Дрэмле памятка дзён...
Леанід Пракопчык
Выдавец: Полымя
Памер: 174с.
Мінск 1991
Па ўскраінных дрэвах добра працярэбленых прысадах, што ўзняліся на схілы, можна і зараз вызначыць контуры, межы колішняга парку. Быў ён амаль квадратны і займаў плошчу з гектараў пяць. Са старых рушчыцкіх пабудоў захаваліся ў ніжняй, гаспадарчай частцы сядзібы свіран з грубых часаных бярвенняў, з шырокай лабастай страхой (Марыя lociфаўна ўдакладніла, што ўнутры яго падлога і столь, зробленыя яшчэ пры дзядулі Фердынанда, між іншым, без адзінага цвіка) і побач з ім напалову ўкапаны ў зямлю падмурак былой цаглянай сыраварні. У верхнім кутку парку захавалася рэдкае дэкаратыўнае ўпрыгожанне выкладзены з шэрых камянёў гарбаты масток, што нагадвае віадук пад горным патокам. Пад мастком застаўка плаціны, за якой і па сённяшні дзень трымаецца невялікае азярцо. Як не прыкра, старадаўняя сядзіба аддадзена пад ферму мясцовай гаспадаркі...
Марыя Іосіфаўна добра памятае і паказвае мясціны, з якіх Эрні (такое ласкавае імя Фердынанда прыжылося з лёгкай рукі ягоных цётухнаў, чый маёнтак знаходзіўся недалёка ад Багданава, у Вайганах) „маляваў прыроду”. Вось уцалелая з тых часоў бярозавая алея, што ад могілак спускаецца да тракта, да багданаўскіх хат. На пагорку, пад ніцымі, тады яшчэ не старымі дрэвамі, і быў адзін з любімых куточкаў мастака. Адсюль ён добра бачыў абодва свае дамы. Двухпавярховы мураваны і драўляны выцягнуты флігель, абсаджаны кустамі бэзу і ружаў. Ад „камяніцы”, спаленай у час вайны, а потым разабранай на цэглу для падмуркаў і печаў, засталася толькі высокая горка шчэбеню. Дарэчы, менавіта гэты будынак паслужыў прататыпам для вядомай карціны Рушчыца „Пустка”, створанай у 1901 годзе ў Вільні.
Мая правадніца згадвала, што ў двухпавярховым муры Рушчыцы фактычна не жылі, і зімой толькі зрэдку, каб не было сырасці, палілі старыя печы-галандкі. Але менавіта тут размяшчалася бібліятэка 1 ў найбольш асветленым пакоі другога паверха знаходзілася „працоўная” майстэрня Фердынанда. Пісьменнік Пятро Бітэль бываў на сядзібе Рушчыцаў яшчэ да 1939 года. Дочкімастакатады ўжо жылі ў Вільні і ў фальварак наязджалі зрэдку. Дзедаўская камяніца яе, дарэчы, замаляваў і Пятро Іванавіч, выглядала нейкай аголенай, няўтульнай,
стаяла на ўсіх вятрах. Вельмі дасканала яна перададзена на палотнах самога мастака. Багатая бібліятэка Рушчыцаў загінула разам з домам. Але часткова парасцяганыя кнігі яшчэ трапляліся Бітэлю і ў пасляваенны час у багданаўскіх крамах, дзе выкарыстоўваліся звычайна для ўкручвання тавару.
Затое драўляны, акуратна складзены з бярвенняў, на дзве палавіны дом быў утульны, цёплы, прасторны. 'Тут жыла ўся вялікая сям’я і яшчэ хапала месца шматлікім гасцям сваякам, сябрам і вучням самога Рушчыца (не аднойчы наведваўся сюды Язэп Драздовіч), сябрам яго дзяцей, ужо гімназістаў, студэнтаў, што з’язджаліся ў Багданава, асабліва ў летнія канікулы, з Вільні, Мінска, Варшавы. Толькі калі станавілася цесна і ў спальнях і ў гасцінай, моладзь „высялялі” начаваць у „пустку”. Марыя Іосіфаўна расказвала, што Рушчыцы, і гаспадар, і гаспадыня, былі на дзіва прыветнымі, чулымі людзьмі, вялікімі хлебасоламі. Летам на абед амаль кожны дзень каго-небудзь запрашалі. Па мерках таго часу заможнымі Рушчыцы не лічыліся, але у сям’і ўсе вучыліся, усе працавалі. А сродкі, даходы ішлі на вучобу дзяцей, на шматлікія паездкі па Расіі і за мяжу. Між іншым, вядома, што Фердынанд, нягледзячы ні на якія недахопы ў грашах, штогод адлічваў пэўную суму на ўтрыманне сіроцкага дома ў Вільні. Абсталяванне, убранне пакояў у Рушчыцаў былі вельмі сціплымі, што нават выклікала некаторае неразуменне панкоў-суседзяў. Фердынанд любіў старадаўнія рэчы, мэблю. У доме стаялі розныя пафарбаваныя куфры, раскладныя драўляныя крэслы, шафы і сталы з пачарнелага ад часу дрэва і, вядома, віселі карціны, шматлікія малюнкі самога гаспадара, яго вучняў і сяброўмастакоў.
Захавалася яшчэ адно месца, дзе Рушчыц любіў расстаўляць мальберт, астравок пасярод сажалкі, на якім расце лазовы куст. Сюды некалі вяла кладка. Мастак рабіў малюнкі і гэтага дзівоснага куточка. Пышная зеляніна вакол сажалкі, ручая з яркімі, сакавітымі зараснікамі аеру, рагозу з эцюдаў і замалёвак жывапісца перайшлі на многія яго лірычныя пейзажы. Паказвала Марыя Іосіфаўна і тую мясцінку, дзе перад фасадам драўлянага дома расла старая скрыўленая яблынька, якую Рушчыц, ужо маларухомы, левай рукой (правая была паралізавана) не раз маляваў.
3 ахвотай мастак працаваў і пад старымі клёнамі на процілеглым канцы парку. Адсюль адкрывалася прастора багданаўскіх палёў. І недахопу ў матывах для напісання карцін жывапісец не адчуваў.
He ўцалелі рушчыцкія пабудовы ў Багданаве, але збярогся, хоць крыху і перароблены, стары фальваркавы дом (яму каля ста пяцідзесяці гадоў), які належаў яшчэ дзеду Ферды-
нанда, у недалёкай ад Багданава вёсцы Вайганы. Часткова там захаваліся прысады, парк. Дом вялікі, прамавугольны, з мезанінам пад высокім дахам. Фасад, відаць, упрыгожваў традыцыйны, з драўлянымі калонамі порцік. Да нядаўняга часу будынак быў жылым, зараз яго перарабляюць пад клуб.
...У сярэдзіне вёскі Багданава за мураванай агароджай стаяў невялічкі ашаляваны дошкамі, што ўжо „пасівелі” ад часу і дажджоў, касцёл. Узводзіўся ён на месцы згарэўшага і, як сведчаць мясцовыя старажылы, дасканала паўтараў колішні. Яго небеспадстаўна называлі рушчыцкім, бо менавіта гэтаму вясковаму касцёлу і рубленай вежы-званіцы ў кутку двара лёс наканаваў трапіць на славутыя палотны мастака. Адна з першых карцін „Каля касцёла” (напісана ў 1899 годзе) зараз уваходзіць у пастаянную экспазіцыю Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Яе можна лічыць характэрным прыкладам мастацкага стылю Рушчыца. Тут злучаюцца і пейзаж, і жанравая карціна, дзе настрой, эмацыянальную напружанасць ствараюць, падкрэсліваюць не толькі цьмяныя фігуркі багданаўскіх жанчын, якія прыйшлі ў ясны вясенні дзень да касцёла і моляцца ў двары, але і на яркім небе аблокі, і рухомыя блакітныя цені ад маладых (толькі яшчэ параспускаліся) дрэўцаў.
Набрыў я і на той куточак, адкуль мастак так нечакана зверху ўбачыў і адлюстраваў на палатне „Млын” надзіва сакавітымі, мяккімі фарбамі маляўнічую патаемную мясцінку. Гэта рушчыцкі вадзяны млынок, які знаходзіўся ў суседніх Далькавічах. Прыкмеціў яго малады Рушчыц з высокага насыпу чыгуначнага палатна, што дугой выгінаецца ў ваколіцах Багданава. Адсюль, збоку моста цераз Альшанку, з вышыні пэўна васьмі-дзесяці метраў і зараз відны ў карычневатай вадзе зялёныя, абымшэлыя палі былых млынарскіх стаўкоў, запасная пратока, па якой адводзілася лішняя вада, кусты лазняку і альхоўніку ўздоўж колішняй дарогі. І вядома, напоўненыя чароўным святлом лірычныя пейзажы мастака „Лясное возера”, „Зімовая казка”, „Берагі Альшанкі”, ствараліся па лёгка пазнаваемых багданаўскіх сюжэтах.
Так што межы пленэра жывапісца лёгка акрэсліць гэта перш за ўсё роднае Багданава: сядзіба, вёска, палі, лес у ваколіцах, даліна неглыбокай Альшанкі, на якія без малога сорак гадоў Рушчыц глядзеў вачыма таленавітага мастака, чалавека, моцна ўлюбёнага ў свае родныя мясціны. Так, менавіта на мясцовых матывах ім былі задуманы, створаны напружанай творчай працай (захаваліся літаральна сотні багданаўскіх эцюдаў, малюнкаў алоўкам, накідаў) і адразу ж прызнаныя палотны, што экспанаваліся на самых буйных выставах у Пецярбургу, Маскве, Вільні, Кракаве і Варшаве (пры жыцці Рушчыц выстаў-
ляўся каля шасцідзесяці разоў) і прынеслі яму ўсееўрапейскую вядомасць.
Зноў-такі зазначым, што, вярнуўшыся пасля доўгіх вандровак за мяжой на радзіму, мастак не замыкаўся ў адным толькі Багданаве. Ён любіў наведвацца ў дзедаўскі фальварак у Вайганы, хадзіў пешшу ў Вішнева мястэчка са старажытным касцёлам (закладзены ў ХУ стагоддзі), які месціцца на язычніцкім капішчы, ездзіў на ровары (веласіпедзе) у Крэва, Гальшаны.
Некалькі адасоблена ў творчай спадчыне жывапісца стаяць яго гістарычныя пейзажы. Сярод іх найбольш выразна абагульняе мінулае краю карціна „Крэва” (захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы). На ёй адлюстравана знакамітая сваёй змрочнай „біяграфіяй” Княжацкая вежа Крэўскага замка, дзе быў загублены вялікі князь Кейстут, адкуль ледзь вырваўся Вітаўт...
Захапленне гістарычным мінулым сваёй зямлі пачалося ў Фердынанда Рушчыца яшчэ з юнацкіх гадоў, з першых наведванняў Вільні, дзе на старых вуліцах былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага амаль на кожным кроку ён сустракаўся са старадаўнімі будынкамі касцёламі, манастырамі, замкамі, раскошнымі палацамі магнатаў. Пазней рабіў аб’езды гістарычных помнікаў, у тым ліку і ў бліжэйшых мясцінах Лідзе, Міры, Навагрудку, ужо ў якасці старшыні Камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, калі быў прафесарам Віленскага універсітэта. Але ён заўсёды заставаўся мастаком, і тыя быццам бы службовыя паездкі-камандзіроўкі зноў жа давалі новыя звесткі, уражанні, якія ўвасабляліся ў цікавых карцінах, гравюрах, дэкарацыях да спектакляў на гістарычныя тэмы. Напрыклад, вядома цэлая серыя каштоўных і па мастацкім выкананні і па дакументальнасці малюнкаў, створаных Рушчыцам у 1930 годзе пад сценамі віленскай катэдры касцёла святога Станіслава. Выйшаўшая з берагоў рака вымыла з патаемнага, нікому дагэтуль невядомага касцёльнага склепа дамавіны славутых князёў. 3 тых археалагічных знаходак, што з’явіліся так нечакана, старшыня камісіі па ахове помнікаў старажытнасці ў першыя ж часы зрабіў дзесяткі замалёвак...
Марыя Іосіфаўна ўспамінала, што мастак большую частку года жыў у Вільні, але заўжды наведваўся ў родны дом на Вялікдзень, увосень на дажынкі. (Дарэчы, калі яму адзявалі традыцыйны вянок, шчодра адорваў жней.) І зімой на каляды таксама прыязджаў. Ужо хворы Рушчыц вярнуўся ў Багданава напрыканцы свайго веку. Правёў на радзіме апошнія чатыры гады жыцця, тут і памёр. Пахаваны на сямейных могілках побач са сваімі бацькамі і дзядамі...
Магілу мастака знайшоў адразу шырокая, у абрамленні дзірвану, што ажывае кожную вясну маладой гравой і палявымі кветкамі, прысыпаная па мясцоваму звычаю жоўтым пяском. На пліце помніка з шэрага граніту выбіты крыж, унізе словы: „Фердынанд Рушчыц. 18701936. Мастак, прафесар Віленскага універсітэта”.
Ад пагоста ва ўсе бакі расцякаецца поле. Яно даходзіць да клёнаў і ліп на старой сядзібе, да цеснага строю вясковых хат ля тракта і, перакінуўшыся цераз яго, амаль дабягае да хуткай Альшанкі. Багданаўскае поле паліта потам многіх пакаленняў...