Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся: XVII—XIX стст.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 152с.
Мінск 1978
ходзілі тры вежкі (у наш час страчаны). У інтэр’еры гэтага храма вылучаюцца дэкаратыўныя роспісы, выкананыя ў XIX ст. мастаком Ф. Бруздовічам.
Існавалі таксама збудаванні, якія склаліся пад уплывам купальных базілік. Так, Успенская царква Ляшчынскага манастыра (1746) уяўляла трохнефную базіліку з двухвежавым галоўным фасадам. Цэнтральная частка павышанага сярэдняга нефа была ўвенчана ярусным верхам «васьмярык на чацверыку» са складанай барочнай вежкай. У царкве на хорах знаходзіўся арган, а ў бакавых нефах былі пастаўлены дадатковыя разьбяныя алтары. Галоўны алтар аддзяляла нізкая алтарная перагарода. На жаль, гэты манументальны помнік не захаваўся і вядомы толькі па інвентарных апісаннях і малюнку XIX ст. Н. Орды.
званіцы
Званіцы складаюць даволі значную групу помнікаў, якая вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі і кампазіцыі. Да нашага часу дайшлі толькі званіцы пры культавых збудаваннях. Раней яны былі важнымі элементамі дазорна-сігналізацыйных комплексаў сярэдневяковых пасяленняў. Напрыклад, званіца, пастаўленая на гарадскую сцяну, з’яўлялася распаўсюджаным выяўленчым матывам мініяцюр XIV—XV стст.
У старажытнарускую эпоху замест званоў выкарыстоўваліся білы, якія падвешваліся на бэлькі каля царкоўных дзвярэй. Таму для іх не было патрэбы рабіць спецыяльныя збудаванні. Яны захоўваліся ў некаторых цэрквах Прыпяцкага Палесся і ў XIX ст. 3 укараненнем званоў у рытуал набажэнства з’явіліся званіцы, якія маглі існаваць як у структуры храма, так і асобна.
Прасцейшыя тыпы званіц прадстаўлены слупавымі пабудовамі, дзе некалькі слупоў злучаліся перакладзінай, на якой былі ўмацаваны званы. Такія званіцы досыць часта адзначаюць дакументы XVI—XVIII стст. Напрыклад, у Арэпічах «паміж слупамі звон» ці ў Пінску «ў трох слупах стаячых». У далейшым слупавая званіца атрымала пакрыццё, якое захоўвала званы ад ападкаў. Вельмі архаічны выгляд мае званіца на двух слупах, накрытая вальмавым дахам у Стрыгіні (Бярозаўскі раён). Аднак найбольш масавым тыпам збудаванняў была званіца на чатырох слупах. Напрыклад, званіцу ў Ражкоўцы (Камянецкі раён) складаюць чатыры слупы, якія некалькі сыходзяцца да цэнтра. Яна накрыта двухсхільным драніцавым дахам. Кампазіцыя званіцы блізкая да аналагічных двухслупавых пабудоў, а яе план мае форму выцягнутага прамавугольніка. У ніжняй частцы званіцы памост для званара. Больш развіты тып уяўляла слупавая званіца ў Вістычах (Брэсцкі раён). Квадратная ў плане, яна завяршалася шатровым дахам, а памост дзяліў яе на два прыкладна аднолькавыя па вышыні ярусы. Такую ж званіцу ў Аляксееўскім манастыры паказвае «чарцёж» Віцебска 1664 г.
У далейшым ніжняя частка званіцы пачала ашалёўвацца, а верхняя (галасніковая) заставалася адкрытай і апрацоўвалася прамавугольнымі, лучковымі або арачнымі праёмамі (Збірагі Брэсцкага, Маціевічы і Хмелева Жабінкаўскага раёнаў).
На наступным этапе развіцця каркасная званіца злучылася са зрубам. Іменна такім шляхам склаў137
ся тып двух’яруснага зрубна-каркаснага збудавання ў тых выпадках, калі ніжні ярус атрымаў значэнне клеці, брамы або нейкай іншай пабудовы. У гэтым сэнсе ярусныя званіцы мелі шмат агульных рысаў з маёнткавымі і замкавымі брамамі.
Першапачаткова каркасная званіца проста абносілася ў сваёй ніжняй частцы зрубам і не мела з ім канструкцыйнай сувязі. Напрыклад, званіца царквы Мікалая ў Чарнякаве (Бярозаўскі раён) уяўляе каркасную канструкцыю, пастаўленую стойкамі на камянях, а зруб, які абкружае яе, мае самастойны падмурак. Знадворку абедзве часткі пабудовы аб’яднаны гонтавым прычолкам, што падкрэслівае яруснасць званіцы. У далейшым стойкі каркаснай часткі пачалі ставіць на бэлькі-пераводзіны, якія абапіраліся на адзін з ніжніх вянкоў зруба. Дзякуючы гэтаму каркасная частка званіцы атрымала канструкцыйную сувязь са зрубнай, што, нарэшце, прывяло да яе вылучэння са зруба і пастаноўкі на перакрыццё ніжняга зрубнага яруса (Столін, Вылазы Пінскага, Іванава, Мохра, Ляскавічы Іванаўскага раёнаў). 3 развіццём адзначанага прыёму званіца набыла новыя пластычныя якасці,
Званіца ў в. Ражкоўска Камянецкага раёна. XIX ст.
бо параметры ніжняга яруса ўжо строга не вызнЭ' чалі памераў і канфігурацыю каркаснай надбудовы. Верхні ярус у плане паступова зменшыўся, што дало магчымасць значна павялічыць, між’ярусны прычолак, які ўзбагаціў кампазіцыю званіцы.
У кампазіцыі зрубна-каркасных званіц склаліся свае спецыфічныя прыёмы пабудовы архітэктурнай формы. Так, ярусы маглі мець квадратныя прапорцыі (Вылазы Пінскага раёна), выкарыстоўваліся суадносіны, пры якіх даўжыня зруба вызначала вышыню званіцы да галаснікоў (Ляхаўцы Маларыцкага, Чарнякова Бярозаўскага раёнаў, Іванава) або вяршыні прычолка (Мохра Іванаўскага раёна). Існавалі і болып складаныя дыяганальныя суадносіны.
Званіца ў в. Сінкевічы Лунінецкага раёна.
Развітыя тыпы двух’ярусных пабудоў XVIII ст. прадстаўлены званіцамі ў Сінкевічах Лунінецкага, Місяцічах Пінскага і Шарашове Пружанскага раёнаў. Званіца ў Сінкевічах мае ў якасці ніжняга яруса квадратны ў плане зруб, гарызантальныя памеры якога вызначылі яго вышыню і вышыню верхняй каркаснай часткі разам з прычолкам (суадносіны ярусаў 1:1). Дыяганаль зруба ў плане вызначыла вышыню пабудовы да пакрыцця. Каркасная частка асноўваецца на невысокім прамежкавым зрубе ў тры вянкі, што дало магчымасць зрабіць
Званіца ў г. Клецку.
XVIII ст.
3 малюнка 3. Глогера
Званіца ў г. п. Шарашова Пружанскага раёна.
1799 г.
развіты прычолак, рытмічна звязаны з шатровым пакрыццём і агульнай ярусна-ступенчатай кампазіцыяй збудавання. Тыя ж асаблівасці закладзены ў званіцы ў Місяцічах, аднак яна адрозніваецца некаторай непрапарцыянальнасцю: зрубны ярус нізкі, а каркасная частка развіта па вертыкалі. Відаць, гэта звязана з перабудовай званіцы ў канцы XIX— XX ст. Вяршыняй развіцця двух’ярусных званіц можна лічыць званіцу ў Шарашове (1799). Для яе характэрны надзвычай развіты прычолак, вышыня якога роўная вышыні зруба. Верхні ярус уяўляе
адкрытую пляцоўку, аформленую аркадай і плоскімі балясамі. Чатырохгранны шатровы дах увенчваецца дэкаратыўным васьмерыком з шатровым пакрыццём. На Украіне такі прыём знайшоў сваё далейшае развіццё ў пераходзе да васьміграннага пакрыцця над чацверыком званіцы (Растока на Карпатах). Аднакдля Палесся да сярэдзіны XIX ст. характэрны чацверыковыя званіцы, завершаныя чатырохграннымі шатровымі дахамі, за выключэннем адзінкавых выпадкаў, дзе меў месца непасрэдны ўплыў мураванай архітэктуры на драўлянае дойлідства. Некаторыя званіцы замест верхняга адкрытага яруса атрымалі толькі прамавугольныя галасніковыя праёмы (Рубель Столінскага, Бастынь Лунінецкага раёнаў).
Двух’ярусныя палескія званіцы характарызуюць шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі тып пабудоў. Найбольш блізкімі да іх з’яўляюцца ўкраінскія званіцы (Палоннае, Каламыя, Ковель), што яшчэ раз сведчыць аб трывалых сувязях паміж беларускім і ўкраінскім дойлідствам.
На аснове двух’ярусных званіц зрубна-каркаснага тыпу сфарміраваліся трох’ярусныя званіцы. Гэты працэс у большасці выпадкаў адбываўся ў выніку развіцця між’яруснага прычолка ў самастойны аб’ём. У трох’ярусных збудаваннях тэма рытмічнай аркады атрымала далейшае развіццё.
Перадумовы фарміравання трох’ярусных званіц былі закладзены ўжо ў званіцы ў Шарашове, прычолак якой, роўны па вышыні ніжняму ярусу, стаў самастойным элементам кампазіцыі збудавання. У званіцы ў Чэрску Брэсцкага раёна (пачатак XVIII ст.), якая выконвала таксама функцыі брамы і каморы, прысутнічае неразвіты прамежкавы ярус, які намячаецца толькі на ўсходнім і заходнім фасадах, дзе размешчаны ўваходы. Гэты ярус яшчэ не зусім «выйшаў» з прычолка, аднак ужо мае вертыкальныя плоскасці, аформленыя арачнымі праёмамі. Дзве астатнія грані яруса яшчэ захоўваюць характар прычолкаў.
Званіцы, якія існавалі ў Мядзведзічах (Ляхавіцкі раён) і Клецку, вядомыя па малюнках пачатку XX ст., былі тыповымі трох’яруснымі пабудовамі, дзе прамежкавы ярус выяўляўся на ўсіх чатырох фасадах. Калі ў мядзведзіцкай званіцы тэма яруснай аркады яшчэ не зусім развіта, то ў клецкай званіцы яна дасягнула высокай стадыі развіцця, што яшчэ больш узмацніла дынаміку і рытміч-
Званіца ў г. п. Давыд-Гарадку Столінскага раёна. XVIII ст. Агульны выгляд, план.
Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. XVI11 ст.
ны лад пабудовы. Да яе блізкія званіцы ў Ладыжыцы і Стараселіцы на Украіне. На развіццё аркадных урачыстых кампазіцый пэўны ўплыў зрабілі стылі рэнесансу і барока.
Цікавасць выклікае арыгінальная званіца другой палавіны XVIII ст., якая існавала ў Давыд-Гарадку. Як ужо адзначана вышэй, традыцыйныя званіцы ў Палессі будаваліся на аснове чацверыкоў. Аднак гэта званіца вылучалася тым, што яе ніжні і верхні ярусы былі васьмерыковымі, а сярэдні — чацверыковым. Будынак завяршаўся складанай барочнай галавой на купале. Яго канструкцыя ўяўляла шэраг арыгінальных асаблівасцей. Усе тры ярусы былі вырашаны самастойна, мелі свае аснаванні.
Беларускае Палессе — унікальная этнаграфічная зона, дзе высокага ўзроўню развіцця дасягнула драўлянае дойлідства. Тут на працягу многіх стагоддзяў захоўваліся традыцыйныя канструкцыйныя і архітэктурна-мастацкія прыёмы, многія з якіх сваімі карэннямі паглыбляюцца ў старажытнарускую эпоху. У той час калі ў большасці іншых раёнаў Беларусі з сярэдзіны XIX ст. інтэнсіўна праходзіў працэс нівеліроўкі лакальных форм і прыёмаў народнага дойлідства, на Палессі гэты працэс затрымаўся амаль да пачатку XX ст. Асабліва вялікая колькасць архаізмаў прысутнічала ў дойлідстве Прыпяцкага Палесся.
Значэнне Палесся для гісторыі культуры ўсходнеславянскіх народаў цяжка пераацаніць. Дойлідства гэтай тэрыторыі, якая ляжыць на мяжы зон лакалізацыі рускага, украінскага і беларускага народаў, сведчыць аб іх адзінстве. У той жа час у палескім драўляным дойлідстве выяўляюцца і важнейшыя традыцыйныя культурныя сувязі, якія гістарычна склаліся паміж усходнеславянскімі народамі і народамі Захаду.
Даследаванне розных тыпаў пабудоў у іх узаемаразвіцці і ўзаемадзеянні паказала, што ўсе яны асноўваліся на адзіных прынцыпах палескага драўлянага дойлідства, для якога характэрна стрыманасць у дэкаратыўным аздабленні, рашэнне архітэктуры пераважна канструкцыйнымі сродкамі. Галоўная ўвага надавалася кампазіцыі, выразнаму сілуэту, архітэктоніцы, прапарцыянальнасці, лагічнасці і выразнасці форм і чляненняў, маштабнасці, гарманічнай сувязі са знешнім асяроддзем. У пабудове архітэктурнай формы шырока ўжываліся TaKia сродкі выразнасці, як сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, светацень, прапорцыі.