Палітычная i прававая думка Беларусі XVI-XVII ст.ст.
Сямен Падокшын, Сцяпан Сокал
Памер: 120с.
Мінск 2000
85
якая, як мяркуе мысліцель, павінна быць здольнай падтрымліваць мір і згоду ў грамадстве, служыць інтарэсам агульнага дабра.
Разглядае Волан у сваім трактаце "Аб палітычнай, ці гра-мадзянскай свабодзе" праблему паходжання, функцыянальных абавязкаў і прававога статусу саслоўяў Рэчы Паспалітай. Ён вы-лучае шляхту, мяшчанаў і сялянаў. Усе гэтыя саслоўі, на думку Волана, аб"ядноўвае ідэя агульнага дабра, таму што яны маюць патрэбу адзін у адным і не могуць існаваць адзін без другога. У той жа час іх раздзяляе характар працы, лад жыцця, прававое ста-новішча. Шляхта "займаецца толькі ваеннай справай і клапоціцца пра абарону айчыны ад варожага нашэсця", яна «не займаецца ніякім рабскім ці механічным рамяством". Сяляне "займаюцца апрацоўкай зямлі і даюць усім харчаванне" (р. Dij адв.). Духавен-ства Волан не вылучаў у самастойнае саслоўе. У цэлым ён ухва-ляў існуючую саслоўна-класавую структуру Рэчы Паспалітай, прызнаючы яе натуральнай і разумнай. Патрэбна і феадальная залежнасць сялянаў ад сваіх паноў ("памяркоўнае рабства"), таму што без гэтага "нельга захаваць гэта цывільнае грамадства люд-зей".(71)
Волан лічыў, што шляхта, як і любое іншае саслоўе феа-дальнага грамадства, павінна займаць строга адведзенае ёй месца і выконваць толькі ёй уласцівыя функцыі. Апрача сваіх панскіх абавязкаў, шляхціч можа "вывучаць навукі", "займацца свабод-нымі мастацтвамі і ваеннай справай", але не рамяством ці ганд-лем. Шляхце належыць выключнае права кіравання дзяржавай, права заканадаўчай ініцыятывы (р. Fiij — Fiij 2 адв.). Высока ацэньваў мысліцель грамадскую ролю мяшчанаў. Ён выказваў шкадаванне, што шляхта адносіцца да гараджанаў "як да хало-паў" і не жадае іх юрыдычна зраўняць з сабой. Асабліва трэба адзначыць, што Волан фіксуе наяўнасць у грамадстве вялікага слою інтэлігенцыі - вучоных, філосафаў, юрыстаў, якія павінны выхоўваць у чалавеку "культуру і гуманнасць".
Волан прытрымліваўся традыцыйнага погляду на цы-вільнае грамадства як на саслоўна-іерархічную структуру, пару-шэнне якой надзвычай небяспечнае, таму што можа прывесці да непрадказальных паследкаў. I кожнае саслоўе, меркаваў мыс-ліцель, павінна ўсведаляць сваю адказнасць за сацыяльны мір, за грамадзянскую згоду і цэласнасць, выконваючы ўскладзеныя на яго Богам і гісторыяй абавязкі. Чалавек Воланам не мысліцца па-86
за саслоўем. Гэта — з пункту гледжання сацыяльнага. 3 пунтку ж погляду прававога, юрыдычнага Волан падыходзіў да трактоўкі гармадства як да сукупнасці індывідаў, гэта значыць, буржуазнай палітычнай канцэпцыі. "Што да законаў, — пісаў ён, — то часта па адной і той жа справе адны законы існуюць для шляхты, другія — для мяшчанаў, трэція — для сялянаў... Просталюдзін нясе больш суровае і больш строгае пакаранне... Гэта ясна гаворыць аб тым, што свабода забяспечана толькі шляхце, астатнія ж саслоўі ня-суць пэўнае бярэмя рабства" (р. Diij адв - Diij 2). Прапануючы ўраўняць юрыдычную адказнасць асобаў усіх саслоўяў за ўчыненыя злачынствы, у прыватнасці, за забойства, мысліцель не патрабаваў абсалютнай юрыдычнай роўнасці. Воланаўская пра-вавая роўнасць даволі адносная, але гэта ўжо шлях да буржуазна-га, фармальна-прававога разумення роўнасці.
Воланаўская канцэпцыя роўнасці заснавана на Арыстоце-леўскім вучэнні аб дыстрыбутыўнай і камутатыўнай справяд-лівасці, аднак у значнай ступені пераасэнсавана. Сутнасць яе ў наступным. Сацыяльная справядлівасць ёсць справядлівасць ды-стрыбутыўная (размеркавальная), гэта значыць, не адзіная для ўсіх сацыяльных груп грамадства, а размеркаваная паміж імі ў залежнасці ад саслоўя, характару працы, займаемай пасады і гэ-так далей. Як і Арыстоцель, Волан называе дыстрыбутыўную справядлівасць геаметрычнай.
Іншай з"яўляецца справядлівасць, якую мысліцель назы-вае камутатыўнай (ураўноўваючай), якая не мяняе свайго зместу ў залежнасці ад свайго грамадскага становішча, гэта значыць, справядлівасць прававая, юрыдычная. "Я думаю, - піша Волан, -што трэба лічыць бесчалавечным і варварскі дзікунскім той факт, калі якой-небудзь суполке людзей даюць больш правоў і свабодаў над іншымі, калі не ўраўноўваюць усіх аднымі і тымі ж законамі. Бо камутатыўная справядлівасць, якую філосафы на-зываюць арыфметычнай, не прызнае ніякай розніцы паміж плябе-ем і знатным, багатым і бедным. Яна ўсім дае роўнае, і, ад-кінуўшы ўсялякую розніцу паміж асобамі, праследуе ўсе крыўды і забойствы адным і тым жа пакараннем. 1 калі гэты закон быў уласцівы язычнікам і прымусіў апашніх выконваць яго ў іх дзяр-жавах, то як павінна быць сорамна нам, хрысціянам, калі мы даз-валяем ім пераўзыходзіць нас гуманнасцю і раўнапраўем" (р. Diij 2 адв.). Адстойваючы прынцып адноснай фармальна-прававой
87
роўнасці, Волан зусім выразна сцвярджае, што ён не выступае прыхільнікам сацыяльнай роўнасці. "Мы хочам, - піша ён, - каб за шляхтай заставаліся цэлімі і непашкоджанымі прывілеіі. Аднак ні адзін закон, ні адна юрыдычная роўнасць не дапускае..., каб шляхта мела больш правоў і ўлады для падаўлення чужой свабо-ды, чым яна дазваляе каму-небудзь іншаму мець над сабой" (р. Diij 2).
Актуальнай з"яўляецца думка Волана пра тое, што ўмовай дабрыбыту і росквіту жыцця грамадства з"яўляецца мір і згода паміж рознымі сацыяльнымі групамі, саслоўямі. Асноўнай умо-вай падтрымання грамадскай стабільнасці, па меркаванні мыс-ліцеля, з"яўляецца, па-першае, строгае выкананне "роўнасці па вартасці", гэта значыць, сацыяльнай справядлівасці (натуральна, як яе разумеў Волан) і па-другое, строгае захаванне дзей-нічаючага права. Менавіта на гэтых прынцыпах будуецца гра-мадскі баланс, і ўсялякая спроба парушыць гэтыя прынцыпы вяд-зе да дэструкцыі, да разбурэння грамадства: "Усім, хто хоча ба-чыць грамадства і дзяржаву цэлымі і несапсаванымі, трэба імкнуцца да таго, каб людзі ўсіх саслоўяў зраўняліся юрыдычнай суразмернасцю, нягледзячы на прывілеяваны стан адных перад другімі" (р. Е. адв.). Узорам ідэальнага вырашэння дадзенай праблемы з"яўляецца Венецыянская Рэспубліка., дзе "заўсёды выконваліся пастановы продкаў, згодна з якімі, як вялікія, так і малыя мелі аднолькавае права, і ніхто не мог беспакарана чыніць несправядлівасць нават чалавеку з простага народа" (р. Е. адв.).
У палітыка-прававых поглядах Андрэя Волана даволі вы-разна і вызначана праглядаюцца элементы раннебуржуазнага, юрыдычнага светапогляду.
§ 6. Афіцыйная палітыка-прававая думка. Леў Сапега
Палітычныя і прававыя погляды свецкіх феадалаў харак-тарызаваліся як адрозненнямі, так і многімі агульнымі рысамі. Вядучую ролю ў арсенале ідэалагічных сродкаў ігралі запазыча-ныя з Польшчы "тэорыя шляхецтва" і "экзекуцыйная праграма". Іх шырокае распаўсюджанне і ўздзеянне на практыку перадвы-значылі тэндэнцыю замены старажытнабеларускіх і старажытна-рускіх палітыка-прававых нормаў польскімі. Тэорыя шляхецтва 88
мела галоўнай мэтай абгрунтваванне правамернасці і справяд-лівасці прывілеяванага становішча шляхецкага саслоўя, яго па-літычнага вяршэнства ў грамадстве і дзяржаве.
Пануючы клас асабліва клапаціўся пра тое, каб стварыць арэол вышэйшых сацыяльна-палітычных, прававых і маральных каштоўнасцяў вакол самаго паняцця шляхецтва. Для гэтага шы-рока эксплуатаваліся талент і веды найадукаванейшых людзей эпохі: паэтаў, пісьменнікаў, мемуарыстаў, гісторыкаў і гэтак да-лей. Іх намаганнямі складаліся панегірыкі, велічальныя хвалеб-ныя паэмы (як асобным вяльможам, так і шляхецкаму саслоўю), сачыняліся і выводзіліся высакародныя і знатныя радаслоўныя, пісаліся спецыяльныя трактаты.
Высокія доблесці шляхты пераўзносіліся часцей за ўсё на прыкладах дзейнасці канкрэтных магнатаў (Радзівілаў, Хадке-вічаў, Сапегаў і іншых). Летапісцы, мемуарысты, паэты. узвя-лічваючы іх дзеянні, адначасова апраўдвалі палітыку магнатаў, прыпісвалі ваенныя перамогі і дыпламатычныя поспехі выключна якасцям іх асобаў, адстойвалі іх прыярытэт перад іншымі сас-лоўямі шляхты. Вяльможы характарызаваліся як эталоны беска-рыслівасці, бацькоўскага клопату пра падначаленых, храбрасці, патрыятызму, дзяржаўнай мудрасці. Такімі гімнамі магнатам былі выкананы панегірычныя вершы і паэмы Андрэя Рымшы (1550-1595) і Яна Радвана (жыў у другой палове XVI стагоддзя). (72) 3 аналагічных пазіцый выкладаў гістарычны матэрыял аўтар "Хронікі Быхаўца". (73) Ідэі шляхецкай выключнасці, якія рас-паўсюджваліся тады, высокай сацыяльнай значнасці магнатаў мелі поспех перш за ўсё ў асяроддзі гэтага саслоўя, адабраліся і падтрымліваліся ім. Пра гэта сведчаць многія дакументы: дзяр-жаўныя і прававыя акты, дзённікі агульнадзяржаўных і павятовых сеймікаў, перапіска, мемуары, сачыненні і гэтак далей. Сярод іх хацелася б звярнуць увагу на "Дзённік" дробнапамеснага шлях-ціча, навагрудскага адваката Ф.Еўлашоўскага (1564—1604), які яўна ідэалізаваў феадальную знаць і ганарыўся тым, што быў да-веранай асобай буйных феадалаў, магнатаў, з задавальненнем ус-памінаў аб сваёй службе ў Хадкевічаў.(74)
Тэорыя шляхецтва спалучала ў сабе як "натуральную", так і звышнатуральную аргументацыю. Для натуральнай сістэмы аргументацыі вызначальнае значэнне мела ідэя "прыроджанай высакароднасці", згодна з якой, высокая сацыяльная каштоўнасць 89
асобы шляхціча і яго саслоўя вынікае са значнасці крыві, "выса-кароднасці паходжання". Сфарміраваўся прынцып: чым больш знатыя і старажытныя высакародныя продкі — тым лепш. Паход-жанне беларуска-літоўскай шляхты часцей імкнуліся вывесці ад высакародных сем"яў старажытных рымлянаў. Гэтай тэматыцы шмат месца адводзілася ў летапісах, пачынаючы з другой паловы XV стагоддзя. Сярод іх вылучаецца "Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага" (75), напісаная ў 20-я гады XVI ста-годдзя. У ёй абгрунтоўвалася ідэя паходжання дынастыі літоўскіх князёў ад рымскага патрыцыя Палемона — сваяка імператара Не-рона. Летапісы ў той час выступалі як важнейшы носьбіт афіцыйнай палітычнай ідэалогіі. Іх значэнне зніжаецца з другой паловы XVI стагоддзя ў сувязі з развіццём кнігадрукавання і з узнікненнем новых відаў палітычнай літаратуры (спецыяльныя сачыненні, брашуры, дзённікі, палітычныя паэмы і гэтак далей).
Па меры звужэння сферы рознаверья ў Рэчы Паспалітай, узмацнення саюза шляхты з каталіцкай царквой, усё больш шы-рокае распаўсюджанне пачала атрымліваць звышнатуральная ар-гументацыя тэорыі шляхецтва. Для яе ўласціва ідэя багавыбра-насці шляхты, на аснове якой выводзілася ледзьве не месіянская функцыя дадзенага саслоўя. Сувязь паміж Богам і шляхтай ідэолагамі пануючага класу і тэалогіі падносілася як узаемная. Бог стварыў шляхту, а шляхта ў сваю чаргу павінна была быць рэўнаснай абаронцай рэлігіі і духавенства.