«Донжуанскі спіс» Уладзіміра Караткевіча літаратуразнаўчае даследаванне Дзяніс Марціновіч

«Донжуанскі спіс» Уладзіміра Караткевіча

літаратуразнаўчае даследаванне
Дзяніс Марціновіч
Выдавец: Звязда
Памер: 144с.
Мінск 2021
31.12 МБ

Мінск Выдавецкі дом «Звязда» 2021
УДК 821.161.3.09+929Караткевіч
ББК 83.3(4Бем)
М29
Марціновіч, Д. А.
М29 «Донжуанскі спіс» Уладзіміра Караткевіча : літаратуразнаўчае даследаванне / Дзяніс Марціновіч. — Мінск : Звязда, 2021. 144 с.
ISBN 978-985-575-308-8.
Каму быў прысвечаны першы зборнік Уладзіміра Караткевіча «Матчына душа»? Хто і чаму называў паэтэсу Раісу Ахматаву жонкай пісьменніка? Ці існаваў працяг культавага рамана «Каласы пад сярпом тваім»? Крытык і літаратуразнаўца Дзяніс Марціновіч спрабуе адказаць на гэтыя пытанні ў кнізе «“Донжуанскі спіс’’ Караткевіча».
Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, постаццю Уладзіміра Караткевіча і ўплывам жанчын на творчасць пісьменнікаў.
УДК 821.161.3.09+929Караткевіч
ББК 83.3(4Бен)
ISBN 978-985-575-308-8	© Марціновіч Д. А„ 2018
© Афармленне. РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», 2021
Ад аўтара
Большая частка твораў сусветнай літаратуры стваралася мужчынамі. Прызнанне творчых здольнасцей жанчын (Жорж Санд, Шарлота Брантэ, Маргарэт Мітчэл і іншых) з’яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Але прыхільнікі літаратурнага «патрыярхату» забываюць, што ўсе найлепшыя «мужчынскія» творы былі напісаны пра жанчын і дзеля жанчын. Іх партрэты і вобразы, узаемнае каханне ці халодная абыякавасць натхнялі пісьменнікаў на стварэнне шэдэўраў.
Так, славутых муз мінулых вякоў даўно няма на свеце. А каханыя шэрагу вядомых творцаў XX стагоддзя набліжаюцца да восені свайго жыцця. Але пісьменнікі зрабілі ім самы лепшы падарунак: пакінулі для нашчадкаў іх прыгажосць, радасць і ўсмешкі. А таксама ўзялі за сабой у вечнасць гераінь, прататыпамі якіх сталі музы. Цяпер наша задача — пакінуць у чытацкай памяці іх сапраўдныя імёны і жыццёвыя лёсы.
Тэмай «донжуанскага спіса» Караткевіча я зацікавіўся даўно, калі яшчэ быў ліцэістам. Аднойчы за лета прачытаў запар два яго творы: спярша аповесць «У снягах драмае вясна», а потым раман «Леаніды не
вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). Заўважыў, што ў абодвух творах дзейнічаюць гераіні з аднолькавымі імёнамі (Алёнка) і, самае цікавае, супадае шэраг дэталей і сітуацый. Паколькі аўтар двойчы напісаў пра адно і тое ж, узнікла здагадка. А раптам гэтыя падзеі адбываліся з Караткевічам у рэальным жыцці? У выніку захацелася даведацца, якія асобы былі прататыпамі Алёнак, таму пачаў разблытваць гэтую гісторыю. Вынікам пошукаў зрабіўся мой першы артыкул «Паляванне на Алёнку», надрукаваны ў часопісе «Маладосць» у верасні 2004 года. Патрэба адказаць на пытанне, ці існавала нейкая рэальная асоба, якая хавалася за імем Алёнка, стала першым штуршком да даследавання. Потым гэтая тэма адышла на другі план.
Яшчэ адным штуршком стала інтэрв’ю Ніны Молевай, прататыпа галоўнай гераіні рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі», змешчанае ў 2009 годзе ў газеце «Комсомольская правда в Белоруссмн». Некаторыя факты пра Караткевіча, выказаныя Молевай, відавочна не адпавядалі рэчаіснасці, што не магло не выклікаць пратэст.
А трэцюю падказку я атрымаў у 2010 годзе, калі ўпершыню трапіў у Кіеў, дзе Караткевіч вучыўся ва ўніверсітэце. У яго паэзіі, асабліва ў зборніку «Матчына душа», прысутнічала шмат вобразаў гэтага горада, згадак пра пэўныя мясціны. Раней яны ўспрымаліся як абстракцыя. Але, убачыўшы ўсё на ўласныя вочы, літаральна натхніўся духам Кіева і вырашыў працягнуць сваё даследаванне.
Між тым набліжалася 80-годдзе з дня нараджэння Караткевіча. Таму ўзнікла ідэя ўдакладніць звесткі, змешчаныя ў «маладосцеўскім» артыкуле, і па магчымасці знайсці новыя факты. Шукаючы падрабязнасці пра лёс «Алёнкі», завітаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, дзе захоўваліся лісты Караткевіча да Юрыя Гальперына. Іх урыўкі на пачатку 1990-х гадоў друкаваліся ў часопісе «Нёман», але большасць фактаў былі невядомыя для чытачоў.
3 архіўных матэрыялаў пачалі ўсё больш поўна і рэльефна высвятляцца пэўныя абставіны біяграфіі пісьменніка. Стала зразумела, што не здолею абмежавацца адным артыкулам пра «Алёнку» (надрукаваны ў лістападзе 2010 года ў нумары газеты «Літаратура і мастацтва», што быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Караткевіча). У лютым наступнага года на старонках таго ж выдання з’явіўся цыкл публікацый, прысвечаных складаным узаемаадносінам Уладзіміра Караткевіча і Ніны Молевай. А калі ўзнікла ідэя скласці кнігу, спецыяльна для выдання дапісаў раздзелы пра іншых асоб, у якіх быў закаханы пісьменнік, каб атрымаўся цэласны, завершаны твор.
У маі 2012 года выйшла кніга «“Донжуанскі спіс” Караткевіча». Попыт на выданне сярод чытачоў, а таксама новыя звесткі з біяграфіі класіка беларускай літаратуры паспрыялі з’яўленню ў 2014-м новай кнігі, якая грунтуецца на матэрыялах першай, але істотна дапоўнена новымі матэрыяламі. У 2018-м даследаванне было дапоўнена і перавыдадзена ў электронным варыянце.
Даследаванне ніколі не ажыццявілася б без працы папярэднікаў на ніве караткевічазнаўства і захавальнікаў спадчыны пісьменніка. Аўтар абапіраўся на працы доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса і кандыдата філалагічных навук Анатоля Вераб’я. Шэраг матэрыялаў, знойдзеных у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (дырэктар Ганна Запартыка) і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (загадчык Аляксандр Сцефановіч), апублікаваны на старонках перыёдыкі і ў кнізе ўпершыню.
Цікавасці да кнігі паспрыялі рэцэнзіі і інтэрв’ю з аўтарам, якія з’явіліся ў друкаваных ці электронных версіях айчынных газет. Мая ўдзячнасць Івану Арлову («Вечерннй Брест»), Сяргею Астраўцу (Радыё «Свабода»), Расціславу Бензеруку («Літаратура і мастацтва»), Аксане Бязлепкінай («Звязда»), Марыне Весялусе («Літаратура і мастацтва»), Андрэю Дынько («Наша Ніва»), Алене Карп («Літаратура і мастацтва»), Алене Кавальчук (t-styl.info), Георгію Каржанеўскаму («Народныя навіны Віцебска»), Ганне Кісліцынай («Звязда» і bookster.by), Марыне Кузьміч («Народная газета»), Яўгеніі Масквіной («Віцебскі кур’ер»), Таццяне Мацвеевай (TUT.BY), Янку Натаўцу («Літаратура і мастацтва»), Анастасіі Панкратавай («Кулыура»), Людміле Рублеўскай («СБ. Беларусь сегодня»), Ганне Севярынец (velvet.by), Якубу Сушчынскаму (Беларускае Радыё Рацыя), Сяргею Трафілаву («Культу-
ра»), Галіне Шаблінскай (першы канал Беларускага радыё), Ніне Шчарбачэвіч («Звязда»), Галіне Юркевіч («Телеком-экспресс»). Інфармацыя пра кнігу таксама з’явілася на сайтах газеты «Народная воля» і кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Шчыры дзякуй пісьменніку Міхасю Пазнякову за прапанову ажыццявіць выданне першай кнігі. Дырэктару выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяне Анцух — за ідэю другой кнігі. Андрэю Янушкевічу і Сяргею Макарэвічу, дырэктару і супрацоўніку выдавецтва «Янушкевіч», — за яе электроннную публікацыю. Дырэктару Выдавецкага дома «Звязда» Алесю Карлюкевічу — за ідэю перавыдання кнігі. А родным і блізкім людзям — за натхненне і разуменне.
Скарачэнні
АРКІР — Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі імя Якуба Коласа;
БДАМЛМ — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
Уводзіны, або Навошта нам «Донжуанскі спіс»?
«Донжуанскі спіс»... Якая ў вас, шаноўны чытач, асацыяцыя з гэтым словазлучэннем? Мяркую, большасць адразу згадае асобу Аляксандра Пушкіна і доўгі спіс з 37 жаночых імёнаў, напісаных паэтам на старонцы альбома яго даўняй знаёмай Лізаветы Ушаковай. Разгадаць таямніцу асоб, якія хаваюцца за сціслымі запісамі, ужо не адно стагоддзе з пераменным поспехам імкнуцца пушкіністы ўсяго свету.
У чым бачыцца станоўчая роля такога дакумента? Ён прыцягвае ўвагу да асобы аўтара, дапамагае высветліць прататыпы герояў у празаічных і паэтычных творах. Удакладніць, хто натхняў паэта на стварэнне таго ці іншага шэдэўра. Пазнаёміць чытачоў з лёсамі жанчын, якіх кахаў пэўны творца. А таксама вызначыць храналагічныя этапы ў пісьменніцкай творчасці. Нездарма сярод мастацтвазнаўцаў ёсць традыцыя вылучаць у біяграфіі некаторых творцаў пэўныя перыяды, якія наўпростзвязаны з іхасабістым жыццём. Напрыклад, менавіта так многія даследчыкі ўспрымаюць мастацтва Пабла Пікасо. Акрамя таго, Караткевіч — рамантык, таму разглядаць яго творчасць без уплыву на яе жанчын мы не можам.
Імкненнем вырашыць усе гэтыя задачы і тлумачыцца стварэнне аўтарам гэтых радкоў даследавання пад назвай «“Донжуанскі спіс” Караткевіча». Паколькі тэма асабістага жыцця кожнага творцы з’яўляецца надзвычай далікатнай, я карыстаўся двума падыходамі. Першы, «дакументальны», заснаваны на ўспамінах і эпісталярнай спадчыне, якія не выклікаюць ні ў каго пярэчанняў.
Другі падыход можна ўмоўна назваць метадам уважлівага чытання тэксту, калі ўвага звяртаецца на біяграфіі галоўных герояў і іх падабенства ці супадзенне з жыццёвымі рэаліямі аўтара. Рызыка, вядома, тут надта вялікая: паспрабуй зразумець, што тут праўда, а што праява багатай фантазіі. Адна памылка можа скіраваць ход даследавання не ў той бок. Такім чынам, другі падыход пераўтвараецца для некаторых аматараў прыгожага пісьменства ў сапраўдную гульню, своеасаблівае разгадванне рэбусаў ці крыжаванак. Адначасова гэта сапраўднае паляванне за прататыпам галоўнага героя ці гераіні з абавязковымі для гэтага жанру элементамі: высочваннямі, засадамі і пагонямі. Каб не заблукаць на такім паляванні, аўтар гэтых радкоў імкнуўся па магчымасці супастаўляць два падыходы.
Заўважым, што «Донжуанскі спіс» Пушкіна складаўся з двух слупкоў. Паводле меркаванняў даследчыкаў, першы з іх уключаў імёны жанчын, якіх паэт кахаў моцна, другі — тых, якімі захапляўся. На маю думку, «Донжуанскі спіс» Караткевіча мусіць выглядаць наступным чынам:
1)	«Нонка»;
2)	Кацярына;
3)	«Алёнка»;
4)	Святлана;
5)	Раіса;
6)	Ніна;
7)	Навэла;
8)	Натэла;
9)	Валянціна;
10)	Л.;
11)Н.Д.;
12)	Нэла (?);
13; Галіна;
14)	Г. (?);
15)	Валянціна.
Двукоссе азначае, што дакладнае імя і прозвішча дзяўчыны невядомыя, таму ўжываецца імя гераіні, праз вобраз якой яна выведзена ў творах. Калі пасля імя або першай літары імя стаіць пытальнік, мы пакуль не можам дакладна сказаць, якім было стаўленне Караткевіча да гэтых асоб.
На маю думку, «Нонку», «Алёнку», Святлану, Ніну і другую з Валянцін трэба аднесці да першага слупка (асобы, якіх Караткевіч моцна кахаў); Кацярыну, Раісу і першую з Валянцін — да другога слупка (асобы, якія падабаліся Караткевічу). Што датычыцца Навэлы, Натэлы, A., Н. Д., Нэлы, Галіны і Г., пытанне пакуль застаецца адкрытым.