Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся: XVII—XIX стст.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 152с.
Мінск 1978
Базай развіцця манументальнага дойлідства з’явілася народнае будаўніцтва. Так, планіровачныя схемы пагоннага і вянковага двароў паслужылі асновай, на якой сфарміраваліся замкнёныя, падоўжна-восевыя і франтальныя схемы планіроўкі многіх грамадзянскіх комплексаў і ансамбляў. Народнае трохкамернае жыллё з’явілася першапачатковым этапам развіцця архітэктуры сядзібных дамоў. Далейшае ўскладненне плана і кампазіцыі жылля адбылося ў замкавых і палацавых збудаваннях. Народнае жыллё і гаспадарчыя будынкі зрабілі істотны ўплыў таксама на грамадскія (крамы, корчмы, пастаялыя дамы) і культавыя збудаванні.
мочэнне
Адным з асноўных у гісторыі беларускай архітэктуры з’яўляецца пытанне аб узаемадзейнасці мураванага і драўлянага дойлідства. Нягледзячы на тое што драўлянае дойлідства развівалася адносна самастойна, яно ўсё ж было ўцягнута ў кола тых мастацкіх працэсаў, важнейшыя напрамкі якіх адлюстраваліся ў прафесійнай мураванай архітэктуры. Іменна таму мураваная архітэктура зрабіла істотны ўплыў на драўлянае дойлідства. Аднак гэты ўплыў не меў характару механічнага капіравання мураваных форм у дрэве, хоць асобныя іх элементы і былі непасрэдна перанесены на драўляную канструкцыю. Сутнасць гэтага працэсу ў тым, што кожны стыль, які валодаў сваёй спецыфічнай сістэмай канструкцыйных, планіровачных і кампазіцыйных прыёмаў, выяўляў новыя, яшчэ не рэалізаваныя ў практыцы пластычныя якасці, патэнцыяльна заложаныя ў драўлянай канструкцыі. Розныя стылі па-рознаму выявіліся ў драўляным дойлідстве, атрымаўшы ў ім самабытную мясцовую трактоўку і не парушыўшы асноўных тэндэнцый яго развіцця. Важнейшым крытэрыем адбору і выкарыстання тых ці іншых прыёмаў мураванай архітэктуры з’яўлялася іх сумяшчальнасць з традыцыямі народнага дойлідства.
Неабходна ўсё ж прызнаць, што ніводзін са стыляў, якія панавалі ў мураванай архітэктуры, не захапіў усяго драўлянага дойлідства. Іх уздзеянне закранула галоўным чынам толькі некаторыя тыпы манументальных пабудоў. Часта перыяд найбольш інтэнсіўнага ўздзеяння таго ці іншага стылю храналагічна адпавядаў ужо якасна іншай фазе развіцця мураванай архітэктуры. Так, найбольш яскравыя праявы барока ў палескім драўляным дойлідстве прыпадаюць на другую палавіну XVIII—пачатак XIX ст., калі ў мураванай архітэктуры гэтага часу пануючае становішча займаў класіцызм.
Пад уплывам мураванай архітэктуры істотныя змены адбыліся ў канструкцыі і яе дэкаратыўнай аздобе. З’явіліся падмурак, гладкія брусаваныя сцены, ашаляваныя дошкамі, увянчаныя антаблементамі і дэкараваныя лапаткамі, аркадамі, порцікамі, вокны набылі складаныя арачныя завяршэнні. Развіліся гранёныя алтары храмаў і эркеры сядзібных дамоў. Пірамідальныя вярхі культавых пабудоў атрымалі заломы і ветразі.
Візантыйскі стыль закрануў выключна культавую архітэктуру. Пад яго ўплывам развіліся скла-
даныя формы завяршэнняў цэркваў у выніку перапрацоўкі ў дрэве купальнай сістэмы, з’явіліся дэкаратыўныя галовы і, магчыма, гранёныя алтары. Візантыйскія традыцыі асабліва шырока выявіліся ў ярусных цэрквах, якія амаль да канцаХІХст. захоўвалі прапарцыянальныя суадносіны, спецыфічныя для старажытнарускай архітэктуры.
На жаль, пытанне аб тым, у якой ступені готыка і рэнесанс закранулі палескае драўлянае дойлідства, застаецца адкрытым, бо помнікі з відавочнымі прызнакамі гэтых стыляў амаль не захаваліся. Асобныя рысы позняй готыкі праследжваюцца ў верхніх частках абмежаванай колькасці храмаў XVII—XVIII стст. Пад уплывам рэнесансу больш шырока выкарыстоўваліся купалы, шчыты, прафіляваныя карнізы. У інтэр’еры цэркваў развіліся складаныя формы іканастасаў, аформленых сакавітай глыбокай разьбой.
Найбольш глыбокае і ўсебаковае ўздзеянне на манументальнае драўлянае дойлідства зрабіўстыль барока. 3 ім звязана далейшае развіццё прынцыпаў ансамблевасці ў размяшчэнні пабудоў, стварэнне паўзамкнёных кампазіцый з парадным дваром у цэнтры, ускладненне плана і кампазіцыі пабудоў, выкарыстанне розных светаценевых і аптычных эфектаў. Найбольш яскравыя помнікі барока ўзніклі ў сярэдзіне XVIII—пачатку XIX ст., аднак рысы гэтага стылю захоўваліся ў драўляным палескім дойлідстве да пачатку XX ст.
Класіцызм, які заняў пануючыя пазіцыі ў беларускай архітэктуры з 70-х гадоў XVIII ст., выявіўся галоўным чынам у абмежаванай колькасці сядзібных і палацавых пабудоў і некаторых тыпах грамадскіх будынкаў (напрыклад, у гандлёвых радах). Для іх характэрна замена прасторавых замкнёных і паўзамкнёных кампазіцый франтальнымі, знікненне складаных дахаў і завяршэнняў. У культавым дойлідстве на змену яруснаму верху прыйшоў купал. Асноўным мастацкім элементам галоўнага фасада стаў порцік. Больш шырока распаўсюдзіўся знешні дэкор ашаляваных сцен у выглядзе накладной разьбы.
Даследаванне палескага драўлянага дойлідства паказвае, што Палессе ўяўляла своеасаблівую падзону абшырнага арэалу, які ўключаў тэрыторыі ўсходнеславянскіх, заходнеславянскіх і балтыйскіх народаў, дзе развіццё драўлянага дойлідства адбывалася на аснове падобных тэндэнцый і заканамернасцей.
Драўлянае дойлідства пераважала на вялікай тэрыторыі, якая ўключала поўнач, сярэднюю паласу і часткова поўдзень Расіі, лясныя і лесастэпавыя вобласці Украіны, Беларусь, Літву, амаль усю Польшчу, цэнтральныя раёны Чэхіі, поўнач Славакіі і некаторыя іншыя багатыя лесам раёны. Для большай часткі гэтай тэрыторыі характэрна зрубная тэхніка, прычым найбольш старажытнай была рубка з круглага бярвення з астаткам. Рубка з брусоў больш шырока захапіла заходнеславянскія тэрыторыі, Украіну і Беларусь. Старажытнейшай канструкцыяй перакрыцця ва ўсходніх і заходніх славян быў дах на сохах і дзядках, больш позняй — дах на кроквах. Двухсхільны драніцавы дах на свалоках, які ў цэнтры Палесся дайшоў да XX ст., быў спецыфічны для поўначы Расіі, а ў старажытнасці — наогул для ўсёй лясной зоны ўсходнеславянскай тэрыторыі. Чатырохсхільныя дахі каркаснай канструкцыі атрымалі шырокае распаўсюджанне на поўдні Расіі, на Украіне, у заходніх славян. Гэтыя тэрыторыі з’яўляліся і зонай распаўсюджання паўвальмавых дахаў з прычолкамі. Складаныя ламаныя дахі, безумоўна, запазычаны з Захаду, аб чым сведчаць іх назвы «мансард польскі» і «дах ламаны прускі».
Палессе ўваходзіць у зону распаўсюджання двароў са звязанымі пабудовамі, якая злучае паўночную зону закрытых двароў і паўднёвую зону адкрытых двароў з нязвязанымі пабудовамі. Тып вянковага ці пакоепадобнага двара быў характэрны для ўсёй цэнтральнай і ўсходняй частак Расіі, сустракаўся ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, на Валыні і Карпатах. Спецыфічныя для захаду Палесся пагонныя двары бытавалі ў Славакіі, на поўдні Польшчы, у сярэдняй паласе Расіі і на Украіне.
Па асаблівасцях арганізацыі плана жылога памяшкання Палессе ўваходзіць у лакальную вобласць, якая ўключае захад Расіі, Украіну, Беларусь, частку Польшчы, усход Літвы. У архітэктуры клецяў, істопак, варывень цэнтральнага Палесся выявіліся рысы, блізкія аналагічным паўночнарускім пабудовам. Заходнепалескія свірны і лямусы звязаны з блізкімі пабудовамі Украіны, Польшчы і Літвы. Характэрныя для Палесся тыпы гумнаў і стадол бытавалі як ва ўсходніх, так і ў заходніх славян. Блізкія палескім вадзяныя і ветраныя млыны сустракаліся на значнай тэрыторыі Еўропы.
У палескіх сядзібах XVI ст. выявіліся рысы, агульныя з рускімі сядзібамі. Гэта-—трохкамерны ці «крыжовы» план, наяўнасць падклетаў і асобных завяршэнняў над зрубамі. Аднак у XVII—XVIII стст. узмацніўся ўплыў польскай сядзібнай архітэктуры, што ў значнай меры звязана з апалячваннем беларускіх магнатаў і шляхты. Асабліва становяцца характэрнымі такія элементы, уласцівыя польскім сядзібам, як складаныя ламаныя дахі, алькежы.
Характэрны для рускага, украінскага, беларускага, польскага дойлідства традыцыйныя тыпы крам, гандлёвых радоў, корчмаў, пастаялых двароў. Кампазіцыя ратушы з вежай у цэнтры спецыфічна для заходняй архітэктуры.
У культавым дойлідстве вызначыліся ў асноўным тры лініі ўзаемадзейнасці: заходняя, паўднёвая і паўночна-ўсходняя. Бязверхавыя храмы падоўжна-восевай кампазіцыі генетычна звязаны з рускімі, украінскімі, польскімі, літоўскімі пабудовамі. Ярусныя палескія цэрквы з вярхамі маюць непасрэдныя аналогіі ў архітэктуры Украіны. Трохзрубныя цэрквы з цэнтральным верхам у кампазіцыйных адносінах блізкія да паўночнарускіх шатровых храмаў XVI—XVII стст. Крыжовыя бязверхавыя цэрквы Палесся маюць шэраг аналогій з польскімі і літоўскімі касцёламі, аднаверхавыя — з рускімі і ўкраінскімі (асабліва гуцульскімі) цэрквамі, пяціверхавыя — з аналагічнымі пабудовамі Украіны. Аналогіі палескім званіцам сустракаюцца на Украіне, у Полыпчы і Літве.
Такім чынам, як паказвае матэрыял даследавання, найбольш актыўна падтрымліваліся адносіны з дойлідствам Украіны. Агульнасць развіцця ўкраінскага і беларускага дойлідства выяўляецца ў большасці тыпаў палескіх пабудоў, асабліва жылых і культавых, у выкарыстанні аналагічных планіровачных, канструкцыйных і кампазіцьійных прыёмаў. Што датычыць узаемадзейнасці з дойлідствам Захаду, то тут трэба адрозніваць два гістарычныя перыяды, граніца паміж якімі праходзіла прыблізна на рубяжы XVI—XVII стст. Першы перыяд характарызуюць галоўным чынам агульныя тэндэнцыі развіцця народнага дойлідства ўсходу і захаду Еўропы, якія найбольш яскрава выявіліся ў жыллі. Для другога этапу спецыфічны больш актыўнае выкарыстанне і перапрацоўка прыёмаў заходняга паходжання, асабліва ў манументальным дойлідстве. Усё ж трэба адзначыць, што ўплыў дойлідства Sa-
хаду найбольш прыкметна выявіўся толькі ў заходняй частцы Палесся.
У розных раёнах Беларускага Палесся склаліся свае ўстойлівыя будаўнічыя традыцыі. На жаль, у наш час цяжка іх прасачыць на большасці адзначаных тыпаў пабудоў, бо яны ці не захаваліся, ці прадстаўлены фрагментарна. Больш-менш масавы матэрыял атрыманы па народнаму жыллю, гаспадарчых і культавых пабудовах, пры аналізе якога магчыма вылучыць наступныя зоны.
1. Заходнепалеская зона ахоплівае тэрыторыю сучаснай Брэсцкай вобласці ў межах прыкладна паміж Брэстам і Пінскам. Народнае жыллё гэтай зоны вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арганізацыі двара, архітэктуры дома. Захад Палесся з’яўляецца асноўнай у Беларусі тэрыторыяй распаўсюджання пагоннага двара. Зрубы жылых і гаспадарчых пабудоў узводзіліся пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вугла ў «каню» ці ў «просты замок». Шырока бытавалі чатырохсхільныя дахі і паўвальмавыя з прычолкамі, пакрытыя саломай. Для гэтай тэрыторыі здаўна характэрна каркасная канструкцыя даху. Своеасаблівасць планіроўкі дома заключалася ў тым, што хата часта злучалася не з клэццю, а з варыўнёй ці істопкай. Наогул жыллё захаду Палесся ўяўляла самастойны тып, які выразна адрозніваўся ад жылля іншых раёнаў Беларусі.