Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
Асяродкам усяго жаночага руху былі тры жанчыны, глыбока розныя адна ад аднае і дзівосна прыдатныя адна да аднае ў рабоце: Тацяна, Марына Паўлаўна і Вера Засуліч. Вясёлая, бязрупатная Тацяна была душой гуртка, яго настроем, яго эмацыянальнай імкнёнасцю, тым часам як Марына Паўлаўна — ціхая, стрыманая — амаль неўзаметку і несвядома праз нявідныя прахоны пералівала ў дружную бабскую грамаду свой здушаны гадамі чорнай самоты боль, 288
паглыбляючы яшчэ няпэўнае рэчышча бабскіх імкненняў. Шчырая, спраўная і палітычна чулая Вера Засуліч заўсёды ўпарў і дарэчы давала трапныя палітычныя фармулёўкі, якія акрэслівалі кірунак работы.
У прыватным жыцці Тацяна з Марынай Паўлаўнай былыя неразлучныя сяброўкі, а з Верай Засуліч не мелі нічога супольнага: Марына Паўлаўна праз доўгі час ненавідзела Веру, а Тацяна яе не любіла.
Галілей бачыў, як з кожным днём ажывала Марына Паўлаўна, і гэта давала яму вялікую радасць. Ен чуў, што не па доўгім часе — невядома, якім чынам, але мусіць развязацца яе цяжкая жыццёвая праблема, над якой і ён калісьці марна ламаў галаву.
Цяпер ён не ўтыкаўся ў справу, а моўчкі прыглядаўся і чакаў.
Прачуванне яго спраўдзілася. Яшчэ ў той дзень, як рабіў ён сваю дзівачную экспедыцыю і, застраўшы ў Якуба Лакоты, нават спазніўся на сход жаночага гуртка, чаго з ім ніколі яшчэ не траплялася, Марына Паўлаўна па канцы сходу падышла да яго і сказала:
— Заўтра, дзядзька Ахрэм, я пайду ад Карызны. Зусім ужо... Буду жыць адна... у Тацяны.
Голас у яе быў зусім спакойны, але ў вачах стаяла дзіўнае неўразуменне, нібы яна сама яшчэ не магла даць веры таму, што гаворыць.
Галілей затупаў у радасным здаволенні, але прыгледзеўся ў вочы ў яе і сумеўся — разгублена шукаў, каб сказаць што, ды не знаходзіў.
— Кхе-кхе... ага... трэба памеркаваць... ага...
Яна ласкава ўсміхнулася.
— Няма чаго ўжо меркаваць, дзядзька Ахрэм. Усё ўжо абдумана і перадумана. Прыйшло да канца — іначай няможна...
Яна заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца, і дагадалася:
— Ен не ведае яшчэ нічога. Гэта я сама наважыла, ён мне ні слова пра гэта не гаварыў.
Галілей усё не мог натрапіць на падходныя да гэтага моманту словы, і тады Марына Паўлаўна сама запытала яго:
— Ці добра я раблю, дзядзька Ахрэм? Вы ж ведаеце ўсё, я ж нікому, апроч вас, бадай, і не гаварыла.
Шчырыя, чулыя ноткі ў яе голасе канчаткова збянтэжылі яго, і ён, замест — адказаць, недарэчы запытаўся:
— А калі... ага... калі вы...
— Калі пайду? Заўтра ўранні... Апошні раз выпраўлю яго на працу...
I яна зноў вярнулася да свайго:
— Я не ведаю... Здаецца, усё я абдумала, абмеркавала... Усё нібы паказвае на тое, што так трэба зрабіць... А можа не? Можа дрэнна так будзе?.. Я не пра сябе... Нават не пра яго... Я не ведаю, як будзе дачцэ...
Галілей нарэшце прывёў да ладу свае спалашоныя думкі і сказаў з рэдкаю для яго цвёрдасцю і катэгарычнасцю:
— Так трэба... Так усім будзе лепей...
Марына Паўлаўна адразу павесялела і ўжо інакшым тонам, як звычайную цікавую навіну, паведаміла яму:
— Гэтымі днямі я гаварыла з ёй... Пра ўсё... Мне здалося, што яна добрая дзяўчына...
I толькі цяпер у гэтай шчырай і цяжкой для яе хвале вылілася ўся горкасць, уся ахвярнасць учынку Марыны Паўлаўны.
Галілей раптам страпянуўся і, узрушаны, загаварыў горача, амаль не пакрыўджана:
— Яна нядобрая... ага... нядобрая яна...
Марына Паўлаўна здзіўлена паглядзела на яго:
— Чаму? Дзядзька Ахрэм... Чаму вы так кажаце?..
Але стары толькі трос барадой у дзіўным, мабыць, зусім беспрычынным абурэнні і не адказваў нічога. Марына Паўлаўна ўспомніла блізка, што гэткія самыя словы Тацяны, і зусім шчыра здзівілася: чаму яны абое не любяць Веру Засуліч?
Праз усю тую ноч Босаму не давялося і вокам звесці: не даваў спаць яго ўшчэнт разматлашаны гаспадар. Усё нечага мітусіўся — то ўзнімаецца на палацях, корчыцца там, пад столлю, крэкча, варочаецца, то раптам таргане за вяровачку, спусціцца долу, увамкне святло (тады гарэла яшчэ электрычнасць), зачне бегаць, як шалёны, па хаце. Пасля схопіць карандаш, піша нешта, рысуе, потым кіне, зноў бегае, зноў узнімаецца пад столь, каб праз колькі хвілін спусціцца назад. Босы пачынаў турбавацца. Праўда, яму не ўпершыню было бачыць падобную мітусяніну гаспадара — пасля яе звычайна ў яго сабачым жьіцці наставалі цяжкія дні, у якія яму даводзілася карміцца сухой скарынкай. Але ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм.
Босы меў рацыю. Але ён не ведаў таго, што ў Галілеевым нутры, у якім звычайна магло мясціцца толькі адно якое-небудзь захапленне, у гэтую ноч білася два, як два крылы розньіх, ды роўна непакойных птушак: сёння стары мудрагель дапяў нарэшце даўно, з упартай патугай шуканага «мудронага слова», і сёння ж даведаўся ён пра развязанне жыццёвае праблемы Марыны Паўлаўны, над якой пакутаваў ён, бадай, не менш за яе самую.
Назаўтрага, ці толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. 3 кухні ў пакоі дзверы былі адчынены, і Галілей адразу ўбачыў Марыну Паўлаўну: яна па свайму аблюбёнаму звычаю стаяла ўкленчыўшы на канапе і глядзела ў абмёрзлае, непранікальнае для вока акно. На хаце ляжалі нарыхтаваньгя клумкі.
Галілей асцярожна кашлянуў, і Марына Паўлаўна, здрыгануўшыся, абярнулася да яго:
— А... гэта вы, дзядзька Ахрэм?.. Я ўжо і сабралася зусім, але вось нешта стала, задумалася.
Яна саскочыла з канапы і стала мітусіцца па хаце, збіраючы астатнія рэчы. Яна ўся была ва ўладзе тае трывожнае разгубленасці, што бывае звычайна пры выездзе ў далёкую дарогу.
Раз-пораз яна няўцямна спынялася перад якой-небудзь рэччу і беспарадна пытала ў Галілея, ці трэба яе браць, ці не. Галілей у адказ марматыў нешта невыразнае, і Марына Паўлаўна супакойвалася, упэўненая, што Галілей сапраўды развязаў яе неўразуменне.
Напаследак спынілася яна перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго доччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе, моцна сашчаміўшы дрыжачыя вусны. У вачах яе Галілей убачыў слёзы, і гэта ўвяло яго ў страшэннае замяшанне: ён дужа баяўся людскога плачу. Адылі Марына Паўлаўна не заплакала. Жаль яе змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут доччыну картку, ці ўзяць з сабой. Яна некалькі разоў станавіла яе на стол, брала назад, зноў станавіла. Нарэшце запытала Галілея:
— Дзядзька Ахрэм! Ці браць гэту картку! Мо лепей пакінуць яму?
Галілей першьі і адзіны раз адказаў цалкам выразна і з перакананнем:
— Пакіньце... ага... пакіньце тут... хай ён глядзіць на яе...
I невядома, ці была ў гэтых апошніх Галілеевых словах злосная і мсцівая пагроза, ці спачуванне да чалавека.
— Ну, здаецца, усё...
I Марына Паўлаўна стала сярод хаты, недалужна расставіўшы рукі,— змораная, бяссільная, прыгбаная. Яна была ў гэтую хвіліну зусім старая, нібы адзін гэты дзень усклаў ёй на плечы лішні дзесятак гадоў. Яна так доўга стаяла — нязмога, відаць, была скрануцца, зрабіць першы крок за дзверы старога, гадамі ўгрэтага гнязда. Нарэшце схілілася — паволі, безуладна, як самнамбулка,— і ўзялася за першы, які трапіў пад руку, клумак.
— Ну, пойдзем, дзядзька Ахрэм?
Галілей падбег да яе і рашуча адабраў у яе клумак.
— Ды не, Марына Паўлаўна... Вы ідзіце... так... ага... Я ўсё перанясу сам... Я сам...
Яна доўга няўцямна глядзела на яго, даходзячы нейкага асаблівага, важнага для яе сэнсу ягоных слоў. Раптам зразумела і абвяла ўся, як падцятая.
Сорамна...
Яна цяпер толькі ўцяміла, што, апроч усіх іншых прыкрасцей, злучаных з іхняй разлукай і добра абмеркаваных, прадуважаных ёю ў яе самотных думах. ёсць яшчэ адна, можа, найбольшая прыкрасць, якая чамусьці прайшла дасюль па-за межамі яе свядомасці,— сорам. Хай сабе пусты, мяшчанскі, але яго не мінуць. Праз доўгі час ён будзе валачыцца за ёй паскудным задрыпаным хвастом, звязваючы ёй вольныя рухі.
Яна ўявіла сабе: шырокая местачковая вуліца, уся адкрытая, жудасна адкрытая, уся аплеценая цікавымі поглядамі людзей. I па гэтай вуліцы ідзе яна, Марына Паўлаўна, з убогімі клумкамі ў руках, ідзе ўпрочкі ад здрадніка мужа. Якая гэта радасная спажыва местачковым плеткарам і пляткаркам!
Марына Паўлаўна нервова здрыгаецца, нібы трапіла пад струмень сцюдзёнае бруднае вады. Цягучая слабасць працінае ўсё яе цела, і яна адыходзіцца да клумкаў, сядае, знясіленая, на канапу. Устурбаваны Галілей назолліва лапоча ў яе над вухам:
— Вы ідзіце, Марына Паўлаўна, проста так... ага... Ідзіце сабе па вуліцы, не зважайце... А я ўсё перанясу... Я па загуменню... ага... па загуменню...
Марьіна Паўлаўна млява махае рукой.
— Ідзіце, дзядзька Ахрэм, ідзіце... Я потым прыйду...
Тады Галілей хапае клумкі і бяжыць наперад.
Тацяна ўжо чакае і, як увайшоў Галілей, адразу пытаецца:
— Ну, а дзе сама? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была...
Галілей сутаргава хапае яе за руку, адводзіць убок, хоць у хаце няма больш ніводнага чалавека, і шэпча:
— Ідзі, Тацяначка, ідзі... Сароміцца яна... ага... Ідзі скоранька... А я тут пабуду... ага...
Праз дзесяць хвілін шумна, шырока расчыняюцца дзверы і Тацяна разам з двума клумкамі ўносіць у хату бліскучую трыумфальную ўсмешку на сваім вечна вясёлым твары.
— Ну вось, цяпер аж дзве разводкі ў адной хаце.
Следам за ёй ціха ўваходзіць Марына Паўлаўна. Яна тож усміхаецца — троху сарамліва, але заспакоена. Асцярожна прычыніўшы за сабой дзверы, яна з цікавасцю азіраецца наўкола, нібы першы раз ступіла ў гэтую хату. Потым падыходзіць да лаўкі і сядае не распранаючыся, і ўсё ўсміхаецца сваёй сарамлівай светлай усмешкай, усмешкай чалавека, які па доўгай, цяглай хваробе выйшаў нарэшце на свет і бачыць новых, хоць і прыязных, але чужых яму людзей.
Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рухамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны і ўзялася за яе самую.
— Або... ці ж гэта ты ў госці прыйшла, ці што? Ты ж цяпер у сваёй хаце, поўная гаспадыня... Тут ужо малімоніцца няма чаго, гэта табе не з мужыком...
I, амаль не гвалтам распранаючы Марыну Паўлаўну, апавядала Галілею вольным бесцырымонным тонам, які троху датыкаў Марыне Паўлаўне, але разам з тым і ўводзіў яе ў душэўную раўнавагу:
— Прыходжу, а яна сядзіць, асалавеўшы, як нежывая ўсё роўна. Дык я як узяла яе на рэмус, як узяла. Якая ж ты, к ліхой долі, разводка, калі ты нос угару не задзіраеш! Наша справа такая — плюём на ўсіх, на ўсякія там плёткі-шмоткі ды жывём, як самі захочам. Ого, каб гэта я ды нейкі там сорам замела? Гэта — мой гонар, што я не захацела, як каторыя іншыя, век гараваць ды дала сама сабе рады. А то — сядзіць...