застрахаваны. Я даслаў фота па мэйле знаёмаму доктару археалогіі з Афінаў і ведаеш што? Дзядзечка выказаў меркаванне, што артэфакт датуецца эпохай крыжовых паходаў, і прапанаваў звязацца са сваімі спецыялістамі, я, адпаведна, даў згоду. Хутка прыляцеў адказ, што крыж насамрэч належаў легендарнаму крыжаку святому Філімону. Гм, яшчэ тое імечка для крыжака.
— Аднак.
— Далей пачынаецца штосьці з раманаў Кінга. Святы Філімон удзельнічаўу першым крыжацкім паходзе. А ведаеш, як воі-крыжакі (арабы менавалі іх франчжы) упершыню бралі Іерусалім? Голымі рукамі ў асноўнай масе. Адслужылі месу пад сценамі і без зброі і даспеху палезлі на тыя самыя сцены. Зброя была ў вельмі нямногіх. Арабскія сучаснікі сведчаць: Іерусалім патануў у крыві. Франчжы з галадухі варылі дзетак мусульман у катлах і не лічылі тое заганай, бо, так бы мовіць, няверныя. Але гэта кветачкі, далей наўпрост містыка. Асобныя воі ад жорсткасці і крыві пачалі дурнець. Сярод іх і святы Філімон, тады яшчэ не святы. Ён занепакоіўся сваім духоўным станам, хоць уласна немаўлят не жэр, і палічыў, што вайна не хрысціянскі занятак. Філімон адрынуў зброю і пачаў шукаць Бога. Сапраўднага. Ён адліў сабе крыж, бо да паходу ў святую зямлю быў кавалём, і хадзіў, прапаведоваў пакаянне і мір. Адметная рыса: Філімон не хрысціян усё ж лічыў паўнавартаснымі людзьмі, што на той час гучала вельмі рэвалюцыйна. Ён лекаваў згодна з паданнем так званую “хваробу крывавай смагі” сярод і суайчыннікаў, і насельнікаў Палесціны. На сучасны лад названы нядуг можна пазначыць няйначай як вампірызмам. Уяўляеш, так?
— Пакуль не вельмі.
— Больш ніякіх сведчанняў не засталося. Дзе нарадзіўся, калі памёр — няведама. Толькі па апісанні крыжа ў нешматлікіх крыніцах і зразумела, што гэта, хутчэй за ўсё, крыж святога Філімона, ці, дакладней, копія. Да таго ж малюнак крыжа ёсць у адным сярэднявечным кодэксе. Пан доктар праверыў: супадае выява на дасланым фота з малюнкам. Так што калі ўявіць, што мы маем справу з сапраўдным крыжам святога Філімона, незразумелым чынам патрапіўшым у наш край, то каштаваць ён павінен — мама дарагая, не ўявіць колькі. I нават калі перад намі падробка, то рэч усё адно старадаўняя і попыт на яе адпаведны. Таму пытаннечка іншага парадку: раз перад намі копія, хто ў Беларусі стагоддзе таму мог ведаць пра крыж святога Філімона? Каму спатрэбілася адліваць копію?
Тамаш памацаў адвіслую кішэню і сказаў, што не ведае.
— У любым выпадку мне карціць глянуць рэч хоць вочкам. Так што прашу, схавай і нікому не давай нават у рукі, не паказвай лепш. Хутка мушу прыехаць у Жальніцу, чакай візіту.
— Добра, — Тамаш адключыў сувязь і падумаў, справы набываюць усё болылы драматызм.
Хлопец пашкрэб патыліцу. “Заўтра сёння стане ўчора”, — сведчыла вычытаная ў сеціве сучасная прымаўка. Аднойчы ў Чэцьі-Мінеях знайшоў згадку пра юнакоў, якія хаваліся ад імператарскіх салдат у глыбокай пячоры, прасілі ў Бога літасці і абароны, паснулі сабе, а калі прачнуліся, некалькі сотняў год мінула. Вось нешта адпаведнае і ў Тамашовым жыцці знайшло трывалае месца. Выпадала чытаць пра дзіўныя здарэнні, калі людзі добрыя раптам знікалі або паяўляліся з ніадкуль і сцвярджалі, што яны з іншага часу. Вунь жоўтая прэса раз-пораз друкуе артыкулы пра тых самых траплянцаў-пападанцаў. Тут не дзіва