• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    Ен старанна ўкручваецца ў коўдру, каб як найхутчэй сагрэцца і заснуць. Ен рад, што хаця ў цемры не відаць таго жудасна-пустога ложка, які мулкім ражном застраў у яго ўваччу. Але ўсё роўна, хоць не бачыць, дык ён чуе яго. Ад таго боку, дзе стаіць ён, настарожана-пільны ў сваёй імсцівай злосці за Марыну Паўлаўну,— адтуль скрозь патыхае ледзяны холад, пранікае ў самае нутро Карызну і не дае яму сагрэцца.
    Нашто яна пакінула яго тут?
    Яму здаецца, што ўся справа ў ложку, што каб не было яго, дык і не было б на сэрцы такога прыкрага адчування навакольнае пустаты.
    Ен уяўляе, як і дзе цяпер спіць, не спіць, пэўна, a мардуецца так, як і ён, Марына Паўлаўна, і яму ўся гэтая гісторыя раптам падаецца ў ненатуральна-штучным дзівачным святле.
    Няўжо гэта так і будзе? Гэта ж проста нейкая недарэчная містыфікацыя. Напэўна, заўтра, прачнуўшыся, ён, як звычайна, пачуе мерныя, спакойна-руплівыя крокі ў сталоўцы, песню ранняга самавара і сціплы дзелавіты трэскат у запаленай грубцы. Як звычайна, гэтыя гукі адродзяць у ім учорашняе, і заўтрашняе, і леташняе, і залеташняе пачуццё дакучнанязменнае аднастайнасці, у якім, выходзіць, ёсць нешта нязбыўна-патрэбнае чалавеку, калі з такой цеплынёй успамінаецца яно цяпер Карызну.
    А ложак наступае, заядла, неадчэпна, як ліхі сабака. Здаецца, што ён ужо не ў кутку, што ён зрушыўся з свайго, даўняга абыклага месца і падышоў да самае Карызнавае пасцелі. Вось зараз нахіліцца над ім, таўхане яго сваім худым шкілетным плячом.
    — Гэй, глядзі — я ж пусты, я ж зусім пусты.
    I Карызна не бачыць, але чуе, востра чуе, што ён пусты, і гэта мёртвая пустата гняце яго нязносным цяжарам. У нервовых, сутаргавых патугах варочаецца ён на ложку, напінае ўсю сваю волю, каб пазбыцца ўедліва-турботнага пачуцця, але нязмога.
    Тады ён кладзецца на спіну, шырока расплюшчвае вочы і ў цвёрдай, акамянелай цемры стараецца ўлавіць пекны збавіцельны вобраз.
    Яна прьіходзіць да яго з пяшчотным, міла закла-
    почаным тварам, з распушчанымі валасамі — і пакой раптам напаўняецца салодкай цеплынёй. Яна схіляецца над ім, і ягоны твар акунаецца ў пышныя араматныя хвалі яе валасоў. Яна горача шэпча яму ў самае вуха:
    — Трэба, каб усё было добра... усё чысценька...
    Карызна ў цудоўным, радасным парыванні туліць яе да сваіх грудзей, бярэ яе, чароўна-падатную, слухмяную, да сябе ў ложак. Палкім спакуслівым шэптам шумацяць мяккія карункі яе бялізны. Скрозь бялізну рука яго адчувае тонкую дзіцячую спіну з цёплым равочкам пасярэдзіне.
    Пусты ложак моўчкі стаіць, убіўшыся ў глухі куток, недалужны, асаромлены, і шкілетныя рэбры яго прыхінуліся да сцяны звычайнымі кавалкамі старога жалеза.
    6
    Выйшаўшы з сельсавета, Зелянюк пайшоў быў разам з хлопцамі пад Сівалапы, але на краі мястэчка спыніўся і развітаўся з усімі.
    — Мне трэба яшчэ ў адно месца.
    Звонку па Зеленюку зусім і не відаць было, каб на яго асабліва моцны ўплыў зрабіла сутычка з Карызнам у сельсавеце. А тым часам яна ўзрушыла яго бадай не менш, як самога Карызну. I, як кожнаму чалавеку, Зеленюку захацелася, каб да гэтае яго новае і глыбокае непрыемнасці цёплым дотыкам дакранулася мяккая, ласкавая рука.
    ...Тацяна была дома. Быў дома і Андрэй — ён стаяў апрануты, у шапцы перад сталом і пахмура грыз сухую скарынку. Зелянюк прывітаўся з ім далікатна, але без асаблівае дружнасці запытаў:
    — Як маешся, Андрэй? Што парабляеш?
    Андрэй адказаў не то жартам, не то сур’ёзна:
    — Бабы апанавалі. He дадуць ні з’есці па-людску, ні адпачыць. Хоць ты з хаты ўцякай, да душы.
    — Тацяна навяла?
    — Няўжо ж. Ды каб хоць што людскае, а то — старыя качэргі...
    Тацяна, седзячы на прыпечку, пакрыўджана ўступілася за сваю чараду:
    — А во і маніш... Ці мала ёсць і маладых і харошых. Можа задзела, што ніякай увагі на цябе не маюць?
    Андрэй не слухаў яе.
    — Скажы ты мне на ласку, таварыш Зелянюк, чаму гэта бабы, калі ўжо завядзецца ў яе нейкі там асаблівы інтарэс, калі ўжо возьмуцца цацкацца з ёй, дык яна тады стане зусім не падобная да бабы. Напрыклад, возьмем нашу Тацяну. Ужо мала таго, што ў хаце ніколі не мецена, абед не згатаваны,— ну, хай сабе, скажам так, раўнапраўнасць, але ж і не пагуляе, як даўней. Хоць бы якога задрыпанага кавалера падчапіла, ці што, а то — ані-ні. Проста крыўда бярэ...
    Тацяна ўразілася чамусьці не за нямеценую хату і не за абед, а за кавалераў.
    — Брэшаш ты, Андрэй, да душы, брэшаш. Як гуляла, так і гуляю, толькі што ўпотай, каб не кпіў тады, не высмейваў.
    Андрэй безнадзейна махнуў рукой і, не чакаючы адказу на сваё запытанне, пайшоў з хаты. Зеленюка гэта бадай што ўзрадавала. He толькі затым, што хацеў пабыць сам-насам з Тацянай, а і наогул была ў іх з Андрэем нейкая беспрычынная халаднаватасць.
    Тацяна, як пайшоў Андрэй, паспешна загладзіла свае апошнія словы:
    — Смяецца, што не гуляю. Якая тут гульня? Ці тое ў галаве? На іншае часу бракуе...
    I, гаворачы гэта, яна сарамліва заблішчала вачмі, нібы за сваімі звычайнымі словамі хавала нешта іншае, таемнае, пра што нават сама не важылася падумаць. Але Зелянюк гэтага не заўважыў — ён, цалкам углыблёны ў сябе, хадзіў па хаце шпаркімі, зусім не хатнімі крокамі.
    Тацяна спыніла яго:
    — Заморышся. Хадзі сядзь, пагрэйся.
    Ен сеў поплеч з ёй на прыпечку і сапраўды прыемна сагрэўся — не так, мабыць, ад печкі, як ад не менш гарачае Тацянінае блізкасці. I толькі цяпер, як развеялася яго напружаная самаўглыблёнасць, ён раптам заўважыў змену ў Тацянінай хаце. Адзін куток яе, старанна прыбраны, быў адвешаны палінялай, а калісьці, пэўна, квяцістай, стракатай завесай. У гэтым невялічкім чыстым прытулку стаяў ложак, а ля ложка — маленькі столік, і на ім — плюгавенькі кавалачак пабітага люстэрка. Над ложкам у складзенай з чырвонай паперы асадцы вісеў партрэт правадыра.
    — Зелянюк пахваліў Тацяну:
    — Ого, які прытульны куточак сабе зрабіла. Гэта — добра.
    Яна засмяялася:
    — Гэта ж не сабе. Заўтра прыйдзе да мяне кватарантка, Карызнава жонка. Кідае ўжо мужыка. Назусім.
    Зелянюк яшчэ нічога не ведаў пра гэта, і навіна зрабіла на яго на дзіва моцнае ўражанне. Ен доўга распытваў яе, даходзіў кожнай драбніцы і нарэшце запытаў з незразумелай трывогай у голасе:
    — Скажы, Тацяна, іншага выйсця няма? Можа, каб хто з ім пагаварыў, расказаў яму пра яе настрой... Ен жа, пэўна не ведае, што яна так глыбока ўсё бярэ да нутра?
    Тацяна спакойна паківала галавой.
    — He трэба гэтага. Хай пойдзе. Яна ж не ў Амерыку едзе. Калі абдумаецца ён, дык заўсёды не позна сысціся. Абы яна тады захацела...
    Зелянюк доўга і напружана думаў аб нечым, потым, нібы прачнуўшыся, быстра зірнуў на Тацяну і сказаў у ненатуральнай троху паспешнасці:
    — Я пасварыўся сёння з Карызнам... вось нядаўна, у сельсавеце. Добра паспрачаліся, на ячэйцы будзем разбіраць, хто мае рацыю.
    Тацяна ўсміхнулася, і ў вачах у яе мякка засвяцілася ласкавае захапленне.
    — Маладзец...
    Ен здзівіўся.
    — Чаму — маладзец, Тацяна?
    — Ен многа чаго робіць не так, як трэба. Папраўдзе... Я хоць мала разумею ў гэтых справах, але мне здаецца, што не ўсё ў яго правільна. Ен са злосцю ўсё робіць, да душы, са злосцю...
    Зелянюк расказаў ёй падрабязна пра сваю гутарку з Карызнам. Ен і так быў цалкам упэўнены ў сваёй справядлівасці, у мэтазгоднасці таго, за што ён стаяў, але Тацяніна шчырая ўхвала прыемна замацавала ў ім гэтую ўпэўненасць. Тацяна была ў захапленні.
    — Як будзе ў вас калектыў, ды калі яшчэ будзе працаваць як след, дык тады ж сорам ужо будзе нам, сівецкім, не мець свайго. Нашто там што, гэта ж мы тады першыя з вашага прыкладу зробім свой калгас.
    — Хто гэта — мы?
    — Бабы!
    I, убачыўшы лёгкую ўсмешку на вуснах у Зеленюка, яна з запалам накінулася на яго:
    — Ты не смейся, я тут сур’ёзна кажу. Ты думаеш, у нас не выйдзе? Мы ж не адны бабы пойдзем... Кожная свайго забярэ... Гэтулькі гаспадароў набярэцца, ого! Папраўдзе... Ты не ведаеш нашых баб — яны раз захочуць, дык усё зробяць па-свойму, мужыкі толькі крактаць будуць ды чухаць патыліцу. У нас усе такія бабы сабраліся, што кожная свайго пад запяткам трымае...
    Яна нарэшце і сама засмяялася з сваіх апошніх слоў і, троху саромеючыся бурнага свайго выбуху, дадала ўжо больш ціхамірна, але з няменшай праканаласцю:
    — Я праўду кажу, Зелянюк. У гаспадарцы найчасцей баба перад вядзе, хоць з выгляду здаецца, усім гаспадар кіруе. Яна — так, неўпрыметку, збоку, але скрозь на сваім пастановіць. Можа, каб разумнейшыя былі, дык з баб і зачынаць трэба было ўсю гэтую разваруху...
    Зелянюк шчыра смяяўся вясёлым, але не крыўдным для Тацяны смехам.
    — Ты ўжо, Тацяна, гатова цэлы тут бабскі пераварот зрабіць у Сіўцы?
    — А што ж ты думаў...
    I Тацяна, распаленая сваім няўёмным бабскім задорам, раптам схапіла Зеленюка за валасы і раскудлычыла іх жорсткай, але разам з тым пяшчотнай рукой. У адказ на гэтую ласку Зелянюк жартам, ды шчыра, на ўсю сілу сціснуў вышэй за локця яе поўную, крамяную руку, і яна, пачуўшы яго мужчынскую сілу, абвяла і звінулася ў клубочак — пакорная і здаволеная.
    Зелянюк устаў і зноў пачаў хадзіць па хаце. Тацяна сачыла за ім ціхімі і чамусьці сумнымі вачмі. Пахадзіўшы так колькі хвілін у маўклівым задуменні, ён зноў падышоў да яе і загаварыў з ёй сур’ёзным даверлівым тонам:
    — Ведаеш, Тацяна, што я надумаў... Я, папраўдзе, вялікую памылку зрабіў, што ўсю ўвагу аддаў сівалапаўскай беднаце. А тут, у Сіўцы, яна і да гэтага чаму не арганізаваная... Праўда? Вось... Трэба, значыцца, узяцца тут за яе, пакуль не позна. А пачаць я думаю з таго, што перайду сюды жыць. У Сівалапах абыдуцца і без мяне. Ці так, Тацяна? Як ты думаеш?
    Тацяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай
    даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Яна гэтую думку яго ўхваліла і тут жа дадала з зычлівай гатоўнасцю:
    — Каб Марына Паўлаўна не пераходзіла, дык бы ў нас мог і закватаравацца.
    Зелянюк скоса зірнуў на яе і ўсміхнуўся. Ад гэтае ўсмешкі яна густа пачырванела.
    — Ты мне во што скажы, Тацяна, дзе, у каго тут найлепш мне асяліцца? Ты ж ведаеш усіх... Добра, каб быў асобны пакой... як там, у Малаха...
    Яна хітравата ўсміхнулася.
    — У Гвардыяна?
    Але зараз жа перайшла на сур’ёзнае і пачала пералічваць сівецкія пяцісценкі. Як памянула Прахора, Зелянюк суняў яе: