• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц  Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

    Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц

    Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 429с.
    Мінск 1996
    148.39 МБ
    — Глядзі, не зваліся і не развалі гэтую крывульку,— гукнуў Рой Джэку.— Злезь, пакуль няма ветру і пакуль ён не паваліў цябе разам з тваім хлявом.
    Джэк Бэртан не зварухнуўся, ён забіваў цвікі ў драніцу і мацюкнуўся, калі яна раскалолася. Тады ён злез на зямлю, схаваў малаток у заднюю кішэню, а пласкагубцы — за пояс, надаўшы тым самым аб’ёмнасць сваёй гнуткай, худой фігуры.
    — He, гэты хлеў не паваліцца,— сказаў Бэртан.— Я знарок пакідаю зверху дзіркі, каб вецер свабодна праходзіў, толькі таму ён і трымаецца.
    Рой паглядзеў на дзіркі.
    — Спрытны ты фермер, Джэк,— сказаў ён.— Шкада, што мой Сэм ніяк не справіцца з фермай.
    — Ен прасіў цябе застацца на зіму?
    Рой кіўнуў.
    — Ен ужо тыдні два таму казаў, што збіраецца прасіць цябе. Але я думаў, што ён не адважыцца. Дык ты застанешся?
    Яны зайшлі ў хлеў, каб схавацца ад ветру. Там было цёмна і пуста, стаяў ядавіты пах перапрэлага гною. У стойле чулася толькі мыканне гадавалай цялушкі, якое рэхам адбівалася ад высокай страхі. Некалькі свіней рылася ў загарадцы ля дзвярэй, але болей у хляве нічога не было. Пазней, бліжэй да снегу, хлеў запоўніцца жывёлай — сведчаннем фермерскіх поспехаў Джэка Бэртана: пяць кароў, шэсць свіней, двое коней, дзве казы і пяць клетак з ангорскімі трусамі. Усё гэта ўціснецца ў хлеў і будзе грэцца ўласнай цеплынёй і дыханнем.
    — Уявіць не магу, што будзе з фермай, калі я не застануся,— разважліва прамовіў Рой. Каб нешта вырашыць, ён чакаў дапамогі ад Джэка, але ведаў, што Джэк не можа нічога парадзіць яму.— Бяда яшчэ
    вось у чым,— працягваў Рой.— Сэму стукнула ў галаву, што на ўсёй Гуронскай паласе трэба паставіць крыж і што для дробнага фермера тут усё скончана.— Ен пачакаў, спадзеючыся, што Джэк будзе адмаўляць гэта, адмаўляць, што ўся іхняя акруга вьімерла.
    — А ён мае рацыю, Рой,— сказаў Джэк, і абодва яны паглядзелі цераз вузкую паласу раллі на лес, які распасціраўся на поўнач аж да палярных снежных пустэч.— Дробныя фермы аджылі сваё, зараз яны не пракормяцца.
    — А як жа ты?
    — Перабіваюся, бо зараз ёсць попыт на ўсё, нават на трусіны пух і свіную шчэць. Але хіба гэта сапраўднае фермерства, Рой? У фермераў тут адна надзея — вялікая ферма, шмат розных пасеваў, шмат жывёлы, інвентару і машын. Але на дробнай ферме нічога гэтага мы не даб’ёмся, ды, мажліва, і на вялікай таксама. Нікому не пад сілу набыць увесь інвентар, якога патрабуе гэта зямля. Адзіны спосаб — гэта арганізаваць агульны фонд, дзе можна было б наняць трактар, конныя граблі, жняярку, а то і проста працаваць на іх агулам, пераязджаючы з фермы на ферму. Але ўрад нават пальцам дзеля гэтага не паварушыць, дык мо і праўда гэтыя фермы аджылі сваё. Вось хіба толькі калі наладзіць узаемадапамогу і агульны збыт...
    Роя здзівіла, што ў Джэка таксама свае клопаты і трывожныя думкі.
    — Цябе паслухаць, дык ты таксама не супраць скончыць справу і здацца,— сказаў ён Бэртану.
    — I не падумаю! Я ніколі не здамся!
    Тонкія губы ў яго сціснуліся, на худых скулах выступілі два белыя жаўлакі. Рой засмяяўся.
    — Табе варта заняцца палітыкай,— сказаў ён.— Напрыклад, у фермерскім аб’яднанні.
    — Што аб’яднанні? Там толькі тое і ведаюць, што рабіць паскудства і рваць чужы кавалак з рота. Нам трэба аднавіць прагрэсіўную партыю. Працерці ўсё з пясочкам. Ніякіх пасрэднікаў і ліхвяроў, ні спекулянтаў, ні працэнтнай кабалы, ніякіх асаблівых прывілей царкве, чыгункам і лясным кампаніям. Знізіць узносы па закладных, зняць працэнты, ніякіх падачак дзялкам з грамадскай казны.
    — I сярэднюю адукацыю!
    — Так, і сярэднюю адукацыю!
    — Эх ты, фермер Джэк! — выразна прамовіў Рой.
    — Дык што, застанешся на зіму тут? — памаўчаўшы, спытаў Джэк.
    — He, я гэтага не магу.— Рой глыбока засунуў рукі ў кішэні сваёй брызентавай курткі.— Вось што, Джэк, мо знайшоў бы ты каго-небудзь, хто згадзіўся б папрацаваць з Сэмам гэтую зіму? Грошай Сэму даваць не варта. Усё адно ён іх змарнуе. Я хацеў пакінуць іх табе і папрасіць, каб ты плаціў работніку штотыднёва. Мо з памочнікам Сэм неяк справіцца. Як ты лічыш?
    — Зараз цяжка знайсці работніка.
    — Я ведаю.
    Ці многа ты можаш пакінуць?
    — Каля трох соцень. Па сотні на месяц.
    — Гэта добрая аплата, ды толькі зараз ніхто не хоча працаваць на ферме.
    Рой прыхінуўся да загарадкі, вялікім і ўказальным пальцамі ён падняў шапку за казырок, а астатнімі паскроб у валасах, затым зноў насунуў шапку.— Гэта ўсё, што я магу прыдумаць. Альбо заставацца самому.
    — He, табе заставацца не варта, Рой,— сказаў Джэк Бэртан.— Я каго-небудзь знайду. Як ты думаеш, калі ён яму спатрэбіцца?
    — 3 наступнага месяца.
    — А ты ўпэўнены, што Сэм захоча каго-небудзь, акрамя цябе?
    Рой пакруціў галавой. Гэтага ён не ведае. Да таго ж ён не ведае, што скажа Руф Мак-Нэйр.
    Нават ведаў, пра што ён думае.
    — Спадзяюся, ты яшчэ заспееш Сэма, калі вернешся з зімовага палявання. Вядома, работнік — гэта дапамога, але я на гэта не разлічваў бы.
    — Хто купіў коней? — раптам спытаўся Рой.
    — Білі Эдвардс, з таго берага.
    — А адкуль у яго грошы?
    — Пазычыў пад ураджай. Добрыя былі коні, Рой. Ён іх выкарміў як мае быць і, я думаю, ужо апраўдаў свае грошы, здаючы коней у наймы.
    — Бедны Сэм,— сказаў Рой, і яны выйшлі з хлява.
    Джэк павёў Роя паказаць сваю гаспадарку: свінарнік і куратнік, а пасля і саму хату, дзе куча светлагаловых дзяцей валтузілася на падлозе каля знерваванай маці.
    Яны спусціліся ў пограб, дзе Джэк паказаў свае паветранае ацяпленне: вакол старой жалезнай печы ён выклаў цагляную награвальную камеру, і, калі печ
    грэлася, гарачае паветра паступала ў хату праз сістэму прадушын у падлозе. Зараз у печы яшчэ не палілі, і ў пограбе было холадна, але суха. Джэк атынкаваў сцены і замазаў шчыліны. На падлозе, на паліцах і на лавах была раскладзена гародніна летняга і асенняга збору: гарбузы, буракі, кукуруза, бульба, нават зялёныя памідоры, яблыкі, агуркі і некалькі слоікаў сушанага гароху. Прыпасаў на зіму было дастаткова. Яны вылезлі з пограба і ўселіся на кухні, застаўленай бутэлькамі і слоікамі з нарыхтоўкамі місіс Бэртан. Рой захапляўся цеплынёй і ўтульнасцю гэтай кухні. Нават абшарпаныя сцены — і тыя мелі надзейны выгляд. На адной з іх красавалася сурвэтка, на якой было вышыта: «Маме». Над ёй вісела скрыпка без струн.
    — Вось закончыў пограб, цяпер вазьмуся за верх,— сказаў Джэк, заўважыўшы, што Рой азіраецца навокал. Вось яна, пастаянная чарга рамонту, падумаў Рой, спачатку хлеў, свінарнік і куратнік, затым пограб, і толькі пасля ўсё іншае.
    — Мэй,— звярнуўся Джэк да жонкі,— у цябе нічога не знойдзецца Рою ў дарогу?
    Місіс Бэртан ужо выставіла перад Роем два слоікі: адзін — з парэчкамі, другі — з чырвонай капустай. Невядома, хто бянтэжыўся больш — госць ці гаспадыня, але Рой пераадолеў няёмкасць, ён запіхаў у кожную кішэню па слоіку, а дзецям дастаў свае ледзянцы. Ен купіў іх сабе, але ў яго быў яшчэ адзін пакецік у мяшку ў Дзюкэна.
    — Пайду, наведаю Сен-Клэра,— сказаў ён Джэку і хутка ўстаў.
    — Толькі глядзі, каб у цябе не было з сабой грошай,— папярэдзіў Джэк, праводзячы Роя.— Калі хочаш з ім выпіць, лічы, што тваіх грошай не будзе.
    — I адкуль у табе гэты закон і парадак, Джэк? — сказаў Рой. Яны пастаялі моўчкі.— Дык я прышлю табе тры сотні. А ўбачымся, хутчэй за ўсё, яшчэ да каляд — на возеры.
    — Хутчэй, што так, Рой.
    — Дык, значыць, месяца праз паўтара.
    — Так, Рой. Бывай! Да хуткай сустрэчы!
    Рой ужо каціўся па схіле да дарогі, ногі яго ўздымалі клубы пылу, і вецер адносіў іх. Пылу было не вельмі многа, але з цягам часу маленькая нерухомая хмарка станавілася ўсё больш густой, і хутка Джэк бачыў толькі пыл, а пасля і хмарка знікла сярод дрэў.
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    Зел Сен-Клэр быў чалавечак невысокі, меншы за Роя і худы. Французы Сент-Элена сцвярджалі, што сваімі запалымі шчокамі, праніклівым позіркам, сінню на падбародку і слабым, такім слабым целам ён падобны на маленькага высахлага французскага кюрэ. Але Рою не было ніякай справы да гэтай клерыкальнай знешнасці, ён бачыў у Зеле штосьці больш зразумелае, напрыклад — насільшчыка, які ненавідзіць сваю працу.
    Рой знайшоў яго па гуку сякеры на далёкім канцы лясной расчысткі Джэка Бэртана. Зел ссякаў вялізную бярозу, і ўсё цела яго паўтарала ўзмахі сякеры.
    — Цяжкая праца для ляснога валацугі! — звярнуўся да яго Рой.
    Зел абапёрся на бярозу і перадыхнуў.
    — Гэта ўсё інспектар, каб на яго ліха,— сказаў ён. Рой засмяяўся.
    — А хіба дрэнны інспектар? Захоўвае закон і парадак.
    — Пачакай, хутка здаволіцца. Я пра гэта паклапачуся.
    — Ты лепш пра сябе паклапаціся. Калі ён убачыць цябе ў лесе, тут табе і канцы.
    — I яму будуць канцы! — сказаў Зел і правёў Роя праз гушчар, які ён высякаў. Чатырохвугольная высечка, заціснутая скаламі і лесам, ужо часткова зарасла ліпай, ядлоўцам і густымі парасткамі бярозак. Ей было толькі чатыры ці пяць гадоў, але праз год-два яна стане сапраўдным лесам, які давядзецца высякаць як след, сякерай. Зараз Зел Сен-Клэр яшчэ мог справіцца з бярозай вялікім садовым нажом або з дапамогай пала, і за сякеру браўся толькі дзеля сасны або рослай бярозы. Джэк Бэртан своечасова аб’явіў вайну наступу лесу, купіўшы гэтую высечку летам і ачышчаючы яе да зімы. Рой цаніў Джэка, ён быў перакананы, што з часам Джэк стане знакамітым чалавекам у Сент-Элене, калі толькі Сент-Элен і дробныя фермы наогул ацалеюць. Зараз, пасля размовы з Джэкам, Роя гэта турбавала асабліва.
    — Выпі! — Зел Сен-Клэр падаў яму бутэльку з нейкім пойлам, падазрона празрыстым і бясколерным. Зел дастаў яе з дупла, дзе ў яго ляжалі куртка і нож.— Дастаў у Оле Андэрсана. Жывая вада!
    Рой выпіў і адчуў на нёбе лёгкі прысмак анісу, але
    калі гэтае пойла абпаліла гартань, ён зразумеў, што п’е амаль голы спірт. Яны выпілі зноў.
    — Гэтая штука даканае цябе, Зел,— сказаў Рой.
    — He гэта, дык іншае,— з сумам азваўся Зел, і яго перакручанае сухое цела не выяўляла першай умовы жыцця — жадання жыць.
    Гэта прыгнятала Роя. У лёсе Зела ён убачыў лёс усіх звераловаў, пазбаўленых права на паляванне. Ен прапанаваў французу выпіць яшчэ, і сам таксама глынуў.
    — А мо інспектар яшчэ верне табе твой участак? — сказаў яму Рой.
    — Забярэ яго ў Брэка Гарта і аддасць мне? Напэўна ж не!
    — А чаму ты не пойдзеш на поўнач, на новыя тэрыторыі? Тут нам усё адно няма чаго рабіць, ты ж гэта ведаеш. Чаму ты не дасі дзёру на поўнач, Зел?