• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Ты ведаеш, што я з жонкаю разышоўся?
    Рачкоўскі запьітаў без жаднага здзіўлення:
    — Ужо?
    I, весела падміргнуўшы Карызну, засмяяўся нізкім юрлівым смехам:
    — Верачку падчапіў? Ну і зух! Смак маеш, няма чаго казаць... Бач ты, падла старая... га?..
    Потым ён праказаў нібыта сур’ёзна і наўмысля гучным голасам, каб пачула жонка:
    — Думаю кінуць і я сваю. Надакучыла ўжо, абрыдзела... Хачу пашукаць дзе маладзейшую, харашэйшую.
    Жонка, маладзенькая, свежая і пульхненькая, як
    перапечка, увайшла ў пакой з троху сарамлівай, але поўнай адчування свае жаноцкай сілы ўсмешкай і, праходзячы паўз мужа, нібы несумысля зачапіла яго сваім крутым пышным клубам. Ен з грубаватай бесцырымоннасцю лэпнуў яе па неасцярожнаму месцу і здаволена зарагатаў смехам упэўненага ў сабе самца.
    Гэта была ў Рачкоўскага не то трэцяя, не то чацвёртая жонка, і ён, як відаць, перажываў яшчэ з ёй парў першага ўзаемнага захаплення — не абсьшанага, праўда, лішне барвістымі краскамі зманлівае рамантыкі, затое здаровага і шчаслівага. У яго да жанчын быў на дзіва лёгкі, незамутнёна-спакойны характар, і ягонага шчасця ані не парушала тое, што чарада папярэдніц свежае пульхненькае жанчыны часам у досыць катэгарычнай форме напамінала пра існаванне не толькі сваё, а і цэлае плоймы малых Рачкоўскіх. Ен улагоджваў свае сямейныя справы з такім дыпламатычным спрытам, што — канцы з канцамі — усе зацікаўленыя бакі былі хоць матэрыяльна і не зусім задаволеныя, але маральна цалкам уціхаміраныя. Досыць сказаць, што да судоў у яго справа яшчэ не даходзіла ні разу.
    Лёгкі, вясёлы падыход Рачкоўскага да сямейнай трагедыі Карызны перш непрыемна ўкалоў яго, але боль ад гэтага трываў адну караценькую хвілінку. Потым стала і самому лёгка ды весела, нібы Рачкоўскага грубыя словы, а злашча ягоныя ўласныя стасункі да жанчын нейкім чынам абязвіньвалі ці, прынамсі, меншылі віну яго перад Марынай Паўлаўнай.
    Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы.
    Перакуліўшы першую чарку і з цудоўным апетытам накінуўшыся на селядца, Рачкоўскі агаласіў:
    — Ну, кажы, Сымоне, як там што...
    Карызна пачаў здалёку — нібы выпадкова, няўмысля ўспомніў пра сваю і Рачкоўскага працу ў ранейшым раёне, пра лінію, якую яны там вялі. Гэта была ў яго свядомая ці мо несвядомая хітрасць, гэтым ён з першага кроку аднаўляў паміж сабой і Рачкоўскім ніці даўняе блізкасці, каб гарантаваць большую чуласць да яго і спагаду да сваіх сучасных нягод.
    Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў:
    — А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Эх, каб цяпер туды... Ну і запішчалі б у мяне кулачкі...
    Расхутарызаваў бы іх так, што і не агледзеліся б...
    Карызна нясмела напамянуў, не хаваючы свайго неўразумення:
    — Але ж мы, браце, самі праводзілі там гэтую, на яе ліха, хутарызацыю!
    — Правільна... Верна... Праводзілі...
    3 цвёрдага рашучага тону Рачкоўскага Карызна зразумеў, што ён ужо перадумаў і пераварыў у сабе гэтае пытанне і што ён мае ўжо нейкае пэўнае развязанне яго. Ен пільна настаражыўся, чакаючы дальшых слоў.
    — Правільна... Праводзілі... Значыць, што? Рабілі памылковую справу... Так... Ну, а потым?
    Ен зрабіў паўзу, каб выпіць чарговую чарку, і казаў далей, мерна выстаўляючы слова па слове:
    — Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё,— будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць, охаць, енчыць, стагнаць... Добры майстар возьме і адным махам — без аніякага жалю — разаб’е ці разламае тую рэч і зробіць гэта з большай рашучасцю і нават злосцю менавіта таму, што гэта ягоная рэч, зробленая ягонаю рукою... Ты мяне зразумеў, Сымоне?
    Карызна не мог здаць сабе справы з таго, што гэта ёсць: ці хітры сафізм, ці праўдзівая жыццёвая логіка? Адно чуў, што яно развязвае праблему, якая столькі часу гняла яно, і дае магутны стымул да далейшай працы, да вырабу новых, ужо правільных, дасканалых рэчаў.
    Рачкоўскі пагадліва палэпаў яго па плячы:
    — Калі цябе гэта турбуе, Сымоне, кінь усе сумненні — справа ясная. Галоўнае, браце мой, зразумець, пераканацца, што ты сапраўды дрэнна рабіў. А раз ты ўпэўнены ў гэтым, дык сама рука падымецца, каб разбурыць тое няўдала зробленае, каб перарабіць на новае... Бі, Сымоне, варушы ўсё да грунту, пераварочвай, і канец...
    Карызна не выходзіў з трывожнага задумення. Рачкоўскі наліў яму новую чарку.
    — Ну, чаго нос па^есіў? Пагонім яшчэ па адной, успомнім даўніну...
    Карызна нясмела павёў далей:
    — У мяне не толькі гэта, Рачкоўскі... У мяне — сямейныя справы...
    — Жонка?
    I Рачкоўскі нават здзівіўся, як гэта можна мардаваць сябе гэткай драбязой.
    Карызна ў замяшанні паківаў галавой:
    — He ў тым... Я не ведаю... Як табе сказаць... Ну, бачыш, мне пішуць бацькі, што іх раскулачылі. Гэта — адно... А самая тут закаклюка, што кулакамі яны сталі ўласна за маёй дапамогай — я ім і грошы даваў на гаспадарку, і парады адпаведныя... Ведаеш сам, які настрой быў тады...
    Рачкоўскі ўстаў ад стала і звычайнай сваёй пругкай, развальнай хадою прайшоўся па хаце.
    — Хм... так... заблытаўся ты, браце мой, залез у нерат... Выходзіць, што цябе раскулачылі? Ха-ха-ха...
    I ён раптам зайшоўся ад гамерычнага смеху. Карызна глядзеў на яго разгублены: ён не ведаў, ці радавацца яму гэтым смехам, ці трывожыцца.
    Рачкоўскі падышоў і энергійна, рэзка выцяў кулаком аб стол.
    — Вось... На ўсё гэта ёсць адна толькі рада. Калі сілы хопіць — адным ударам... разумееш? адным ударам усё перацяць...
    — Адмовіцца ад бацькоў?
    Рачкоўскі раззлаваўся.
    — Што ты мне прэш сваю дурную інтэлігеншчыну, га?.. Адмовіцца, напісаць трагічны ліст — бывайце, дарагія бацькі, мне з вамі не па дарозе. Цьфу, каб ты згарэў... He аб гэтым справа, я табе кажу... Чуеш ты ці не?
    — Аб чым жа?
    — Во тут, во-во... у сабе. Тут трэба перацяць... Плюнуць трэба на ўсё, выкінуць усё к чортавай матары... Калі ты — сцерва, скажам, дык гэта яшчэ паўбяды. А калі ты сцерва ды яшчэ кожную хвіліну думаеш пра тое, што ты сцерва, смакуеш гэта, упіваешся гэтым, дык ты тады — дзве сцервы... Чуў?.. Забудзься на ўсё чыста, я табе кажу... Сам забудзься, што ты — сцерва, дык і людзі забудуцца. Працуй як след, пераварочвай жыццё, дык і сам перавернешся... Разумееш ці не?
    I зноў Карызна не ведаў, ці гэта хітры езуіцкі манеўр, ці простая праўдзівая дарога наперад. Але зноў чуў у гэтых словах магчымасць шчаслівага выйсця з сваіх цяжкіх неўразуменняў.
    Раптам ён успомніў пра апошні бацькаўскі ліст.
    — Яны просяць, каб прыслаў ім грошай.
    Пры слове «грошы» Рачкоўскі дасадліва пачухаў патыліцу і, з апаскай азірнуўшыся наўкола,— ці няма дзе паблізу жонкі — пракрактаў:
    — Грошы... Каб на іх ліхалецце... У мяне ўсе жонкі, як адна, просяць грошай... Былыя жонкі, вядома... Проста рады не дасі...
    Ен зноў раззлаваўся і закрычаў:
    — Што ты — грошы? Чаго ты лезеш з грашмі? Сцерва ты, калі хочаш... Кажу — забудзься на ўсё... Адным ударам... рраз... перасячы ўсё, разумееш? Тады сам убачыш, што рабіць з грашмі... Само пакажа тады... Во тут, во-во... тут самае галоўнае...
    I ён без лішняе далікатнасці тыркнуў Карызну ў грудзі. Яму, відаць, надакучыла гэтая гутарка, і ён, сеўшы зноў за стол, запытаўся:
    — Ну, што ў цябе там у Сіўцы?
    Тады Карызна — ужо зусім з лёгкім вальготным настроем — стаў апавядаць пра сівецкія падзеі. Ен гаварыў усё да найменшай драбніцы, не хаваючы ні сваіх удач, ні сваіх памылак. Ен стараўся асвятляць усё шчыра і па магчымасці аб’ектыўна — нават і прыкры інцыдэнт з Зеленюком, і апошні бурны сход ячэйкі, і свой ганебны правал. Але такая ўжо, мабыць, людская ўрода, што трудна бывае чалавеку ўстрымацца, каб не зрабіць сабе ў зручным выпадку некаторае — можа і мімавольнае — пратэкцыі. Таму і выходзіла так, што Сымон Карызна, сакратар ячэйкі, усе свае сілы кладзе на тое, каб наладзіць яе след работу, часам, пэўная рэч, і памыляецца, але ў грунце вядзе цалкам пэўную, правільную лінію, а Зелянюк, скажам, хоць і нядрэнны хлопец, але малады, гарачы, заядлы — дык ён усё-ткі шкодзіць у рабоце і заводзіць спрэчкі, звягі, раскладае ячэйку... Але Сымон Карызна пераможа ўсе гэтыя перашкоды і ў сваім сельсавеце не па доўгім часе правядзе поўную, стопрацэнтную калектывізацыю.
    Рачкоўскі слухаў, утупіўшы нос у талерку, і паціху муркаў сабе пад нос нешта невыразнае.
    11
    Палазы рыпелі з такой ціхамірнай спакойнасцю, што зусім знікала ўсякае адчуванне шпаркага руху і пачынала здавацца, нібы санкі даўно ўжо стаяць,
    загрузнуўшы ў цемры, недзе пасярод шырокага снегавога поля і адно пад напорам ветру млява калышуцца на месцы і сціху пакрэктваюць ад натугі, нездаволеныя, але дабрадушныя.
    Сымону Карызну давала цудоўную асалоду гэтае адчуванне. Руху ў яго досыць было ўсярэдзіне, лёгкага, салодка-павеўнага, і глыбокі навакольны спакой, мякка атуляючы гэты рух, не даваў разлятацца яму ў прасторы, стаўпляў яго ўнутры, абарачаючы ў пругкую сакавітую радасць.
    У прыемна абвеенай хмелем галаве бясконцым плаўным калаўротам перасувалася чарада парваных і ў смешным бязладдзі прыточаных адзін да аднаго вобразаў: вобразы людзей чаргаваліся з вобразамі слоў, з вобразамі зусім абстрактных, але цяпер дзіўнажывых, рэальных уяўленняў. За сарамлівай усмешкай свежае пульхненькае жанчыны непасрэдна ішоў раскацісты голас Рачкоўскага, з-за якога вызірала, дражліва падміргваючы, подлая грымаса хутарызацыі. Потым усё гэта адкідаў некуды ўбок хмуры ўдар кулаком аб стол і следам за ім, як па сігналу, ішло настойнае, неадступнае, халодна-бліскучае — «адным ударам». I ўсё разам — і добрае і дрэннае, і прыемнае і прыкрае — было цяпер роўна ахінута тонкім барвістым туманам і роўна цешыла сэрца чароўнай цеплю.
    Гэта не было звычайнае ап’яненне — гэта быў поўны бяздонны адпачынак усяе змардаванае жорсткімі нягодамі жыцця істоты, якая нарэшце знайшла сабе жаданы супакой. Гэта была поўная безумоўная пагоджанасць з усім, што дасюль паўставала на жыццёвым шляху востра-варожымі супярэчнасцямі.
    Сапраўды, у гэтыя часіны Сымону Карызну ўсё падавалася ў ружовым святле ціхамірнае згоды: усе нядаўнія спрэчкі, калатня, уся яго дзікая злосць, усе балючыя трывогі і страх — усё гэта абуджала цяпер адну іранічна-пагадлівую ўсмешку, як пустыя дзіцячыя забаўкі, як выкліканыя імі мімалётныя лёгкія крыўды. Усё гэта расплывалася наперадзе, знікала ў ружовых яснотах яшчэ не зусім выразнае, але прывабнае будучыні.