Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
Якая гэта ідзе рэвалюцыя? Супроць каго яна ідзе? Хто мусіць быць яе ворагам і хто прыяцелем?
Дзіўны чалавек гэты Галілей! Яму мала таго, што чуе ён дзень у дзень на розных сходах ды мітынгах, яму мала таго, што бачыць ён сам на свае ўласныя вочы ў Сіўцы,— ён шукае яшчэ нечага агульнага і глыбокага, адзінага ў сваёй першаістотнай глыбіні. Ад людзей ён чакае не тлумачэнняў, не інструкцый, не ўгавораў — ён хоча пачуць нейкае мудронае, менавіта мудронае, усеабдымнае слова, якое б яснай маланкай асвяціла б яму затуманены кругавід. А гэтага мудронага слова, як на тое ліха, ніхто яму не хоча ці не ўмее сказаць. I мардуецца стары ў нязбыўных турботах, блудзіць па глухім гушчары сумненняў, калоціцца ад ліхога трывожнага страху.
Газет і кніжак Галілей не чытае. Кніжкі ён паважае толькі тэхнічныя, а ад усяго іншага друкаванага ўнікае з дзівачнаю палахлівасцю: баіцца, каб не атлуміцца. Адылі паспрабаваў чытаць газетку, дык уражанне асталося такое, нібы ўхапіў за сярэдзіну, a
да пачатку, як ні біўся, не патрапіў дапасці. Тады кінуў. Пачаў завіхацца каля людзей, браў іх хітрыкамі, тонкай дыпламатыяй, вышукваў, вынюхваў, што хорт, і не знаходзіў таго, чаго шукаў.
I вось нарэшце адважыўся Галілей на апошнюю канчатковую акцыю: рашыў пайсці напрасцень, стаць адкрыта — твар у твар — перад людзьмі і вымагаць ад іх патрэбнага яму мудронага слова. Абмеркаваўшы дакладны план і набраўшыся духу, рушыў стары мудрагель у цудоўную сваю экспедыцыю!
Першы па чарзе быў слаўны кіраўнік драмгуртка і местачковы філосаф — аптэкар Плакс.
Галілей уступіў у аптэку з рашуча-дзелавым заклапочаным выглядам, які нават здзівіў аптэкара.
Прывітаўся ён, праўда, як зазвычай, з адменнаю далікатнасцю і назваў свайго прыяцеля «доктарам», што заўсёды ўзнімала ў аптэкаравым сэрцы мілоснае задавальненне. Але, прывітаўшыся, не стаў, як звычайна, разглядаць з набожнай павагаю таемна-бліскучыя шэрагі аптэчных прыладаў, не зрабіў ніводнага прасякнутага нясмелай цікавасцю запытання, a стаў ля парога і з відавочнай нецярплівасцю чакаў, пакуль выйдуць усе наведвальнікі.
— Нешта дзядзька Галілей дужа сярдзіты сягоння? Ці не зрабіў дядзька Галілей якога новага вынаходства?
Галілей прыцюпаў да Плаксавае кафедры і схапіў з яе карандаш.
— Вось карандаш? Ага... Карандаш?
— Безумоўна, карандаш.
— Ты ведаеш, што гэта карандаш?
— Чаму б я меў гэтага не ведаць?
— I ты спакойны?
— Няма ніякай прычыны турбавацца...
— Ara... А вось каб ты бачыў і не ведаў, што гэта... Га? Ці быў бы спакойны тады?..
Аптэкар дамысна засмяяўся.
— Хе-хе... Я разумею, Галілей, аб чым справа. У цябе ў нутры загарэліся творчыя шуканні. Ты нешта бачыш і не разумееш, і таму ты неспакойны... Пакладзі карандаш, і мы зараз з табой памяркуем... Тэма?
Галілей троху спалохаўся.
— Ага... Што гэта, доктар, тэма?
— Гэта значыць — аб чым мы маем з табой гаманіць. Што цябе непакоіць?
Галілей сабраў усе свае сілы і адпаліў:
— He ведаю зусім, што цяпер дзеецца...
— Дзе?
— Усюды, доктар... ага, усюды... Чаго яны, людзі, замітусіліся? Куды яны пнуцца?
Аптэкар Плакс няўцямна паварушыў правым плячом.
— Кажуць, што ў сацыялізм. Але дзе ён, той сацыялізм, я не ведаю, Галілей. Гэта — не карандапі...
Галілей у раптоўнай злараднасці затрос барадзёнкай.
— Ага, не ведаеш? He ведаеш, доктар?.. I я не ведаю... нічога не ведаю...
Плакс зразумеў, што троху схібіў, і, каб замацаваць свой аўтарытэт, пусціўся ў крайнюю філасофію.
— Чуеш, Галілей... Вазьмі камок зямлі і шыбні яго куды хочаш. I вось ён ляціць... I што ты думаеш, на ім, гэтым камку, не будзе жывога жыцця? Ты думаеш, не поўна там будзе ўсякага паскуднага стварэння? А можа так і чалавек... Га, Галілей? Ляціць камок, пакуль не бразнецца аб нейкі дол, а людзі над ім капаюцца і думаюць, што гэта яны насур’ёз... ха-ха...
Адылі на Галілея Плаксава філасофія не зрабіла належнага ўражання: яна яму не ўпадабалася. Ен нахмурыўся і сказаў з сярдзітым дакорам:
— He любіш ты, доктар, людзей, калі так гаворыш. Людзі ўсё робяць насур’ёз. I зямля — не камок... ага... не камок...
Тады ўжо Плакс не ведаў, што і казаць яшчэ гэтаму наравістаму шукальніку. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Але Плакс быў пагадлівы чалавек і праз нейкае глупства сварыцца з Галілеем ён не хацеў. Таму скўпіўшы ўсю сваю волю і ўвагу, ён паспрабаваў сур’ёзна ўзяцца за Галілеевы сумненні, каб паказаць такім чынам сваю павагу да іх.
— Мне здаецца, Галілей, што ўсё яно робіцца стыхійна. А ўсё, што людзі робяць стыхійна, заўсёды на добрае пойдзе, бо гэта не яны робяць, а робіць прырода (гэтае слова ён сказаў з вялікай літары). Многа чаго яшчэ будзе разбурана, пакрышана, знішчана, але гэта будзе добра, бо гэта трэба. Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць старое карэнне...
Галілей ужо слухаў з напружаннай увагай. Ен чуў у Плаксавых словах павеў нейкае далёкае праўды і
прагавіта лавіў яго. Але гэтая цьмяная праўда не магла задаволіць ягонае глыбока-практычнае істоты, і ён астаўся ў сумным расчараванні. Падаткнуўшы дзеля прылікі разоў колькі аптэкару Плаксу, ён паспешна з ім развітаўся і выбег з аптэкі, апанаваны яшчэ вастрэйшым, чым раней, непакоем.
Цяпер пацюпаў стары мудрагель у сельскі савет — ці не ўдасца зачэрпнуць чаго з мясцовае афіцыйнае крыніцы. У сельсавеце было пуста, сядзеў пры сваім стале адзін сакратар Цівунчык — маленькі дзядок, чалавек выразна пісьменнага выгляду, шашачны чэмпіён Сіўца і ваколіц. Галілей падышоў паціху да стала і стаў чакаць, пакуль Цівунчык скончыць сваю пісаніну. Дзядок вытрымаў належную паўзу, потым адклаў пяро, прыгнуў галаву, каб лаўчэй было зірнуць паверх старых, на нітачцы, акуляраў, і дабрадушна запытаў:
— Пагуляць, дзядзька Ахрэм, ці маеце справу?
Галілей старанна адкашляўся.
— Кхе... кхе... Цікаўлюся вось на старасці... Хацеў даведацца, што гэта ў нас цяпер робіцца ўсюды? Ага... які ў ім самы сэнс, у гэтым ува ўсім?..
Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд.
— Пра гэта трэба запытаць старшыню...
I рашуча ўзяўся зноў за пісаніну.
Галілей астаўся чакаць старшыню. Моўчкі стаяў і глядзеў, як з прыстаркаватай зухаватасцю бегае па паперы Цівунчыкава пяро. Па колькіх хвілінах Цівунчык, узварушаны сціплай цярплівасцю Галілея, рашыў завесці з ім гутарку і, сумніўна паківаўшы галавой, працягнуў:
— Мудроныя гэта штукі, дзядзька Ахрэм. Здаецца, паглядзеўшы, што там дужа такога ёсць, а тым часам — ого!
Галілей далікатна пацвердзіў::
— Так-так...
Хоць і не ведаў добра, якія «штукі» мае на ўвазе стары сакратар. А Цівунчыку, відаць, пайшло на гумар — ён вальготна адкінуўся на спінку крэсла і без відочнай прычыны, але жвава, апетытна засмяяўся. Потым хітра прыжмурыўся, паманіў пальцам да сябе Галілея і паказаў яму лічыльнікі.
— Умееце лічыць на іх, га?
Галілей з далікатнасці сказаў, што не ўмее.
— Ну, усё роўна. Вось... Як на вашу думку, колькі трэба часу, каб палічыць па адным усю суму, якая месціцца на гэтых лічыльніках... га?
Галілей адказаў з робленай павагаю:
— Можа і з месяц будзеш лічыць... ага... Пэўна, што не менш як месяц...
Дзядок расцвіў трыумфальнай усмешкай.
— Сорак лет.
Галілею гэта ўпадабалася. Нельга сказаць, каб ён сур’ёзна даў веры Цівунчыку, але самая думка аб магчымасці такой бязмежна-доўгай, маруднай і дзіка-бясплоднай работы зацікавіла яго. Ен узяў лічыльнікі і зачаў перакладаць па адной костцы на крайнім радзе, нібы браўся праверыць гэтую цікавую практыку. Цівунчык уважна сачыў за ім, не спускаючы з твару трыумфальна-здаволенае ўсмешкі. На трэцім дзесятку шумна адчыніліся дзверы і ў сельсавет урынуўся Пацяроб.
Убачыўшы страшнага — даўгога і калматага — старшыню сельсавета, Галілей падумаў быў аб тым, каб, пакуль не позна, шмаргнуць за дзверы, але яго выперадзіў Цівунчык, далажыўшы начальству пра сутнасць справы:
— Вось пытаецца таварыш пра калектывізацыю... аб’яснення, значыць, патрабуе...
Пацяроб сплюшчыў небараку Галілея напорыстым знішчальным поглядам.
— Аб’ясненняў патрабуе? Якія ж табе, родненькі, аб’ясненні трэба? Ты што, не згодзен з чым-небудзь, га?
Галілей закруціўся, як ашпараны. Адылі натужыўся ўвесь, натапырыўся і раптам крыкнуў з адчайнай смеласцю, якая напалохала яго самога:
— Згодзен з усім, з усім чыста. Але ты мне растлумач па сэнсу... ага... па сэнсу!..
Пацяроб вылупіў вочы і знізіў тон:
— Што ж табе, любачка, растлумачыць? Ты ж кажы ясна, а не то што...
Галілей ужо дробненька тупаў у сваім звычайным палахліва-непакойным расцерушэнні.
— Кхе-кхе... Таварыш старшыня... Цікаўлюся я... каб уцяміць усё гэта, значыцца... ага... што вось у жыццё цяпер праводзіцца... у нас, і ўсюды... ага... усюды...
Пацяроб узяў важны аўтарытэтны тон:
— Што праводзіцца, пытаеш? Праводзіцца калектывізацыя сельскай гаспадаркі і ліквідацыя кулацтва, як класа. Разумееш?
Галілей у паспешнай гатоўнасці заківаў галавой. — Ага... разумею, таварыш старшыня... разумею... — А можа не разумееш, га?
Спалоханы грознымі інтанацыямі, якія раптам з’явіліся ў старшынёвым голасе, Галілей падаўся пад дзверы, але Пацяроб суняў яго велічным рухам рукі:
— Чакай. А ці разумееш ты, мой даражэнькі, хто гэта ўсё праводзіць? Гэта праводзіць партыя і Савецкая ўлада. Улада... разумееш? А хто ідзе насупроць — супроць каго ён ідзе, га? Супроць каго ён ідзе, мой даражэнькі?
Вытрымаўшы жудасную паўзу, старшыня сельсавета агаласіў:
— Ен ідзе супроць Савецкае ўлады, ён — класавы вораг... праўда, Цівунчык?
Дзядок, не адрываючыся ад пісаніны, пацвярджальна кіўнуў галавой. Галілей быў ужо за дзвярыма. Наўдача ў сельсавеце троху здэтанавала яго, але ні на каліва не збіла ў ім ахвоты да далейшага працягу экспедыцыі. Наступны на чарадзе быў брыгадзір Зелянюк. Галілей, нядоўга думаўшы, патрусіў у Сівалапы. Але, дабегшы да дома Цімафея Міронавіча Гвардыяна, ён раптам абдумаўся і, сцеражліва азірнуўшыся на бакі, цмыгнуй у Гвардыянаву фортку.
Цімафей Міронавіч стаяў на дварэ і напышаным камандзірскім тонам аддаваў нейкі загад парабку Панасу. Убачыўшы Галілея, ён не спыніў свае мовы, а з станавітай спакойнасцю давёў яе да канца і толькі тады ўжо ветла кіўнуў Галілею: