Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся: XVII—XIX стст.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 152с.
Мінск 1978
панавала тэ.хніка ўзвядзення сцен з брусоў і дыляў з астаткам, без астатка, вуглом «у каню». Рубка зрубаў без астатка найбольш шырока распаўсюдзілася ў манументальным будаўніцтве.
Розная тэхніка рубкі сведчыць аб розных тэхнічных і мастацкіх задачах, якія выконвала драўлянае дойлідства. Найбольш архаічным быў спосаб звязвання вянкоў зруба «ў абло», пры якім у кожным бервяне з аднаго боку высякалася па дзве чашкі, куды заходзілі бярвенні сумежнага вянка. У старажытнарускім будаўніцтве чашкі іўцяпляльныя пазы рабіліся ў верхняй частцы бервяна. Пазней іх перанеслі ў ніжнюю частку, што было больш зручным, бо ў пазы і чашкі не трапляла вільгаць. Удасканаленым варыянтам рубкі «ў абло» з’явілася рубка «ў просты замок», пры якой чашкі высякаліся ў ніжняй і верхняй частках бервяна. На захадзе Палесся бытавала тэхніка рубкі вугла «ў каню». Яе асаблівасць — у наяўнасці спецыяльных выемак і выступаў у сумежных бярвеннях, пры дапамозе якіх дасягалася болып трывалае злучэнне іх у вянок. Рубка з бярвення з астаткам была традыцыйнай для мясцовага будаўніцтва. Яна панавала яшчэ ў старажытнарускі перыяд. Рубка з брусоў «у лапу» пачала распаўсюджвацца не пазней XVI ст. Яе перавага ў тым, што пры адной і той жа даўжыні дрэва можна было павялічыць памеры зруба, болып надзейна захаваць вуглы пабудовы ад загнівання. He менш важнае значэнне ў развіцці рубкі «ў лапу» мела мастацкая трактоўка сцяны зруба як гладкай паверхні. Такі зруб знадворку ашалёўваўся і аздабляўся разьбянымі дэталямі.
Масавае ўкараненне ашалёўкі ў значнай меры звязана з уплывам мураванай архітэктуры. У XVI ст. яна была яшчэ мала распаўсюджана, аднак ужо ў XVII—XVIII стст. выкарыстоўвалася даволі шырока. Ашалёўка разам з нашчыльнікамі стварала свой спецыфічны рытм сцяны. Зверху нашчыльнікі завяршаліся дошкай з выразанай у ёй аркатурай. Рытміку фасада ўзмацнялі таксама нашчыльнікі і лапаткі, якія апрацоўваліся рустам, канелюрамі і г. д.
Вышэй аркатурнага фрыза размяшчаўся карніз. Яго развіццё таксама звязана з уплывам мураванай архітэктуры. У архаічных помніках ён адсутнічае; яго замяняе зашыўка дошкамі падстрэшша. Простыя формы карнізаў прадстаўлены гарызан-
тальнай або косай ашалёўкай страхі, дзе выходзяць бэлькі перакрыцця. Складаныя карнізы атрымалі заламанне і прафіліроўку.
Перакрыццё і дах. Ужо даўно ў этнаграфічнай літаратуры вядзецца палеміка: якая форма даху была асноўнай для Беларусі •— двухсхільная або чатырохсхільная? Двухсхільны дах лічылі асноўнай формай Ч. Пяткевіч, К. Машыньскі, Л. Малчанава. Паводле А. Харузіна, найбольш старажытным быў чатырохсхільны дах 23.
Наогул, гаворачы аб форме даху, трэба разумець яго канструкцыю. Вядомы дзве канструкцыі дахаў: каркасная і зрубная. Для іх характэрны як двухсхільныя, так і шматсхільныя формы. Усё ж двухсхільныя дахі звязваюцца з поўначчу, а шматсхільныя — з поўднем усходнеславянскай тэрыторыі24. Беларусь была той зонай, дзе абедзве формы суіснавалі адначасова і сінтэзаваліся адна з другой. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць пераходных форм дахаў, у якіх спалучыліся элементы двухсхільных і чатырохсхільных пакрыццяў: дахі з дымнікамі, залобкамі, прычолкамі, трохсхільныя і інш.
У цэнтральнай частцы Палесся для некаторых тыпаў грамадзянскіх і культавых пабудоў характэрна зрубнае перакрыццё, якое магло быць двухсхільным і пірамідальным (радзей вальмавым). Прынцыповага адрознення паміж імі не было. Існаванне разнавіднасцей адной і той жа канструкцыі звязана з асаблівасцямі планіроўкі і кампазіцыі збудаванняў. Так, найбольш лагічнай формай завяршэння цэнтрычнага ў плане будынка з’яўляўся шатровы дах, у той час як прамавугольнаму плану адпавядала двухсхільнае або вальмавае пакрыццё.
У жылых і гаспадарчых пабудовах Прыпяцкага Палесся была распаўсюджана канструкцыя даха на свалоках. Яе асаблівасць у тым, што тарцовыя сцены паступова пераходзілі ў трохвугольны рублены шчыт—закот. Закоцвіны злучаліся са свалокамі, на якія ўкладвалася драніца. У ніжнія свалокі ўрубаліся какошыны, што падтрымлівалі лотакі. Такая
23 Cz. Pietkiewicz. Polesie Rzeczyckie, c. 222; K. Moszynski. Kultura ludowa slowian, c. 497—503; Л. A. M o лч a н o в a. Матернальная культура белорусов, c. 96; A. X ap y з h h. Славянское жнлніце в Северо-Западном крае, с. 41.
24 Е. Э. Б л о м к в н с т. Обіцне черты в крестьянском жнлнше русскнх н украннцев. Советская этнографня. 1954, № 4, с. 45; Крестьянскне постройкн русскнх, украннцев н белорусов. Восточнославянскнй этнографнческяй сборннк, с. 97.
Тыпы кроквенных дахаў (с. 24—26)
канструкцыя даху вядома ўжо ў старажытнарускі ■перыяд на ўсім Палессі.
Яна ж была спецыфічыай і для іншых раёнаў Беларусі (Мінск, Полацк, Гродна), сустракалася ў Расіі (Ноўгарад, Старая Разань і інш.) і, як сведчаць археалагічныя матэрыялы, з’яўлялася адметнай асаблівасцю будаўніцтва ўсходніх славян лясной зоны ў IX—XIII стст.
Пірамідальныя зрубныя перакрыцці выкарыстоўваліся ў пабудовах з цэнтрычным планам. Найбольшае. распаўсюджанне ў сялянскіх будынках атрымала канструкцыя з бярвенняў «у рэж». Сустракаліся і прамавугольныя ў плане збудаванні з чатырохсхільным зрубным перакрыццём аналагічнай канструкцыі. Далейшае развіццё зрубныя перакрыцці (вярхі) атрымалі ў культавым дойлідстве. Сгаражытнейшыя па паходжанню—шатровыя вярхі. На іх аснове сфарміраваліся ярусныя вярхі ў выніку вынаходніцтва канструкцый залому і ветразяў. Ветразі выкарыстоўваліся пры пераходзе чацверыка ў васьмярык. Гэта канструкцыя прыйшла ў драўлянае дойлідства з мураванай архітэктуры. Існавалі зрубныя перакрыцці ў выглядзе нізкіх усечаных пірамід, над якімі рабіўся дах на кроквах.
Вялікую мастацкую ролю ў пабудовах з вярхамі выконвалі дэкаратыўныя вянчанні. У XVIII ст. царкоўныя галовы, завяршэнні ратуш і іншыя набылі пад уплывам барока складаны сілуэт і пераўтварыліся ў многіх выпадках у ярусныя вежкі. Цэрквы завяршалі вельмі ажурныя па малюнку кавальскія крыжы •— сапраўдныя творы народнага кавальскага майстэрства. Фактычна яны нічога агульнага не мелі з афіцыйнай рэлігійнай сімволікай, бо ў іх аздабленні найбольш распаўсюджанымі матывамі былі элементы мясцовай флоры і салярныя знакі.
Старажытнейшы тып каркаснага перакрыцця — дах на сохах. У залежнасці ад размяшчэння сох адносна сцен такое перакрыццё магло быць пірамідальным, вальмавым і двухсхільным. У верхнія развіліны сох клалі каньковую жэрдку — кладзь, на якую навешвалі круччы з паплётам. Па гэтай аснове высцілаўся матэрыял пакрыцця. 3 сохамі. генетычна звязаны дзядкі — кароткія сохі, якія ставіліся на перакрыццё або тарцовыя сцены зруба. У працэсе далейшага ўдасканалення гэтай канструкцыі з’явіліся козлы, якія былі больш устойлівыя, чым дзядкі, бо мелі не адну, а дзве апоры. У выніку эвалюцыі козлаў з’явіліся кроквы. Яны і
завяршылі працэс развіцця каркасных сістэм даху. На іх аснове прагрэсіравалі складаныя формы пакрыцця. У культавым дойлідстве атрымаў распаўсюджанне прыём стварэння хвалі пры пераходзе даху ад нефа да алтара. Пры гэтым ствараўся значны трохвугольны застрэшак у месцы стыкоўкі зрубаў дзякуючы паступоваму скарачэнню бэлек перакрыцця па даўжыні.
На аснове кроквенна-бэлечнай сістэмы склалася вялікая колькасць розных форм дахаў. З’явіліся двухсхільныя дахі са свабодным ад нагрузкі шчытом. Развіццё шчыта, якое адбылося, верагодна, пад уплывам готыкі і рэнесансу, было прагрэсіўнай з’явай у беларускім дойлідстве. Шчыт стаў важнейшым мастацкім элементам збудавання. На ім засяродзілася асноўная дэкаратыўная аздоба. Ён афармляўся звычайна дэкаратыўнай шалёўкай разнастайнага малюнка. Найбольш старажытнымі элементамі аздаблення шчыта былі вільчакі ў выглядзе галоў жывёл і птушак. Выкарыстоўваліся аформленыя зарубкамі, насечкамі і скразной разьбой падзоры. У некаторых барочных пабудовах шчыт атрымаў складаны профіль. У XVII—XVIII стст. кроквенны дах меў нярэдка напружаны па малюнку ламаны профіль, які ўтвараўся з дапамогай кароткіх нарожнікаў, што стваралі выгіб даху ў ніжняй частцы.
Праёмы. Дзвярныя і аконныя праёмы займаюць важнае месца ў архітэктуры пабудоў. Іх мастацкаму афармленню надавалася вялікае значэнне. У старажытнарускую эпоху дзвярныя праёмы ў жыллі не мелі вушакоў. Дзверы сваімі пяткамі заходзілі ў гнёзды бярвенняў, што абмяжоўвалі праём зверху і знізу. Для прыгонкі дзвярэй выкарыстоўваліся толькі вузкія вертыкальныя дошкі25. Дзверы на пятках або бегунах захоўваліся і ў даследуемы перыяд у народным жыллі, дамах дробнай шляхты, корчмах, гаспадарчых збудаваннях. На Палессі і зараз можна сустрэць дзверы на вораце, які ўяўляе натуральнае разгалінаванне дрэва. Дзвярныя вушакі ўзніклі пе пазней XVI ст. Першапачаткова сфарміраваліся стаякі, што было выклікана неабходнасцю ўмацаваць аслабленую праёмам частку
25 П. Ф. Л ысенко. Раскопкн Древнего Берестья. Археологнческне открытня 1971 года. М., 1972, с. 406; Раскопкн Бярэсця. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971, № 1, с. 20—21.
Варыянты геаметрычнай ашалёўкі шчытоў (с. 27—29)
зруба і прыбіць дзвярныя завесы. Наступнымі па часу ўзнікнення можна лічыць вярхняк і парожак, якія зрабілі прыгонку дзвярэй больш шчыльнай.
Дзвярам як акцэнтуючаму ўваход элементу надавалася вялікае мастацкае значэнне. У некаторых культавых збудаваннях захаваліся старажытныя дзверы з дошак, збітых кавальскімі цвікамі «ў елку» або «ромбам» і аформленыя каванымі завесамі. Выяўленчымі матывамі завесаў паслужылі элементы флоры і салярныя знакі. Напрыклад, акоўка дзвярэй былога касцёла ў Цімкавічах (Капыльскі раён) уражвае рэалістычнай трактоўкай галін дуба з характэрнымі для яго лісцем і жалудамі.
Старажытныя «валаковыя» вокны высякаліся ў двух сумежных вянках на палавіну іх вышыні і зачыняліся драўлянымі засаўкамі. Вялікія вокны атрымалі першапачаткова стаякі, а потым — вярхняк і ляжак. Акрамя прамавугольных і лучковых на Палессі вядомы вокны са зрэзанымі зверху вугламі, рамбічныя, васьмігранныя, круглыя, паўкруглыя, авальныя, падковападобныя, арачныя, стральчатыя, крыжовыя, картушовыя і многія іншыя. Яшчэ ў XVI ст. у некаторых сядзібных дамах сустракаліся вокны, дзе замест шкла выкарыстоўвалі прапітаную алеем паперу, пергамент або палатно. Такія вокны нярэдка размалёўваліся фарбамі, што стварала ілюзію вітража. Невялікія, часта круглыя шкляныя абалонкі ўстаўляліся ў рамкі з волава або дрэва.