• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе!
    Але дзе ты яго, Пацяроба, угамуеш, як раскрычыцца! Такі ўжо бязладны, разгойданы чалавек...
    Сход ажывіўся. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумны гармідар. Слова ніхто не прасіў, мабыць, ніхто не важыўся першы выступіць у гэтай справе — усе гаварылі разам, адзін аднаму ці ўсім адразу, а не, дык проста самому сабе, і нельга было разабраць, у які бок фактычна схіляецца агульная думка сходу. Карызна тлуму не сунімаў, не заклікаў да парадку — ён чуў, што гэты тлум яму на карысць.
    Тады ўстаў са свайго месца бледны, зацяты ў цвёрдай, як крэмень, сур’ёзнасці Зелянюк. I ці толькі ўзняўся ён над усім тым бязладным гармідарам, стрыманы,
    роўны, ураз апала шумнае ажыўленне і занялося зноў цяжка, балюча напятае маўчанне.
    — Я думаю, што ўсе зразумелі, якое глыбокае абвінавачанне ўзняў супроць мяне сакратар ячэйкі т. Карызна. Я не буду цяпер ні выпраўдвацца, ні ў сваю чаргу абвінавачваць т. Карызну. Я цалкам далучаюся да ягонае прапазіцыі — у найпільнейшым парадку даследваць гэтую справу. Але я катэгарычна пратэстую супроць другой яго прапазіцыі, каб спыніць далейшы разгляд пытання пра сівалапаўскі калгас і калектывізацыю Сіўца. Я ўпэўнены, што ў гэтым падтрымаюць мяне і іншыя таварышы, бо пытанне гэта вынікае не толькі з мае нібыта фракцыйнае работы, а з агульнага стану калектывізацыі ў сельсавеце. Мне здаецца, што і сам т. Карызна не будзе дужа супярэчыць, бо іначай ён ясна пакажа, што ўсю гэтую гісторыю з фракцыйнасцю ён узняў выключна затым, каб затрымаць абмеркаванне таго пытання, якое ён з нейкіх невядомых прычын упарта не хацеў паставіць у парадак дня... Я прапаную весці далейшае абгаварэнне распачатай справы...
    Зеленюкову прапазіцыю ўхвалілі адназгодна, і на сходзе зноў запанаваў спакойны дзелавы настрой.
    Карызна і сапраўды не супярэчыў: Зелянюк спрытнай заўвагай звязаў яму рукі. Пад час далейшых спрэчак ён сядзеў хмуры, злосна затулены ў сабе і нават мала слухаў таго, што гаварылі прамоўцы. Яго агарнула цяжкая апатыя — яму хацелася аднаго: скончыць як найхутчэй гэты няўдалы сход і адпачыць. Ен зусім аўтаматычна даваў слова прамоўцам, станавіў на галасаванне прапазіцыі, заклікаў, як трэба было, да парадку.
    Ла доўгіх жвавых спрэчках у пратаколе сходу ячэйкі запісалі наступнае:
    1.	Паставіць на від тт. Зеленюку і Лакоту іхнюю недысцыплінаванасць, якая выявілася ў тым, што яны без ведама ячэйкі развязалі пытанне пра арганізацыю ў Сівалапах асобнага калгаса.
    2.	Самы факт арганізацыі ў Сівалапах самастойнага калектыву ўважыць за мэтазгодны і калектыў арганізаваць з тым, аднак, каб пасля ўтварэння калгаса ў Сіўцы гэтыя два калгасы злучыць у адзін.
    3.	Звярнуць асаблівую ўвагу на работу сярод сівецкае беднаты, пашырыць яе і ўглыбіць, выкарыстаў314
    шы дзеля гэтага ў грунце сваім правільную практыку работы з беднатой у Сівалапах.
    4.	Прыняць да ведама заяву сакратара ячэйкі т. Карызны пра тое, што ў ячэйцы існуе сакрэтная групоўка на чале з т. Зеленюком. Даручыць бюро ячэйкі дакладна высветліць гэтую справу і ўсе матэрыялы падаць на наступны агульны сход ячэйкі.
    Па зачыненні сходу, калі Карызна, хмуры і разгублены, варочаўся дахаты, яго дагнаў неадменны Пацяроб і, нахіліўшыся да самага Карызнава вуха, прасіпеў з поўнай бадзёрасцю:
    — He бойся, Сымонка! Плюнь ды яшчэ і разатры... He тое бачылі... Цьфу!..
    10
    Назаўтрага з самага рання Сымон Карызна паехаў у раён. Раён знаходзіўся вёрст за пятнаццаць ад Сіўца ў ладным мястэчку, якое мясцовыя жыхары зусім сур’ёзна звалі горадам.
    Дык гэты самы горад у пару, якая апісваецца ў нашым апавяданні, меў на сабе хоць з выгляду можа і мала прыметны, але глыбокі, востраадчувальны адбітак бурнай эпохі. Усё было звычайнае, даўнейшае, але над усім лунаў дух агульнай напружанасці, трывожнага чакання.
    На шырокім рынкавым пляцы, акурат пасярод мястэчка, было паўнютка сялянскіх вазоў, але прадавалася чаго дужа мала. Прыязджалі паслухаць навін, пагаманіць, улавіць настрой новага дня, каб распастрыць яго нявідныя кволыя ніці па ўсёй тэрыторыі раёна. Сыходзіліся сям-там невялічкімі расплыўчастымі купкамі сцеражлівыя, цікавыя і хціва лавілі адзін у аднаго новыя словы. Купкі раставалі, збіраліся зноў, зноў раставалі, аж пакуль не ўліваліся жвавай энергічнай патокай у ветлыя дзверы піўніцы. Там новыя словы перакладаліся на грамоздкую, распараную алкаголем мужыцкую мову.
    Дзе-нідзе ліпелі яшчэ дробныя прыватныя крамкі, але гандляры, як не было купцоў, не сядзелі ў шчаснай летуценнасці за непахіснаю стойкай, а выходзілі і стаялі перад дзвярмі — маркотныя і палахлівыя. Дамысны цырульнік вывесіў на дзвярах свежую, нязграбнай рукой намаляваную табліцу — «Калектыў
    цырульнікаў Грынберг» — і, мабыць, адчуваў сябе за ёй у поўнай забяспецы.
    Апрача піўніцы, людзі збіраліся яшчэ каля кааперацыйнай сталоўкі і каля дзяржаўных устаноў. Установы абярнуліся ў людскія зборні, куды разам з бруднымі лужынамі снегавой вады наносілі мужыкі цэлае мора сваіх пільных і няпільньіх, вялікіх і малых, цяжкіх і лёгкіх клопатаў. Многа хто заходзіў так сабе — паслухаць, пагрэцца, паглядзець, як злуюць на назоллівых наведнікаў, а злашча на пустых разявак запараныя супрацоўнікі. А іншыя прыходзілі з важным, жыццёвым, балючым — тыя або істэрычна крычалі, дамагаючыся свайго, або беспарадна вадзілі наўкола ціхімі вачмі, поўнымі пакорнага неўразумення.
    У тую пару раённым працаўнікам не было ані хвілінкі адхлану.
    Сымон Карызна часта наязджаў у раён — ён любіў туды ездзіць, бо кожнага разу там узнімала яго лёгкі настрой тое добрае, бадзёрае ўзрушэнне, якое загарэлася было ў ім — ды ці толькі ў ім? — на пленуме райкома, што паклаў быў пачатак шырокай разгорнутай працы па сацыялістычнай перабудове раёна.
    Тут, у сэрцы раёна, усё тое, чым жыла вёска, уся яе новая, творчая сумятня нібы абстрагавалася, вылузвалася са шкарлупы канкрэтнае дакучнае абыдзёншчыны і набывала свежую рамантычную прывабнасць. Таму Карызна, пераехаўшы цераз гнілаваты, складзены з дзіўна-рухавага бярвення масток і мінуўшы шэрую порхаўку — кузню, першы слаўны будынак слаўнага горада, заўсёды з асалодаю адчуваў, што ўсе яго трывогі, страх, уся яго мітусяніна мякка затуляецца завесай цудоўнай далечыні (нібы ад’ехаў за тысячу вёрст) і ўнутры бурна ўзмываецца разгонная, задорная імклівасць.
    Карызна жыва, усім нутром адчуваў тады вялікі змест лаканічных слоў, што пераможна ззялі на старонках тагачасных газет: «Рэспубліка на паходзе!»
    Уступіўшы на парог РВК, Карызна адразу пачуў зычны, раскацісты голас старшыні Рачкоўскага, які смелай камандай разлягаўся на ўсе чатыры пакоі райвыканкома, працінаючы ўсіх супрацоўнікаў, усіх наведнікаў і, здавалася, усю, якая была тут, убогую, зашмальцаваную мэблю, усе замлелыя ў тлустай неўвароткасці груды папер — працінаючы ўсё гэта імпэтнай напорнай паспешнасцю. I здавалася, што ўсё 316
    тут — і жывое і нежывое — гаварыла без слоў — выразам твараў, рухамі, паставамі — адзін кароткі, адцяты сказ: «Нам некалі!»
    Знаёмы прыемны голас Рачкоўскага яшчэ больш узбіў у нутры ў Сымона Карызны бадзёрае ўзрушэнне — ён наскрозь прасякнуўся тым агульным, што панаваў тут, імпэтам, той нястрымнай паспешнасцю і раптам пачуў, што і яму таксама страшэнна некалі, і хацеў таксама спяшацца, хацеў крычаць зычным раскацістым голасам — не крычаць, а камандаваць.
    Ен увайшоў у кабінет нечаканым для самога сябе цвёрдым, адрыўчастым крокам вайсковага чалавека.
    У кабінеце было, як у піўніцы: людна, тлумна, накурана. Сярод рухавага натоўпу, у якім Карызна знайшоў, як і кожнага разу, ці мала новых, зусім незнаёмых твараў, крэпкім спружыністым камлюком круціўся Рачкоўскі і, здавалася, крычаў адразу прынамсі пяцём чалавекам — аднаго пытаючы, другому адказваючы, трэцяга некуды пасылаючы, чацвёртага проста лаючы моцнымі, але чамусьці зусім някрыўднымі словамі. Як убачыў Карызну, ён адразу кінуў усіх і праз усіхнія галовы агаласіў:
    — Прэзідэнту сівецкай рэпублікі шанаванне! Што ж ты, сукін сын, не прыехаў на нараду, а прыслаў гэтага свайго Расцяроба! Даражэнькі мой, тут партыйная нарада і нам трэба сакратар ячэйкі, а не Падцяроб. Гайдук, давай нагонку па сваёй лініі...
    Побач з Рачкоўскім пры стале сядзеў спакойны, глыбакастрыманы сакратар райкома. Карызну кінулася ў вочы, што ён — і так мізэрны, чэзлы — цяпер яшчэ больш змізарнеў і ягоны хоць і вялікі, але не надта паважны нос завастрыўся да немагчымасці.
    Ціха і трошку хваравіта ўсміхаючыся, Гайдук замест прывітання запытаў такім тонам, нібы яны толькі вось перапынілі былі сваю гутарку:
    — Дык пяцьдзесят працэнтаў? Глядзі, каб гэта стала, бо ў Мікуліне палавіна разбеглася. Як Сівец?
    — Яшчэ не зварушыўся, браце. Але гэтымі днямі нешта будзе. За тыдзень, спадзяюся, будуць у калектыве.
    I — дзіўная рэч! — Сымон Карызна быў цалкам упэўнены, што ён гаворыць шчырую праўду, што ў яго сапраўды ўсё нарыхтавана, усё напагатове. Яшчэ колькі дзён — і ўсё станецца так, як лепш і не трэба.
    — Зелянюк памагае?
    Карызна скрывіўся і ўнікліва махнуў рукой:
    — Потым пагамонім...
    Гэтым адразу даў зразумець, што ён Зеленюком нездаволен.
    Рачкоўскі выбраў зручны момант і неўзаметку ад усіх шапарнуў яму:
    — У мяне будзеш абедаць... Я сёння вольны... больш-менш... Разумееш?
    Карызна зразумеў і здаволена ўсміхнуўся: у сямейных абставінах, за невялічкай дружнай чаркай найлепей будзе пагаварыць аб усіх справах.
    Карызна прыехаў з пэўным рашучым замерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні, увесці яго ў заблытанае кола сваіх грызот і мітушэнняў. Пасля ўчарашняга сходу ён зразумеў, што далей так цягнуцца не можа, што яму няўзмогу ўжо жыць так і працаваць, скрозь адчуваючы над сабой дамоклаў меч небяспекі.
    Хай будзе, што будзе, а ён адкрые ўсё да апошняга каліва — перш яму, Рачкоўскаму, а тады, калі трэба, і ўсім.
    Каму гэта «ўсім», Карызна пакуль што яшчэ як мае быць не ўяўляў,— ён чакаў, што гэта само па сабе высветліцца ў гутарцы з Рачкоўскім.
    ...Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Але-ткі Карызна не сцёрпеў — пахваліўся звонку нібыта спакойна, безуважна, але з прытоеным унутры трапятаннем: