• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Тацянінай рукой невялічкі, але чысты
    прытулак і зразумела адразу, што гэта для яе, але разглядала яго з лёгкай цікавасцю старонняга чалавека, нібы проста глядзела на якую нялішне мудроную забаўку. Тацяна заўважыла яе погляд і засаромелася.
    — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Вось і дзядзька Ахрэм нам паможа, ён жа ў нас майстра знатны, хоць што прымудрыць.
    Галілей радасна страпянуўся:
    — Ага... Трэба памеркаваць... Мы зробім... Можна нават электрычнасць... ага... ветрачок...
    Гэтыя Галілеевы словы вырвалі Марыну Паўлаўну з яе млявае ацяжаранасці. Яна засмяялася:
    — Кіньце вы, дзядзька Ахрэм. Якая вам тут электрычнасць!
    Потым цяжка ўстала з месца, перайшла цераз хату ў нарыхтаваны для яе куточак і, зняможаная, села на ложак. Адылі змора і душэўная напружанасць узялі сваё,— яна раптам уткнулася тварам у падушку, і плечы яе сутаргава затрэсліся ад нястрымнага плачу.
    Збянтэжаны Галілей тупаў каля Тацяны, сморгаў яе чамусьці за локаць і ўгаворваў:
    — Гэта, Тацяначка, добрыя слёзы... ага... Хай плача, Тацяначка, хай плача... гэта добра...
    Тацяна тым часам паказвала яму на мігі, каб ён пайшоў, кінуў іх адных, і ён, зразумеўшы нарэшце, аб чым тут клопат, кумільгам паляцеў да дзвярэй і выбег з хаты з такой паспешнасцю, нібы кожная секунда ягонае прысутнасці тут магла выклікаць страшэнную катастрофу.
    8
    Аптэкар Плакс яшчэ так гаварыў пра людзей: чалавек — што гузік. Ен тады толькі добра сябе адчувае, калі да чаго-небудзь прышыты. Гэта мудрае азначэнне сівецкага філосафа-мізантропа бадай спраўдзілася было на Марыне Паўлаўне. Адарваная ад старое, утульяае, але скрозь прадзіраўленае ўжо лахманіны сямейнага шчасця, яна пэўна б змарнела дашчэнту у сваён бяздзейнай і бясплоднай адзіноце, каб не «прышылася» да новае, крэпкае, здаровае справы.
    У сапраўдным жыцці, а злашча ў раманах мы бачым безліч выпадкаў, калі чалавек пад уплывам сва’х асабістых перажыванняў з рэдкай самаадданасцю
    ўдаецца ў агульныя інтарэсы грамадства ці, праўдзівай, пэўнае яго часткі і ў змаганні за іх робіць нават ці мала геройскіх учынкаў. Гэта бадай абярнулася ўжо ў стары зашмальцаваны трафарэт. Але, мне здаецца, ані не страцілі і ніколі не страцяць свае глыбокае цікавасці тыя таемныя, кожны раз новыя, своеасаблівыя шляхі, па якіх ідзе чалавек ад вузка асабістых сваіх разломаў да поўнага расчынення сябе ў калектыве.
    Марына Паўлаўна, пэўная рэч, ніякіх геройскіх учынкаў не рабіла — яна выконвала маленькую, нязначную ролю стараннае карпатлівае мурашкі, якая праз усё жыццё сваё, можа, тым толькі і пакажа сябе, што прыцягне ў мурашнік мізэрную жменьку ігліцы. Але гэту сваю мурашкавую працу рабіла Марына Паўлаўна з бясспрэчнаю самаадданасцю і ўвайшла ў яе менавіта праз доўгія цяжкія свае цярпенні.
    Марына Паўлаўна пайшла ў грамаду ад свае самоты: у тлумным бабскім гармідары яна прагла развеяць здушаную атмасферу сваіх перажыванняў. I, калі яна сапраўды знайшла сабе там нейкае, хоць спачатку і слабенькае зусім спацяшэнне, яна палюбіла гэты гармідар, прывязалася да яго, пачала жыць яго агульнымі інтарэсамі, што ўжо памалу ляпіліся з прынесеных кожнай дробных цаглінак спрадвечнае бабскае крыўды. Што далей, то ўсё глыбей урастала яна ў свой новы калектыў, бо ўсё больш залежнай ад яго рабілася яе душэўная раўнавага, і нарэшце, перарваўшы апошнія спарахнелыя ніткі шлюбнай сувязі, цалкам перанесла ў калектыў і сваё шчасце, і свае клопаты. Перш гэта, вядомая рэч, была проста дружба пакрыўджаных доляй жанчын, звязаных амаль аднакавымі жыццёвымі сітуацыямі, але адсюль ужо быў адзін крок да ўшчаплення ва ўсю сістэму новай грамадскасці, у якой — гэта выяўна чула Марына Паўлаўна — была нейкая яшчэ няясная ёй, але спадзейная гарантыя ўсіхняга шчасця.
    Справу калектывізацыі Марына Паўлаўна прыняла была як нешта законнае, патрэбнае, немінучае яшчэ тады, як жыла ў Карызны. У гэтым, мабыць, у астатні раз выявілася была яе пакорная безапеляцьійная даверлівасць да мужа, яе поўная адданасць жыццёвым мужавым інтарэсам. Бо яна ж прыняла так была калектывізацыю не таму, што ўвайшла ў яе глыбокую сутнасць, а выключна таму, што гэтым жыў яе муж, што так глядзеў ён на гэта. I толькі тады, як
    насмелілася яна ступіць самастойньім крокам у жыццёвую цаліну, калі палахліва, вагаючыся збочыла нарэшце з жыццёвае пуціны Сымона Карызны, тады пачала яна напаўняць жывым цялесным зместам узятую ад мужа гатовую формулу. I ў гэтую формулу ўлілося тады ўсё перажытае ёй, перадуманае, перацерпленае, насыціла яе жывою гарачаю кроўю.
    У Марьіны Паўлаўны вырасла, такім чынам, цвёрдая, непарушная ўпэўненасць, што тая цудоўная вялікая змена жыцця, якую нясе калектывізацыя, зменіць на лепшае і няшчасную жаночую долю.
    Жыццё навучыла яе быць напружана-пільнай і чулай — яна з дзіўнай празарлівасцю адгадвала ў сваіх таварышак самы трагічньі, самы таемны боль, пяшчотна, але рашуча даставала яго напаверх і праз гэты боль давала пачуць гаючае святло новае будучыні.
    Гэта была найлепшая, найглыбейшая прапаганда.
    Так працавалі яны плячо ў плячо з разводкай Тацянай — тая вясёлым жартам, смелым бадзёрым настроем, а Марына Паўлаўна пяшчотным дотыкам да балючьіх незагоеных ран — і памалу, але станоўча збівалі навокал сябе дружны жаночы актыў, насычаны троху бязладнай яшчэ, але дзейнай энергіяй. Ім памагала нязмерна шчырая, спраўная і старанная Вера Засуліч, а таксама не спускаў іх ніколі з вока і Зелянюк, заўсёды гатовы даць патрэбную дапамогу.
    За якіх колькі дзён па асяленні Марыны Паўлаўны ў Тацянінай хаце ад яе смутнага няпэўнага настрою не засталося і следу.
    Скрозь акружаная ветлай увагай усіх, хто блізка стыкаўся з ёй цяпер у жыцці, яна адразу асвойталася з сваім новым станам, а безупынная беганіна, вечныя клопаты па бабскіх справах не давалі часу на доўгія развагі ці ўспаміны. I самае галоўнае — навучылася Марына Паўлаўна ад Тацяны адчуваць смелы гонар свайго незалежнага стану, і на ўсе залішне цікавыя погляды, усмешкі, на ўсе паскудныя шэпты і плёткі яна вышэй падымала галаву і праходзіла паўз іх з пагардлівай безуважнасцю.
    Так увайшла Марына Паўлаўна ў новае жыццё, у праўдзівае жыццё, пра якое даўно ўжо развучылася была і летуцець. Калі цяпер часам сярод работы траплялася ёй кінуць вокам на апошнія дні свайго замужжа, усе гэтыя цяжкія, нешчаслівыя дні выдаваліся ёй
    адным чорным правалам, з якога патыхаў жорсткаледзяны холад, абдаючы сэрца прыкраю золлю. I толькі чамусьці з усіх гэтых злітых у чорнае дзён пачварна-яскравымі фантастычньімі фарбамі вылучаўся вечар, калі яна ўпершыню гутарыла з Верай Засуліч, і страшныя, нясцерпна-пакутныя гадзіны пасля тае гутаркі, якія прывялі яе да апошняй рашучай пастановы.
    Яна выйшла тады ад Веры Засуліч трагічна-прыміраная і амаль спакойная — бясцветным спакоем чалавека, у якога раптам адкрылася ў нутры сухая нерухомая пустата.
    Яшчэ не выйшаўшы са двара, яна сустрэла Сымона Карызну. Ен ішоў туды, да Веры,— ішоў шпаркай, паспешнай хадою нецярплівага палюбоўніка. Яны стыкнуліся твар у твар, і Карызна спыніўся ў чыста інстынктыўным замяшанні. Можа ў першую хвіліну, глыбока захоплены сваімі адчуваннямі, ён нават і не ўсвядоміў бьіў добра, хто гэта з’явіўся перад ім, бо з момант глядзеў на Марыну Паўлаўну здзіўлена і няўцямна.
    Стала і Марына Паўлаўна. Сэрца ў яе зайшлося пякучым болем. Нібы ўея тая бясцветная пустата, якую вынесла яна ад Веры Засуліч і якая падманвала ілюзіяй жаданага спакою, толькі на тое была і адкрылася ў ёй, каб даць больш месца бурнай навале цяжкіх пачуццяў, што апанавалі яе пры раптоўнай сустрэчы з мужам.
    Дзіўная рэч! Штодня ішоў ён ад яе да Веры, штодня варочаўся назад позна ўначы — яна добра ведала, куды ён ідзе і адкуль прыходзіць,— і ніколі не рабіла гэта на яе такога страшнага ўражання, як цяпер. Быў адзін момант, калі яна хацела кінуцца да яго, схапіць яго, павіснуць у яго на шыі і не пускаць, ні за што не пускаць да яе. Яна ледзь стрымалася, каб не крыкнуць яму ў дзікай роспачы:
    — He ідзі... Вярніся... He ідзі хоць сягоння... адзін толькі раз...
    Але акурат у гэты момант ён азваўся спакойным, абыдзенным і да жудасці чужым голасам:
    — Ты ў школе была? Там які сход быў, ці што?
    I яна не толькі не крыкнула яму сваіх, поўных адчайнага малення слоў, а не сабрала нават сілы, каб адказаць на яго простае запытанне.
    Тады ён моўчкі абмінуў яе і пайшоў сваёй дарогай.
    Яна праводзіла яго тупым адзеравянелым поглядам і ціха, пахіліўшы галаву, выйшла на вуліцу.
    Прыйшоўшы дахаты, яна доўга і марна шукала сярнічак, каб запаліць святло, шукала не там, дзе яны зазвычай ляжаць, і штохвіліны забывалася зусім, чаго ёй уласна трэба. Калі ж сярнічкі самі трапілі ёй пад руку, яна ўзяла іх і доўга без сэнсу бразгала імі, пакуль іхні гук, дайшоўшы, нарэшце, да свядомасці, не ўзбудзіў у ёй цьмянага разумення, што цяпер трэба запаліць лямпу. Тады, узяўшы лямпу, з метадычнай павольнасцю чысціла шкло, папраўляла кнот і, запаліўшы, бясконца ўкручвала і падкручвала, рэгулюючы агонь. Потым пайшла да канапы і ўкленчыла на ёй перад цёмным, шчытна прысланёным да ночы акном.
    За акном тузаўся бяздомны вецер і ў злоснай забаве разгойдваў пустую клетку; клетка сіратліва цыгала нейкай невядомай зімовай птушкай, выліваючы ў сваю дзіўную песню ўсю чорную беспрытульнасць сцюдзёнай начы.
    Марыне Паўлаўне здавалася, што гэта цыгае яе азнібелае сэрца і што сама яна, падхопленая бяздомным ветрам, круціцца недзе ў снегавой завірусе, як сцятая з дрэва галінка, адна ў пустым бяскрайнім полі. Яна напружвала свой нутраны зрок, каб хаця ўявіць сабе знаёмыя абрысы блізкіх людзей, каб змякчыць нязноснае адчуванне сваёй глыбокай пакінутасці. Хто ў яе цяпер блізкія людзі? Хто паспагадае ёй у яе няшчасці?
    Блізкія людзі мітусяцца здалёку няпэўнымі віхлястымі плямамі — яны таксама нібы круцяцца ў снегавой завірусе, і што больш яна хоча паблізіць іх да сябе, прыгледзецца да іхніх твараў, каб пазнаць на іх цёплае сабе спачуванне, то ўсё далей адлятаюць яны, затуляючыся туманным радном завірухі.
    Трасецца недзе далёка-далёка Галілеева разматлашаная барадзёнка — нібы заўзята скача ён дзівосны танец і, захоплены ім, не звяртае ўвагі ні на завіруху, ні на адзінотную, пакінутую ўсімі Марыну Паўлаўну.