Унія. Дзяржаўнасць. Культура Філасофска-гістарычны аналіз Сямен Падокшын

Унія. Дзяржаўнасць. Культура

Філасофска-гістарычны аналіз
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 111с.
Мінск 1998
43.6 МБ
Вышэйзгаданая кампрамісная магілянская лінія сустрэла падтрымку беларуска-ўкраінскай праваслаўнай і пратэстанцкай павятовай шляхты, брацтваў, святароў. На канвакацыйным сейме ў 1632 г. прадстаўнікамі праваслаўнай і лратэстанцкай шляхты быў выпрацаваны праект своеасаблівай палітычнай рэабілітацыі праваслаўя ў РП, які атрымаў назву "заспакаення рэлігіі грэчаскай" (25, с. 73— 76). Праект быў падтрыманы Уладзіславам, сынам нябожчыка Жыгімонта III, прэтэндэнтам на каралеўскі прастол і кандыдатам на маскоўскі трон, які быў вельмі зацікаўлены ў дасягненні рэлігійнай згоды ў краіне і прыхільнасці праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты, ад якой у значнай ступені залежалі вынікі выбараў. У верасні таго ж 1632 г. на элекцыйным сейме Уладзіславам быў прадстаўлены праект пагаднення, які прадугледжваў роўныя правы праваслаўных з уніятамі, права выбіраць сваю іерархію, арганізоўваць свае школы і друкарні, займаць грамадскія пасады. Аднаўлялася Кіеўская праваслаўная мітраполія з саборам Св. Сафіі, легалізаваліся Львоўская, Луцкая, Перамышльская і Мсціслаўская (замест Полацкай) епархіі. Нягледзячы на апазіцыю уніятаў і католікаў, адмоўную рэакцыю Рыма, у рэшце рэшт гэтыя ўмовы, хоць і з агаворкамі, былі прыняты сеймам. Абвяшчаліся правы свабоднага пераходу з уніі ў лравдслаўе і наадварот, адмова ад прымусу (80, № 54, с. 200—203). Кіеўскім праваслаўным мітрапалітам быў прызначаны Пётр Сямёнавіч Mari­na (80, № 55, с. 204).
На вальным сейме ў 1635 г. уніяты і праваслаўныя ў асноўным лагадзіліся з каралеўскімі прывілеямі, якія фікса-
валі падзел царкоўнай улады і маёмасці. Хоць гэты падзел і быў на карысць уніятаў (за імі захоўвалася Кіеўская уніяцкая мітралолія, а таксама архіепіскапствы Полацкае і Смаленскае, епархіі Уладзімірская, Холмская, Пінская; Віленскі Свята-Траецкі манастыр і яго ўладанні, манастыры ў Гародні, Магілёве, Мсціслаўі; сцвярджалася, што ў Віцебску, Полацку, Новагародку неуніяты не будуць мець цэркваў), праваслаўныя далі згоду (80, № 58, с. 207—208). Пагадненне было пацверджана сеймавай пастановай (канстытуцыяй) ад 17 сакавіка 1635 г. Тым не менш апеляцыі, скаргі, судовыя працэсы і інш. працягваліся. Поўнага прымірэння не адбылося. Уніяцкая царква ўсталёўвалася ў Рэчы Паспалітай, "адваёўвала" ў праваслаўя маёмасць і вернікаў.
6.	Пётр Магіла як духоўна-культурны інтэгратар
Урад РП, даючы згоду на аднаўленне Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі, адказна аднёсся да кандыдатуры ў мітрапаліты. Планавалася, што гэта павінен быць чалавек памяркоўны, не фанатык, зразумела, праваслаўны, але які цярпіма адносіцца да заходняй царквы і ў цэлым да "лацінства". Такі чалавек быў знойдзены: ім з’яўляўся Пётр Сямёнавіч Магіла (1596 — 1647), сын малдаўскага гаспадара (князя). Як мяркуюць, Магіла атрымаў адукацыю ў Львоўскай брацкай школе, а потым у Замойскай акадэміі. Вучыўся за мяжой, па некаторых дадзеных, — у Сарбоне, па іншых, — у калегіі Ля Флеш, якую скончыў і Рэнэ Дэкарт. Пасля вучобы паступае на вайсковую службу, але хутка прыймае манаства. 3 1627 г. Магіла — архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, а з 1632 г. — мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсея Русі (г. зн. Украіны і Беларусі). Як і многія яго суайчыннікі, Магіла з’яўляўся царкоўным і культурным дзеячам "на мяжы культур", прыхільнікам ідэі верацярпімасці, добраахвотнага сінтэзу інтэлектуальных набыткаў Захаду і Усходу, паразумення паміж існуючымі ў РП канфесіямі. Некаторыя, перш за ўсё уніяцкія, гісторыкі меркавалі, што амбіцыёзны і ўладалюбівы Магіла марыў ператварыць Кіеўскую мітраполію ў патрыяршаства і супрацьпаставіць яго Маскве. Урадавыя колы РП ускладалі на новапрызначанага мітрапаліта вялікія надзеі: лічылі, што ён згладзіць супярэчнасці паміж праваслаўнымі і уніятамі, спыніць канфесійную канфрантацыю, наблізіць грэка-праваслаўных і
грэка-католікаў адзін да аднаго і тым самым зробіць тое, што не маглі зрабіць папярэднія іерархі.
Часткова Магіла апраўдаў гэтыя спадзяванні, але не за кошт здрады праваслаўю, а за кошт гнуткай і асцярожнай палітыкі ў адносінах да ўрада Рэчы Паспалітай (51, с. 108), рэфармавання арганізацыйна-кадравай структуры, сістэмы адукацыі і выхавання праваслаўя. Магіла прыпыніў практыку захопу праваслаўнацаркоўнай маёмасці з боку уніятаў, разгарнуў шырокую дзейнасць па адбудаванню і рэстаўрацыі праваслаўных царкоўных храмаў, паляпшэнню царкоўнай і манастырскай дысцыпліны, маральнага стану праваслаўных святароў, актывізаваў праваслаўнае кнігадрукаванне, імкнуўся наблізіць царкву да патрэб сваёй паствы (51, с. 148—159). Магіла значна палепшыў якасць адукацыі ў праваслаўных школах сярэдняга звяна, падняўшы іх да ўзроўню "лацінскіх" школ, заснаваў першую праваслаўную вышэйшую ўстанову — Кіева-Магілянскую акадэмію (1632), якая стала "галоўным інтэлектуальным цэнтрам" духоўнай кансалідацыі ўкраінскага і беларускага народаў, развіцця навукі, асветы, культуры (51, с. 54). Ён аб’яднаў вакол сябе таленавітых і адукаваных украінскіх і беларускіх вучоных, настаўнікаў, царкоўна-грамадскіх дзеячаў.
Рэформа адукацыі далася Магілу няпроста. Яго спроба "лацінізацыі” праваслаўнай школы выклікала незадавальненне ў царкоўных колах і часткі казацтва. Як успамінаў С. Косаў, "от неученых попов п казаков было велме негодованме: на што латннское н польское учмлніце заводше..." (31, с. 284). У сваю чаргу езуіты, уніяты і нават мітрапаліт Руцкі спрабавалі скампраметаваць перад урадам новыя праваслаўныя школы, абвінавачваючы іх у распаўсюджванні пратэстанцкіх ідэй. Магіла матэрыяльна забяспечыў Кіева-Магілянскую акадэмію, перапісаўшы на яе некаторыя землі Кіева-Пячэрскай лаўры. Ён з’яўляўся заснавальнікам знакамітай акадэмічнай бібліятэкі, якой вучоныя карыстаюцца і ў наш час.
Трэба адзначыць, што постаць Магілы належыць не толькі ўкраінскай, але і беларускай культуры. I гэта цалкам зразумела, паколькі ён з’яўляўся ўкраінска-беларускім праваслаўным мітрапалітам, а заснаваная ім акадэмія — агульнай "кузняй" царкоўных кадраў Украіны і Беларусі. Менавіта тут атрымаў адукацыю Сімяон Полацкі. У сваіх творах Магіла неаднаразова спасылаецца на Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, М.-К. Сарбеўскага. Ён актыўна падтрымліваў беларускі брацкі рух. Вядома яго пас-
ланне да Мінскага брацтва, у якім мітрапаліт заклікаў беларускіх братчыкаў аб’яднаць намаганні з украінцамі ў абароне сваіх рэлігійных і грамадзянскіх правоў і прасіў матэрыяльнай дапамогі для паездкі на Варшаўскі сейм (16, с. 30—33, 77). У сваіх творах кіеўскі мітрапаліт нагадваў асобы вялікіх князёў Альгерда, Ягайлы, мітралаліта Рыгора Цамблака (51, с. 78, 81). Магіла палемізаваў са Скаргай, абараняючы годнасць славянскіх моў (51, с. 83). Кожны народ, кожны чалавек, лічыў ён, мае права на рэалізацыю сваіх інтэлектуальна-творчых здольнасцей на роднай мове. Гэта права санкцыяніравана самім Богам. Да Бога таксама трэба звяртацца толькі на роднай мове (51, с. 87). Асноватворнымі прынцыпамі рэлігійна-філасофскіх поглядаў Магілы (як і Скарыны) з’яўляюцца любоў, міласэрнасць, талерантнасць. Як і Скарына, кіеўскі мітрапаліт нацыянальна канкрэтызуе паняцце "агульнага дабра", трансфармуючы яго ў думку пра неабходнасць стварэння незалежнай царквы і дзяржавы, развіцця свецкай культуры, паразумення і сінтэзу Усходу з Захадам, лаяльных адносін да іншых веравызнанняў, перш за ўсё да каталіцтва (51, с. 18—34). Разам з тым, як правільна адзначае В. М. Нічык, Магіла імкнуўся не толькі да збліжэння розных галін хрысціянства, але і да ўзмацнення беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы, вывядзення яе з крызісу, у якім яна апынулася ў выніку шэрагу абставін і ў тым ліку ў выніку прымусовага ўвядзення царкоўнай уніі (51, с. 36).
Вялікая заслуга Пятра Магілы ў тым, што ён паспрабаваў рэалізаваць той шлях, які быў альтэрнатывай Брэсцкай царкоўнай уніі і па якому павінны былі пайсці Беларусь і Украіна ў сваім гістарычным развіцці. Гэта — шлях свабоднай і добраахвотнай духоўна-культурнай інтэграцыі паміж Захадам і Усходам пры ўмове захавання палітычнай незалежнасці, этнічнай, рэлігійнай і духоўнай адметнасці. Гэта, па сутнасці, шлях, які быў прапанаваны пракурсарамі ўсходнеславянскага Адраджэння — Францыскам Скарынам, Мікалаем Гусоўскім, Васілём Цяпінскім, Сымонам Будным, Львом Сапегам, Андрэем Воланам і іншымі, шлях, які пэўны час з’яўляўся стрыжнем урадавай палітыкі (Статут 1588) і ад якога, на жаль, урад РП адышоў, афіцыйна падтрымаўшы рэлігійны прымус. Хоць па сваёй адукацыі, выхаванню, ментальнасці Магіла з’яўляўся ў пэўнай ступені чалавекам заходняй культуры, ён, безумоўна, быў шчыра адданым праваслаўнай царкве і яе ідэалам. Менавіта гэтая акалічнасць абумовіла характар яго
рэфарматарскай царкоўна-культурнай дзейнасці: ён лічыў, што без засваення, акумуляцыі "лацінства", заходняй свецкай і тэалагічнай адукаванасці праваслаўе не зможа эфектыўна выконваць ролю духоўнага настаўніка народа, грамадства (характэрна, што яшчэ ў 1640 г. Магіла прапанаваў рускаму цару праект арганізацыі шэрагу школ у Маскве з дапамогай украінскіх і беларускіх вучоных-настаўнікаў). У сваю чаргу, лічыў Магіла, культурны сінтэз немагчымы без царкоўнага паразумення, згоды паміж існуючымі ў межах РП хрысціянскімі канфесіямі. Аднак паразуменне, згоду ён мысліў не ў контррэфармацыйным (растварэнне заходняга праваслаўя ў каталіцтве, чым па сутнасці з’яўлялася унія), а ў рэнесансна-гуманістычным (духоўна-культурнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ва ўмовах узаемнай тэлерантнасці і царкоўнай самастойнасці) плане. Блізкія да гэтай думкі былі такія праваслаўныя царкоўныя і культурныя дзеячы, як Сматрыцкі, Саковіч, Транквіліён-Стаўравецкі, але яны былі пазбаўлены той вялікай волі і мужнасці, якую меў Магіла, таму яны пайшлі па лініі найменшага супраціўлення і ў рэшце рэшт вымушаны былі прыняць унію.
Выкажу "крамольную" думку: па сваёй сутнасці кіеўскі праваслаўны мітрапаліт таксама з’яўляўся "уніятам". Так, "патаемным уніятам" лічылі Магілу яго апаненты I. Капінскі, Я. Суша (51, с. 130). Але "уніяцтва" яго было не фармальным, а сутнасным і выяўлялася не столькі ва ўзгадненні дагматычных рознагалоссяў, як у глабальнай культурнасветапогляднай рэарганізацыі праваслаўя, рэфармаванні ўсёй сістэмы адукацыі і выхавання з улікам заходняга вопыту. I гэта яго дзейнасць мела поспех і прынесла вялікую карысць і Беларусі, і Украіне, і Расіі.