Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
— Сівец у вас пад рукамі. Чаму ж ён дагэтуль яшчэ не пайшоў у калгас? А чаму гэта канечна мы першыя мусім ісці?
У самім жа ў Сіўцы пасля таго славутага сходу ўжо ці мала разоў збіраліся, гаманілі, угаворвалі, пагражалі і ўсё роўна не маглі даць ніякае рады. Зацятыя ў злоснай упартасці сівецкія грамадзяне мелі таксама сваю адгаворку, якую пераказвалі з тупой, непрабітнай настойнасцю:
— Як загадаюць, дык пойдзем усе, як адзін. Раз Савецкая ўлада робіць гэтую самую калектывізацыю, дык хай дасць загад, каб, значыцца, ясна было...
Карызна добра ведаў, што гэта подлая правакацыя кулакоў. Кулацкая хеўра часу не марнавала — яна выкарыстоўвала кожны момант, кожны зручны выпадак, каб умацаваць свае пазіцыі, глыбей акапацца ў сваёй утульнай бярлозе. Але гэтая чорная работа вялася такімі хітрымі няўлоўна-таемнымі спосабамі, што раскрыць яе, паказаць навочна ўсе яе шкодніцкія махінацыі атлумленаму сівецкаму грамадству не было ніякай магчымасці. Толькі па асобных дробных прыметах можна было меркаваць, што галоўны пункт, з якога ідуць усе яе брудныя ніці, знаходзіцца ў вялікім чыстым доме Цімафея Міронавіча Гвардыяна.
Ува ўсіх гэтых няўдачах Карызна бачыў ясныя сляды першага няўдалага наступу, але аблудны гонар не даваў яму адкрыта прызнацца ў гэтым і крута змяніць далейшую тактыку. Ён перш нясмела, паціху, a тады ўсё смялей ды галасней стаў вінаваціць ува ўсім Зеленюка, яго марудлівае порканне ў Сівалапах, яго слабыя тэмпы, хвасцізм. А сам тым часам усё болып і больш пакладаўся на Пацяроба, на яго хоць і грубыя, жорсткія, але энергічныя і пэўна што больш радыкальныя метады. I толькі прысутнасць Зеленюка стрымлівала яго ад таго, каб на ўсю шырыню і размах разгарнуць у Сіўцах рашучую пацяробаўшчыну.
Зелянюк звязваў яму рукі.
Пасля таго як сівалапаўскія актывісты, сышоўшыся выпадкова ў Якуба Лакоты, пастанавілі арганізаваць свой асобны калгас, назаўтра ўвечары Карыз-
на сустрэўся з Зеленюком у сельсавеце. Зелянюк у шумнай кампаніі хлопцаў урынуўся ў сельсавет і, убачыўшы Карызну, яшчэ з парога крыкнуў звонкім радасна-ўзрушаным голасам:
— Карызна! Можаш нас павіншаваць. У нас арганізуецца свой калектыў.
Карызна зірнуў на яго з халодным здзіўленнем.
— Дзе гэта «ў нас»? Які калектыў?
— У Сівалапах. Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Разумееш? Асобны сівалапаўскі калгас, складзены з выключна дружных перакананых энергічных сяброў. Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. А галоўнае — падгонім Сівец. Гэта будзе выклік Сіўцу, разумееш? Тут можа разгарнуцца цэлае спаборніцтва...
Карызна перапыніў яго гарачыя тлумачэнні, адчыкрыжыўшы рэзкім нервова-напружаным голасам:
— Я гэтага не дапушчу. Гэта — партызаншчына.
Зелянюк на момант асалапеў, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі. Ад яго жвавага юнацкага ўзрушэння не асталося і следу — ён быў ужо спакойны, стрыманы, і на бледным, рэзка акрэсленым твары яго трымцела ўжо звычайная ўсмешка. 3 нечаканай для ўсіх лагоднасцю ён згадзіўся:
— Ты, Карызна, маеш рацыю. Гэта — партызаншчына. Я зрабіў вялікую памылку, што прыстаў на гэта, не памеркаваўшыся з ячэйкаю. Я цалкам прызнаю сваю памылку і бяру за яе адказнасць.
Ен на момант суняўся і казаў далей ужо троху цвярдзешым тонам:
— Але ж я думаю, што мая асабістая памылка не павінна адбіцца на агульнай справе. Арганізацыя ў Сівалапах свайго калгаса бясспрэчна правільная, карысная справа. Наш актыў, ды ці толькі актыў — усе Сівалапы прыгатаваны да гэтага і чакаюць гэтага. He пайсці ім насустрэчу — значыць загубіць усё. Разумееш, Карызна?
Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Ен яшчэ раз з той жа рэзкасцю пераказаў:
— Я гэтага не дапушчу. Гэта зрыў усяе нашае працы.
Зелянюк спакойна глядзеў на яго і ўсміхаўся.
— Ты, Карызна, гаворыш не таму, што ўпэўнены ў гэтым. Цябе кіруе пустая амбіцыя.
Гэтьія словы канцом разлютавалі Карызну. 3 момант ён стаяў моўчкі, бо няздольны быў вымавіць слова ад хвалявання, толькі блішчаў на Зеленюка шалёна аспаленымі вачмі. Адылі напружанаю патугаю волі здушыў свой шал і цяжка, ледзь стрымліваючы ціхасць у голасе, праказаў:
— Я таксама адказваю і за свае словы і за свае ўчынкі. Я сваю думку сказаў.
У Зеленюка збегла з твару ўсмешка, і тонкія вусны яго задрыжалі.
— Але ж твая думка гэта яшчэ не думка ўсяе арганізацыі?
— Мы паставім гэта пытанне на ячэйцы.
I Карызна дэманстрацыйна адвярнуўся ў другі бок, паказваючы, што на гэтым гутарка скончана.
Гэта быў першы выпадак адкрытай сутычкі Карызны з Зеленюком, і ўсе, хто быў тут, зразумелі, што гэта толькі пачатак.
Як Зелянюк з сваімі хлопцамі пайшоў з сельсавета, Пацяроб зайшоўся ад смеху.
— Яго ты, яго, Сымоне... а-ха-ха... Во маладзец!.. Во, гэта так... ха-ха-ха-ха!..
Ягоны смех, у якім ён віртуозна злучаў тонкі беспарадны віск з адчайным басовым грукатам, заражаў ужо адной сваёй дзівоснай музыкай, і Карызна мімаволі ўсіхнуўся. Нібы выпраўдваючы сябе, ён прабурчаў:
— Яго не стрьімаўшы, дык немаведама чаго тут наробіць. Занадта незалежна адчувае сябе.
Пацяроб зморшчыў твар у безнадзейна горкую міну.
— Што яму адыходзіць! Ен адбьіў тут сваё, дый пырх, паляцеў, а мне з табой, любачка, сядзі ды кукуй. Ведама, блазнюк, што ты ад яго хочаш...
Гэты інцыдэнт пакінуў быў у Карызны бадзёрае ўзрушэнне. Ен ані не каяўся ў сваім учынку, ён нават здаволены быў, што мае магчымасць даць адкрыты бой Зеленюку, да якога здаўна ўжо адчуваў глухую варожасць. I прадчуванне гэтага бою ўзнімала ўнутры ў яго вострую нецярплівасць, узбурала ўсе яго сілы непакойнай энергіяй. Ен быў загадзя пэўны ў сваёй перамозе і таму бадай зусім не ўглыбляўся ў сэнс справы, якую развязаў такім паспешным, чыста эфектыўным спосабам. Як гэта ні дзіўна, але ў гэты момант самая справа менш за ўсё займала ягоную ўвагу.
Гэта было перад тым днём, як пайшла ад Карызны Марына Паўлаўна. Назаўтра, цалкам захоплены неспадзяваным паваротам у сямейных справах, ён зусім забыўся быў на ўчарашняе здарэнне, як забыўся быў і на ўсе іншыя клопаты. I толькі тады, як, прыйшоўшы ад Веры, апынуўся ён раптам у бяздонным правале халоднай і варожай, зусім не падобнай ад хатняе цішыні — адзін, безнадзейна адзін! — тады апанавала яго ўсё разам: і старыя трывогі, і стары непазбыўны страх, і гэтае новае ўзрушэнне, якое яшчэ больш ускладняла і так балюча заблытанае кола яго перажыванняў. Тады тое, што ўчора здавалася простым, лёгкім і патрэбным, агарнулася раптам чорнаю сеткай сумненняў.
Ці мае ён рацыю ў гэтай сваёй спрэчцы з Зеленюком, якая, безумоўна, адыграе вялікую, можа, вырашальную ролю ў далейшым цягу падзей?
I, зрабіўшы сабе гэтае запытанне, Карызна адразу зразумеў, што адказ на яго не будзе мець ніякага значэння, што ён не зробіць ніякага ўплыву на далейшае яго паводжанне. Адсуплення не можа быць, ды ён і не хоча яго, і не дапусціць, хоць бы нават убачыў поўную сваю несправядлівасць.
Зелянюк звязвае яму рукі.
Гэта быў першы выпадак, калі Сымон Карызна цалкам свядома і ўпэўнена ішоў на ўчынак, які, можа са шкодаю для агульнае справы, здавальняў выключна яго асабістыя, ды і не надта чыстыя імкненні. I раптам ён сам зразумеў гэта і скалануўся ад страху, як злоўлены на месцы злачынства. Ен чуў, што гэта новае ў ім, бо дасюль, нягледзячы на памылкі свае і няўдачы, ён у адносінах да сучаснасці меў абсалютна чыстае сумленне і нават сваім шчырым безынтарасоўным парываннем да працы ў значнай меры выкупляў грахі мінулага. Цяпер жа было зусім іншае — нядобрае, брыдкае, зладзейскае. Цяпер ён стаяў перад зрывам у прорву бруднага палітыканства, з адчайнаю рашучасцю самагубцы памыкаючыся на чыстату ўласнага сумлення, на дзейны злад свой з сучаснасцю, абы дайсці задавальнення ўражанаму гонару.
Але ж гэта яшчэ не сталася? Яшчэ не позна абмінуць, унікнуць гэтага? Сустрэцца заўтра з Зеленюком, весела, дабрадушна ўсміхнуцца, па-сяброўску лэпнуць яго па плячы і сказаць:
— А ты, братка, усё-ткі маеш рацыю... Я добра абмеркаваў гэтую справу і, ведаеш, цалкам з табой
згодзен. Гэта я тады проста так, з дрэннага настрою... Смалі, браток, разварочвай...
Зелянюк зірне на яго добрым, удзячным поглядам, з якога выразна будзе свяціцца шчырае захапленне.
«Во, гэта па-бальшавіцку!»
А можа ён, трыумфуючы сваю перамогу, адно ўсміхнецца на ягоныя словы сваёй паганай хітрай усмешкай?
I з гэтай думкай урываецца ў нутро ў Карызнава бурная, пякучая злосць, у якую пераліваюцца ўсе зазнаныя ім за астатні час прыкрасці, усё яго балючае мітушэнне. I ён ужо цалкам пэўны, што да ўсіх гэтых прыкрасцей, да ўсяго мітушэння спрычыніўся не іначай як ён — гэты паскудны ўедлівы блазнюк. Каб не ён, зусім па-інакшаму пайшла б у яго праца і, пэўна, зусім інакшыя, куды болыпыя былі б удачы. Ен, безумоўна ён, кладзе яму палкі ў кола!
Ага! Значыць жа, ён, Карызна, не толькі з сваіх асабістых пабудак выступае супроць Зеленюка? Раз Зелянюк шкодзіць працы, значыць, інтарэсы працы патрабуюць, каб ушчуць яго як мае быць? Значыць, Карызна робіць правільна, так, як трэба для справы, і ўся гэта хвілінная няўпэўненасць проста — вынік яго расцярушаныў нерваў.
Каб канчаткова замацавацца на гэтым хісткім, няпэўным шляху самаапраўдання, Карызна з ліхаманкавай паспешнасцю бярэцца за абмеркаванне самае сутнасці справы, якая мае стаяць на ячэйцы. Ясная рэч, што ўсё ў ёй паказвае не на Зеленюкову карысць. Пустыя дзяціныя вымудры, якія нічога, апрача шкоды не дадуць. Злосная і беспрынцыпная партызаншчына!
I Карызна з шчаслівай упэўнасцю канстатуе, што і ў гэтай канкрэтнай справе ён мае цвёрды грунт да барацьбы з назоллівым брыгадзірам. Цалкам заспакоены сваімі слушнымі высновамі, ён бярэ лямпу і пераходзіць у спальню, поўны салодкага прачування блізкага адпачынку.
У спальні на яго злосна вышчарыўся голымі чорнымі рэбрамі пусты жончын ложак. Ен стараецца не глядзець у той бок, і праз гэта яшчэ мацней — з нейкай нуднай, шчымлівай настойнасцю — прыцягвае змрочны куток ягоную ўвагу. Так у пусты халодны прахон адчыненых з хаты дзвярэй цягне цёплае паветра, пакідаючы ў хаце непрытульную стыласць.
Карызна паспешна раздзяецца і гасіць лямпу. Кладучыся, ён заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны.