• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Дзень добры, Ахрэм Данілавіч! Ці не воўк здох за гарой, што няўмысля, будучы, да мяне залучылі? Заходзьце ж у хату, прашу адалжэння...
    Галілей троху сумеўся: непарушная Гвардыянава ўпэўненасць унесла яшчэ большую блытаніну ў нястройную сістэму ягоных меркаванняй. Ен чакаў сустрэць Гвардыяна троху ў інакшым настроі. Няўжо так спрытна прыкідваецца?
    У сенцах натрапілі на невялічкую молепадобную жанчыну, і Цімафей Міронавіч тым жа камандзірскім тонам загадў ёй:
    — Матрёна! Нам з Ахрэмам Данілавічам самаварчык пастаў, трэба, будучы, троху пагрэцца з марозу.
    Ад слова «самаварчык» Галілею зрабілася моташна, і ён паспешна, спуджана стаў адмаўляцца:
    — Я не... Я чаю не п’ю... Я на хвіліначку забег... ага... я зараз пайду...
    У Гвардыяна ў хаце ўсё было ў ранейшым парадку, усё стаяла на сваім здаўна зазвычаеным месцы, усё паказвала на спакойную, ураўнаважаную праз доўгія гады сытую гаспадарлівасць. Гэта канцом ашаламіла Галілея, і ён нават не ўчыніў свае заўсядашняе дзівачнае дэманстрацыі — не пабег адразу на покут, a астаўся стаяць у парозе.
    — Сядайце, Ахрэм Данілавіч!
    — Дзякую, Цімафей Міронавіч...
    Так і не сеў, хоць як упрашаў яго Гвардыян. Памуляўся, патупаў на месцы, шукаючы на Гвардыяна якога хітрага спосабу, нарэшце запытаў:
    — Ці няма ў вас газеткі, Цімафей Міронавіч? Каб так пачытаць. Цікава пішуць цяпер...
    Гвардыян настаражыўся, але адказаў усё-такі з добра вытрыманаю безуважнасцю:
    — He, газеткі няма. Той месяц выпісваў, а на гэты неяк не ўправіўся. А што там, будучы, пішуць такога цікавага?
    — Ды ўсё пра кулакоў. Кажуць, што загад такі выйшаў, каб усіх раскулачваць... ага, усіх да аднаго.
    I, адпаліўшы сваё бесцырымоннае выдумства, Галілей чутка напяў вуха, чакаючы першага Гвардыянавага слова, а сам тым часам нібыта з глыбокай увагай разглядаў нешта ў качарэжніку.
    Гвардыян раптам змоўк, не чакаў, мусіць, такога крутога ходу, і гэтае кароткае маўчанне выдала яго Галілею: стары хітрун трыумфаваў у душы — ён адным вокам ужо бачыў Гвардыянаву слабасць, якую той хаваў дасюль з адменным спрытам. Але Цімафей Міронавіч ураз авалодаў сабой і разважаў ужо з ранейшай спакойнасцю:
    — Та-ак... раскулачваць... А што ж яны, будучы, у каторага возьмуць? Думаюць, даўнейшых памешчыкаў маюць, га? Што яны возьмуць?
    — Знойдзецца.
    — Можа ў каго і знойдзецца... Ну, а, скажам, вось хоць бы сабе і мяне, будучы, узяць. Тож у кулакі пішуць. Што ў мяне ёсць супроць таго самага серадняка? Каня маю аднаго — праўда, што добрага, няма чаго богу грашыць...
    — Жарабка...
    I Галілей, няўзнак уставіўшы гэтае слова, кінуў на Гвардыяна пільны, цікуючы погляд. Той адвярнуў убок адзеравянелы раптам у тупой абыякасці твар і загаварыў з падазронай паспешнасцю, як завучанае:
    — Калі тое было? Дзе той жарабок? Яго даўно ўжо і звання няма... Навошта я буду трымаць яго? Я і з адным канём, будучы, упраўлюся на сваёй гаспадарцы...
    Галілей як не падскочыў з радасці. Гвардыяна ён канчаткова ўжо меў у руках, уся знадворная яго амбіцьія разляцелася ўдрузг. Няма жарабка — значыць прадаў. Прадае, хітрунец, размантачвае, пакуль не позна. Дрыжыць, уецца, як пераціснуты гад. А з выгляду яшчэ харабруе!..
    Галілей адчуваў ужо поўную перавагу над Гвардыянам. Настрой яго цалкам змяніўся, і, не чакаючы запрашэння, ён смела ператрусіўся цераз хату і сеў у пышнае крэсла на покуце.
    — Кхе-кхе... А ў калгас кулакоў не прымаюць... ага... і высяляюць каторых злоснейшых, каб, значыцца, не заміналі. Як вы ўважаеце, Цімафей Міронавіч?
    Цімафей Міронавіч відавочна траціў спакой. Ен напружваў усе свае сілы, каб трымаць на твары сваю тупую адзервянеласць. Плоскія алавяныя вочы яго пачыналі трывожна шныпарыць па баках, нібы шукаючы нейкае апоры.
    Галілей наступаў:
    — А ў нас, Цімафей Міронавіч, мусіць, не будзе калгаса? Ага... Навошта ён нам? Што?
    Адылі тут Гвардыян акрыяў. Надаўшы свайму пергамінаваму твару адумысловы, відаць, загадзя нарыхтаваны на падобны выпадак выраз пакорнае дабрамыснасці, ён зважна растлумачыў:
    — Калектывізацыю вядзе Савецкая ўлада, супроць яе няможна ісці. Хто супроць калгаса — той вораг Савецкай ўлады...
    Галілей успомніў Пацяроба і ціхенька засмяяўся: добрага знайшоў сабе суровы старшыня аднадумца! А Гвардыян падумаў, што Галілей смяецца з ягонае надмернае прыхільнасці да Савецкае ўлады, і троху нервова дадаў:
    — Як загадае ўлада пайсці ў калгас, дык і пойдуць усе. Каму гэта, будучы, захочацца перціся на ражон!
    Ага! Вось яно якое тут аднадумства!
    — А як не загадае? Га, Цімафей Міронавіч? Як тады?
    Гвардыян нехаця буркнуў:
    — Як хто захоча... Вольнаму воля...
    — А шалёнаму поле?..
    I Галілей закхекаў у задушшы дзіўнага недарэчнага смеху. I, не кідаючы смяяцца, схапіўся з крэсла, паспешна пабег да дзвярэй.
    Цімафей Міронавіч Гвардыян, скрывіўшы твар у пачварную, шырока расцягнутую, жабіную грымасу, праводзіў яго калючым ненавісным поглядам.
    Галілей, вясёлы, зухаваты, дробна трусіўся ў Сівалапы.
    У брыгадзіра Зеленюка ён заспеў цэлую грамаду камсамольцаў. Яго сустрэлі з шумнай, бязладнай прыветнасцю.
    — А, Галілей! Вялікі вынаходца зямлі сівецкае! Ганаровы калгаснік! Патомсцвенны камсамолец! Просім да нас, у нашу кампанію!..
    Галілей строга зірнуў на іх і, абабраўшы сабе ў куточку зацішнае месца, зацяўся ў глухім суровым маўчанні. Камсамольцы далі яму спакой і заняліся сваімі справамі. У іх мова ішла пра сівалапаўскі калгас, думка аб якім, зарадзіўшыся ўчора ўвечары ў хаце былога партызана і чырвонагвардзейца Якуба Лакоты, сёння ўжо буяла пышнаю рунню, захапляючы ўсё болыпыя ды болыпыя колы сівалапаўскае грамадскасці. 3 напорнай юнацкай парыўчатасцю хлопцы перасігнулі ўжо цераз парог першапачатковых арганізацыйных захадаў і лёталі быстрымі думкамі ў ружовых, але туманных яшчэ перспектывах будучага росквіту. Яны ўжо мелі добра наладжаную гаспадарку, узнятую на нябачаную вышыню дасягненнямі агранамічнай навукі, спрэс абагуленая жывёла стаяла ўжо ў іх у новых, крэпкіх, як звон, стадолах, у спецыяльна пабудаваным гаражы блішчалі няўкорнай чысцінёй і спраўнасцю сельскагаспадарчыя машыны. А з паўвярсты ад Сівалапаў, на прыгожым вясёлым узгорку, над саменькай рэчкай Сіўцом, яны будавалі ўжо трох-, а можа нават і чатырохпавярховы дом пад агульнае памяшканне для калгаснікаў...
    ...Дзе ты калі затрымаеш імклівую маладосць у вузкім, сурова абмежаваньім і часам нудна-шэрым коле надзённае необходнасці! Вырвецца ўсё роўна і
    паляціць на лёгкіх, хоць і няпэўных яшчэ крыллях-лятунках, каб адразу, спопрыску ўрынуцца ў самую яснату шчаснае будучыні!..
    Галілей слухаў-слухаў ды неўзаметку і пацюпаў дробненькім трухам за маладымі імклівымі крыллямі ды — дармо, што стары! — а трохі-патроху і перагнаў іх і набудаваў у сваім зацішным куточку такіх дзівосаў, што, пэўна б, сам памёр ад здзіўлення і страху, каб раптам убачыў гэта ў сапраўднасці. I ўжо не чуў нічога, не бачыў навакол сябе, ужо не было яго тут, непакойнага Галілея,— блукаў недзе сярод дзівосных сваіх пабудоў.
    Такі ўжо смешны характар у гэтага чалавека, зусім не стасоўны да старых яго год!
    — Дзядзька Ахрэм! Што ж вы не адказваеце нічога?
    — Га? Што? Ага... разумею... разумею...
    Хлопцы закаціліся дружным рогатам.
    — Дзядзька Ахрэм! 3 Сіўца вы першы запішацеся ў наш калектыў. Будзеце ў нас ганаровым калгаснікам. Добра?..
    Галілей спалоханы ўскочыў з лаўкі.
    — Я з таварышам пагаманю... ага... з таварышам Зеленюком... Трэба памеркаваць...
    Ен ніяк не мог прыдумаць, што б яшчэ сказаць, як адчапіцца ад назоллівых хлопцаў. Але яны ўжо разыходзіліся. Па колькі хвілінах яны асталіся сам-насам з Зеленюком. Зелянюк ласкава запытаў яго:
    — Пагаманіць прыйшлі, дзядзька Ахрэм? Даўно ўжо чакаю вас... папраўдзе... Мне чамусьці скрозь здавалася, што вы як-небудзь залучыце да мяне.
    Галілей прапусціў гэтае шчырае і ў сутнасці прыемнае для яго прызнанне з халоднай безуважнасцю: ён не любіў інтымнасці, баяўся яе. I ён парупіўся адразу змяніць гаворку:
    — Спрытна хлопцы гэта вымудраюць... ага... пацешна... А яно можна было б зрабіць так... Многа чаго можна зрабіць, каб гэта ахвота была ўва ўсіх... ага... Чалавеку дружнасці бракуе, во яно што...
    Зелянюк ледзь прыметна ўсміхнуўся:
    — Дык яно ж і будзе рабіцца, дзядзька Ахрэм! Цяпер такі асаблівы час, што самыя сур’ёзныя замеры здаюцца дзівоснымі вымудрамі, бо зусім не падобны яны да таго, што мы прызвьічаіліся бачыць каля сябе. Мы ўсё гэта будзем рабіць і ўсё зробім! Пабачыце!
    Галілей муркнуў у невыразным тоне:
    — Кхе-кхе... Маладосць!..
    А Зелянюк з радасцю ўхапіўся за гэтае слова:
    — Так-так, дзядзька Ахрэм, маладосць... Вы казалі, што чалавеку бракуе дружнасці. Праўда, дзядзька Ахрэм, шчырая праўда... Дружнасці нам часам бракуе. А яшчэ — маладосці. He ў гадах, а ў нутры, у нутры... На тую справу, што мы робім, многа, дужа многа трэба гэтае маладосці. Без яе б мы і кроку ступіць не патрапілі...
    Галілею здалося, што самы зручны момант цяпер пагаманіць пра тое, за чым ён прыйшоў сюды.
    — А што гэта... я вось не ўцямлю ніяк... што гэта вы робіце... ага, нашто гэта ўсё... супроць каго вы ўсе ідзіцё, га?..
    Зелянюк успомніў, як калісьці гэтаксама пытала яго Тацяна:
    «Так гавораць адразу ўсім, а ты так скажы, каб усё мне адной...»
    Ен задуменна ўсміхнуўся. Галілей злавіў гэтую ўсмешку і спалохана замітусіўся.
    — Я гэта бачу ўсё... ага... Вось Гвардыян наш, Цімафей Міронавіч... Ен сам чуе ўжо... ага... ён баіцца, ого, як баіцца... Я разумею... Дык ці па гэтым усё? Ці толькі супроць яго?.. Растлумачце мне, калі ласка...
    I Галілей пастараўся зрабіць на сваім сухенькім твары далікатную ўпрослівую ўсмешку.
    Зелянюк з шчырай ахвотай узяўся тлумачыць яму сутнасць вялікай перабудовы жыцця, якая разгортвалася ў Савецкім Саюзе. Ен стараўся гаварыць найпрасцейшымі, найзразумельшымі словамі, і ў гэтым была яго памылка. Ен не ведаў, што Галілей не любіць простых слоў, што ён шукае менавіта слова мудронага, якое б захапіла яго не так яснасцю свайго значэння, як спрытнай тэхнічнай дасканаласцю, штукарскай прыточанасцю адумысловай формы да глыбокага зместу.
    Галілей, відочна, быў незадаволены. Што далей гаварыў Зелянюк, то ўсё больш і больш безуважны рабіўся ягоны твар і маленькія вострыя вочкі самапасам разбягаліся на бакі, шукаючы для сябе якой-небудзь новай спажывы. I не ўправіўся Зелянюк скончыць свае тлумачэнні, як стары, наспех адвітаўшыся, выбягаў ужо з хаты, палахліва стуліўшы хударлявую постаць сваю, нібы баючыся, каб не спасцігнула яго на хаду яшчэ якое тлумачальнае слова.